Дуб

Ён быў царом дубоў. Над пушчай дзікай
Ён узвыашўся, як над морам траў.
І кожны жолуд, як радок вялікі,
Для сонца новы парастак раджаў.
І вось цяпер, калі яго быліны
Жывуць у жылах кожнага, як кроў,
З яго драўніны цяжкай робяць клінні
Для пачынаючых мужнець дубоў.
А ён, калі пачнуць крахтаць нябогі,
Іх важна вучыць, — мудрасці нібы:
“Што ж, дошкі будуць, — гэта ўсё нічога,
Для гэтага ж існуюць дубы”.
Забыў свае змаганні і быліны,
Забыў свае пакуты на зямлі, —
Таму, што першыя свае галіны
Не так, як ён, нашчадкі павялі.
І ён глядзіць на іх, бы з мёртвай вежы,
Не разумее іх святыя сны…
А будучыня парасткам належыць,
Бо на дубах былых растуць яны.
Бо іх галінам шырыцца ў свабодзе,
Бо іх карэнням глыб зямлі працяць,
Бо іншыя яны, бо сем стагоддзяў
Лес глебу рыхтаваў для іх жыцця…
…Стаіць над здзірванелай сцежкай згубы,
Нібыта ўсім, што з ім было ў жыцці,
Ўвасобіў да канца “ідэю дуба”
І больш дубам няма чаго расці.

Упершыню — У кн.: Быў. Ёсць. Буду.
Машынапіс — у 3-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: Травень — 16 ліпеня 62 г.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 272.