Надпіс на камені над крыніцай

Ворагі хмарай смяротнай знішчыць ішлі. І тады
Наша зямля бараніла знямоглых сыноў:
Ў нетры яе адыходзілі храмы і гарады,
Білі крыніцы адтуль і даносіла водгук званоў.

Ў кожнай крапліне жыццё незгасальна звініць.
Душы забітых — аблокі — вітаюць зару.
Дзе мірыяды чужынцаў? — Спытай у слабенькіx
крыніц!
І ў акіяна, якому імя —
Беларусь.

З цемрай, са сталлю, з хлуснёй крывадушнаю йшлі,
Але Зямля, і Вада, і Дабро скаранялі той зброд…

Будуць давеку крыніцы на гэтай зямлі,
Будзе давеку наш мужны і мудры, вялікі народ.

Упершыню — Дзень паэзіі. Мн.: Маст. літ., 1980.
Аўтограф — у 2-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: Крупцы — цягнік Масква — Вена, паміж Варшавай і Лоддзю — 29 жніўня 79 г. 21.40 — Мінск 30.Х.79 г. 13 г.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 251.

Яндекс.Метрика