Арарацкая даліна

Плантацыі перцу, кінзы і рыгана,
І сохне перац пад кожным “дымам”.
І кожны дом у агні буяным
Згарае купінай неапалімай.

І скалы, як бруднаю вапнай пабелены,
Гразёй храпаватай залеплены спіны.
А там, дзе вада, — такая ўжо зелень,
Такая зялёная, ажна сіняя!

А ўдалечыні Арарат двухгаловы
У небе стаіць недасяжнаю марай,
Прысыпаўшы лысіны пудрай цукровай,
Захутаўшы ногі ў ліловыя хмары.

Упершыню — У кн.: Быў. Ёсць. Буду.
Аўтограф — у 2-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: 26 ліст. 81 г. 20 г. 53 хв. П. м.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 290.

Яндекс.Метрика