Старажытны беларус
Спічасты строй гатычных вежаў.
Ў дубах старэнькая царква…
«Як чалавеку жыць належыць,
Скажы мне, мудрасці сава?»
На хаты ў прывідах вішнёвыx
Глядзіць, і іх не бачыць ён…
«Хоць ты адкрый мне тое Слова,
Святы Настаўніка закон!
Адкрый не верай ці бязвер’ем,
Не так, як Мойзасу калісь,
Як зведаць Словам, Весам, Мерай,
Што Ісціна на сей зямлі?
Ў чым чалавечнасці адзнакі,
За кім ісці, каго маліць,
Ці багахульстваваць, ці плакаць,
Ці кнігі на стагнaх паліць?»
Маўчанне. Кнігу ў скуры рудай
Закрыў, бо перад ім — сцяна.
І сэнс жыцця, і хто мы, людзі,
Па кнігах не спазнаць да дна.
І усплываюць за парогам
Краін далёкіх міражы.
Як сэрца цягнецца ў дарогу!
Як прагнуць ногі зем чужых!
Туды! Туды! З няпэўнай картай.
Туды, каб рассудзіць спаўна,
Чым дрэнны чалавек і варты,
І з родным краем параўнаць.
Нясцерпна думаць, што блукаюць
За вобрыем, далёка, там
І какадрыл, і цудзь марская,
І страшны звер сланапатам.
Ўсё выпытаць, не для прыправаў —
А ўрэшце, можа, і для іх —
Па чым там перац, вера, слава,
Грахоў смяротных сем людскіх?
Прайсці праз горы, моры, логі
Нязнанай сотняй пуцявін
І зведаць золата, і бога,
Й сем кліматаў чужых краін.
Калі ж абрыдне — божа мілы! —
Пад лаўрамі чужынскі рай,
Прыдумаць бронзавыя крылы,
Каб адляцець у праўды край
І сесці й піць красу зямліцы,
Якой ты гонар, моц і шчыт,
Красу вунь той, сваёй званіцы,
Дзе ў бронзу гучна б’юць хрушчы.
Упершыню — У кн.: Быў. Ёсць. Буду.
Аўтограф — у 1-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: 5.ІІ.84, 14.22.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 263, 264.