Наследаванне Байрану
Ты апусціла стрэлы вей —
І гэта, як на снег вайны,
На саван бітвы ў снах завей
Бязгучна селі груганы.
На веі слёзы наплылі —
І гэта, быццам па вясне,
Як брама райскае зямлі,
Праз дождж вясёлка ззяе мне.
Па ўсёй каханай старане
З блакітных сноў спадае дождж —
І гэта, — здаючыся мне, —
Ты ўсмешку дорыш мне усё ж.
І адышла зіма трывог,
І ўстаў з нябёс герояў строй…
І зноў ёсць май, і зноў ёсць бой,
І зноў ёсць свет, і ў свеце бог.
І свет — не пустка мне з табой.
І бог — не пастка мне з табой.
Упершыню — Дзень паэзіі. Мн.: Маст. літ., 1982.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 274.