Армянскія ананімныя прытчы

(Вольныя пераклады)

Стагоддзе V
Воўк авечкам сказаў: «Мір вам светлы й святы.
Нада мной і над вамі — адзіны бог».
І Баран сказаў: «О сёстры й браты! —
Ратуйся, хто як і хто змог!»

Калі часам пачую голас святы:
«Абавязкі!!!
Прагрэс!!!
Ідэі!!!
Правы!!!», —
Мне таксама хочацца крыкнуць: «Браты!
Ратуйся, — на злом галавы!!!»

Стагоддзе ХХ
Ганарылася стронга перад печкуром:
«Рыбакі мной цароў частуюць! А ты?!
Галадранец кожны нясе цябе ў дом,
Купіўшы за шэлег сто тры хвасты».

І пячкур адказаў: «Ну і хай сабе голь,
Хай ламаны шэлег за сто тры хвасты.
Ты ж — бясплатна вандруеш на панскі стол.
Значыць, нават таго не вартая ты».

Упершыню пад назвай «Два наследаванні сярэдневяковым прытчам» — Дзень паэзіі. Мн.: Маст. літ., 1982.
Аўтограф — у 3-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: 23. ліст. 81 г. 13.58.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 290, 291.

Яндекс.Метрика