Нават сцюжным зімовым вечарам

Нават сцюжным зімовым вечарам
Або ўвосень, як зліва лье,
Як цябе я на вуліцы стрэчу —
Падгінаюцца ногі мае.

Што казаць пра майскае ранне,
Калі ў росах салоўка б’е?
Што скажу я табе, каханы?..
Падгінаюцца ногі мае.

Што скажу са сваёй гаротай?
Хаты побач, а…
кроч не кроч,
Будзе тое ж: салоўка, журбота,
Цыгарэтны агеньчык ля плота
І маўчанне ў цёплую ноч.

Будзе тое ж:
начныя лукі
Без світання.
Салоўка пяе.
Пакахай жа, вазьмі на рукі —
Падгінаюцца ногі мае.

Упершыню — У кн.: Быў. Ёсць. Буду.
Аўтограф — у 2-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: 16 ліпеня 72 г. Гадзіна ночы.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 259.