З запісных кніжак — 1980

Размова

І так, пакуль, аж да 4 сакавіка. 3-га прыходзіла дзяўчынка ад школы дзяцей з пашкоджаннямі пазваночнага слупа (як яна завецца — забыў) і кранула да слёз любоўю, просьбаю не забіваць герояў, наівам і г.д. І просьбаю раман скончыць. Тысячы просяць ужо. Няўжо гэта і сапраўды ім так патрэбна? І яшчэ ірвуць гэты раман з рук у рукі ў тутэйшай бібліятэцы, нібы я ніколі нічога лепшага не пісаў.

Адзіная (хоць, можа, і не заслужаная мною) узнагарода за ўсё маё жыццё на зямлі. І болей нічога мне не трэба. 17 год, вучаніца ІХ кл. Рэспубліканскай школы-інтэрната па музыцы і выяўленчаму мастацтву:
«Пока я знаю одного белоруса, говорящего на истинном белорусском языке. Это Владимир Короткевич. Может быть, благодаря его искусству я люблю Беларусь и язык белорусский».
Чым вы можаце мяне яшчэ ўзнагародзіць?

Паміж 30 і 40, беларуска, мовазнаўца.
«Трэба, каб шырэй ішлі ў свет творы Я. Брыля і У. Караткевіча, В. Быкава».

Паміж 30 і 40, паўбеларуска, гідрабіёлаг.
«А у меня что — не трагизм?.. Я просто выражаю его иначе… И ничего не сделать-то, в общем!.. Будут, наверное, отдельные… Вроде Короткевича… А эта интеллигенция… Вся она какая-то ненастоящая… От деревни они оторвались, от основы… И ни к чему еще серьезному не пристали».
«Много ли силы у К?» «Колькі бог даў».

Студэнтка БДУ, 20 г., руская:
«Говорить должен тот, кто выстрадал право называться белорусским поэтом».
21 год, беларус, студэнт БДУ.
…Лёс мовы? Будзе не так, як «гісторыя захоча»… Будзе так — як мы зробім!
21 год на мае амаль 50. Імя гэтага нязнанага — не маё, якое таксама няшмат азначае.

Гэтыя людзі выдаюць сваю тупасць і тугадумства за глыбакадумнасць, сухасць і слабіну за высокую мараль, а нежаданне думаць — за ідэйную выхаванасць.
«Тынянаў» (ЖЗЛ), якога перачытаў тут, у Друскеніках, — найлепшае свядоцтва таго, як мала людзі яго зразумелі. У выказваннях і ўспамінах (за рэдкім выключэннем) агалцелае русапетства, бой у барабаны з той прычыны, што Расія — радзіма сланоў. Хай крые мяне бог, калі й мяне некалі вось гэтак жа сказяць, выварацяць, абсмяюць. А калі ён быў на самай справе такі — шкада ўдвая. І шкада, што ў сяброў не хапіла літасці замоўчваць такое. Ды наўрад. Хаця памятаю, як А. І. Бялецкі спытаў, убачыўшы ў мяне ў руках «Вазір-Мухтара»: «Што, дужа брыдкая кніга?»
Уласна кажучы, і праўда. Калі ты ідэйны ктраўнік і калі табе ўдалося выкруціцца на допыце ў следчай камісіі па справе дзекабрыстаў — май гонар хаця б у візір-мухтары не лезці. А што ты пры гэтым мучыўся, адчуваў сябе мёртвым задоўга да сапраўднай смерці — каму да гэтага справа.

Пра Хлебнікава Тынянаў: «Но есть литература на глубине, есть жестокая борьба за новое зрение, с бесплодными удачами, с нужными, сознательными „ошибками“, с восстаниями решительными, с приговорами, сражениями и смертями. И смерти при этом деле бывают подлинные, не метафорические. Смерти людей и поколений».

А Шклоўскі, як заўсёды не пра Тынянава, а пра сябе, толькі пад канец спахопліваецца. І тое, за што мы яго не любілі, манеру выказвання, як у Тартальі ў камедыі дэль Артэ: «Венецыя — сталіца Тасканы, у Таскане нарадзілася красамоўе, каралём красамоўя быў Цыцэрон… У Кіеве быў дзядзька, у дзядзькі ў гародзе расла бузіна, бузіне прысвяціў казку Андэрсен… Дык вось, Андэрсен, здаецца, не бываў у Венецыі, затое быў на магіле Гамера, якой няма, і таму Гамера лічылі асобай міфічнай».

Але два-тры сказы проста ў лоб:
«Мы никогда не расскажем целиком свою жизнь и жизнь своих друзей, потому что сами не понимаем всей правды, а если рассказать, не понимая до конца, получатся бесполезные укоризны».
І яшчэ (пра Пятра І): «Умер великий (? — У. К.) человек, нетерпеливо желавший новизны как добра… По существу, послепетровская история Русской империи противопетровская история».

Б. М. Эйхенбаум прав. Надо учиться, отталкиваясь…
Змена левакоў у 20-я гг. дубовымі рэалістамі і выхад іхніх вучняў, няўдалы, на арэну ў 60-х гг. Няўдалы, бо не далі, штучна затрымалі. А на самай справе натуральна. Настаўнік агоркне табе, як ты сам агоркнеш з часам твайму вучню.
І правільна, што канцэпцыя «усе добрыя пісьменнікі любілі адзін аднаго і благаслаўлялі адзін аднаго» — канцэпцыя ханжаская. У вялікіх пісьменнікаў ёсць творчыя прынцыпы, таму яны не ўсяедныя (гэта не азначае, вядома, што вялікія пісьменнікі імкнуцца выкараніць тых, хто прытрымліваецца іншых творчых прынцыпаў).
Гэта так. Я, напрыклад, не прызнаю А. В. як паэта, ён чужы мне. Але я дапускаю, што гэта толькі мой погляд і што ў іншых можа быць і іншая думка. Але патрабаваць трымання яго ў чорным целе я не стану і лаяць не буду па той самай прычыне. Чаго, здаецца, ён не прытрымліваецца ў адносінах да мяне. Хаця калісьці ледзь не быў маім сватам у негрыцянскай царэўны.

Венгераў Тынянаву: "Как, вы скоро кончаете ун-т и вы еще не читали весь"Колокол"? Да как это возможно?"
А мы вось усё не чыталі вось так. Творы па цытатах, падабраных несумленнымі цытатчыкамі.
Чукоўскі: Ну дакладна пра Матузава (прабачце, ягоныя дзеці): «Сварливый, бездарный и вздорный маньяк, стоявший тогда ва главе Госиздата и снятый впоследствии с работы за склочничество».
Толькі з тым яшчэ пашанцавала. А гэты дажыў, шкодзячы (мяне, напрыклад, шэсць (?) год не друкаваў), пайшоў на пенсію. І адзіным пакараннем яму было, што ніхто на развітальны банкет не прыйшоў. Дык яму гэта — з гуся вада, грошай шкада толькі. І такіх куча. У тэатры гэта розныя там Гарлахвацкія накшталт Р., у кіно — злодзей К., вар’ят (за гады і гады да вандроўкі ў лечкамісію) І., ідэйная, бурная і ненавісніца ўсяго беларускага Б. (пасля гаспадарання ў кіно хацелі прызначыць кіраваць прозай у выдавецтва. Добра, што Р. Бар. кінуўся да Броўкі (і стары зрабіў перад смерцю добрую справу), а я, пры ўсёй нелюбові да такіх рэчаў, яшчэ сюды-туды. Бо пагубіла б і прозу, выключаючы такую… з моранага дуба.
Дык яна панесла сваю наменклатуру на вучэбныя фільмы. Будуць фільмы для нашых дзяцей, будуць. І чаму можа навучыць дзіця жанчына з Мяшчанскай вуліцы, як жонка Булгарына.

Н. Степанов кроме самого гадкого и заплесневелого руководства еще и невежественен как карась. «Шкловская академия» (в городе Шклове) Зорича«.
Я что-то не слыхал. Театр — да. Академия? Если в Сморгони, так мне жаль Степанова, если он переврал, и Тынянова, если он ошибся.

Н. Чуковский о «Медном всаднике»: «Трагические отношения между русской государственностью и русским человеком».
Што так, то так.
«…был историком: и притом честнейшим, никогда не искажавшим исторические факты в угоду представлениям своего времени».
І. Эрэнбург успамінаў, што Тынянаў сказаў: «М[ожет] б[ыть] в Герм[ании] отврат[ительного] вида революция?» Гэта так. Можа быць даведзена да дурасці не толькі цывільная краіна, можа быць «оглуплена» і рэвалюцыя таксама.
Пасля Сталін.
«Ввели мунд[ир] не только для школьников, юристов, железнодорожников — форма соответствовала званию, звание — работе, работа — установленному порядку мышления. Т[от] был явно не ко времени и не ко двору».

Свет перад табою, кнігі, зычлівыя людзі. У гэтых абставінах трэба быць прыроджаным быдлам, як нябожчык Герцовіч, каб быць злым і пісаць артыкулы-даносы. І трэба быць ваісціну і ад бога такой доўбняй (і злой доўбняй), як А. В. ці І. Ч., каб не рабіць поспехаў. А можа, іхняя злосць супраць іншых менавіта адсюль. Не можаш сам — падстаў ножку іншаму. Ты імпатэнт, дык аб…ры каханне другога (каханне да сваёй зямлі — таксама).

І яшчэ, чаму нельга загразняць вадаём сцёкавымі водамі і іншым.
Пер’е качак і іншых птушак, якія маюць справу з вадой (водаплаўныя) абсалютна не намакае, пакуль птушка здаровая. Можна сказаць і наадварот: здаровая птушка не прамокне. Мабыць, і ў вадзяных жывёл таксама.
Калі вада робіцца ўсё больш і больш бруднай — у ёй усё павялічваецца і павялічваецца шчолакавая (?) рэакцыя.
Мая тройка ў атэстаце сталасці па хіміі ўсё ж не перашкаджае мне меркаваць, што, здаецца, шчолак (?) амыльвае тлушч. А менавіта тлушч у выдзяленнях тых залоз, што робяць пер’е і пух птушкі непрамакальным.
Качка (нырок, гагара, баклан, чомга і г.д.) намакае, не можа трымацца на вадзе, не здабывае досыць пакорму, хварэе, гіне.
І наадварот, ад, скажам, хімічных сцёкаў, гербіцыдаў і г.д. птушка спачатку хварэе, а хворая, не здабывае досыць ежы і г.д. Словам, што савою аб пень, што пнём аб саву.
Я не ведаю ці так, скажам, з бабрамі (не ведаю складу выдзяленняў іхніх залоз). Але, мне думаецца, што ў склад іхняй воданепранікальнай змазкі тлушч таксама ўваходзіць (Праўда, у іх застаецца сухі толькі «пух», падпоўсцевы (падшэрстак), а самае футра намакае, і яны пасля адціскаюць яго).
Так што, нават не будучы хімікам, можна зразумець яшчэ адну шкоду забруджвання вады.
А чалавек як сляпы ці ачумелы. Я схільны думаць, што калі чалавецтва не адумаецца, то яно загіне, хутчэй за ўсё не ад атамнай вайны. Хутчэй за ўсё яно захлынецца ва ўласным дзярме, як «заключаныя ў збан» у сярэдневяковых італьянскіх турмах.
І, калі яно не паразумнее, можна ўявіць сабе войны будучыні, якія ідуць за чыстую ваду, як яны ідуць зараз за вугаль, сланцы, нафту.
І гэта будзе жах. Людзі з узбярэжжаў Рэйна (Дуная і г.д.) ідуць вайной на людзей з берагоў Байкала, Нарачы, Асвеі (калі мы не загадзім у хуткім часе і іх.).

Казкі

Падказаў бусел на дрэве, у нейкай вёсцы ля дарогі. 18.40, аўтобус Каўнас — Друскінінкай. 30 ліпеня 80г.
Бусліны і чалавечы закон (якая розніца). Буслы асудзілі.
— Калі хочаш — ідзі. Пайшоў. Тыя паляцелі. Застаўся апошні клін. Не шкадавалі слабога.
— Пайду да іх. Леп[ей] няхай задзяўбуць мяне свае птушкі, чым памёрці ад голаду, дажджу, снягоў.
Дзеці падабралі. Зіма. Вясной паляцеў да іх.
— Гл[ядзіце], які прыгожы. Няўжо гэта наш?
Прынялі. Палёт. Ён не сказаў ім: «А вы ж хацелі мяне забіць». Ён хацеў да іх. Усё ж не месца буслу ў людзях, як і чалавеку ў буслоў. Кожны хай побач, але сам сабе. Цяпер буслы гэтага не робяць. Выправіліся.
Вось якая была розніца паміж законам буслоў і законам людзей. Спр[аўдных?] — людзей.
Ёсць, праўда, і іншыя людзі. Але мы іх не будзем запрашаць у казку.
Не будзем… паганіць іхнім імем язык?

Расліна дыхае таксама кіслародам, выдыхае вуглякіслы газ. Але яна расце і ў ходзе росту ўсвойвае двувокіс вугляроду, будуе з яго сваё цела. Такім чынам расліна не дыхае вуглякіслым газам, а есць, жарэ яго і выдзяляе кісларод. Болей чым яго трэба самой расліне. Вось за кошт гэтага «лішку» і жывуць жывёлы і чалавек. Вось хрупкая, дрыжачая грань, па якой мы ходзім, дыхаючы. І мы гэты «мосцік да жыцця» старанна бурым, выконваючы і перавыконваючы план лесанарыхтовак.

Лічыльны сабака

У аднаго чалавека быў сабака, які ўмеў лічыць. Вы скажаце: нічога дзіўнага, калі той чалавек быў матэматык, гэтыя каго хочаш нацягаюць. Але сабака лічыць не ўмеў. Ён проста глядзеў на гаспадара (ці на каго іншага, калі таму прапанавалі праэкзаменаваць сабаку самастойна), а паколькі ў сабакі і перадавальны, і прыёмны апараты ў мільён разоў больш дасканалыя, чым у чалавека, то ён улоўліваў правільную адгадку, калі пра яе думалі (так, як мы часам ведаем аб тым, што падумаў блізкі чалавек), і адпаведную колькасць разоў гаўкаў.
Слава аб сабаку разнеслася на свеце. І аднойчы да гаспадара з’явіўся здзіўляцца (трохі-трохі) ягоны начальнік. Наўрад ці ён быў дырэктар інстытута матэматыкі, але, ва ўсякім разе, значная ў ім асоба.
Псу задалі пытанне, колькі чалавек стаіць перад ім, і ён гаўкнуў два разы.
— Вы можаце… і больш складаную задачку, шэф, — сказаў гаспадар.
— Гм… ну… ну… ну, вы самі задайце.
— Не, трэба каб вы. Прабачце.
— Ну… колькі будзе двойчы два.
Сабака гаўкнуў пяць разоў і ўсе, уключаючы гаспадара (які, праўда, абураўся моўчкі), былі страшэнна абураныя.
— Гнаць яго такога ў шыю!
— Не разумею, — сказаў шэф, — чаго вы абураецеся? Правільна, пяць.
— Яно так, — сказаў нехта.
А сам сабе падумаў, што гаспадар сабакі — быдла. Маўчаў. І што сабаку трэба было гнаць аніяк не за невуцтва, за ліслівасць.
І ніхто не ведаў, што ліслівасць тут была ні пры чым. Сабака не ўмеў лічыць. Ён цалкам пакладаўся на чалавечую думку. Асабліва калі гэта думка — шэфава.

1418 дзён вайны. Назва «1419».

4 жніўня 80 г. Друскінінкай.(К/т «Воверайтэ». Фільм «Рэквіем па чэмпіёну»). Пасля заканчэння такі сабе ці то Ваня ці то Ілюша (не разабраў) кажа жонцы (упоперак сябе таўсцейшая ў металічна-малінавай сукні):
— И вот ты видела перед собой типичную картину американского общества.
І так мне раптам не захацелася састаяць ні ў якім «обществе».

Размова ў гразелекаванні

— Кожны дзень то лужына, то гразь. Як свінні.
— Пайшла кудысь і нас замест 15 хвілін 35 пратрымала. Клікалі-клікалі, а пасля млявасць і клікаць не хочацца, а сэрца пасля ўвесь дзень, як авечы хвост.
— Так і памерці можна.
— Вельмі проста. Ну, але ж пасля памыюць.
— Вядома памыюць. Хрысціяне ж. Ды толькі вам гэта ўжо не дапаможа.

Друскенікі. 6 жніўня 80 г.
Стары дом перад новай гразелячэбніцай дажывае век. Чатыры драўляныя калоны на двух ганках аблупленыя знізу і белыя ад афарбоўкі зверху (у сярэдзіне карычневыя). Дах прасеў, як спіна ў старой кабылы. Старыя клёны нанеслі ў вадасцёкавы жолаб па ўсім абводзе даху насення. Яно вырасла. Дробныя і дужа частыя парасткі клёнікаў. Яны жоўта-зялёныя, у пядзь вышынёю. І шэрае неба, і закінутасць доміка — усё дае ўражанне, што гэта нанесла ў жолаб асенняй лістоты. І таму сумна ўдвая.

З нейкага «настаўлення»: «Калі чуцён гук палёту снарада, значыць, ён у цябе не трапіць, праляціць міма».
Уся штука ў тым, што якраз у гэты момант побач з «тым», галасістым, маўчыць другі снарад, прызначаны табе.
Так і ў жыцці. Нехта граміць цябе з падмосткаў, а ў фае сноўдае «маўклівы снарад».

8 жніўня ў 5 г. ішоў на Друск[інінкайскую] станцыю ехаць на Вільню. Ішоў лёгкай нагой. Яшчэ днее толькі, але гараць рэдкія рэкламы, асабліва «слуп» кавярань на скрыжаванні дарог на вакзал і да бювета. За ўсю дарогу чуў толькі адну сонную, у гняздзе, птушку, ды галка на могілках азвалася раз. У бэзавым небе сцёрты, танюткі-танюткі стары месяц і вышэй (і правей яго, на зямных картах сказалі б № 0) чыстая бліскаўка зоркі. Ані чалавека. І дамы знікаюць. І хвоі. І хочацца жаліцца аб самым трапяткім для цябе на ўсё жыццё. Ноч — яна была. Дзень з людзьмі, грубымі галасамі — ён яшчэ будзе.
А тут развітанне з адным і спатканне таго, што яшчэ не скора, але немінуча наступіць.
Глухі ціхі крок.
Дзеля такой хвіліны жывеш.

Для бацькі з «Шантажа».
І ўсё ўсе забываюць, што Беларусь — гэта «не бог, не царь и даже не герой». Беларусь — гэта сівы мох у бары. І над ім востры ядловец. А пад ім — бацькі, якія за кожную пядзь. За кожны родны гук.
І таму, што б ні было — служы. Песціць — гэта ўсякі будзе цягнуцца. А вось пакрыўдзіла — уздай дабром, б’е — абарані, у дзярмо ўтаптала — глотку за яе перарві. Гэта не яна.
Які б ні быў — служы. Мову па дурасці забыў — нават і тут, папрашайка, жабрак няшчасны — і тут служы. Можа табе, за гэта хоць частку правіны даруюць і мох, і ядловец, і бацькі, і неба.

№ 5 «Нов. мир» 1980 г. Артыкул Андрэя Нікіціна «Восхождение к человеку».
— Самая пагарджальная група чалавецтва — г…чысты.
— Э-э, не скажыце. Вось забастуюць яны ў вялікім горадзе (ну, у малым даўжэй баставаць давядзецца), тады будзеце ведаць ім цану… нікчэмным і агідным… Але ёсць група чалавецтва сапраўды самая пагрэбаваная і паскудная.
— Хто?
— Стукачы.
— Але ж таксама гігіена грамадства. Ну вось што будзе, калі яны забастуюць?
— Гэтыя не забастуюць.
— Ну а ўсё ж… Што тады будзе?
— Рай на зямлі. Зямля спакою. Вось што тады будзе.

Хмурнік-волат, які носіць на спіне хмару, стогне пад яе цяжарам (шумы паміж перунамі, або далёкія грымоты):
— Ну й хмара! Аж гаворыць.
«Хмурнік, або Казка пра тое, як закахалася хмара».

За ягоныя такія ўчынкі не толькі кот, але й ягоная свіння чырванела.

Арыгінальная жанчына. Усё не як ва ўсіх. Знайшла ў капусце не дзіця, а будучага мужа: смяротна п’яны заблукаў у гарод і спаў там між градак.

Дзядзькаванне — не бел[арусаў?] выдумка. Эліны аддавалі сыноў на выхаванне шматдзетным сваякам. Спартанцы — у ваен[ныя] інтэрн[аты]. Прэч з матчынай хаты: залашчаць, перакормяць, збэсцяць, заліжуць.

Чалавек б’е доўбняй па галаве таму, што не паспеў прызвычаіцца да думкі, што мозг — змястоўня розуму. Гэта думка маладая. Ёй усяго дзве з паловай тысячы год, нават крыху менш (Алкмеон, вучань Піфагора).

Старшыня с/с ва Ушацкім р-не — возіць экспедыцыю па вёсках. Гід. Славутасці:
— У гэтай хаце дзед славуты партв[ейн], самаг[онку] варыў і тады і цяпер. Ну, паехалі з участковым. 6 літраў узялі. Дык, клятая, гарэла сінім агнём. Дэгустыравалі, дык на экспертызу нічога не засталося. Давялося апраўдаць… А тут варыў, ды кепскую, 25?. Судзілі. Год сядзеў. Суддзя сказаў: «Далі б менш, ды занадта ўжо кепскую самагонку варыце. Нельга так ставіцца да сваёй працы».
Раённы гумар.

Грамадства, у якім грамадскімі засталіся адны туалеты.

Мікалай ІІ не быў непісьменны, ён быў літаратурна непісьменны. Не ведаю ўжо ад якіх нянек-мамак ды егераў ён набраўся «оборотов» накшталт «Ярмонка», «тетеревей», «с Мишой», «репетили» (от солдатского — или лакейского — «репете», «репетить»). Так нельга напісаць культурнаму чалавеку (хіба што ў прамой мове), але менавіта так маглі гаварыць прасталюдзіны або напаўпрасталюдзіны, нейкія там падхалюзіны: «Он у ее под окнами манирует, а она ему ручкой из окна пленирует».

Цар курыў шмат. Адзін час карыстаўся люлькай: набіваў яе тытунём з папяросы «Salve»… Н-н-та-ак… Гм…

Не меў уяўлення аб тым, колькі што каштуе. А трэба было б, калі ўжо кіруеш дзяржавай, а не толькі сваёй кішэняй, распараджаешся яе капіталамі, а не толькі сваімі ўласнымі.

Пра ганенні на беларускую, на ўкраінскую культуру гэты засранец нічога не кажа, толькі «ў суседняй Літве», толькі «на палякаў». Недалёка і ад імператара адышоў, не тым будзь памянуты, нябожчык.

Усё трэба рабіць з законнага пратэсту супраць формул (і форм), якія талдычаць і талдычаць, бубняць і бубняць — па інерцыі, па дурной ляноце розуму, і якія да таго ж нядрэнна аплочваюцца.
Кажуць: радзіме трэба ўсё дараваць. Прыкрываюцца гэтымі словамі. Але людзі — гэта не радзіма, яны — не радзіма.
І таму скажам так: не даруй, прыпомні з часам. Але не злосціся на маці за дурных дзяцей… Не помсці маці за балваноў-сыноў, ёй ад іх і без цябе кепска (яе ад іх і без цябе нудзіць).

Мецілі контуры печані для рэнтгена і наставілі на пузе чарнілам крыжоў. Цэлыя могілкі.

Ты выйшаў з народа. Але ніхто не дае табе з гэтай прычыны права здзекавацца з гэтага народа.

Выпіць на антыбрудэршафт. Хачу цябе з гэтага часу на «вы» называць.

Уласна кажучы, мне трэба было б так і застацца кавалерам. Так было б сумленна. Таму што я любіў у жыцці толькі адну жанчыну, Беларусь. Усё астатняе было дзярмовым трызненнем.
Але тут сустрэлася яшчэ адна, і я яе пашкадаваў. Не болей. І зараз не шкадую: пашанцавала.

Часам, у злыя гадзіны, я нават не ведаю, ці люблю я беларусаў, да якіх маю гонар належаць. За бязмежную цярпімасць да таго, да чаго не трэба, за мяккасць, што мяжуе з рэптыльнасцю, за тое, што яны занадта сумленныя і «верныя Янукі». Але нават у тыя хвіліны я разумею, з пагардай да самога сябе (бо яны — гэта я), што адна справа не любіць чалавека і зусім іншая — не ратаваць яго, калі ён топіцца.
Я стану ратаваць. Нават цаною гэтай паношанай шкуры і спрацаваных мазгоў, якія падсохнулі ўжо і тарахкаюць.
І хаця на таўшчыню воласа, наколькі хопіць маёй сілы, я прыбліжу да іх паратунак. Уратую іх.

Устрывожаныя гусі (пагналі з пакояў і веранды) пачалі гадзіць зялёным так мэтанакіравана, як адзін мой знаёмы крытык (цяпер нябожчык), які ўсё жыццё трывожыўся за айчынную літаратуру і на ўсе яе старонкі стараўся «навесці глянец». Наводзіў карэктурныя праўкі на чыстую падлогу.

Для «Каталажкі». Грузчыкі прывезлі на ламавіку ў двухпавярховы асабняк раяль. Сходы вузкія — не лезе. Гаспадар асабняка (новы) у чорным халаце просіць: «Дам добра на гарэлку».
— Хаднікі ёсць? Падушкі ёсць. Рассцялі па сходах, падушку на іх.
— Давай на папа.
— Гаспадар збялеў. Перажагнаўся.
Паставілі старчма на падушку, цягнуць за хаднік, узнялі.
Даў грошы, наліў па чарцы.
— А я ўжо спалохаўся — на мне павязеце. Я ж сапраўды поп, новы ваш свяшчэннаслужыцель у св. Катарыны.
Служка данёс — іх у каталажку. Поп паехаў заступ[ацца] да віцэ-губернатара. Выходзіць свіны тата. Поп яму: «Так вось і так». А той зарагатаў і толькі адно й кажа: «Поп… поп… поп…».
— Каму поп, а каму і бацюхна. Яны простыя людзі, а вы…
— Поп… поп.
— Ну, калі я вам не бацюхна, то йдзіце да матухны… такой і гэткай нямазанай. Ну і мяне — да вас. А ён права не мае. Нада мною архіерэй, а над ім свяшчэнный сінод. Вось.

Баскервільчык прапусціў у хату, а сам лёг ля парога, не дазваляе ні сесці, ні прайсці, нічога. Гырчыць. Паўгадзіны чакаў, пакуль гаспадар прыйдзе.

20 верасня

Ерэванскі рыбны садок. Плаваюць апошнія карпы. Падыходзім, стаім. Вырашылі завесці Арташэсу Пагасяну. Мая жонка любіць, але баіцца, як «тырпыхаюцца» (як калісь казалі на Дняпровых парогах).
Шукаем прадаўца. Урэшце звярнуўся побач у кіёску да сімпатычнай армянкі:
— Скажите, джан. Продавец рыбного садка на месте или поехал в Дилижан, а?
(І адразу ўспомніўся надпіс на дзвярах рыбалоўнага магазіна-клуба ў Гагры: «Уэхал Леселидзе». І падумалася: вось і сапраўды, паехаў «Дыліжан», толькі забраўшы сачок, каб ніхто не лавіў.)
Цень платана, палова садка светлая, палова цёмная і — праз дзірку ў «даху» святло і рыбы.
Адказ прадаўшчыцы:
— Зачем Дилижан. Вон там рыбный машина. Стоит — разговаривает. Зачем торопишься? Поговорит — придет.
І на самай справе, а куды спяшацца.
У Арташэса. І зноў не відаць Арарата. Смажым у двары шашлыкі. Вялікі майстра гэтай справы Міхаіл Аруцюнавіч, брат Пайцар.

21 верасня

Дзень, які быў бы зусім няўдалы, каб не адзін выпадак у райцэнтры, дзе жыве брат Арташэса і мачыха, стогадовая старая. Размінуліся з імі ў дарозе і, чакаючы машыны, убачылі старую-старую армянку, якая ішла аж перакасіўшыся на адзін бок пад цяжарам вялізнай купы лаваша. Убачыла нас — узяла адзін і падала Арташэсу, паказаўшы на нас: «Гэта — ім».
І яшчэ размова з байкапісцам з рыбнага магазіна, які нам пераказаў сваю байку: «Стронга і…» (нейкая зусім танная рыба). Стронга ганарылася, а тая ёй адказала: «За мяне хоць капейкі плоцяць, а ты ідзеш на царскі стол бясплатна. І шэлега не вартая».

22 верасня

Раніцай хадзілі па горадзе. Помнік Шаўмяну. Музей гісторыі Ерэвана ў старой мячэці. Надта цікавы.
Прыйшлі Арташэс і Аванеса, сваяк Рафі.
Аванес Арамавіч Гукасян.
У Іране ў Таўрыдзе выдаў у 43 годзе (на свае грошы) кнігу вершаў. І там верш пра Беларусь (адгукнулася сэрца на пакуты). І верш добры.
Які дом. Жонка Ася. Спявалі адзін аднаму беларускія і армянскія песні.

23 верасня

Напаўжывы ад уражанняў, беганіны.
Пайшлі былі ў музей народнага мастацтва. Зачынены на рамонт. Эпапея з абменам білета на двумесны не ўдалася. Вечарам хадзілі развітвацца з фантанамі. Пачатак — «Страсці» Баха.
Зборы. І ўначы самы дзікі па сюжэту, самы каляровы, самы кашмарны сон, які, мабыць, у жыцці даводзілася бачыць. Пасля не мог заснуць. Сон-сюжэт для фантастычнага апавядання, перад якім уся амерыканская «фантастыка жахаў» памеркнула б.

24 верасня

У 9 зайшлі Арташэс і Авецік Аршакавіч. Паехалі на вакзал.
Адпраўка. Вагон як на поўдні. Шум, крык, там у нарды гуляюць, там ідуць пад каньяк ці карабахскую памідоры з лавашом.
Арарацкая даліна. Плантацыі перцу, кінзы, рыгана. Сохне перац. І амаль (зноў толькі амаль) поўны сілуэт Арарата, прысыпаны зверху цукровай снегавой пудрай. І зямля. Скалы быццам злепленыя з храпаватай шэрай гразі. А там, дзе хаця кропля вады — аж ільняная, такая густая зелень.
У Актамберане ледзь не адсталі.
Доехав только до Октомберяна, —
Остались на перроне два барана.
Турэцкая мяжа. Электрычнасці там не відаць.
Пісаць немагчыма, так кідае вагон.

У дабрэнную ж гэта кампанію я трапіў.

Западозрыць у арыстакратычным паходжанні гэтага пса было аніяк нельга, але быў ён мілы і сімпатычны, як большасць дварнякоў, з якімі добра абыходзяцца.

Без гістарычнага рамана, гістарычнай літаратуры ўвогуле не можа абудзіцца нацыя, бо няма нацыі без пачуцця гістарызму, без спакойнага гонару за сябе і проста самапавагі, без веры ў тое, што яна ёсць яна, непераходзячая, сталая вечная каштоўнасць вечнага чалавецтва і па ўсіх гэтых прычынах павінна жыць, жыць дзейна і велічна, ведаючы сабе цану і ў дрэнным і ў вялікім.

На 1980 год палякі (перадавала польскае радыё на 1 мая) адпусцілі на рэстаўрацыйныя работы толькі ў адным Кракаве паўмільярда злотых (500.000.000). На нашы грошы 25 мільёнаў раблёў. Мы на Мір — тры мільёны. У нас — моцна знішчоны замак, у іх — адносна добры (пераважна зусім добры) стан помнікаў. Яны сваё вернуць з турыстаў стакрот. А мы?

Трэба брацца за «Год казкі». Бо многіх дарослых шалапутаў і лэйбухаў ужо аніякай трасцы не навучыш. Можа, хаця пачаўшы з дзяцей.

Яндекс.Метрика