Гляджу на тую, што спіць
Шапчу сабе ціха: «Ліліт».
Ў акно — мяккі горны вецер.
Няма прыгажэй на свеце
Дзяўчыны, якая спіць.
Ў міг гэты шкада мне ізноў
Сваёй маладосці мілай…
О, колькі па ёй пахадзіла
Чужых і сваіх кіёў!
І — хай не ўмірае любоў –
Павінны мы ціха й зажурана
Звыкацца з падношанай скурай
Сябровак сваіх і сяброў.
Вецер з гор і зялёны прыбой
На твар твой бягуць і веюць,
І ў сне дрыжаць твае веі…
Лёс, злітуйся над табой!
Упершыню — Дзень паэзіі. Мн.: Маст. літ., 1982.
Аўтограф — у 2-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: 20 ліст. 81 г. 19.47, Мінск. Паўн. м.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 260.