Рэчка Папараць

Чорная, з адценнямі зялёнымі,
Быццам качкі цьмянае пяро,
Цягнецца яна праз нетры сонныя,
П’е балот настоеную кроў.

Ціша ззаду цягнецца да шыі:
Ў гэтым кінутым кутку зямлі
Волаты змагаліся лясныя,
Зрынулі, пасеклі, паляглі.

Ўсё змяшалася і спрахла з часам.
Курчыць зрынутыя дрэвы страх.
Мухаморы, як кавалкі мяса,
Кінутая, як шчыты, кара.
Бервяно праз рэчку аксамітнае.
Я зваліўся на спіну ў імхі
І не ўбачыў ні шматка блакіту
Праз ялін кашлаты малахіт.

Ўсё адно, калматыя ялінкі,
Што ўзрасце каля вачэй маіх,
Баравік, надрэзаны сцяблінкай,
Ці галоўка вострая змяі.

Хай мне будзе абаронай цвёрдай
Звонкае, як шчыт, найменне той,
Гожай, як язмін, няўмольнай, гордай,
Як світанне сэрцу, дарагой.

Будзьце сведкамі,
Лясныя сілы,
Да апошняга ў гаі ліста,
Што яна калісь сказала:
«Мілы».
Мімаходам.
Лёгка.
Проста так.

Што мне нетры?
Што мне цені смерці?
Што мне змеі?
Толькі ты любі.
………
Тых, хто носіць небасхіл у сэрцы,
Нельга ні уджаліць, ні забіць.

Упершыню — У кн.: Быў. Ёсць. Буду.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 270, 271.