Наш агульны клопат

(У рэспублiцы ствараецца музей народнай архітэктуры і быту)

У канцы мінулага года Савет Міністраў БССР прыняў пастанову «Аб стварэнні Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і быту». Рашэнне гэта — адно з красамоўных сведчанняў клопатаў нашай партыі і ўрада аб далейшым развіцці беларускай нацыянальнай культуры.

Што будзе ўяўляць сабой будучы музей, музей пад адкрытым небам? З усёй тэрыторыі рэспублікі мяркуецца звезці і паставіць у адным месцы, у маляўнічай мясцовасці пад Мінскам, найбольш старыя і найбольш тыповыя сялянскія і местачковыя пабудовы: хаты, пуні, гумны, адрыны, дрывотні, млыны, іншыя жыллёвыя і гаспадарчыя пабудовы.

Вырасце як бы вялікае паселішча, і наведвальнікі яго здолеюць за досыць кароткі час убачыць, як жылі сяляне і местачкоўцы розных этнаграфічных раёнаў Беларусі трыста, дзвесце, сто гадоў назад, учора.

Дзеля чаго гэта трэба? Ну, перш за ўсё, — гэта гісторыя народа. І праз гісторыю музей павінен яшчэ больш умацаваць у нашых людзях, і ў першую чаргу ў моладзі, пачуццё патрыятызму (а значыць, і інтэрнацыяналізму), пачуццё высокай адказнасці за сваю Радзіму, пачуццё павагі да працоўнага чалавека і кроўнай роднасці з ім.

І яшчэ: музей пад адкрытым небам — гэта Веданне. Веданне матэрыяльнай і духоўнай гісторыі народа.

Якой наша краіна стала за гады Савецкай улады — гэта ўсе мы добра ведаем (відавочныя таму прыклады будуць трапляцца ўжо на кожным кроку па дарозе з Мінска да музея). А вось якой была наша краіна, якой была яе культура да рэвалюцыі, з чаго мы выраслі — уяўленне аб гэтым і павінен будзе даць музей народнай архітэктуры і быту.

Міністэрствам культуры БССР зараз ствараецца арганізацыйная група. Яна будзе працаваць пакуль што пры міністэрстве, але як самастойная адзінка. Разам з зацікаўленымі арганізацыямі гэта група зоймецца зборам экспанатаў, выяўленнем і адборам помнікаў народнага дойлідства, грамадскіх і бытавых пабудоў, збіраннем даўніх прылад земляробства, рамяства, побыту, а таксама твораў народнага мастацтва.

Арганізацыйная група — будучая дырэкцыя — мае намер абапірацца на шырокае кола грамадскасці. І не толькі на дапамогу членаў таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры (хаця, вядома, гэта ў першую чаргу іхняя справа, справа іхняга гонару), але і на актыўную дапамогу ўсяго насельніцтва рэспублікі.

Распачынаецца справа вялікай важнасці, і справа гэта можа быць даведзена да поспеху толькі пры актыўнай дапамозе кожнага з нас. Таму што мы з вамі, і толькі мы, ведаем, як выглядаў «бегунок», на якім мы вучыліся хадзіць, пакуль маці пякла аладкі, як выглядаў «ключ» (ад старажытнага слова «клюка»), якім хітра адсоўваўся «рыгель» у дзвярах.

…Уявіце сабе вялізнае вадасховішча, хваёвы і лісцёвы лес на яго берагах, а ў гэтым лесе, на ўзлессі і палянах, звезеныя з усіх канцоў Беларусі будынкі. Срэбна-шчапяныя дахі і залаціста-саламяныя стрэхі. Разьблёныя ліштвы і франтоны. Махаюць крыламі ветракі, шуміць вадзяны млын. У лесе — леснічоўка. На беразе — рыбакова хата. Над вяндлярнямі — ядлоўцавы дымок. Тут — тыповы сялянскі двор з Полаччыны ці Ушаччыны, крыху далей — слуцкі або рагачоўскі двор. Уся наша рэспубліка, як на далоні, на плошчы ў нейкіх сто гектараў. На невялікай плошчы — усе праявы помнікаў народнага будаўніцтва: жылога, грамадскага, вытворчага і іншых.

А паколькі людзі не жывуць і не жылі ў пустых хатах, то для хаты кожнага рэгіёна павінна быць і мясцовае ўбранства: розныя тыпы печак, мэблі, начыння, посуду, ткацтва, прадметаў быту — ад драўлянай лыжкі да гаршка, ад старых цымбалаў да сальнічкі.

А вакол хат — уласцівыя гэтай мясцовасці дворныя пабудовы. Сад, у якім мясцовыя пароды дрэў, агарод, у якім расце самая распаўсюджаная ў гэтай мясцовасці гародніна. Словам, усё гэта дзеля таго, каб вы, скажам, прывезлі ў музей сваіх дзяцей-мінчан, прывялі іх да полацкай хаты і сказалі ім: «Вось так, дзеці, жылі вашы дзяды. Гэта — ваша гісторыя. Яны былі працавітыя, простыя людзі. Але яны ўмелі не толькі працаваць. У іх было незвычайнае пачуццё прыгожага. Глядзіце, які посуд, як прыгожа і спрытна сплецена гэтая вярэнька, якія гожыя забаўкі, як меладычна гучаць іхнія музычныя інструменты…»

Але не толькі мінчанам, а і палачанам будзе цікава ўбачыць у музеі «полацкую» хату. Бо і на Полаччыне іх, тыповых, засталося вельмі мала. І мала хто іх бачыў: атрыбуты народнага побыту і культуры ўсё больш і больш знікаюць.

Працэс гэты няўхільны, але мы павінны зберагчы тое, што засталося. І пакуль што шмат яшчэ можна знайсці ў многіх вёсках багатых і каштоўных для музея матэрыялаў. Так што трэба спяшацца.

…Школа патрыятызму, школа павагі да працы і працоўных людзей, школа выхавання пачуццяў прыгожага на самых дасканалых, вякамі адточаных, народных узорах — вось што такое музей пад адкрытым небам.

У чым канкрэтна можа выявіцца дапамога грамадскасці будучаму музею? Ну, перш за ўсё, каб кожны з нас не застаўся раўнадушным да гэтай справы, зрабіў спіс старых пабудоў у сваім раёне, сельсавеце, вёсцы. У спіс гэты (а ён можа складацца нават з аднаго-двух цікавых старых будынкаў, што зберагліся ў наваколлі) павінна ўвайсці самае цікавае, самае адметнае. Старыя хаты розных тыпаў і канструкцый, розных планіровак, разнастайных формаў страхі або даху, з рознымі ўпрыгожваннямі на ліштвах, вушаках, франтонах. Разнастайныя тыпы двароў, агароджаў, гаспадарчых пабудоў — свіран, пуня, адрына, млыны паравыя і вадзяныя, ветракі, варыўні, скляпы (лёхі), паветкі, хлявы, цікавай формы студні, сыраварні, вяндлярні, азярыны рознай формы.

Не мінайце ўвагаю старыя кузні з усім начыннем, ганчарні і ганчарныя печы, майстэрні для насякання жорнаў, смалярні, дзе яны зберагліся, стальмашні, буды (спецыяльныя печы для вытворчасці паташу, выпальвання драўлянага вугалю) і многае, многае іншае.

Безумоўна, у хатах (земляроба, рыбака, пчаляра, палясоўшчыка і г.д.) павінна быць і адпаведнае начынне, рэчы, прылады, якімі карысталіся людзі. Усё тое, чым працаваў там калісьці наш працоўны чалавек, чым ён жыў. З гэтай прычыны значную цікавасць для музея ўяўляе даўняя мэбля: сталы, лавы, зэдлікі, шафы, канапы (не тыя, што зараз, а проста лавы са спінкай), скрыні простыя і маляваныя і г.д. Фатаграфуйце або рабіце замалёўкі асабліва цікавых даўніх печак з іхнімі нішамі і выступамі для размяшчэння розных прылад. Магчыма, камусьці пашанцуе знайсці печ з «комінам» (раней так называўся абмазаны глінай конус-дымаход з лазы, пад якім гарэла лучына).

Будучы музей зацікавяць таксама вырабы з воўны, лёну, канопляў, скуры, посцілкі, вышываныя ручнікі (наўрад ці якая гаспадыня — асабліва калі імя яе будзе ўпамянута — адмовіцца даць для музея нават «мамчын ручнік», калі ён упрыгожыць нейкую «пінскую» ці «віцебскую» хату), адзенне ўсіх узростаў, верхняе і ніжняе, для лета і для зімы, на свята і ў будні дзень, усе гэтыя «лятухі», «світкі», «буркі» і іншае, галаўныя ўборы, абутак («пасталы», «поршні», «лапці», «апанкі», на поўначы — драўляны абутак, у якім выходзілі да жывёлы), паясы, упрыгожанні.

У спісе будучых экспанатаў абавязкова павінна быць рознае хатняе начынне (гаршкі, крынкі, драўляныя вёдры і цэбры, даёнкі і г.д.), прылады земляробства і жывёлагадоўлі, а таксама прадметы, патрэбныя на свята і для абрадаў.

Перш за ўсё музычныя інструменты: дуды і дудкі, жалейкі, цымбалы, гуслі, старыя скрыпкі і басэтлі, бубны, дрымбы (жалезныя выразныя пласцінкі з язычком, на якіх ігралі, сціснуўшы іх зубамі — гэта, галоўным чынам, на Палессі). Калі б нехта знайшоў батлейку з наборам (хай няпоўным) лялек — гэта быў бы добры падарунак будучаму музею.

І, вядома ж, нельга абмінуць увагаю творы народнай мастацкай творчасці: вышыўка наша і непаўторнае наша ткацтва, жывапіс, разьба, вырабы з гліны і дрэва, ільну і саломы, рогу і косці.

І яшчэ. Новаму музею будуць патрэбны не толькі жыллёвыя і гаспадарчыя пабудовы. Яму будуць патрэбныя і пабудовы культавыя, бо старую вёску цяжка ўявіць сабе хоць бы без капліцы. Таму неабходна ўзяць на ўлік старыя драўляныя цэрквы (а таксама старыя абразы, іканастасы і іншае ў іх), капліцы, старадаўнія драўляныя званіцы. Гэта таксама тое, чым жыла яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў назад наша вёска.

Па складзеных спісках вучоныя, архітэктары, гісторыкі — усе знаўцы даўніны адбяруць самае-самае вартае, разбяруць будыніну, перасыплюць у выпадку патрэбы, перавязуць і паставяць на тэрыторыі будучага музея пад адкрытым небам. Каб людзі з усіх канцоў, з усіх краін дзівіліся будаўнічаму генію нашага чалавека.

Ужо зараз установы, прадпрыемствы і асобныя грамадзяне могуць пачаць збор экспанатаў народнага быту для будучага музея пад адкрытым небам. Дасылаць іх можна па адрасе: г.Мінск, Міністэрства культуры БССР, арганізацыйная група. І абавязкова ўказваць на кожным экспанаце: дзе, у каго, калі і пры якіх абставінах ён быў знойдзены.

Міністэрству культуры БССР варта было б падумаць аб тым, каб людзей, якія прыслалі найбольш цікавыя знаходкі, нейкім чынам заахвочваць і пра знаходкі гэтыя шырока паведамляць у прэсе. Гэта будзе стымуляваць людзей, падахвоціць іх, прымусіць яшчэ больш актыўна збіраць экспанаты для будучага музея, дасць лепшую арыенціроўку на тое, што, як і дзе шукаць, у якім напрамку весці пошукі.

Словам, праца наперадзе чакаецца вялікая. Але гэта — высакародная, удзячная праца. Наш агульны клопат цяпер — садзейнічаць як мага хутчэйшаму адкрыццю будучага музея, зрабіць яго дзейсным сродкам ідэйна-маральнага і эстэтычнага выхавання працоўных.

  1. Упершыню — «Звязда», 1977, 17 сак.
  2. Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 8. Кн. 2. З жыццяпісу, нарысы, эсэ, публіцыстыка, постаці, крытычныя творы, інтэрв’ю, летапіс жыцця і творчасці. — Мн.: Маст. літ., 1991. — С. 269 — 274.