Белае полымя
Прысвячаецца Мiколу Садавому
Ужо трэцi дзень панствавала над тундрай вялiкая багiня поўначы — Завея. Трэцi дзень, бавячыся, яна перасыпала з месца на месца снегавыя дзюны, раздзьмухвала на iх равучае белае полымя i скакала ў ягоных языках шалёны i аднастайны танец.
I чалавек трэцi дзень ляжаў у палатцы, занесенай снегам, i напалову спаў, напалову не спаў. У нейкi з гэтых дзён, 1 лютага 19ЗЗ года, яму споўнiлася трыццаць год, але ён не ведаў, калi быў гэты дзень: сёння, учора цi пазаўчора. Ён не ведаў нават, дзень знадворку цi ноч. Прабiваючы часам снег, ён ведаў толькi, што завея не скончылася, — вось i ўсё.
I ў цемры перад яго пасiвералым тварам, якi адзiн толькi не быў прыкрыты спальным мяшком, праносiлiся стракатыя прывiды.
Уяўляўся яму родны дом на беразе Нёмна, буслiныя шапкi ў шатах векавых дубоў, струменьчык малiнавага варэння, што паузе з лыжачкi. Да болю часам хацелася туды, на залатыя лугi Заходняй Беларусi, якая зараз звалася шыпячым i брыдкiм словам «крэсы».
Часам, калi ён драмаў, прывiды ставалi iншыя: вадакачкi, гудкi загнаных цягнiкоў, стрэлы ў натоўп, раздзёртыя крыкам iрты:
— Хлеба! Волi! Мовы! Хлеба! Хлеба!
Матрос, што раздзiрае цяльняшку на грудзях, роўная рысь каня, сцяг з кулаком, якi перадаў яму, пятнаццацiгадоваму камандзiру эскадрона, адзiн з кiраўнiкоў Венскаrа паўстання.
А потым боль паражэння i адступленне з роднай зямлi, якая на доўгiя-доўгiя гады застанецца чужой рабыняй, мачыхай яму, Андрэю Падкове.
I вечныя пошукi цяжкага, каб забыць пра гэта. I нарэшце Крайняя Поўнач i Белае Полымя, што палае над занесенай палаткай.
Чаго так цягне туды, над зялёныя гiганцкiя дрэвы? Так, ён, напэўна, проста стамiўся. Служба вялiкаму гаспадару, iмя якога Народная Асвета, вечная гульня з Белым Полымем, подыхi, якiя замярзаюць, вылятаючы з рота, шоргаюць i завуцца тут «зорным шэптам», бо у мёртвай цiшынi толькi зоры мiльгаюць, толькi яны здатныя нараджаць гукi.
Зямля, большая за Францыю, горы, тундры, вулканы, камянiстыя астравы. Некалькi год катаржнай працы: вывучэнне карацкай, эскiмоскай, ламуцкай, алеуцкай моў. Пераклад на гэтыя мовы падручнiкаў, стварэнне школ.
Ён яшчэ застаў тут гандляроў, якiя нажывалi тысячы працэнтаў прыбытку, ураўнаважваючы на вясах вiнчэстэр сабалiнымi футрамi. I ў яго стралялi за барацьбу супраць гэтага.
Ён яшчэ бачыў тут папоў, якiя раз у тры гады, везучы на нартах некалькi пудоў свечак, вiно i прасвiры, ехалi з гэтай Божай благадаццю адпяваць памёрлых, хрысцiць народжаных i вянчаць жанатых. Яны вярталiся з нартамi, поўнымi пушнiны, спаўна, па таксе,
атрымаўшы за благадаць. I яго праклялi у царкве, бо ён не даваў гэтага рабiць.
Наледзi, наледзi, наледзi. Збiтыя да крывi ногi сабак, цынга, смарагдавыя i малiнавыя стрэлы паўночнага ззяння, страшны голад на Анадыры. Бязлiтасна-халоднае святло месяца ў палярнай начы.
ЁН звык спадзявацца толькi на ўласную волю i рукi ды яшчэ на нешматлiкiх сяброў: настаўнiкаў, якiя адкрывалi эскiмоскiя школы у зямлянках, крытых дзёрнам, дактароў, якiя спынялi вымiранне паўночнага народа, на семдзесят працэнтаў хворага трахомай, на сорак працэнтаў — спадчыннай ганарэяй.
Нiхто не скардзiўся. Вялiкiя народы, якiя давялi тэты люд да такога, павiнны былi плацiць доўг, вярнуць людзям веру у справядлiвасць i чалавечнасць.
I вымiранне спынiлi. Застаўся адзiн, апошнi бiч: дзевяноста дзевяць непiсьменных з сотнi.
Бязмежны край, станоўi ў дзесятак хат на сотнi кiламетраў адно ад другога, беднасць, якая не дазваляла ўзяць у iнтэрнаты ўсiх дзяцей, карлiкавыя школы, настаўнiкi, якiя не разумелi мовы дзяцей, i дзецi, якiя не разумелi мовы настаўнiкаў.
Трашчаў чэрап ад думак, балелi рукi ад працы, балеў каршэнь ад намаганняў з Хабараўска.
I гэта яшчэ не было самым цяжкiм. Чукчы i каракi з аленямi качавалi па ўсёй «Францыi», тыя чукчы i каракi, што, бадай, больш за ўсiх людзей на зямлi любяць сваiх дзяцей: нiколi не б’юць iх, не лаюць, размаўляюць з iмi, як з дарослымi. Яны, споўненыя любовi да дзяцей, нiколi б не аддалi сыноў i дачок у iнтэрнат. Кожны трэцi чалавек — дзiцёнак школьнага ўзросту. Што рабiць з iмi?
I ён знайшоў выхад: качавыя школы.
Хай школа iдзе за чародамi ў некалькi тысяч аленяў, хай яна спыняецца, калi спыняюцца i ставяць юрты пастухi, хай iдзе далей, калi аленi з’ядуць ягель.
Святла чакаць нельга, як хлеба, як волi.
I вось таму ён, Андрэй Падкова, загадчык аблана, ляжаў тут у задыханай вiльготнай палатцы, еў вяленае мяса i баяўся выпiць глыток спiрту, каб не заснуць мацней, чым трэба. О Мацi-Завея, мацi-Завея, Белае Полымя, якое рвецца з узвышшаў у каламутнае неба!
Якая свiнцовая, якая чыгунная стома! Ад яе перадчасна сiвеюць скронi i твар, выдублены марозам, стае чырвоным, як сасновая кара. Здзiўляцца нечаму. За спiною пяць тысяч кiламетраў, наперадзе яшчэ тры. I ўсё гэта за тры месяцы.
Колькi давялося практыкавацца, каб стаць добрым каюрам, каб не браць лiшняга са сцiплых дзяржаўных сродкаў. Асабiста для сябе, каб не залежаць ад другiх у часе, купiў ён запрэжку санак, пераабсталяваў нарты.
Стома!
Пяты год Андрэй адзiн выязджаў у свой шлях па школах вобласцi. Выязджаў звычайна 15 — 20 лiстапада i вяртаўся ў першых чыслах мая. У гэты год ён быў павiнен, хоць нiхто не загадваў гэтага, праехаць па ўсiх школах заходняга ўзбярэжжа, перасячы бязлюдную ўсходнюю тундру, праехаць па школах на ўзбярэжжы Ледавiтага акiяна да Чукоткi, потым наведаць эскiмоскiя i чукоцкiя школы, спусцiўшыся да Анадыра.
I толькi там чакаў першы адпачынак: плаванне на караблi ў Петрапаўлаўск.
Пакiнуўшы ў апошнiх чыслах студзеня апошнюю сялiбу Гіжыгiнскага раёна, падгатаваўшы сябе i сабак, папоўнiўшы запасы, Андрэй паглыбiўся ва Ўсходнюю тундру, у якой можна блукаць тыднямi i не сустрэць людзей.
Тэрмiны былi сцiслымi, шлях вялiкiм, але трывалыя i непераборлiвый сабакi былi здаровымi, i Падкова ведаў, што не загiне у снягах.
Першыя днi былi добрымі, i ён рабiў па сто — сто дваццаць кiламетраў у суткi, зусiм як звыклыя мясцовыя людзi. Ён ведаў, што i яны не вельмi любяць такiх далёкiх шляхоў, i ганарыўся, што ён iдзе тут сам, адзiн.
Але потым прыйшла яна, Завея. З цiхiм звонам паiмчала тундраю замець, выпусцiла з шырокага рукава мiльёны белых пчол.
— Вымаражу! Задушу! Пу-у-ста зраблю-у-у!
I вось ён трэцiя суткi ляжаў тут, пад снегам, як пясец. Думкi ад безрабоцця лезлi у галаву дурныя, слабыя, нiкчэмныя: пра чмялiны мёд, пра верасы пад
залатымi соснамi на Нёмне, куды зараз усё адно не было дарогi. Плюнуць на ўсё, паехаць туды, дзе зялёныя дрэвы.
З гора ён заснуў, а калi прачнуўся i паварушыў харэем белую па душку над галавою — Завея знiкла i было сонца.
Ледзь выдраўшыся са снежнай магiлы, ён, не трацячы марна час, уклаў i ўвязаў паклажу на нартах i пачаў шныпарыць па гурбах, шукаючы сабак. Iх выдавалі дзiркi, вакол якiх блiшчэлi крышталiкi лёду i курыўся пар.
Важак, цудоўная камчацкая лайка па мянушцы Джэк, шыракагруды, жаўтавата-рабы па беламу фону, выдраўся першым i пачаў будзiць астатнiх: пароцца да iх i хапаць зубамi за розныя далiкатныя часткi цела.
Нагадаваўшы сабак юколай i прасачыўшы, каб хтосьцi з iх, праглынуўшы сваю порцыю, не адабраў рыбы ў суседа, Андрэй запрог iх i рушыў у дарогу.
Нiзкае-нiзкае сонца вiсела над раўнiнай. Роўным белым пакроем рассцiлалiся вакол снягi, i не было вакол нiякай раслiннасцi, нiводнага арыенцiра. Падкова ведаў, што тут ён толькi выпадкова можа натрапiць на людзей, што адзiнае патрэбнае яму — не збiцца з напрамку. Таму ён ехаў па карце i трымаў напрамак па компасу.
Яшчэ да Завеi — Андрэй памятаў гэта — не вiдаць было птушак, не плямiлi снег сляды звяроў. I гэта азначала, што паблiзу няма жытла чалавечага i няма ракi. Жыццё зiмою цягнецца туды, дзе можна хоць штосьцi ўварваць з рук чалавека або мачыхi-прыроды.
Злева павiнен быць адзiн з прытокаў Калымы, але гэта вельмi далека: тры днi дарогi.
А пакуль снег ляжыць у туманным марыве, злiваецца з гарызонтам i страта гарызонту стварае нейкае дзiўнае адчуванне, адчуванне руху ў прасторы. Толькi праз каляровае шкло акуляраў бачыш ледзьве ўлоўную лiнiю небасхiлу.
Ветру няма за што было затрымацца, каб быць чутным, i таму вакол стаяла непарушная цiшыня, вялiкае маўчанне снягоў.
Андрэй размаўляў з сабакамi, i тыя слухалi яго i не звярталi ўвагi. Толькi пачуўшы знаёмую мянушку, азiралiся на iмгненне.
— Г’ё, Джэк! Г’ё, Сняжок! Ты што ж гэта лайдачыш, на важака не глядзiш, сабачая твая душа?! Чакай, дабяромся да эскiмосаў — Джэку дам сушанай iкры, а ты так i будзеш сядзець на юколе.
Сняжок пачынае хутчэй варушыць пушыстымi, бы ў валенках, лапамi. Усё наладжана, сабакi бягуць дружна, у вокамгненне слухаюцца каманды. Сiвуч, як заўжды, цягне за траiх, Воўк iмкнецца ўхапiць пярэдняга за лапу — жартачкi знайшоў.
Прыгнятае мёртвая цiша, а пачнеш спяваць, — голас нейкi глухi, застаецца тут, поруч, не адыходзячы анi на крок: тундра не дае рэзанансу.
Было дзве гадзiны дня, i Андрэй ведаў, што хутка пачне змяркацца. Трэба было яшчэ гадзiн дзве ехаць у цемры, а потым ставаць на начлег.
Калi першыя сiнiя адценнi ляглi на снег, ён заўважыў, што сабакi сталi неспакойныя. Вушы у iх насцярожвалiся, i было ясна, што яны нешта чуюць. I раптам, зусiм нечакана, перадавы пёс, Джэк, забрахаў i рвануў нарты ўбок. За iм з ярасным, захлынаючымся брэхам паiмчалi астатнiя сабакi. Падкова зразумеў, што хоць напрамак зусiм другi, але нюх нiколi не падманвае сабак: паблiзу жыллё або звер.
I ён пусцiў сабак. Ен ведаў, што ўзiмку буйных i страшных звяроў у тундры няма. Заяц, лiсiца, гарнастай, расамаха — гэта было бадай што ўсё.
Праз некалькi хвiлiн з ледзь прыкметнага ўзгорка Падкова пабачыў у кiламетры ад сябе гiганцкую стракатую пляму: вялiзны табун аленяў.
Сабакi цягнулi да яго, цягнулi з узбрэхам, з задыханнем, з ярасным вiскам. Гэтыя страшныя звяры, ездавыя камчацкiя лайкi, нашчадкi вялiкага ваўчынага племя, бязлiтасныя, як ваўкi i перавышаючы ваўкоў сiлай, — пры сустрэчы з будзь-якiм зверам шалеюць. Усё адно, хатнi гэта звер цi дзiкi. I забiваюць яны гэтага звера трапным ваўчыным кiдком на карак i паступовым перахватам да шыi. Некалькi год таму ездавыя сабакi Падковы, якiх ён не мог стрымаць, у некалькi хвiлiн расправiлiся з тройкай аленяў. Чукча-пастух прыбег з вартавымi сабакамi запозна i нават не лаяўся, толькi сказаў сумна:
— Э-эх, бачка. Вялiкi начальнiк, а сабак, прыяцель, трымаць не ўмееш. Дурны, аднак, як дзiцёнак.
Горш за ўсё было тэта спакойнае пахiтванне галавою.
Цяпер Андрэй быў ужо спрактыкаваным каюрам i таму, даўшы сабакам магчымасць наблiзiцца на палову кiламетра, спрытным рухам перакулiў нарту i сеў на яе.
Добра ўвязаныя пажыткi не маглi рассыпацца, i нарта ўсёй паверхняй забаранавала снег. Андрэй ведаў, што метраў праз 200 — 300 сабакi знясiлеюць i з iмi легка будзе справiцца.
I сапраўды, ён адолеў iх, калi зусiм блiзка закачалiся перад вачыма галiнастыя рогi аленяў.
Два цёмныя ценi беглi ад табуна: пастухi. Падкова, спынiўшы сабак, стаў перад
нартамi, прылашчыў сабак, i яны ляглi, супакоеныя.
Выявілася, што зусiм недалёка стойбiшча ў восем юртаў. Адзiн з пастухоў падсеў да Андрэя, i праз трыццаць хвiлiн яны пад’ехалi да цёмных конусаў.
«Чукоцкае таварыства па супольнаму выпасванню аленяў, — прывычна адзначыў Падкова, — сем’яў каля сарака (у кожнай юрце некалькi „полагаў“), насельнiцтва, пэўна, сотнi паўтары. Значыць, i дзяцей шмат». Але дзяцей не было вiдаць. Толькi дарослыя, смуглявыя, вузкавокiя твары. Яны балбаталi нешта, усмiхалiся. Андрэй, дрэнна яшчэ ведаючы чукоцкую мову (астатнiя ведаў добра), разабраў толькi:
— Прыяцель! Чай пiць…
Высокі чукча, якi сяк-так ведаў па-руску, даведаўся ў Падковы, хто ён i куды едзе, i аддаў загад жанчынам. Лiтаральна праз дзве хвiлiны яны паставiлi нарту каля юрты, распрэглi сабак i прывязалi iх да нартаў i да аццяжак юрты.
Гаспадары прыязна ўсмiхалiся, запрашалi ў юрту. I Андрэй усмiхаўся iм. З некаторага часу ён схiльны быў думаць, што гэтыя жыхары бязлiтасна-халоднай краiны — лепшыя людзi на зямлi. Гасцiнныя, як беларусы i рускiя, але, акрамя таrо, шчырыя, як дзецi. ЁН ведаў, што ў iхнiх мовах няма слоў для такiх паняццяў, як «крадзёж» або «хлусня». I сапраўды, яны нiколi не хлусiлi i не кралi, здзiўляючыся да глыбiнi душы, калi бачылi такое ў iншых.
Ён, заядлы вораг рэлiгii, здзiўляўся яшчэ i таму, што ў многiх з гэтых народаў, асаблiва ў iтэльменаў, зусiм няма 6агоў. Гэта быў першабытны, прыродны атэiзм. I таму яны былi Андрэю як браты.
Трохi наводдаль ад правiльнага круга юрт Андрэй пабачыў групу людзей, якiя сядзелi проста на снягу. Поруч з iмi стаяла высокая фiгура у малiцы i кухлянцы з аленячых шкур.
— Гэта што такое, сябры?
Твар таго чукчы, якi разумеў па-руску, расплыўся, вачэй стала не вiдаць.
— Скола, Андруса… Цаеваць трэба.
Андрэй не зразумеў. I толькi потым, у юрце, калi пытаннi пасыпалiся на яго градам, зразумеў, што «скола» азначае «школа». Але якая школа, адкуль яна тут? А чукча толькi галавой хiтаў:
— Настаўнiца шыбка малады… харошы. З закуранага катла падалi пахнучы дымам, як вэнджаны, вельмi гарачы чай.
— Тоўсты чай, аднак, прыяцель… Добры.
«Тоўсты» чай быў зусiм чорны, на чукоцкi смак: у нязвыклага чалавека сэрца спынiцца. Падкова з асалодаю пiў яго, глядзеў у вогнiшча, якое трапятала, асвятляючы полагi — завесы, за якiмi жывуць асобныя сем’i.
I раптам шкура, якая замяняла дзверы, адхiнулася, адкрыўшы вачам зорнае неба. Постаць, захутаная ў мяхi, наблiзiлася да вогнiшча.
Андрэй пабачыў глыбокiя шэрыя вочы, круглы тварык, ахутаны, як нiмбам, капюшонам з футра лiсiцы. I быў гэты тварык пасiвералы, суровы, але вельмi-вельмi знаёмы.
— Добры дзень, — пачуў ён мяккi, багаты адценнямi голас.
Праз хвiлiну яна сядзела поруч з iм, i за ёю булькацела ў катлах вада, даносячы смачны пах аленяга мяса.
Калi катлы спустошылi i яна стамiлася перакладаць Андрэю пытаннi чукчаў, Падкова раптам спытаў:
— Дзесьцi я вас бачыў.
— Дый я вас добра ведаю, Андрэй Пятровiч. I толькi тут прыпомнiў Падкова адзiную iхнюю сустрэчу, якая адбылася тры гады таму. I з нечаканай радасцю ён крыкнуў:
— Антанiна Сяргееўна, Антося, зямлячка.
Бацюхны мае, як жа ж так? Хiба вы не паехалi тады ва Уэлен?
— Як бачыце, не. А хiба вам не перадаў Нiкiфараў, што я ў качавой школе?
— Нiчога не парадаваў. Вось расцяпа! А яшчэ загадчык райана… Ну як жа ж вы тут? Раскажьще.
— Ды, уласна кажучы, нiчога асаблiвага. Вы яшчэ спаць не хочаце?
— Ды не, я тры днi пад снегам адпачываў.
— Пад снегам якi адпачынак. Спiце. Вось ваш полаг. Заутра пабачыце, як я тут працую.
Загадчык залез у полаг, дзе было цёпла, нават горача, лёг, але доўгi час не мог заснуць. Звiнелi аб шкуры юрты сняжынкi, узнятыя лёгкай замеццю, хадзiў, хрумстаючы снегам, алень, i Андрэю было чуваць ля самай галавы яго гучнае — па марозу — дыханне.
— Дзяўчыну гэтую — а праўдзiвей дзяўчынку, бо ёй тады было не больш як шаснаццаць год, — ён пабачыў у аблана тры гады таму. Маленькая, падобная на сiмпатычную шэранькую курачку, яна толькi скончыла педвучылiшча недзе на Беларусi, i занесла яе дарога у гэты жорсткi для слабага край. Ён i помнiў яе толькi таму, што была зямлячка, аднекуль з-пад Мiнска, ды яшчэ таму, што яна ў лёгкiх боцiках, у пальтэчку, падбiтым ветрам, так вось проста падумала ля карты дый махнула сюды. I не за грашыма, бо нават не ведала, колькi тут плоцяць. Ён тады яшчэ — грэшным чынам — пашкадаваў яе, спытаў, чаго яна залезла сюды, за тысячы вёрст ад мамы.
— Мацi у мяне няма, палякi застрэлiлi. Я ў дзiцячым доме была.
— А бацька дзе?
— Бацька загiнуў над Бугам… Вы, дзядзька, накiруйце мяне туды, дзе цяжка… Мне з цяжкай працы трэба пачынаць, каб стаць добрай настаўнiцай.
Андрэй тады пашкадаваў яе. Куды такому пiсклёнку ехаць у тундру. Таму дамовiўся з заведуючым факторыі на Чукотцы i накiраваў Антосю да суседзяў. Усе ж там нейкая культура ёсць. А Нiкiфараў — д’яблы б яго насiлi — паспеў пераманiць да сябе i накiраваў у качавую школу.
«Ат, чорт! Калi мне, мужыку, тут плакаць хочацца, дык што пра яе казаць. Уцякла-такi дзяўчына ад культуры. Ну, тут ёй тундра паказала, што такое рамантычныя ўчынкi».
Падкова заварушыўся i спытаў дзяўчыну, якая ўсё яшчэ сядзела ля агню:
— Цяжка вам тут, Антося?
Яна павярнула да яго абветраны, з глыбокiмi вачыма твар:
— Зараз добра. А раней часта плакала. I ўсё ж не ўцякала.
— Што ж, дрэнна вас тут сустрэлi?
— Жартуеце? Не, я тут зараз як у сваей сям’i. Член рода, сваячка ўсiм, хоць i не па крывi. Баяцца, каб не кiнула iх. Улетку — смешна нават — кветкi першыя прыносяць.
— Не хапала чаго, можа?
— Усяго не хапала i не хапае. Паперы няма, чарнiл, алоўкаў, кнiг няма. Вы бачылi сёння нас там, за стойбiшчам? Гэта мы на снезе палачкамi пiшам.
— Што ж тэта за дурасць? А начальства што думала? Загадчык ваш?
Яна пасуравела, рашуча адкiнула з галавы капюшон, i зазалацiліся ў святле дагараючага вогнiшча яе валасы.
— Не ведаю, што i чым ён думае. Калi прыехалi мы на параходзе, на пяты дзень, у райана нас добра сустрэлi. Там i «гаспадары» нас чакалi: старшынi вясковых i тубыльных саветаў, старшынi таварыстваў i арцелей. Мой старшыня ўжо тыдзень парахода чакаў… А кнiгi i сшыткi везлi другiм параходам, наступным. Ён павiнен быў прыйсцi з Уладзiвастока праз тры днi. На гэтыя тры днi я аформiла ўсе справы, выдала даручэнне раённай ашчаднай касе, каб яна тут штомесячна за мяне грошы атрымлiвала i клала на кнiжку.
Уздыхнула:
— Вось ужо трэцi год мне начысляюць. Мне тут нiчога не патрэбна. Кормяць мяне тут, нашу тое, што i чукчы. Дый што б я тут купiла? Факторыі за тысячу кiламетраў. Цукерак бы, можа, купiла, я iх тры гады не ела ўжо.
Падкова прыгаломшаны прыўзняўся на локаць.
— Ну а хлеб? Цукар!
— Скуль iх прывязеш? Дый наогул трэба есцi так, як людзi вакол, як гэтыя чукчы. Хлеба мы нiколi не ямо, часам толькi пячэм праснакi. Цукру яны наогул не ўжываюць. Як бы rэта я ела штосьцi iншае, лепшае? Прызвычаiлася. Здаровая, бачыце, моцная — ем многа мяса.
— А цынга?
— Летам сланiк iснуе, ягады. Узiмку сырая страганiна. Мне спачатку сорамна было, што я слабейшая за iх. Няўжо, думаю, мы такiя ужо спешчаныя? I выявiлася, што мы не слабейшыя.
Падкове стала сорамна ледзь не да смерцi, што ён там, у снегавой ямiне, так расстагнаўся. Таму ён спытаў:
— Ну а далей?
— А далей выявiлася, што на другiм параходзе ёсць другая партыя настаўнiкаў, ёсць урачы i нават заатэхнiк, але дапаможнiкаў зноў няма. Галавацяпы паршывыя! Забiць iх мала!
— Што ж вы рабiлi, любая вы мая?
— А што было рабiць? Выдрала у райана адзiн камплект падручнiкаў, сотню сшыткаў, алоўкаў. Пер’яў не было. Нельга ж было чакаць наступнага парахода ўсю зiму. Ну i паехалi. На чацвёрты дзень даiмчалi мяне у стойбiшча, яно тады блiзка качавала. Дзеткi цудоуныя, кругленькiя такiя, вузкавокiя. I нiхто анi слова па-руску не разумее. Дарослыя таксама. Толькi адзiн старшыня, Келькут, прыстойна гаворыць. Што рабiць? Хоць ты макам садзiся. Вось вам i методыка з педагогiкай.
Андрэй зарагатаў так, што алень за сценкай юрты кiнуўся прэч.
— Ну вось старшыня мне i кажа, што я, маўляў, буду гаварыць, ён будзе перакладаць. А дзецi хай слухаюць.
— Гэта ж не лезе нi у якую методыку, — паддражнiў яе Падкова.
— А няхай методыка больш пра такiя выпадкi думае. А то пералiвае з пустога ў парожняе, пераконвае нас у неабходнасцi правiльнай пабудовы ўрока, быццам мы самi гэтага не ведаем… Перарабiла я ўвесь навучальны план: тры гадзiны у дзень працавала з перакладчыкам, а астатнi час вывучала чукоцкую мову i праз паўгода яе вывучыла.
— Хутка вы.
— А што было яшчэ рабiць? Кiно няма, гулянак у скверы таксама. Дый мова даволi лёгкая. Слоўнiк невялiкi, граматыка простая. На ўрокi збiралiся акрамя дзяцей усе дарослыя. А калi я начала размаўляць не горш за чукчаў, — начала я вучыць iх чытаць i пiсаць. Сшыткi вельмi хутка скончылiся, а мы тым часам адкачавалi ў самае сэрца тундры. Чакала, што падвязуць, i вось чаканне цягнецца два гады. Нi дапаможнiкаў, нi iнспектара. За тры гады вы першы. Як гэта вы мяне адшукалi?
— Сабакi дапамаглi, — неахвотна сказаў Падкова, — iначай, можа, i я вас не адшукаў бы.
Сэрца ў яго сцiснулася ад жалю да гэтай шэранькай курачкi i ад захаплення перад ёю. Такое перанесцi, такое вытрываць! I таму, каб яна не заўважыла яго вачэй, Падкова лёг тварам у шкуры i спытаў:
— Ну, вы зараз дабiлiся свайго, вы сталi добрай настаўнiцай, напэўна. Калi ж вы рушыце на мацярык?
Яна ўзняла вочы ад вуголляў i са здзiўленнем глянула на яго:
— Куды?
— З Чукоткi — у цэнтр.
Яна, вiдаць, не зразумела яго, надумала, што ён лаецца за парушэнне методыкi. Таму сказала горача:
— Ды вы паглядзiце заутра — дзецi ў мяне не горш за другiх ведаюць усё. I не хачу я адсюль, не паеду.
Загадчык кашлянуў у руку:
— Вы што ж, назаўсёды хочаце тут застацца?
— А чаму не.
Андрэй усмiхнуўся ў цемру, у якой ледзь чырванелi вуголлi ачага.
— I замуж вырашылi не выходзiць?
— Як гэта не выходзiць, — шчыра здзiвiлася яна.
— А за каго? Тут жа ж адны чукчы. Ён смяяўся ў цемры, але яна гэтага не заўважала i таму накiнулася на яго:
— А яны што, не людзi? Яны лепшыя за многiх нашых. I хлопцы тут цудоўныя. На белага мядзведзя сам-насам выходзяць. Смелыя, рашучыя. Мне такiя падабаюцца, я сама такая.
Яна не заўважыла нязручнасцi сказанага, але Падкову гэта мiлая дзявочая самаўпэўненасць i гордасць здалiся такiмi прывабна-смешнымi, што ён весела
зарагатаў. Тады i яна зразумела, што гэта жарт.
— Кладзiцеся спаць, харошая вы мая. Заутра паглядзiм, што вы тут зрабiлi.
I Андрэй, накiнуўшы малiцу, выйшаў з юрты.
Бясконцыя пад месячным сяйвам ляжалi снягi. Нехта вялiзны бавiўся, пускаючы ў неба рознакаляровыя дзiды. Яны варушылiся, перакрыжоўвалiся, успыхвалi амецiставым, пранiзлiва-блакiтным i чырвоным, ператваралiся ў сляпую завеску з фестонамі, якая калыхалася памiж небам i зямлёй, i зноў распадалiся на асобныя стрэлы.
Сполахi разгаралiся, беглi чаргаваннем ценi i святла па юртах, па табуне аленяў, па нартах, ля якiх спалi сабакi.
Паўночнае ззянне залiвала бясконцы халодны абшар.
Увесь кароткi наступны дзень прайшоў за працай. Падкова ўстаў яшчэ «ноччу», у дзевяць гадзiн ранiцы, i здзiвiўся, калi пабачыў вучняў з Антанiнай Сярrееўнай. У яе не было «ўрокаў», проста вучнi цэлы дзень былi з настаўнiцай. Пакуль было цёмна — вучнi сядзелi ў адным з полагаў юрты, у якiм настаўнiца зрабiла небывалае святло: гарэла пяць каганцоў.
Вучняў было дваццаць чалавек, i ўсе яны з захапленнем слухалi пявучы голас, якi распавядаў iм пра далёкiя краiны, пра параходы, што перасякаюць акiяны, пра хуткiя цягнiкi. Седзячы поруч, Падкова слухаў (дзецi ўжо добра разумелi па-руску) i адкрываў нейкiя новыя ўласцiвасцi даўно знаёмых рэчаў.
— Цягнiк — гэта вялiзная, уся з жалеза, як лязо гарпуна, нарта. Яна крытая. Рухаецца яна без сабак i аленяў. Замест iх працуе пара, тая пара, што падкiдвае крышку на катле.
Падкова ўсмiхаўся. I сапраўды, як было iначай растлумачыць гэтым дзецям Поўначы зусiм невядомае, нiколi не бачанае. Ён уявiў, як запытае ў Наркамасвеце, цi можна так вучыцда: без сшыткаў, без мэблi, без пер’яў. I ён ведаў, што адказ будзе адзiн: вучыцда нельга. I вучыць таксама немагчыма.
I ўсё ж гэтая маленькая жанчына змагла вучыцца i вучыць, нават па раскладу ўрокаў, зробленаму тры гады таму.
Стала святлець, i дзецi, падобныя на ведзьмедзянят у сваiх пушыстых кухлянках, высыпалі з юрты на снег, селi на падасланыя шкуркi. Белы незайманы снег ляжаў перад iмi, i хутка на яго паверхнi з’явiлiся словы пад дыктоўку, сказы. Палачкi так i бегалi ў руках.
Другая група — дзецi былi падзелены на класы — развязвала заданы, умовы якiх прыдумалi самi. Дзiўна, але нават дурыкаў, звычайных для нашай школы, тут не было: маленькiя грамадзяне рабiлi вельмi важлiвую i сур’ёзную справу.
— У аднаго пастуха З7 аленяў, у другога на 15 больш. Колькi аленяў у пастухоў?
Трохi старэйшыя складвалi заданы на рост табуна на працягу трох год, на перакачоўку. I трэба было бачыць, з якой сур’ёзнасцю i кемлiвасцю гэта рабiлася. Мозг, якi спаў сотнi год, зараз прачнуўся i, свежы, ясны, толькi няздатны яшчэ пакуль на абстракцыi, пачаў даrаняць мозг другога, адукаванага чалавека.
Хутка з’явiўся дашкольны грамадзянiн год чатырох з вузкiмi, нiбы асакой прарэзанымi, вочкамi i круглай мордачкай. Падкацiўся, як шарык, сеў на кукiшкi, i вачам здзiўленага Падковы адкрылiся два маленькiх ружова-смаглявых паўшар’i.
— Ты што ж гэта робiш, круцель малы? — спытаў Андрэй.
Антося ўзяла грамадзянiна на рукi, i паўшар’i адразу схавалiся.
— Вы не здзiўляйцеся, — сказала яна сарамлiва, — гэта ў нас тут звычай такi, рабiць дзецям разрэз у штонiках на гэтым самым месцы. Каб мог абыходзiцца без дарослых. Як прысядзе — так i ўсё вонкi. Iначай нельга, мароз.
Грамадзянiн шчаслiва ўсмiхаўся i вазiў лапкай па шчоках настаўнiцы.
А дзецi тым часам малявалi на снезе цягнiк, падобны на вялiзныя нарты, увянчаныя юртамi. Гэта было наiўна i бездапаможна, але была ў гэтых накiдах цвёрдая рука будучых вялiкiх разьбяроў па косцi.
Алень падышоў з другога боку, i цёмныя, добрыя, бы ў каровы, вочы пачалi глядзець на дзяцей, дзьмухаць на малюнкi сiвой парай з ружовых вуснаў.
Падкова бачыў, што веды ў дзяцей выдатныя: добрае веданне правiл арыфметыкi, хуткая кемлiвасць у развязваннi задач. Ён завёў дзяцей у юрту i раздаў iм са свайго запасу пяцьдзесят сшыткаў i каляровыя алоўкi.
Пiсьмо на паперы давалася iм цяжэй, i за гэта трэба было дзякаваць галавацяпам з райана.
Затое, калi яны гэтымi алоўкамi пачалi маляваць, Падкова зноў здзiвiўся, як здзiўляўся кожны раз, калi бачыў малюнкi дзяцей Поўначы. Гэта было багацейшае адчуванне перспектывы, разумныя, проста з жыцця выхапленыя, назiраннi над жывёламi i людзьмi.
I яшчэ тонкi каларызм, якому ў гэтай краiне бледных снягоў i размытых адценняў магло навучыць хiба толькi паўночнае ззянне з яго пералiвамi чысцейшых фарбаў.
Падкова непрыкметна сцiснуў кулакi. Злачынствам было прымусiць так пакутаваць гэтую дзяўчынку. Значынствам быў кожны дзень, у якiм маленькiя вузкавокiя вучнi не мелi пер’яў i паперы. I таму ён раптоўна сказаў Антанiне Сяргееўне, што яму трэба ехаць, ехаць хутчэй.
Ён вырашыў з самымi кароткiмi адпачынкамi гнаць сабак у раён i ўчынiць там буру i скандал. Ён ведаў, што ў пасёлку, якi ляжаў недзе за тысячу вёрст, ёсць два самалёты грамадзянскай авiяцыi.
Настаўнiца не здзiвiлася. Яна адпусцiла дзяцей, ускiнула на плячо стары вiнчэстэр i, пакiнуўшы юрту, начала прывязваць да ног шырокiя лыжы.
Потым падышла да яго i, нi аб чым не пытаючыся, сказала:
— Я праводжу вас трошкi… каб лягчэйшым быў шлях.
Сабакi бадзёра ўзялi з месца. Ад’ехаўшы трошкi, Падкова азiрнуўся. Насельнiцтва стойбiшча махала наўздагон яму рукамi, i сярод вялiкiх фiгур можна было заўважыць маленькiя дзiцячыя фiгуры.
Жанчына бегла на лыжах хутка i спрытна. Мехавы нiмб вакол яе галавы хутка ўкрыўся густым белым шэранем. Пасiвелi вейкi, сiвы касмылёк валасоў звесiўся на лоб.
Абое маўчалi. Вочы настаўнiцы пiльна разглядалi сляды на снегавым кiлiме.
I раптам яна сказала — яны ад’ехалi ўжо кiламетры тры, i стойбiшча знiкла ў дымнай iмгле:
— Пастаўце нарты на прыкол. Здаецца, я пакажу вам цiкавае.
Андрэй паслухаўся. Яны пакiнулi нарты ў левым баку i паглыбiлiся ў тундру. Сярод блытанiны маленькiх слядоў быў бачны адзiн вялiкi, памерам са сподак для варэння, след. I жанчына сказала:
— Воўк. Той самы, што год таму трапiў у маю пастку. Кульгавы. Пакiнуў два кiпцюры.
— Можа, ён далека? — спытаў Андрэй.
— Блiзка. Вельмi блiзка. Бачыце, след нават не закуржавеў. А лёгкая дуйка ёсць.
I адкiнула з галавы капюшон, каб лепей чуць. — Ён паклаў у нас тры днi таму дзве важанкi.
Яны прайшлi яшчэ з кiламетр, калi яна пабачыла каля невялiчкай гурбы разрыты снег i рэзка сказала:
— А зараз хутчэй. Ён тут ляжаў.
I яны паiмчалi так, што вецер свiсцеў у вушах. Узбегшы на ўзгорак, яны пабачылi дзiўнага, рудага на белым фоне звера, якi чуйдух уцякаў у белы абшар.
— Нагонiм, — сказала яна.
Ваўку, сытаму да таго, што пуза ягонае цягнулася па заносах, цяжка было бегчы ў свежым глыбокiм снезе. ЁН бег хвiлiн дваццаць, а потым, адчуваючы, што дзве смерцi немiнуча наздаганяюць яго, сеў i прыгатаваўся абараняцца.
ЁН няспрытна прымiнаў задам снег, ялозячы па яму i раскачваючыся ўсiм целам: рыхтаваў скачок.
Ляск сабачкi, гучны стрэл вiнчэстэра i гырканне рудага ценю, што адарваўся ад зямлi, злiлiся ў адно. У наступную хвiлiну прагучаў яшчэ адзiн стрэл. Стрэлiў Падкова. Але жанчына, якая паспела адскочыць, у той самы момант стрэлiла яшчэ раз.
Павольна соўгаючы нагамi, як сабака, што «бяжыць» у сне, воўк ляжаў на баку, i сутаргi прабягалi па ягоным целе, натапырваючы бурую поўсць.
— Дзве дзiркi, — прытворна роўным голасам сказала жанчына, — адна мая, ад вiнчэстэра, у галаве. Другая — ваш «заўэр», якраз на сядле. Вы адбiлi яму заднiя ногi.
Калi яны дацягнулi ваўка да месца, дзе стаялi на прыколе нарты, снег пачаў рабiцца шэрым. Падкова дапамог ёй ускiнуць на загорбак цяжкую тушу, i яна, трымаючы звера за ногi, глянула на Андрэя прамянiстым i строгiм позiркам.
Шыя яе, трошкi згорбленая пад цяжарам, уся танула ў ваўчынай поўсцi.
— Бывайце, Андрэй Пятровiч, — проста сказала яна, — я данясу сама.
Андрэй падышоў да яе i раптам узяў за плечы i, прыцягнуўшы, пацалаваў яе ў лоб.
— Бывайце, дарагая. Дзякуй вам.
ЁН вырашыў даслаць з раёна самалёт з дапаможнiкамi, каб было iх не менш як на два гады, а ад сябе вялiкi набор цукерак, цукру i звычайнай кухоннай солi. Даслаць адразу — хай лётчык шукае станоўе.
Ад’ехаўшы з кiламетр, ён азiрнуўся. У сiнiх ценях ранняга прысмерку, далёка-далёка, стаяла маленькая постаць i ўсё яшчэ глядзела на яго.
Спусцiлася ноч.
Дружна беглi сабакi, беглi проста пад арку, якую пабудавала у небе паўночнае ззянне i, пабудаваўшы, начало расстрэльваць дзiўнымi, казачных колераў, стрэламi. Яны пералiвалiся, гулялi, бегалi i скакалi, як залатыя аленi паўночных легенд.
I Андрэй ведаў, што зараз, пасля гэтай сустрэчы, нiхто не прымусiць яго зламацца i здаць.
Зноў пачалi лiзаць раўнiну белыя языкi, але ён гнаў сабак. Хутчэй! Хутчэй!
У белым полымi, што iмкнулася да нябёс, у пякуча-халодным яго агнi перад заiнелымi вейкамi Андрэя паўставалi людзi, тысячы людзей гэтай зямлi. Яны прабiвалiся праз снягi, танулi ў палонках, хварэлi цынгой i памiралi з голаду ў цяснiнах гор. Але яны з iх халодным гарэннем былi сэрцам гэтай зямлi.
Белае полымя ўзвiвала ў цемру ночы свае языкi.
- Машынапіс захоўваецца ў ЦДАМЛіМ РБ, ф. 37, воп. 1, адз. зах. 110, с. 120 — 140, з паметай: 25 чэрвеня 59 г., Орша.
- Пры жыцці пісьменніка не друкавалася.
- Упершыню — Шляхам гадоў. — Мн., 1993.
- Набор зроблены па выданні: Уладзімір Караткевіч. Творы: Проза. Драматургія. Публіцыстыка. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1996. — С. 351 — 367.