Вецер ужо і лістотай не кружыць
Вецер ужо і лістотай не кружыць,
Золкі, начны вылізвае брук.
І лету на змену прыходзіць сцюжа,
І сон на змену пяшчоце рук.
І што абдымаць цябе ззаду за грудзі,
Лавіць нагою выгіб сцягна,
Калі замест песні вясенняй будзе
Зіма, забыццё і здрада сна?
І як мне не гладзіць цябе з трапятаннем,
І як мне не плакаць ад гора ў сне,
Калі ты кожным сваім дыханнем
Нібы адрываешся ад мяне.
Упершыню — У кн.: Быў. Ёсць. Буду.
Аўтограф — у 2-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: 30 лістапада 70 г.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 272, 273.