Людзям простым для добрага навучання

6 жніўня 1967 года мінае 450 год з дня выхаду ў свет першай беларускай кнігі. Адзначаючы гэты слаўны юбілей, нізка схіляем галовы перад Францішкам Скарынаю, вялікім гуманістам, вучоным, заснавальнікам беларускага кнігадрукавання.

Канец пятнаццатага — першая палова шаснаццатага стагоддзя.

У Францыі будуюць замак Шэнано паблізу Блуа. Ствараюць свае творы, пранікнутыя ідэямі прагрэсу, паэты Клемон Маро і П’ер Рансар, працуе над раманам “Гарганцюа і Пантагруэль” Франсуа Рабле.

У Германіі пакутліва шукае навуковую праўду Парацельс, Лютэр стварае свае “дзевяноста пяць тэзісаў”, а паветра напружанае атмасферай Сялянскай вайны, ідэямі Томаса Мюнцера.

У Англіі Томас Мор марыць аб дзяржаве справядлівасці.

У Іспаніі зараджаецца гарэзлівы раман.

Свежы вецер праносіцца над светам. Нараджаецца разуменне дэмакратыі. Людзі горда спрачаюцца аб філасофіі, літаратуры, этыцы. Людзі прачнуліся, яны бачаць прыгажосць зямлі і саміх сябе.

Мацуецца і пашыраецца разуменне гуманізму. Але адразу ж з’яўляюцца і яго шматлікія ворагі. Пачынаецца бязлітаснае праследванне думкі. Цемрашальства люта супраціўляецца руху чалавечага духу ўперад. Небяспечная нават “Біблія”, няхай нават малазразумелая, на лацінскай і царкоўнаславянскай мовах.

Жудасная рэчаіснасць, і з ёю не маглі мірыцца лепшыя розумы таго часу. Не мог з ёю прымірыцца і Францішак Скарына, народжаны ў тыя дні, у 1490 годзе, на беларускай зямлі, у Полацку, чалавек, увесь шлях якога быў шляхам барацьбы за “доблесць і веды”, за замацаванне каштоўнасці чалавечай асобы ў свеце, за шчасце ўсіх людзей і сваёй роднай краіны.

Скарына — першадрукар не толькі беларускай, але і ўсяе ўсходнеславянскай кнігі. Вучоны, асветнік, змагар, нястрымна прагнучы ведаў чалавек. Ён сын стагоддзя. Культура стагоддзя — культура, афарбаваная рэлігіяй. І гэты чалавек хоча, каб людзі свядома разбіраліся ў жыцці, а не зубрылі, як папугаі, усялякія догмы на незразумелай ім мове. “Бог пусціў мяне ў свет з гэтай моваю”, і гэтая жывая мова павінна стацца моваю кнігі.

Кнігадрукаванне, “Мастацтва над мастацтвамі, навука над навукамі” (Гертэнберг), існуе ў Германіі толькі 50 год, у Італіі — 40, у Жэневе і Лондане — каля 30, калі пажыраемы прагай навукі вандроўны шкаляр атрымоўвае ў Кракаве дыплом бакалаўра сямі вольных навук і адпраўляецца ў шасцігадовае падарожжа па Еўропе.

За плячыма — два гады вучобы. Уперадзе — дарогі, клунак, Пражскі універсітэт, блуканне па нямецкіх гарадах.

У 1512 годзе беларускі юнак прыйшоў у Падую, дзе універсітэт слаўны сваім медыцынскім факультэтам. Бацька яго да гэтага часу памёр. Скарына “незвычайна вучоны, але бедны”, па водзывах віцэ-прыёра, доктара Мусаці. Бясплатна дапушчаны да экзамену на доктара медыцыны (ён ужо мае ступень доктара вольных навук), Скарына бліскуча здае яго.

І зноў гады бадзянняў і неадрыўная думка аб кнізе для свайго народа. Не проста перакласці біблію, але даць яе народу “на роднай мове”. Ён здабывае грошы, шукае майстроў, заказвае шрыфты, знаходзіць мастакоў і гравёраў. Справа новая. Ніхто яшчэ не выдаваў біблію на роднай мове (нямецкая біблія з’явілася ў гэтым жа годзе, што і біблія Скарыны, у 1517 г.). Ён перакладае, наладжвае работу. Ён друкар, ён і карэктар.

6 жніўня 1517 года выходзіць “Псалтыр”. У 1517 — 1519 гадах — дваццаць дзве часткі “Бібліі” на роднай мове.

Скарына ведаў нямецкія інкунабулы, кнігі Фіёля, рукапісныя кнігі родных месц. Але сапраўдны чалавек заўсёды імкнецца да дакладнасці. Кнігі Скарыны — не проста кнігі на зразумелай мове, яны яшчэ і ўцеха для вока, сапраўднае цуда паліграфіі гэтых гадоў. Яны незвычайна прыгожыя, і рускі мастацтвазнавец В. Стасаў свайго часу скажа, што яны “лепш за ўсё, што было створана ў падобным выглядзе ў Бібліі”. Мала таго, гэта не “кнігі-цары”, прыбраныя ў золата і жэмчуг, неймаверна цяжкія, а кнігі — працаўнікі, кнігі — сябры і спадарожнікі кожнага дня, у дарозе і дома.

Гэтыя кнігі маюць прадмовы, разважанні Скарыны аб жыцці і людзях. І ў гэтых прадмовах раз-пораз ён пераходзіць на вершы, няхай часамі чароўна-наіўныя, але гэтыя вершы — першыя вершы ў Беларусі, прычым не фальклорнага характару. Скарына называе чытанне “люстэркам жыцця нашага, пацехай усім засмучаным”. У прадмовах ён стараецца даць людзям як мага больш ведаў з геаграфіі, гісторыі, музыкі.

Скарына даў суайчыннікам друкаванае слова на сваёй мове, а значыць, панаванне для школы на гэтай жа мове, для адукацыі, для вялікай чалавечнасці. Яго дзейнасць мела выключна прагрэсіўнае значэнне і таму знайшла сваіх прадаўжальнікаў не толькі ў Беларусі і Літве, але і ў Расіі, і на Украіне.

Скарына жыў любоўю да ўсiх простых людзей, да ўсiх народаў i жадаў iм дабра i свету. Ён быў у раду тых, хто прапаведваў i закладваў асновы вялiкага братэрства на зямлi.

Упершыню — “Ніва”, 1967, 6 жн.

Яндекс.Метрика