Разведчык

Загінеш — і ведаць не будуць
Пра цябе нічога сябры.
Загінеш — і ведаць не будуць
Маці, жонка, бацька стары.

Загінеш — і ведаць не будзе
На роднай мяжы лебяда…
Але вечна тваім застаецца
Толькі тое, што ты аддаў.

Вораг навіснуў над лёсам…
І, можа, не ўбачыць зор,
Над Убарцю пілы ўцёсаў,
Над Улай зубчасты бор.

…І слова па-беларуску
Перад смерцю не смей сказаць,
І нічога навокал роднага,
З чым лёгка так паміраць.

Побач выскалы, побач лычы.
А сябры — як джалам мяча —
Здалёку здраднікам клічуць
Або з пагардай маўчаць.

Атруту салодкую точаць
Схаваныя ўсімі нажы,
Але смела ўсміхайся ў вочы
Смяротнаму стану чужых.

Ты не з імі. Ты — за каханне.
І таму — у вякі вякоў
Ідзі за межы пазнання,
Пастыр сярод ваўкоў.

Вядзі іх манлівай сцяжынай
У нетры, змрок, глушыню,
Каб з-за той, з-за тваёй асіны
Раптам вылецеў слуп агню.

Калі горкім пацягне дымам
І ўвап’ецца ля сэрца набой —
Ты маліся адной радзіме,
Што цябе асудзіла на бой.

«Зямля, што мне суджана лёсам,
Адзіная ў свеце любоў,
На табе няма хмарачосаў,
Апроч вечных тваіх дубоў.

Асеннім усходам абмытая
Ў вечным ззянні расы ці ільда,
Устаюць твае піраміды, —
Дзюнаў палескіх града.

Дым вячэрні над родным парогам,
Россып літар у лемантары, —
Гэта ўсё мне суджана богам,
І за гэта — хоць тройчы памры…

За мятлушкаў песню жывую,
За паданняў бясконцы сувой, —
Ўсім жыццём за іх адваюю…
А, як трэба, — смерцю сваёй…»

Загінеш — і ведаць не будзе
На ўзмежку тваім лебяда…
Але вечна тваім застанецца
Толькі тое, што ты аддаў.

Але волі няма вышэйшай
За абраную ў гэтым жыцці,
Але долі няма вышэйшай, —
Аднаму на тысячы йсці!

Аднаму — без сотняў дывізій,
Без тысяч сконаў і мук.
Аднаму загінуць, зрабіўшы
Ўсё адзінаю парай рук.

Упершыню — Дзень паэзіі. Мн.: Маст. літ., 1984.
Аўтограф — у 2-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: 19 жніўня 69 г.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 243, 24 аў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 245.