Чазенія — Частка 4
СІНЯЯ ПЕСНЯ, ЯКУЮ СПЯВАЛІ ЛЮДЗІ I ЯКОЙ ПАДПЯВАЛІ РЫБЫ I ВАСЬМІНОГ
Шторм грымеў усю ноч і паспеў да світання вычарпаць усю сваю ярасць. Мора, праўда, яшчэ калыхалася, але супакойвалася на вачах, як быццам нехта ліў у яго масла. У млявым ранішнім святле хвалі і сапраўды здаваліся маслянымі.
МРС1 выйшаў у мора задоўга да сонца. Маленькая шкарлупінка, а на ёй дзевяць чалавек: шэсць матросаў-рыбакоў, матарыст, капітан і — бясплатны дадатак — Севярын Будрыс.
Акрамя сейнера ў моры відаць было яшчэ два судны. Па правым борце ішоў сейнер-напарнік. Па левым — імчала белым матылём Васілёва яхта.
Паўлаў дурэў: то адставаў, то без прыкметнага напружаныя пераганяў сейнер. Капітан стаяў на спардэку і ўхвальна бурчаў:
— Марскі бог… Быдла бязрогае… Бач, што вычварае… З маторам навыперадкі бегае… Гэта яму гульня ў гарыпні… «Гары-гары пень…»
Будрыс стаяў ля борта, і кожны раз Васіль крычаў яму, пераганяючы сейнер:
— Рыцар бедны!.. Праз смерць і ўраган плыве!.. Прынцэса-Летуценне… Ледзь не патопнуў з верным збраяносцам… Ну, каб гэта я яшчэ калі… Дудкі! «За дзікаю ружай ляці праз туман!»
Урэшце яму гэта абрыдла:
— Бяру курс на Уладзівасток!.. Памагай бог!.. Не зняслаў зямлі беларускай!
— А ну цябе! Бывай! Дзякуй!
Белы матыль ветразя хутка знік. Мора ўсё больш сінела.
— Так, — сказаў Няпіпіва. — Якшчо б у нас всі такія маракі — чорта з два мы японцам саступілі б.
Напярэдадні Будрыс думаў, што сапраўды сустрэне сівавусага «казака», і нават трохі расчараваўся. Няпіпіва Іван быў малады голены хлопец невысокага росту. Загарэлы твар, шэрыя вочы, прыгожыя цвёрдыя мускулы на шчоках. Нічога ад традыцыйнага «капітана» ў ім не было, акрамя хіба ўмення закавырыста лаяцца. Ды і тое ўменне змякчаў тыповы ўкраінскі гумар.
Нашчадак перасяленца. Адзін з мільёнаў. Ездзіш па краі і чуеш у адной вёсцы — беларускую мову, у другой — украінскую, у трэцяй — рускую ці мардоўскую. Звычайныя людзі.
Але глянеш на цвёрды рот такога — і разумееш, што прыйшлі сюды самыя прадпрымальныя, самыя, у добрым сэнсе гэтага слова, авантурыстычныя.
I гэтыя ўкраінцы, беларусы, рускія не кідалі слоў ка вецер, ажывілі гэты кінуты, «бросавы», пустошны край, набудавалі ў ім гарадоў, вёсак, заводаў, правялі чыгункі, угрызліся ў скалы руднікамі, спусцілі ў мора караблі і, аднак, у першапачатковай чысціні збераглі свае мовы. Часам больш чыстыя, чым нават на радзіме.
Сваімі рукамі стварылі сабе новую радзіму. I нікуды з яе не пойдуць. Пабраталіся з карэннымі жыхарамі, удэ, нанайцамі, тазамі; як кедры, пусцілі карані ў гэтую зямлю. I не далі яе ў крыўду нікому. I не дадуць.
— Недзе ў другой палове дня будзем ля Тыгравай, — сказаў Няпіпіва. — Чаго цябе туды нясе?
— Справы.
— Дывысь, як далэко справы кыдаюць людыну. Аж з Білорусі!
— Нічога не зробіш.
Мора было ўжо зусім сіняе, але лёгкая гайданка ўсё ж калыхала сейнер, калі пачалі спускаць сець. На сейнеры-напарніку падабралі другі яе канец, расцягнулі і пайшлі паралельным курсам, нібы скародзячы і працэджваючы мора.
— Што мне рабіць? — спытаў у капітана Будрыс.
— Цяпер з гадзіну нічога. А після воны свій кінец сеці перададуць нам, і тут — трымайся… Сартаваць хіба рыбу будзеш.
— А як жа ім?
— А ў наступны раз іхні будзе ўлоў. Мы ім канец перадамо. I вось так, чаргуючыся… Так што, разабраўшыся з рыбай, можна і пад’есці, і ў шахы згуляць, і падрамаць.
— Курорт…
— Ну… Каб тут був курорт, то всі дармоіды тут булы б. Усіх класаў і нацый. Добра, што мора спакойнае сёння, вось і курорт…
Севярын ледзь не згарэў з сораму.
Праз гадзіну напарнік падышоў да сейнера борт у борт. Кінулі канец. Замацавалі абодва канцы разам. З грукатам пачала працаваць лябёдка.
Адчуваючы сваю непрыстасаванасць і нікчэмнасць, Будрыс сачыў, як паўзе пад вадою змяя сеці, як яна ўспаўзае на борт і цягнецца ўгору, як, выцягнуўшы чарговую порцыю сеці, схопліваюць яе пятлёй з каната і трымаюць кручкамі за гэтую пятлю і адпускаюць лябёдку, і мокрая, вытраўленая сець цяжка грукаецца на палубу. А крук лябёдкі чапляюць за новую пятлю, і сець зноў паўзе ўгору.
Яшчэ захоп. Яшчэ. Яшчэ. З усім, што ёсць. З рэдкімі пакуль рыбамі, з пачварнымі павукападобнымі крабамі, з аранжава-жоўтымі студзяністымі васьміногамі (шчупальцы прасунуліся ў ячэі і звіваюцца ў паветры).
— Тэхніка на грані фантастыкі… — сказаў Няпіпіва. — Ведаеш, як васьміногаў карэйцы лавілі? Заўважаюць месца, дзе ён у скэлі сыдыць, ныраюць па доўгай лаце. Адзін дражніць. Другі чакае. А воно мыролюбнэ. Ось раз ныраюць, другі, трэці. Ну, чалавечага нахабства ўрэшце і васьміног не вытрымлівае. Нападае. I як толькі абаўе чалавека ўсімі васьмю, другі кідаецца і наносіць васьміногу «пацалунак смерці». Пракусвае зубамі паветраны мяшок. Прысоскі адразу адпадаюць. Шчупальцы віснуць. Тут бяры яго, раба, за шкірку і вынырвай.
Адзін вялікі васьміног неяк выблытаўся з сеці і ўпаў ля Будрысавых ног. Глядзеў вялікімі вачыма, варушыўся, мяняючы колер, то ўцягваў, то зноў выпускаў папугайскую дзюбу.
— Дакраніся падэшвай. Да галавы.
Будрыс дакрануўся. Вокамгненна шчупальцы абвілі нагу, прыліпнулі.
— Не варушыся.
Праз некаторы час васьміног, зразумеўшы, што няма чаго трымацца чортведама за што, калі справа ідзе аб скуры, адпусціў нагу, зноў заварушыўся, закішэў. Севярын закасаў калашыну і ўбачыў на назе рады цёмных плямаў.
— Во, насмактаў, — засмяяўся Няпіпіва. — Адчувае, чорт, як мы яго ўвечары смачна есці будзем. .
— Гэтую дрэнь?!
— Гэтая дрэнь — самае смачнае ў моры.
Грукатала лябёдка, ляскала аб палубу мокрая сець. Вясёлая, падобная на шалёную гульню праца віравала на палубе. I вось невядома з чыёй глоткі ўзнікла хрыпатая, радасная, хмельная песня:
Цягні, падцягівай на стрэлку,
Цягні, падцягвай на гарэлку.
Спружынілі мокрыя медныя спіны. На руках і тварах зіхацелі кроплі вады. Звінела, калацілася ў сеці, спявала рыба. I шлёпаў, напінаўся, нібы таксама хацеў падпяваць, ды не хапала голасу, зменліва-вясёлкавы васьміног.
«Божа, — падумаў Будрыс, — як гэта было б добра, каб я мог паказаць гэта ёй! Якое было б шчасце — стаяць тут, на палубе, між сінім небам і аквамарынавым морам! Які дзівосны свет!»
Пад вадою ўрэшце ўзнік жамчужна-блакітны вялізны куль, падцягнуўся бліжэй да борта, ускінуўся ва ўсплёсках вады і рыбіных хвастоў, павіснуў над морам.
Паасобныя рыбы вырываліся, падалі ў ваду, ляжалі некаторы час, як прыгаломшаныя, а пасля знікалі ў прадонні. Рыўком.
Маціцова-сіні і серабрысты, памерам з добры пакой, куль навіс над палубай. Як велізарнае вінаграднае грона.
Падскочыў рыбак, адным рыўком расшнураваў яму дно і кінуўся прэч, каб не задавіла.
I на палубу лінуў шматтонны рыбаспад: вастрамордыя сінія мінтаі, камбала, марскі акунь, цярпуг, велізарная траска, бычкі…
Паліўся, затапіў усё, расплыўся, затрапятаў.
Зноў завялі сець, зноў пачалі скарадзіць мора. Капітан сунуў Будрысу ў рукі кій, у якім перпендыкулярна тырчаў востры доўгі цвік.
— Багарэц, — сказаў Няпіпіва. — Голай рукой не папрацуеш. Чапляй цвіком і кідай. Бач, хлопцы засекі з дошак зрабілі. У той — мінтая, у той — камбалу. Крабаў — у той, ля спардэка.
Севярын пачаў працаваць. Цяжэй за ўсё было з камбалой. Яна дрэнна зрывалася з цвіка. Даводзілася біць правай рукой, што трымала багарэц, аб перадплечча левай. Сарваная сілай інерцыі, камбала ляцела і, як блін, плюхалася ў патрэбны засек.
Спачатку было цяжка, але потым ён навастрыўся.
Мінтай — камбала — цярпуг. Камбала — бычок — мінтай. Лясь-лясь-плёх! Траска — мінтай. А ты хто?
Такое пытанне даводзілася задаваць сабе часта. Вось нейкі дзіўны бычок з пузам, падобным на вялізны шар.
— Дырэктар цырка, — усміхнуўся кандзей2.
Чырвоныя марскія сабакі страшна зявалі шчакастым, тоўстым, грыбазвонным ротам — аж шкада было. Шчокі былі пальцы ў тры.
Вясёлка калацілася пад нагамі («Вось бы ёй убачыць!»): даўгамордыя марскія лісіцы, нейкія малінавыя падводныя яйкі (і не зразумець, жывёліна ці расліна; ударыш багарцом — знутры струменем б’е вада), зялёныя марскія ракі, махнатыя шрымсы.
I яшчэ марскія пеўнікі з плаўнікамі, бы ў акуня, але вясёлкавымі і дужа доўгімі.
Кандзей трымаў аднаго…
— Мы ў дзяцінстве абклеім іхнія плаўнікі паперай, пачакаем, пакуль высахнуць, і такія яны прыгожыя ў нас вакол лямпы ці на акне вісяць. Вось я табе пакажу, як гэта робіцца. Дзяўчыне адвязеш.
Круціліся і падалі за борт марскія зоркі велічынёю з талерку, ляцела ў розныя бакі рыба. Севярын стараўся, і хлопцы пачалі глядзець на яго нават з павагай.
Камбала — марскі сабака — мінтай. Краба перакідаеш на спіну і цвіком багарца трохі адхіляеш панцырны шчыток на ягоным жываце.
«Ікра, падобная на дробную кетавую: ага, самка! Хапай яе за клюшню і, блінам, у ваду. Спускаецца ўсё больш цьмяная ў лазурньш, варухнулася, знікла.
Няма ікры, шчыток больш пляскаты — ага, галубок, хадзі ў загон. Такая ўжо наша мужчынская доля».
Дробнага «марскога павука» — проста шуфлем за борт. I драбязу. I водарасці. I гожыя ракушкі. Вось толькі дзесяткі з два, узлезшы на спардэк, пакласці на кажух трубы, у гарачае месца. Хай мяса адстане ад іх. Тады аддзяліў — і вось у руках вясёлкавая чарапашка, падобная на кубак або кветку.
I вось ты па калена ў слізі, і луска блішчыць на нагах. Змыць палубу струменем вады. I чакай. Цяпер улоў напарнікаў і іх праца.
Будрыс трымаў вялізнага краба за клюшню. Круглае цела — сантыметраў пяцьдзесят у дыяметры. Ногі — таўшчынёй і даўжынёй з руку.
— Вікінг, — сказаў капітан.
— А што, калі яму туды палец торкнуць? — спытаў «вікінг».
— У сэнсе «прывітацца па-англійску»? Ну, паздароўкайся.
Няпіпіва ўзяў тоўстага заснулага мінтая, усунуў яго ў клюшню і пачаў дражніць. Краб доўга не хацеў злавацца, але ўрэшце пстрыкнуў клюшняй…
…Перарэзаў рыбіну на дзве часткі, нібы нажніцамі для бляхі паперу. Севярынавы вочы ад здзіўлення палезлі на лоб.
— ІІаздароўкайся. Сіла поціску — восемдзесят атмасфер.
— Н-ну!..
— Вось табе і «ну». Сумна было б, каб сунуў… Нясі кандзею.
Скарадзілі і скарадзілі мора. Працавалі да рэзкага болю ў спіне, а пасартаваўшы чарговы ўлоў, ляжалі на палубе, варылі есці, спявалі або рыхтавалі на зіму дробную камбалу пад піва: патрашылі, трохі салілі і развешвалі вяліцца на снасцях. Як сотні дзівосных авальных сцягоў.
А над усім гэтым было сонца і вецер. А пад усім гэтым было сіняе мора і хвалі. I часам скакалі па гэтых хвалях, радаваліся, што вырваліся з сеці, абмытыя, чысценькія шарыкі з сіняга шкла, плаўкі. Блішчалі, падскаквалі. Як маленькія блакітныя сонцы.
Калі сопкі сталі залатыя ад нізкага сонца, Севярын раптам убачыў, што чайкі гоняць над морам кагосьці дужа дробнага. Старыя, беласнежныя, чайкі і гадавалыя, карычняватыя.
Тое, дробнае, выкручвалася, чайкі прамахваліся і гарлалі, як быццам іх нехта нахабна, сярод дня, абакраў.
— Чаго гэта яны?
— А сінічка… — адказаў Няпіпіва.
— Адкуль у моры сінічка?
Твар капітана расплыўся ў шырокай усмешцы.
— У нас на носе жыве. Унь там старая ватоўка ляжыць. То пад ёю гняздо. I птушаняты там былі. Намучылася з імі, пакуль вылецелі. Сёння паляцела яшчэ як адшвартоўваліся. I вось, бач, бліжэй да ночы адшукала хату. Марская сініца. Гэта ж мы колькі міль зрабілі. I, глядзі ты, адкуль яна ведае, дзе мы?
Чайкі лямантавалі, скардзіліся на нахабнае парушэнне сухапутнай птушкай іхніх марскіх межаў. Ганяліся за малой. Але яна кожны раз выкручвалася і ўрэшце нырнула проста ў рубку.
Пагоня расчаравана паляцела ў мора. Сініца пырхнула з рубкі і села на гняздо.
…На захадзе сталі на якар.
— Унь там Тыгравая, — сказаў Няпіпіва. — Сёння табе на бераг высаджвацца — дурная справа. Ноч хутка. А заўтра — з сонцам…
— Не хацелася б.
— А начной тайгі хочаш? Адсюль да бухты кіламетры тры. Там вузкакалейка. Можа пашанцуе захапіць дрызіну. Вёрст восем, а там — хрыбет. Бачыш, залаціцца над морам. I адтуль — налева цераз горы. Звярынымі сцежкамі. Унь, бачыш, пальчык?
Праз лясістую шкуру хрыбта, нібы прадзёршы яе, сапраўды тырчала нешта падобнае на палец. I гэткае ж малое.
— У гэтым «малым» метраў дзвесце. Гэта Янтун-лаза — Скэля Пячнога Коміну. Вось ад яе ўбачыш запаведнік. Ну, як?
— Пачакаю. Сапраўды далекавата.
— Тады мы будзем сейнеру манікюр наводзіць, а ты ідзі да кандзея. Вучыся.
Вучыцца было цікавей, чым драіць палубу. Паклалі ў кацёл чатырох крабаў і ахапак ракаў і шрымсаў, хаця карыстацца катлом для кулінарных мэтаў не рэкамендавалася. Пасля кандзей пачаў гатаваць «цярпуг а ля Няпіпіва». Адразаў галовы з самай тоўстай часткай загорбка, трымаў іх у марской вадзе, пасля клаў на жалезку — галава прасунута ў галаву. Дадаваў перац, трохі вады, трохі тлушчу (астатняе пусцяць самі) і ставіў у духоўку.
Гадзінай пазней усе сядзелі і ляжалі на палубе, чэрпалі з жалезкі густую карычневую падліву, вазілі лыжкамі, даставалі церпуговыя галовы, смакталі іх, пляваліся косткамі за борт, мачалі хлеб. Гарэлі мускулы ад працы, твары — ад сонца і солі. I ўсё было смачна — праглынеш язык.
Ламалі гарачыя клюшні крабаў, разгрызалі іх — з рызыкай раздзерці рот да вушэй, — вымалі адтуль тоўстыя валокны белага мяса.
Елі па-зверску. I радаваліся, што дзень прайшоў хораша, а заўтра зноў пройдзе добра. Сонечны, салёны, марскі.
I дагараў над імі, над сопкамі, залаты захад.
«Шкада, што нельга паказаць гэтага ёй,— думаў Будрыс. — Падзяліцца. Яна радавалася б… Было б тады зусім добра. А так, без яе… гэта ўсё ж няпоўнае шчасце».
- Малы рыбалоўны сейнер.
- Кок.