Мова

Праваслаўны або каталіцкі,
Ці які там твой будзе парог, —
Яе разам з матчынай цыцкаю
Даў табе ў твае вусны бог.
Пі. І ведай: гіне ў пракляццяx
І з дзярма павек не ўстае
Той, хто выплюнуў цыцку маці
Або злосна ўкусіў яе.
І на іншых вяршынях суровыx
(Вера! Роўнасць! Свабода! Край!)
Ты струменьчык матчынай мовы,
Быццам маці, не забывай.
Ты забыў? Ну што ж, на дасвецці
Ты без сонца будзеш канаць…
Шмат прыўкрасных грудзей на свеце,
Ды не ўспоіць цябе ні адна…
Сярод іншых святынь неаджыўшыx
Даў яе нам на кожны парог,
Твар да нас, — усялякіх, — схіліўшы
З невымернаю літасцю бог.

Упершыню — У кн.: Быў. Ёсць. Буду.
Аўтограф — у 2-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: 7 мая 76 г.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 248, 249.

Яндекс.Метрика