Усход

Максіму Танку

Бы ў першыя дні стварэння,
Цемра, хаос і шал,
Прыбой і туман спадаюць
На труны змрочныя скал.

Плывеш між валоў і бачыш,
Як там, на грані імглы,
Над светам і над табою
Светаносна кружляюць арлы.

Нябачную ўбачыўшы радасць,
Лятуць пад нябесны шацёр,
І рыжае сонца праз падзі
Лавай спаўзае з гор.

За ім мільёны гайдукаў
Ідуць з цямноццем на бой
У зялёных ірваных адзеннях,
З дзідамі за спіной.

Над ашаломленым змрокам
Сведчаннем вечнай вясны
Шумяць пераможна пад брызам
Зялёныя лахманы.

Хлусня начной ліхаманкі,
Жах заімшэлых стром
Ў пячоры здыхаць запаўзае
З пераламаным хрыбтом.

І, кроплямі вечнай вясёлкі
Ажывіўшы мёртвы граніт,
Яр магутны з неба спускаецца
На сонечным прамяні.

Бэзавы спеў сірэнаў
У поўнай сонцам вадзе,
Гульні вясёлых дэльфінаў
Сярод вясёлых людзей…

І толькі яму, адзінаму,
Сэрца я падару,
Адзінаму богу ў свеце,
Адзінаму ў свеце цару.

Упершыню — Дзень паэзіі. Мн.: Маст. літ., 1972.
Аўтограф — у 3-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: 23 вер. 70 г. 16.40. Гагра.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 250, 251.

Яндекс.Метрика