Ворыва на валах

Я гэта бачыў сам, хоць адышло:
Ў апошні, можа, раз на белым свеце
Ішлі быкі і ворыва плыло,
А зверху — хмары, чырвань, сінь і вецер…

Ідуць па ўзгорках, круглых і цяжкіх,
За імі йльсняныя ў адвалах межы…
Як старажытныя князі, быкі
Маю радзіму на кавалкі рэжуць.

З нябачнае лагчыны йдуць яны
Да сонца, ветру, хмараў і разлогаў,
На ўзгорак, велічны, як шар зямны,
Бы два паўмесяцы, ўсплываюць рогі.

Заплюшчу вочы — і перада мной
Два цені йдуць пад крумкачынай зграяй,
І рэжуць свет нарожнаю бранёй,
І капыты —
бы край мой папіраюць.

Бялкі ў крыві, а капыты — ў гразі.
І ўсё здаецца мне: нарогам-зборояй
Быкі, як старажытныя князі,
Маю радзіму на кавалкі крояць.

Ў смяротны час — няхай прайшлі гады —
Ў маё апошняе сальюцца слова,
І сэрца раздзяруць на дзве паловы
Аблокаў барва, сінь, трывожны дым,
Радзімы твар, і горды, і суровы.

Упершыню — Дзень паэзіі. Мн.: Маст. літ., 1980.
Аўтограф — у 3-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ), з паметай: 27 чэрвеня 73 г. 19.35, Мінск.
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 278.

Яндекс.Метрика