Балада пра архангелаў
Днём і ўначы і ранкам
Пошчак падкоў пад зямлёй:
Гэта конныя скачуць архангелы
Па дарогах планеты маёй.
Бяздумныя, падшыя, светлыя,
Поўсць на німбах расце,
Замест сумлення — дубінка,
І замест сэрца — касцет.
Абыякава і бяздумна
Архангелы топчуць расу.
Невядома нікому на свеце,
Што яны людзям нясуць.
Невядома — турму або волю,
Невядома — дабро ці зло,
Але моўчкі чорныя птушкі
За імі ўстаюць на крыло.
Перад імі лунае гора,
За імі лунае жах,
Рудыменты крылаў, пагоны
Лунаюць на іхніх плячах.
Па дарогах зямнога шара
Крылатая скача раць,
І мёртвыя крылы не могуць
Да сонца ніводнага ўзняць —
Таму што на цяжкіх крылах,
Апушчаных змрочна ў імгле,
Ўссядае мана на правым
І здрада — на левым крыле.
Упершыню — У кн.: Быў. Ёсць. Буду.
Аўтограф — у 49-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), с. 8 [1968 г.?].
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 254, 255.