З вытокаў да вусця ракі

З вытокаў да вусця ракі, што няспынна бяжыць,
Няўхільна адносячы юных і сталых ладдзі,
Вада, бы аконнае шкло, за якім без мяжы
Глыбокая цемра і ў ёй залаты маладзік.

Калі развітання апошняга прыйдзе пара,
Ляддзя на апошні, світанкавы выплыве плёс,
І прыйме мяне валавокая цемра Дняпра,
Як месячны серп з залацістых дняпроўскіх нябёс.

Упершыню — У кн.: Быў. Ёсць. Буду.
Аўтограф — у 1-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ).
Машынапіс — у 3-й папцы асаб. арх. пісьм. (аддз. рэдк. кн. і рукап. ЦНБ НАН РБ) [1967 г.?].
Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў] — Мн.: Маст. літ., 1987. — С. 263.