Амаль хрысціянскі тост за ворагаў

Адаму Мальдзісу

Гіене — баяцца, сабаку — вішчаць,
Свінні — рыцца ў гноі сваім,
А льву патрэбны калючы гушчар,
Родны край і свабода ў ім.
П’ю за тое, каб нам сярод родных лясоў
Не вішчаць, не дрыжаць, не крывіць,
Бо ўсе мы тут не з гіен і не з псоў,
Бо мы — сапраўднай крыві.
І таму давайце за ворагаў піць
І за імі сатканую сець,
Бо ім не дадзена нам палюбіць
І не дадзена нас зразумець.
Бедалагі!
Не ўцяміць іх бедным мазгам,
Пакуль не праб’е ім канец,
Як добра быць другам і братам нам,
І яму, і табе, і мне.
Божа, дай ім даўжэй пражыць,
Хай спаўна аттрубяць свой час,
Хай да самай апошняй нашай мяжы
Будуць яны у нас.
Божа, ты скінуў іх нам, як дары,
І мы славім мудрасць тваю,
Бо яны нас будзяць яшчэ на зары
І рана заснуць не даюць.
І ўстаем і арэм мы нашы палі,
Пакуль не апусціцца змрок,
І мы ўстаем, і зброю сталім,
Слова сталім і радок.
Ім няма з кім ісці плячо да пляча,
З кім любіць, з кім стаяць у баі,
З кім смяяцца, спрачацца і нават маўчаць.
А памруць — хто паплача па іх?
Даруй ім. Яны пакараныя й так
(Даруй хоць на гэты раз),
Бо розуму ў іх, як слёз у катa,
І не могуць пазычыць у нас.
І даруй нам, што сеем мы ў душы ім жах,
Як скачком бяром частакол,
Што даводзіцца ім дрыжаць у дамах,
Калі гойсае леў вакол.
Твой закон, што вазіць нявартыя гной
Чалавек такі і народ,
Калі вораг ад назвы іхняй адной
Не бялее, як снег і як лёд.

Упершыню — Дзень паэзіі. Мн.: Маст. літ., 1971.
Аўтограф — у 1-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: 18 сакав. 68 г., Брэст.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 253, 254.