З запісных кніжак — 1976
Размова
— Што вы мне кажаце пра вонкавыя праявы асобы! Калі пра апошнія не ведаеш…
— Ну, што.
— Ну вось што бы вы сказалі пра такога чалавека… Вельмі любіць дзяцей і жывёл, асабліва маленькіх. Да слёз. Таму ніколі ў жыцці не еў мяса. Мае артыстычнасць, але не п’е, не курыць…
— Ну што ж, па-мойму, някепскі чалавек.
— Гэта Гітлер.
— М-да, — выкручваючыся. — Дык, можа, таму ён і Гітлер, што, маючы артыстычныя схільнасці, не піў і не курыў…
— Н-ну-у, ведаеце…
Размова з ксяндзом і яго сабакам
— Ас!
Ас круціць хвастом.
— Што за мянушка такая дзіўная?
— Па-польску «туз».
— Вы паляк?
— Крый божа.
— А чаму ж па-польску.
— Каб тутэйшыя не зразумелі.
— А чаму?
— А таму, што людзі тузамі лічаць толькі сябе. Сабака-«кароль» — гэта калі ласка. А сабака туз — абраза да смерці. Яшчэ й павесяць. Вось я яго й прывучаю. Кладзе «асу» цукар на нос. Ас круціць носам і пакутліва ўсміхаецца.
— Сабаку нашто мучыць?
— Ас! Міліцыя!
Ас падкідае цукар, хапае яго ў паветры і, падціснуўшы хвост, кідаецца пад лаву.
Нязручная паўза.
Ідэйна-вытрыманае пытанне:
— Регресс ли падение Новгорода от руки Ивана?
Можа, і не, але… вам, пане, добра расцэньваць з глыбіні стагоддзяў, а як таму, каго ядуць.
Я сам сабе партыя (Дантэ).
Лёгка ўявіць сабе краіну, дзе дваранства — ганебнае саслоўе. За злачынствы пераводзяць у дваране.
Лепей няверныя перакананні, чым зусім без іх.
Цікава, мабыць, было б напісаць кнігу аб анатоміі здрады. І не так, як «Сотнікаў», а здрады на самым вышэйшым узроўні. Скажам, Уласаў. Толькі не так, як Арк. Васільеў, а па-сапраўднаму. Каб здрыгануліся, а не проста «каўбаснік у генерал-лейтэнанцкім мундзіры».
Няшчасная любоў
Я ўсё жыццё люблю міліцыю… Без узаемнасці.
19 сакавіка дурында-дыктарша сказала на ўвесь тэлеэкран: «Вы смотрели фильм Марья-искусственница» (искусница).
Пачатак казкі пра сямёра казлянят і ваўка: «Жыла-была каза. Яна была маці-адзіночка» (дзіця расказвае). І праўда: пра казла ж у казцы ані слова.
«Беларуская гісторыя ў легендах (казках?), паданнях і апавяданнях».
Штабс-капітан: «Офицер р-рус-ской ар-рмии должен отличаться блеском души и благородством сапог».
Сценкі, запляваныя (аб’явамі) і плакатамі.
Размова
Чалавек, які лічыць дэмаграфічны выбух за глупства (і шкоднае):
— А ведаеш, што калі збярэш усіх людзей з цэлага свету і паставіш аднаго каля другога, то яны змесцяцца на чатырох квадратных кіламетрах.
Праціўнік (змрочна):
— А калі замарыць усіх людзей голадам і закапаць іх побач, то яны зоймуць плошчу толькі ( ?) гектараў.
Ехалі ў вагоне з Сухумі ў верасні 1976 года. Папугой выцягнуў мне такое прадказанне:
«Приближается время исполнения вашего желания, оно окончится в вашу пользу с большим успехом. Вы будете иметь скоро хорошее известие и удачную дорогу. Действуйте в задуманном деле и не упускайте своего счастья, которое ждет вас».
«Празмернае ўжыванне гароху прыводзіць да завіхрэнняў у жываце і тромбаў, якіх палохаюцца нават бессмяротныя багі».
Сакрат
Вергілій:
Вытрымайце і заставайцеся
моцнымі дзеля будучыні.
Прырода смеху: лепей за ўсё смяяцца з сябе. Ніхто не крыўдуе. Лухта гэта, што любяць вострую крытыку. Самакрытыка здаравей. Расказаў смешны выпадак з жыцця тав. П.: «У горшым выпадку пяць год друкаваць не будуць, у лепшым — 10 гадоў без крытыкі і ўпамінання».
У брахуна павінна быць выключная памяць.
Плакаць усё жыццё над тым, што страціў, гэта ўсё адно што трымаць усё жыццё пад ложкам труну з прадзядулем.
Малая Наташка Кісялёва разважае з маці аб яе перадшлюбных перыпетыях:
— А пакуль ты не выйшла за папу замуж, то ён быў дзядзем.
І сапраўды, лепей не скажаш. А былы дзядзя ўсміхаецца досыць ласкава, але з пэўнай дозай «тэнскноты», як кожны дзень, відаць.
Даў Свеце Клімковіч пераклад назвы для апавядання Кіплінга «Кошка, гуляющая сама по себе».
«Тая кошка, якая сама па сабе блукае».
А лепей было б «Кошка, якая ходзіць сваімі дарогамі».
Ці яшчэ лепей: «Тая кошка, якая сваімі шляхамі блукае».
Т. К. у сваім раздзеле кнігі пра Слонім, апісваючы ягоную сучасную прамысловасць і пералічваючы розныя там заводы, чорным па белым надрукаваў: «Муха-пер’евая фабрыка».
Для гісторыі беларускага горада Глупава. Ловяць мух і дзяруць з іх пер’і.
Окружной судья Уоллис Энктил из города Берлин (штат Нью-Гэмпшир, США) вынес обвиняемому Роланду Дачеснейву необычный и весьма суровый приговор: провести две холодные ночи при температуре не выше минус 18 градусов по Цельсию под открытым небом на свалке. Ведь именно так обошелся Роланд с четырьмя новорожденными щенками, один из которых в результате погиб.
«Ни человек, ни животное не заслуживают подобного обращения, — вынес свой вердикт судья. — Но справедливости ради пусть подсудимый испытает на собственной шкуре, что это такое». Если Дачеснейву придется уж слишком круто, ему предоставлено право вызвать на помощь полицейскую патрульную машину. Но в этом случае он обязан уплатить штраф 200 долларов.
(По сообщениям соб. корр. «Правды» Л. Кузнецова
и информационных агенств)
«Правда» 5 красавіка 82 г. Каб тая газета заўсёды друкавала такое (а не «польскага літаратара Караткевіча») — я б агітацыяй падняў яе тыраж прынамсі тысяч на дзесяць.
І яшчэ: за такога разумнага, любімага чалавека я сам бы з тым шчанюком у запазуху дзесяць дзён на гарадскім сметніку сядзеў бы і спяваў «Ура!» суддзі. Не існуе для мяне буржуа Энкціл — вось гэты існуе. Не існуе і капіталіст Кенэдзі, а ёсць Кенэдзі, які з пашкоджаным пазваночнікам, у моры, дзе акулы кішэлі, 15 міль валок сябра да бліжэйшага вострава. І ўратаваў. А сябар, між іншым, быў негр.
Два старыя сябры, адзін былы будзёнавец, другі — мабілізаваны ў армію Пілсудскага, спявалі пасля бутэлечкі, нежна абняўшыся. Адзін: «Умер, бедняга, в больнице военной», а другі: «Змарл, бедачыско, в шпіталю войсковым».
Абодва не ведалі, што песня належыць «царственнаму паэту» К. Р. вялікаму князю Канстанціну Канстанцінавічу Раманаву.
Роля мастацтва: яднаць усіх, нават калі яны ваявалі адзін з адным і ўдвух супраць трэцяга.
А ўвогуле — горкі смех!