Афіцэру Лісаневічу

Яму прапанавалі выклікаць на дуэль Лермантава. Мы нічога болей не ведаем аб ім.

«Добра… Я ведаю, што да чаго…
Што такое дзярмо і кроў.
Але што вы?!
Узняць руку на яго?!
Ды лепей ужо… на цара свайго!
Ды лепей на ўсіх…
Так, на ўсіх… цароў.
Я яго не люблю… Вы сказалі: „Гадзёныш…“
Але вы, калі праўды тут трохі й ёсць,
Пашукайце іншых,
Ад моху зялёных,
Што ўздымуць руку на сваю маладосць.
Вы там можаце мне балбатаць аб годнасці,
Абяцаць… ( — вашу маць!.. — )… кайданы не куць…
Ды на Слова Народа, на Сэрца народа
Не ўздыму я ніколі сваю руку.
А вы там можаце… хай сабе плазам,
А мне пакіньце мой эскадрон…»
І гэтай ганьбай,
І гэтым адказам
Ў гісторыі Людства застаўся ён.
Зразумейце: ўсяго не ўзнялася рука.
Усяго — на сорам пайшоў.
А пасля?
Пасля ён смерці шукаў
І, можа, недзе знайшоў.

Упершыню — Дзень паэзіі. Мн.: Маст. літ., 1980.
Аўтограф — у 1-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: 17 г. 24 хв. 24 вер. 79 г.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 249, 250.

Яндекс.Метрика