Дэман

Позняю ноччу з бяссілымі зорамі стылымі,
Калі ў глыбокіх дварах паміраюць вятры, —
Сеў на акно чалавек з кажановымі крыламі,
Месяц і зоры гусцеючым ценем закрыў.
Складваў і знову выпростваў ён крылы маўклівыя,
З іх вандраванняў міжзорных счышчаючы пыл.
Крылы як веер былі, як паніклыя косы алівы,
І як пагаслых ад стомы камет пацьмянелых снапы.
— Хто ты? — спытаў у яго.
— А нашто табе ведаць аб гэтым?
— Што ты?
— Я кветка і зорка. Пагоня і бег.
— Зараз адкуль?
— Я… забыўся на тыя планеты.
Дзе абпякаў мае крылы агонь, дзе завейваў іх снег.
— Што ты пабачыў?
— Тупых катаклізмаў раскаты,
Зло і пяшчоту, пажар і спакойны заліў. —
Ўсё гэта можна пабачыць на гэтай праклятай,
На блаславёнай, на сонечна-змрочнай зямлі.
— Што ты запомніў найбольш?
— Ледзяныя абшары свабоды,
Дзе сумнявацца даводзіцца ў сэнсе самога быцця,
І каля Альфы Цэнтаўры грыбы вадародныя,
А ў Магеланавай Хмары няпэўныя іскры жыцця.
Ёсць там планета, што Антызямлёй называюць,
Чорная прорва за ёю. І там, у здрадлівай імгле,
На двайніка твайго вораг з кінжалам чакае,
І з антыкуляй, што дрэмле у антыствале.
— Дэман мой, што ж не сабраў ты апошнія сілы,
Каб двайніку сніліся вершы, каханне, спакой?
— Але ж цябе на зямлі гэтай, дружа, таксама забілі
Слабай жаночай рукою, каханай рукой.
— Дух дасканалы занадта, ўсю горыч ты зведаў.
Што ж уратуе жыццё? Ратуй мяне, дружа, або
Вырві з мяне ледзяную самоту ўсяведання,
Дай мне няведанне простых і простых любоў.
Ўсё асляпленне кахання, эльбрусы яго і галгофы,
Люд, што гібее ў агні, сэрца, што гіне ў агні, —
На іх, вазьмі іх сабе разам з гэтымі строфамі,
Што разумеюць усё і нічога не могуць змяніць.
У чалавека ўначы ўсміхнуліся змрочныя вочы:
— Просіш аб чым? Пагасіць твой апошні маяк?
Хлусіш нашто? Ты ж не хочаш збавення, не хочаш.
Лепшаю песняй тваёй стала пакута твая.
Мужна ў цемру глядзі і трызні аб вечнай радзіме,
Трызні аб шары зямным і пакутвай далей і далей,
Пакуль не згасла зямля, пакуль чыстае неба ад дыму.
І пакуль гібель твая дрэмле ў нейчым ствале.

Упершыню — У кн.: Быў. Ёсць. Буду.
Аўтограф — у 3-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: 13.ІІІ.62, 2 г. ночы.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 293, 294.

Яндекс.Метрика