Я іду

«Калі ты ведаеш, на што здатнае каханне,
і калі ты мужчына, пашкадуй мяне,
не кажы „не“ і дай мне ўвайсці…»
Надпіс на муры ў Пампеях

Надпіс моліць. Журба скамянелая,
Быццам рана, гарыць на сцяне.
………..
Даў ён шчасце, якога хацела?
Ці кахаў? Ці паспеў?.. Ці не?
Невядома. Ўсё сцерлі крыкі,
Знішчыў полымем судны час.
Засталася крыўда вялікая,
Крык аб літасці.
Гром у адказ.
Як на смерць гэты дзень вязу я:
Горад марыў і мрэла гара,
Калі рынуў з глоткі Везувія
Божы гнеў, божы гром, божы град.
Гэтым гневам абезгалоўлены,
Волат выплюнуў страшны салют, —
Серны грыб, крывавы, суровы, —
Як пергамент раздзершы зямлю.
Адбягала вада ад берага,
Ў бухце трушчачы караблі,
Злівы з попелу, гразі, серы
Проста з неба на горад плылі.
На герояў, ад жаху спешаных,
На раба, што жадаў забыцця,
На дзяцей аднадзённых, бязгрэшных,
І на ўсіх, нявартых жыцця.
Дэман чорны, крывавы, агністы
Прагна падаў з хмары, як крук,
На твае валасы залацістыя,
На клубы, на сцябліны рук.
О, няўжо гэты воін ці мытар
Не суцешыў цябе ў журбе?!
Я б цябе і з Везувія вытаргнуў,
Я б і з пекла вывеў цябе.
Позна. Ў зыркіх маланках над ліўнямі,
Ў гэтым д’ябальскім блісканні вей
Ў поўдзень дваццаць дзевятага жніўня
Ўпала ноч на зямлю Пампей.
Ну, схлусіў бы!.. Хаця б перад лютай
Гэтай смерцю, халодная кроў,
Перад ноччу на двое сутак,
А пасля на дваццаць вякоў.
Камні гэтыя сочацца болем
Горай страшнай пякельнай смалы…
Дык чаму ж твой прызыў непатолены
Больш за ўсё ў маім сэрцы баліць?
Вось агонь гуляе святынямі,
Гіне ў выбухах гор града…
………..
Калі нешта і зараз загіне,
То адной любові шкада.
Спапялёны такімі ж мукамі
І патоплены ў той жа крыві,
Да цябе я працягваю рукі,
Твой двайнік па смерці й любві.
Праз мільёны ўдараў і ранаў,
Заступаючы шлях журбе,
Мая даўняя, мая жаданая,
Не крыўдуй, я іду да цябе.

Упершыню — Дзень паэзіі. Мн.: Маст. літ., 1971.
Аўтограф — у 1-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: 28 жніўня 69 г.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 261 — 263.

Яндекс.Метрика