Страціў лес свой зімні чуб
Страціў лес свой зімні чуб,
Ліст растраціў да манеты…
І стаіць адзін адзеты
За акном іржавы дуб.
Дуб-мярзляк, скупеча-дуб
Шмоццем голле сагравае…
Вецер трэпле і матляе
Жоўты зімні дуб.
Вецер вые ў сотні труб,
Снег з дажджом у шкло шпурляе…
Стой са мною аж да мая,
Браце мой, іржавы дуб.
Упершыню — Дзень паэзіі. Мн.: Маст. літ., 1982.
Аўтограф — у 2-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: 21 лістапада 81 г. 10.15. Паўн. м.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 257.