Ў бездарожжа для тых, каму шчасціць

Ў бездарожжа для тых, каму шчасціць,
Дагарае ўначы маё сэрца…

Ты дала мне імгненнае шчасце,
Я табе даў за гэта — бяссмерце.

І калі ты падзякаю, болем
Азарыла мне прорвы сусвету,
Я сказаў:
«Больш, напэўна, ніколі
Мы на свеце не ўбачымся гэтым».

І табе — хай нас людзі рассудзяць —
Я зайздроснай аддзякую доляй:
Ты — ніколі — мяне не забудзеш,
Ты мяне не пабачыш — ніколі.

Ў ноч самоты, і ў цемры магілы
Будзе смага адна тваёй доляй:
Ты забыць мяне будзеш не ў сілах,
І са мною… ніколі.
Ніколі.

Упершыню — У кн.: Быў. Ёсць. Буду.
Аўтограф — у 1-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: Пасля развітання — і 8 ліпеня 82 г. 19.10.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 275.