Вёслы мае разрываюць ноч

Вёслы мае разрываюць ноч
Чорнай азёрнай вады.
Іскра агню мне міргае: «Не збоч
І прыплыві сюды».
І ўяўляюцца ў з’явах асенняй тугі
Валасы, цеплыня грудзей…
А ў затоках дрыжаць і дрыжаць сітнягі
Ў бясконцай асенняй вадзе.
Ветравей, ты падзьмі над няўтульнай вадой,
Панясі над прадоннем начным,
Каб хутчэй у абдымках каханай маёй
Я прачнуўся ў ложку маім.

Упершыню — У кн.: Быў. Ёсць. Буду.
Аўтограф — у 2-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: 30 ліст. 70 г.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 273.

Яндекс.Метрика