Паэма пра явар і каліну

Трубяць трубы ў Гародні,
Прагнуць мячы крыві…

Збірае войска магутнае
Князь Гародні — Давід:
— Абрыдлі зямлі нашай крыкі,
Крыжакаў расціснем у блін!
Хадзем, зямля Беларуская,
Хадзем вайною вялікай!
Хадзем,
Народ
беларускі,
На Мар’енбург і Берлін!!!
Досыць ім нашага раю!
Не дазволім нас болей крануць!!!
Конь басуе, іграе,
Зямлю капытамі крае,
Зоры вачыма лічыць,
Вушамі — чуе вайну.

Збіраюцца тысячы вояў.
І Яну трэба ісці…
Латы светлыя, добрая зброя —
Што яшчэ патрэбна ў жыцці?!
А нічога! Хіба што праклёны,
Ды яшчэ каб даўжэй пражыць.
Бязлітаснай чорнай варонай
На ганку маці стаіць:

— Ян!
Запомні!
Немцы
І прусы…
(А як прыйдуць, то зноў заб’юць)…
У няроўным баі яны мову душылі,
У няроўным баі твайго бацьку забілі
І зямлю спалілі тваю.
І прусы —
Няхай пад прымусам
(Кляты, рабскі народ!)
Зрабілі табе,
беларусу,
Найгоршую з горшых шкод.
Яны спалілі Айчыну.
І ты з імі тое ж зрабі.
Дзіця…
Старога…
Жанчыну…
Дань не бяры…
Забі!!!

О вялікая, лютая сеча!
(Што каму да жаночых слёз?)
Над поплавам мокрым пад вечар
Пыл стаяў да нябёс.

Мужчыны забітыя…

Прусак
і нямкінь
у распетлях вялі…
Край загінуў.
І зaмкі іхнія,
І палацы дымам пайшлі.

Замкі — хай…

А нашто ж адрыны?..
Трубы вояў плачуць наўзрыд.

Паміж яварам і калінай
Сядзіць Вялікі Давід.
Вакол — вялізная світа
І ні лапічка свежай травы.
І латы яго пабітыя,
І на твары — дым баявы:

— Яне! Прасі чаго можаш!
Ты ў ворага славу адняў,
Ты прабіўся праз строй варожы,
Ты — магістра зваліў з каня.
Ты —
Зламіў таму быдлу шыю,
То прасі хоць свет у мяне.

— Княжа… Мне паланянку…
Марыю…
Яна… пакахала мяне.

— Хочаш — золата колькі важыш?
Ці бурштынаў,
каб аж скамянець?

— Княжа… Мне паланянку…
Марыю…
Яна… пакахала мяне.

— Хлопча!!! Аб’еўся блёкату!?!
Немец з прусам кроў нашу п’е…
Яна пруска! Балтка! Рабыня!

— Княжа, я кахаю яе.

— Д-добра, бяры яе ў жонкі, —
Ўсё ж паправа для нашых ніў.

І адсек ён галіну явару,
І каліны цвет абламіў.

— Бяры, калі так кахаеш…

Чагосьці я добры цяпер?
Толькі ведай: такое — навекі.
Кінеш — то лепей бы ўмер.
Кахай да апошняга ўздыху,
Кахай да ліхога канца.
Толькі вось што…
Хочаш не хочаш
А матцы дашлі ганца.
Бо яшчэ прыпасе табе вілы,
Бо яшчэ глядзіш — і канец!..

На апошніх канёвых жылаx
У двор уварваўся ганец.

— Пруска?!? Яны пад прымусам
(Кляты, рабскі народ!)
Зрабілі нам, беларусам,
Найгоршыя з горшых шкод.
І няхай яны знікнуць знічкаю…
І няхай…

І тады яна
Атруту, чорны дурнічнік
Распусціла ў чашы віна.

Ян вёз,
Асцярожна трымаючы
Пад грудзі магутнай рукой.
Конь ступаў, нібы нёс паміраючым
Чашу з крынічнай вадой.

Прыскакалі.
Вояў калона
Па шляху паўзе, як ніць…
На гульбішчы чорнай варонай
Няўмольная маці стаіць.
А яны — як светлая мара,
А яны — як вясны яснацвет.
На кальчузе — галінка явару,
На шнуроўцы — калінавы цвет.

— Маці, я дужа кахаю.
Гэта вечная радасць мая.
Палюбі, як неба кахаеш,
Палюбі, як кахаю я.

У нянавісці неба згарае,
Пасвіць воўк чараду авец.

Конь басуе… іграе…
Зямлю капытамі крае,
Зоры вачыма лічыць,
Чуе вушамі —
канец.

— Піце на хмель і на руту,
Піце, дзеці мае.
(Падае Марыі атруту,
Яну — віно падае.)
— Тут твой дом, бузіна ля парога,
Тут прабабкі часалі руно…

Проста каню пад ногі
Сын вылівае віно.

— Марыя! Віно, і світанне,
І апошні смяротны ўздых,
І шчасце адно, і каханне.

Пі палову майго кахання.
Астатняе я…
Каханне.
І сонца адно нам, Каханне,
І Зямля адна на дваіх.
……..
І… зямля… адна на дваіх.

Не паспелі схапіцца другі,
Маці вей не паспела ўзняць:
Ледзь паспелі схапіць яго слугі,
Калі ён
валіўся з каня.

Скамянела маці:
— Што ж, людзі.
Гэта лёс.
Падрыхтуйце ім дом
Ля царквы.
Дзеля Яна —
пад правым.
Дзеля дзеўкі —
пад левым крылом.
Вінен сам.
Забыўся, ануча,
Пад чыёй рукою ляглі
Бацька,
друзі,
браты,
таварышы
На праклятай,
На спаленай гэтай зямлі.

І хай вам не будзе агульным
Ані жыта, ні сінь ільноў,
І ложак не будзе агульным,
І зямля вам не будзе адной.
……..

На магіле Марыі каліна
Ў кроплях вясёлкавых слёз,
А на магіле сына
Явар магутны ўзрос.

Дні ішлі… А дрэвы віліся
Паміж тысячаў дрэў жывых,
І галінамі моцна спляліся
Над страхой заімшэлай царквы.

Данеслі.
І маці з’явілася,
І вочы ёй плач спапяліў:

— Пэўна, дзесь мае дзеці
Ў вялікім каханні жылі.
Жылі, жылі, весяліліся,
Шумелі вясной маладой…
Цераз царкву сашчапіліся

Божа!!!
Божа ты мой!!!

Што казаць аб магіле трэцяй?!
Мала тых магіл на зямлі?!

Але разам — праз храмы,
Войны,
Дзяржавы,
Наветы,
Праз нянавісць —
Галіны яны сплялі.

І канец паэмы журботнай,
Так журботнай, што плача сусвет,
Пра магутны і горды явар.
Пра каліны ласкавы цвет.

Упершыню — У кн.: Быў. Ёсць. Буду.
Чарнавы аўтограф — у 3-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: Юрмала — Цумцуры. 19 жніўня 76 г.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 301 — 307.

Яндекс.Метрика