Родная мова

Дзве старонкі, дваццаць ці дзвесце… А можа, тысячы тысяч? Усё адно, нават іх будзе мала, каб годна ўславіць цябе, родная беларуская мова. Таму што мільёны тваіх людзей самім існаваннем сваім з самага пачатку дзён кожным трапным словам, кожнай любоўнай ці гнеўнай думкай, кожным знішчальным, здзеклівым, іранічным або, наадварот, добрым, лірычным сказам славяць цябе. І славіць будуць, пакуль не скончыцца жыццё людское і думка людская на Зямлі.

Мова Скарыны і Буднага, мова Багдановіча і Купалы, Багушэвіча і Коласа, мова соцень геніяў, што яшчэ прыйдуць. Мова інтэлігентаў беларускіх, імя якім — легіён. Мова настаўнікаў і паэтаў, вучоных і кампазітараў, але перш за ўсё мова дзесяці мільёнаў людзей па ўсім свеце — ад Уругвая да Далёкага Усходу і, галоўнае, на нашай беларускай зямлі.

Мова першай матчынай калыханкі і апошняга «бывай», мова старадаўніх архіваў і новых школ на Палессі, мова пажаўцелых статутаў і мова кахання. Мова плытагонаў, сялян, акадэмікаў і шахцёраў на саляных капальнях. Мова, якая можа ўсё; можа сказаць словы невыказанай пяшчоты і можа ўдарыць так, што не ўстанеш. Гнуткі, спявучы, адвечна новы інструмант, без якога нельга ўявіць сабе сваё жыццё, без якога радасць не ў радасць, каханне не ў каханне, бяседа не ў бяседу, сяброўства не ў сяброўства і нянавісць не ў нянавісць.

Няма цябе — і вось няма суцяшэння ў горы. Няма цябе — і вось нямы язык, і нельга сказаць словаў радасці. А калі ўбіць сабе у галаву цалкам дурную думку, што ў нейкім далёкім будучым цябе не будзе, то… нашто нам тады такая будучыня?

Таму што ўсе мы — ад настаўніка да паэта — любім цябе, таму што ты — самы важлівы наш здабытак, і мы ў меру сіл нашых не дазваляем і не будзем дазваляць, каб нехта выказваў да цябе пагарду.

Тым больш дзіка, што яшчэ нядаўна зламысныя ёлупы прарочылі табе знікненне. Мала таго, самі дбалі аб ім са стараннем, вартым лепшага ўжывання. Што ж, Іваны Бязродныя вартыя толькі пагарды, як усе тыя, якія, адвярнуўшыся, праходзяць ля матчынай хаты.

Яны проста не ведаюць, які ўдзел рыхтуе лёс таму чалавеку, які пазбавіўся мовы. А каб ведалі, то жахнуліся б. Толькі ж нават гэтага не дадзена іхнім бедным мазгам.

…Старая хроніка данесла да нас жудасную і горкую гісторыю. Тэўтоны захапілі землі прусаў, і старая пруская мова паступова знікла, і вось на турнір мейстэрзінгераў прыйшоў апошні прускі спявак і паэт — вайдэлот. Ён спяваў дзівосныя песні пра подзвігі продкаў, пра каханне і смеласць, пра вернасць і дружбу. Ён апяваў прыгажосць сваёй зямлі, але ніхто яго не разумеў. Яму не далі скончыць, бо рыцары рагаталі, як ашалелыя. І паднеслі старому вайдэлоту прыз… сто гарэхаў свістуноў.

Глыбокі сэнс гэтай гісторыі ясны, як божы дзень: нямы той чалавек, які забыў мову продкаў, і не можа ён спаўна выліць сваю душу, выявіць сябе. Па пальцах можна пералічыць выпадкі, калі, напрыклад, пісьменнік стварае на чужой мове нешта нават не геніяльнае, а проста вартае друкавання, а не сметніка (скажам, паляк Кажанеўскі стаў англійскім пісьменнікам Джозефам Конрадам). Але нават геніяльны Пушкін, дасканала ведаючы французскую, пісаў на ёй дужа пасрэдныя вершы. Тое самае можна сказаць пра польскія вершы Лучыны і рускія — Багдановіча. А яны ж таксама большую частку жыцця чулі рускую і польскую.

Нібы нейкі лёс неўблажымы кіруе рукою таго, хто піша. Нібы цень маці, прамаці ўсіх продкаў, што прайшлі па зямлі з дня з’яўлення на ёй людзей і народаў. І калі пачынаеш пісаць не так, як думалі і гаварылі яны, — немінуча пачынаеш фальшывіць.

У старадаўнія часы, калі яшчэ не склаліся нацыі, мова магла зрабіцца мёртвай мовай, як латынь. Але і тады мовы былі практычна неўміручыя. Тая ж самая латынь не толькі нарадзіла ўсю сям’ю раманаўскіх моў — ад Аргенціны да Румыніі, — не толькі, будучы ўжо мёртвай, цэлымі стагоддзямі была мовай паэзіі і навукі, але і зараз уплывае на нас творамі Катула і Вергілія, Гарацыя і Авідзія, прымушаючы нас смяяцца і плакаць. Што ўжо хадзіць далёка за прыкладам: новая беларуская літаратура пачыналася з пераробкі Вергіліевай «Энеіды», і той жа самы Вергілій вадзіў па пекле заснавальніка новай італьянскай паэзіі, першага паэта новага часу Дантэ.

У новы час скон немагчымы для кожнай больш-менш развітай мовы. Нават неразвітая ўладна ўплывае на сваіх сыноў. Ян Баршчэўскі ў мінулым стагоддзі напісаў па-польску «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», але і зараз мала хто з такой выразнасцю паказаў быт беларуса, псіхічны склад ягонай душы, яго нацыянальны характар і самую Беларусь. Міцкевіч піша па-польску, але рэаліі яго твораў цалкам беларускія, але і старэйшыя і навейшыя яго даследчыкі лічаць, што сам склад яго мыслення быў беларускі, але творы ягоныя страката перасыпаны вялікім мноствам беларускіх слоў і тых беларуска-польскіх барбарызмаў, што былі ўласцівы шляхце беларускага паходжання. Нездарма ж у паэта Канстанты Галчыньскага ёсць верш, герой якога, чытаючы Міцкевіча, нападае на слова «свежоп», перагортвае ўсе, якія ёсць, слоўнікі польскай мовы, не знаходзіць такога і, не смеючы не верыць Міцкевічу, з’язджае з розуму.

Ужо шэпчуць вакол:
Што гэта зрабілася
з хлопца!
Дзякую, пане Адам!!!
Я ахвяра свежопа.
(Пераклад. — У.К.)

А на самай справе Міцкевіч проста «палянізаваў» звычайную беларускую «свірэпку» або «свірэп».

Не толькі беларусізмы былі ў яго творчасці. Чытаючы ў Парыжы лекцыі аб славянах, ён сказаў пра беларускую мову, што гэта найбагацейшая і найчысцейшая з усходнеславяскіх моў, адзначаная ўзнёслай прастатой.

Мова неўміручая. Воляю абставін ірландцы, напрыклад, амаль страцілі яе. Свіф, і Уайльд, і Шоў, і дзесяткі іншых людзей, што з’яўляюцца гонарам англійскай літаратуры, былі ірландцы, любілі свой народ, але пісалі воляю няшчасных абставін па-англійску. І вось цяпер ірландская, як і валлійская, баскская, іўрыт, як мовы народаў Афрыкі, якія сотні год ляжалі ў заняпадзе, усталі. Бо мова — душа народа, і толькі на ёй можа народ найбольш поўна выказаць сябе.

Наш лёс таксама быў такі. З часоў росквіту старажытнай беларускай мовы прайшлі стагоддзі вынарадавання, забыцця, свядомага забойства. Акрамя гушчы народнай толькі ў нешматлікіх прыватных школах з закуранымі бэлькамі, у школах, дзе настаўнічалі адстаўныя салдаты ці старыя дзячкі і дзе вучылі акрамя псалціры хіба начаткам пісьма і лічэння, гучала яшчэ беларуская мова. Але было гэта ад беднасці, а не ад багацця.

Кніганошы насілі кнігі з-за мяжы. І за гэтыя беларускія кнігі ім часта плацілі кулямі салдаты з кардонаў. Але ніхто ўсё адно не мог адштурхнуць народ ад сваёй кнігі.

Кнігі палілі, супраць іх выдавалі ўказы, забаранялі самыя словы «беларуская мова». Але ўсё гэта, як і насмяханне над «паўночна-заходнім нарэччам» — нічога не дало і не магло даць, пакуль беларуская баба стаяла з рагачом ля печкі, пакуль гэтая баба спявала калыханку над ліповай калыскай.

Мала таго, усе разумелі ўсё з большай яснасцю, што без яе, без гэтай мовы, немагчыма. Яна ўладна грукала ў светавыя дзверы.

Нават панам і гандлярам яна неабходная.

«Моцныя свету гэтага, — без яе вы падсячэце ногі эканоміцы і разваліце гаспадарку, бо не на французскай жа вам размаўляць з тымі, хто працуе, і без каго вы здохлі б з голаду!»

Але, не кажучы ўжо аб гэтай публіцы, яна неабходная і сапраўдным.

«Фалькларысты — вы збядніце чалавецтва на адзін з самых багатых фальклораў на зямлі». І вось забароненая мова, амаль разбураная ў сваёй літаратурнай, друкаванай галіне, рассыпаецца самацветамі ў запісах Шэйна, Раманава, Федароўскага і многіх дзесяткаў іншых.

Лінгвісты таксама пачынаюць разумець, што беларуская мова гэта скарб таго, што вымерла ў другіх мовах, што, акрамя самастойнай вялікай каштоўнасці, яна — запаведнік, у якім «сохранилось очень много древнего и важного для истории» (И.И.Срезневский), і без ведання якога немагчыма славянскае мовазнаўства наогул, немагчыма вывучэнне і зразуменне іншых славянскіх моў і іхняй гісторыі.

Рэлікт? Так, калі хочаце, рэлікт, які перажыў стагоддзі. Але рэлікт, што расце, развіваецца, дыхае, ідзе наперад волатавымі крокамі, які жыве і будзе жыць вечна.

Усе пачынаюць больш і больш разумець гэта. Сама гісторыя ўладна і неабходна штурхае на прызнанне, на павагу, на захапленне багаццем і прыгажосцю беларускай мовы. І нават тыя, што адышлі ад яе — я разумею найлепшых з іх ,— рана ці позна вяртаюцца да звонкага дзе і густога чаго. Бо толькі так ім можна сказаць усё.

Чачот запісвае народныя песні і сам складае вершы па ўзору гэтых песень. Марцінкевіч ад польскага верша прыходзіць спачатку да беларускіх, не вельмі яшчэ спрытных вершаў, а пасля стварае шэдэўр менавіта беларускай па мове і антуражу драматургіі — «Пінскую шляхту».

Усё, здавалася б, занядбана, але невядомы піша «Тараса на Парнасе» і яго ведае на памяць бадай што кожны беларус. І вось Багушэвіч, якому й бог загадаў, здавалася б, па выхаванні і становішчу, забыць усё — выбухае палымянымі радкамі ў абарону ўсяго гэтага, забытага, стаптанага царамі і саноўнай сволаччу. І грыміць супраць ворагаў мовы і народа голас Каліноўскага. І ўжо ў слоўнік Насовіча ўваходзіць больш за трыццаць тысяч адметных, паўнакроўных, жывых, іскрамётных слоў. І ўжо геній Купалы і Багдановіча ўстае над зямлёй і займаецца над ёю далёкі яшчэ пакуль водсвет заранкі.

Першыя настаўнікі выходзяць на новую ніву. І гэта іхняй неўміручай працы, іхняму дбанню, іхнім бяссонным начам у многім і многім павінны мы быць удзячнымі за тое, што мова наша стала яваю для мільёнаў, што яна мае права патрабаваць такой жа самай павагі, як і ўсе мовы зямлі.

Мы (я кажу «мы», бо я таксама былы настаўнік) ніколі не павінны забываць, наколькі годная наша праца і хто стаяў ля яе вытокаў. А стаялі ля гэтых вытокаў, самі настаўнічалі, самі складалі першыя буквары і чытанкі Цётка, Купала і Колас. І, мяркуючы па ўсім, някепска ведалі сваю справу і зусім нядрэнна правялі яе ў жыццё. Яшчэ на зары нашага стагоддзя.

Дбаннем іх і соцень іншых мова набірае сілу, цвёрдая, як сталь, грубая, як сялянскія далоні, і пяшчотная, як спеў беларускага гівала. Яшчэ часам запінаючыся на абстрактных тэрмінах, яшчэ нясмела вымаўляючы навуковыя і філасофскія тэрміны — яна ўладна бярэ разбег. Яе ўжо не стрымаць. Першая сучасная трагедыя (я не маю на ўвазе сярэдневяковых містэрый і аповесцяў), першы раман, першая паэма — і паўсюль глыбокая зямляная праўда і дыяменты дажджу на пахучых майскіх галінах, і што ні слова, то жэмчуг падае на срэбны шчыт. І як бы часам ні было цяжка — з ёй ужо нічога не могуць зрабіць, як бы ні душылі — яна ўстае. І з атмасферы семінарыі, з яе мёртвай царкоўнаславяншчынай выходзіць Якуб Колас, а са сцен школы, дзе вучаць «хто ты естэсь?» — адзін з найлепшых сучасных празаікаў Янка Брыль. Беззямельныя перасяленцы цягнуцца на Далёкі Усход — і праз семдзесят год я чую ў беларускіх вёсках на Усуры і Суйфуне яе, маю мову, нечапаную, родную, адвечна сваю. Прыходзяць і адыходзяць акупанты, усе гэтыя пілсудчыкі і эсэсманы, і след іхні знікае на твары зямным — а яна стаіць, бо карані яе ў глыбінях, дзе спяць тыя, хто стагоддзямі песціў, шліфаваў, бярог яе, лаканічную, гнуткую і цвёрдую адначасова, спявучую, тую, што з найлепшай яснасцю і дакладнасцю перадае думку чалавека, які жыве між Гродняй і Оршай, між Асвеяй і Лельчыцамі. Думку тых, якія казалі: «Хай не будзе ў таго святла, хто на досвітку табе здрадзе.»

Яна вечная, бо ўся яна як наш характар. Здаецца, кволая ад пяшчотнай мяккасці, яна раптам кідае наверх схаваную ад усіх жалезную мужнасць і сілу. І, як быццам дамогшыся свайго, б’е, як перапёлка ў жытах — мякка, а за тры вярсты чуваць. «Эль» — як салодкае віно, «дзе» — як шкляной палачкай па крышталю, мяккае «с», як соннае ціўканне сінічкі ў гнязде. І побач «р», як гарошына ў свістку, і доўга, спявуча, адкрыта гучаць галосныя. А «г» прыдыхае так ласкава, як маці на лобік дзецку, каб перастаў сніць дрэнны сон.

Дык што ж лепей за цябе, мова мая, мова наша?! За цябе, даўняя, за цябе, вечна жывая, за цябе, неўміручая?!

І ў тым, што жывая ты, што неўміручая ты, павінны ўсе мы. Сялянка, што спявае, варушачы сена, — і чалавек, які складае слоўнік, дзеці, што гуляюць у «піва», — і дзяды, што баюць аб даўнім, паэты і вучоныя. Але яшчэ — і гэта ледзь не самае важнае — у тым, што ты неўміручая — шмат заслугі першай настаўніцы школьнай і выкладача літаратуры ў выпускным класе.

Iхняму таленту, няўрымслiвасцi, працавiтасцi i любовi мы павiнны дзякаваць за тое, што ты моцна, уладна i назаўсёды пасяляешся ў душах дзяцей, якiя потым стануць дарослымi i самi будуць мець дзяцей i ўнукаў. А ў гэтых дзяцей i ўнукаў таксама будуць настаўнiкi — праваднiкi вялiкiх iдэй чалавецтва ў дзiцячыя душы.

Праваднікі вялікіх ідэй на вялікай роднай мове і таму самі вялікія людзі.

  1. Рукапіс збярогся ў супрацоўніка рэдакцыі «Настаўніцкай газеты» В. Дамарацкага. Напісаны па заказе рэдакцыі ў 1969 г.
  2. Пры жыцці аўтара не друкаваўся.
  3. Упершыню — «Настаўніцкая газета», 1989, 28 чэрв.
  4. Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 8. Кн. 2. З жыццяпісу, нарысы, эсэ, публіцыстыка, постаці, крытычныя творы, інтэрв’ю, летапіс жыцця і творчасці. — Мн.: Маст. літ., 1991. — С. 284 — 290.
Яндекс.Метрика