Цыганскі кароль — Частка V

Два дні цягнулася святкаванне перамогі ў палацы Якуба Першага. Гарэлі плошкі, палалі бочкі са смалою. Ляцелі крык, смех, тупанне аб падлогу. У кароткія хвіліны прасвятлення два разы ездзілі на шлях лавіць падарожных людзей у госці. Спаймаўшы мужыка, аддавалі яго гайдукам, каб тыя зацягнулі ў людскую і напаілі там да зялёнага змія.

Калі трапляўся панскі вазок — пераразалі яму конна дарогу, выляталі з-за дрэў, гікалі, хапалі за морды коней, устаўлялі ў колы вялізныя латы, бралі гаспадара ў палон і з пашанаю везлі ў палац, каб не было за сталом пустых крэслаў. А пустых крэслаў ставала ўсё больш і больш. Некаторыя госці захварэлі і не маглі нават рукою варухнуць. Тры загонавыя шляхцюкі ціха сканалі ў задніх пакоях. Адмучыліся.

Яноўскаму ўсё гэта так абрыдла, што ён знікаў з палаца і накіроўваўся куды вочы глядзяць, часцей за ўсё да медыкуса. Той таксама піў, але хоць разумнейшым рабіўся ад гэтага. Сядзеў, мачаючы агурок у соль, хрумстаў ім і, утаропіўшы ў сабутэльніка ярасныя вочы, злосна казаў:

— Бязглудзіца! Не краіна, а плод шалёнай фантазіі бога. Вось мінуў чэрвень 1789 года, ліпень стаіць. Мужыкі пуп падарвалі, а тут гуляюць, як быццам заўтра сканчэнне свету. Не грамада, а авечы статак. Вось прыпомні мае словы: яшчэ і новае стагоддзе не настане, а гэтая гнілая дзяржава знікне з зямлі. Не будзе яе, духу не станецца. І моцны воўк зжарэ слабага. І хоць бы дзе агеньчык! Па ўсёй зямлі маўчыць хлоп. Жонку яго цяжарную сцёбаюць — ён пану ручкі цалуе, галаву яму прабілі — ён крычыць: «Бацька наш, каралеўская кроў, вядзі!» Душна мне, браце, душна мне. Зусім здохнем, калі хоць дзе-небудзь не запалае.

Яноўскі слухаў яго з дзіўным спакоем. Нібы не яго любую, моцную, вольную дзяржаву лаялі. Нібы зусім не шляхціц ён, а самы звычайны лапаць. Словы медыкуса былі як павольна дзеючая атрута. Міхал па-ранейшаму пагарджаў мужыкамі, але і шляхту не мог любіць — наглядзеўся за гэтыя дні. І гэта было рыцарства, надзея Беларусі, яе блакітная кроў. Паганцы!

К канцу другога дня гулянкі адбылося адразу тры няшчасці: абпіліся да смерці два цыганы і памёр, таксама пасля выпіўкі, той цыган, якому прабілі галаву. Ён быў цыганскі старэйшына і піў ад ганьбы.

У дзень пахавання старэйшыны Яноўскі пайшоў да табара. Дзень быў спакойны, ён дагараў за лясамі чырвонаю стужкай зары, і таямніча вымалёўваліся на гэтым фоне спічастыя цыганскія буданы. Міхал прапусціў момант, калі нябожчыка панясуць у апошні шлях. Ён інстынктыўна не любіў чужой смерці, як кожны малады. Проста хацелася хоць хвіліну пабыць сярод людзей, якія не п’юць і не сваволяць.

Ён здзівіўся, убачаўшы, што трохі зводдаль ад шатра нябожчыка стаіць невялікі маўклівы натоўп, чарнеючы ў цемры.

Каб не перашкаджаць ім, Яноўскі адышоў у супрацьлеглы бок і сеў у хмызах, ля вялікага дуба. Тут ён бачыў усё, а яго не бачылі.

Хвілін пяць стаяла цішыня. Пасля няпэўны, ледзь чутны голас заспяваў дзіўную гартанную мелодыю. Праспяваў дзве-тры ноты і змоўкнуў. Падхапіў другі жаночы голас і павёў яе, скардзячыся, і зноў змоўк… Трэці, чацвёрты голас… Песня мацнела, але да самага канца заставалася нягучнай. І раптам зноў цішыня.

Толькі тут пабачыў Міхал, што ад пушчы цягнецца дзіўная працэсія. Людзі, што праводзілі старэйшыну на месца апошняга заспакаення, ішлі гуськом, па адным. Спачатку — цыганы, пасля — цыганкі.

Ля шатра паступова пачало разгарацца вогнішча, людзі кідалі ў яго сухія палкі. Доўгая маўклівая змяя павольна набліжалася ад пушчы.

Калі яна прайшла палову дарогі, нехта выліў на вогнішча цэбар вады. Засіпелі галавешкі. І адразу запалала вогнішча ля суседняга шатра. У яго няпэўным святле Яноўскі ўбачыў постаць проставалосай кабеты, якая крочыла насустрач працэсіі, трымаючы ў руках галавешку са згаслага вогнішча. Хустка на плячах кабеты развявалася ад хуткай хады.

Вось яна падышла да першага, падала яму галавешку. Той узяў яе, не аглядаючыся, перадаў цераз плячо наступнаму, а сам вымыў рукі і твар вадою, якую зліла яму з гарлача тая самая кабета. Усе перадавалі галавешку цераз плячо, усе мылі рукі.

Астатняя бабуля, таксама не аглядаючыся, кінула яе на дарогу. Зноў скардзячыся, заспяваў хор. Яноўскі не разумеў слоў, але хваляванне сціснула яму горла.

— Ідзі, ідзі ў свой далёкі шлях, — здавалася яму, спяваў хор. — Галавешка апошняга вогнішча, забытая на дарозе… Круцяцца, круцяцца колы… Няма спакою, няма адпачынку… Мы едзем, мы едзем, спаўняючы даўні запавет… Далёкая дарога… Ідзі ў той край, дзе скончацца бадзянні, дзе цябе не пакрыўдзяць… Круцяцца, круцяцца колы… Бясконцы, вечны наш шлях.

Кабета, размахнуўшыся, кінула палаючую галавешку ў шацёр памёршага, і ён адразу ўзяўся зыркім жоўтым агнём.

— Вось палае твой шацёр, апошні твой шацёр, — здавалася, спяваў хор. — Хутка нічога не застанецца ад цябе на зямлі… Застанецца галавешка на пыльнай дарозе, дым забытых кастроў, і колы твайго племя прарыпяць у цемры далей. Круцяцца, круцяцца колы… Далёкі шлях.

Яноўскі не заўважыў нават, што ўсё скончылася. Абудзілі яго ад задуменнасці крокі і галасы непадалёк. Пад дубам стаяла некалькі цёмных постацяў. Дзіўна, але размаўлялі яны па-беларуску.

— Вось і канец.

— Ад ганьбы памёр чалавек. Ой, роме.

Яноўскаму здалося, што першы голас — голас таго цыгана, якому кароль даў аплявуху тады на ганку, а другі — голас таго няшчаснага, у якога гайдукі Знамяроўскага збілі абады на дарозе.

— Хопіць, — азваўся густы бас. — Плачам справе не паможаш. Але заўтра ён нам адкажа, бізун голы.

За другімі табарамі паслалі?

— Паслалі. Матыс Аўгусцінавіч накіраваў чатырох.

— Добра. Толькі трымайцеся, браты. Так трымайцеся, як толькі можна.

Загаварылі па-цыганску, і Міхал павольна пачаў адыходзіць ад таямнічага зборышча. Толькі па дарозе дамоў ён зразумеў, што супраць Якуба рыхтуюць нешта нядобрае, і, хоць матыў цыганскагу плачу стаяў яшчэ ў яго вушах, хоць дом Знамяроўскага і вечныя гулянкі яму астабрыдлі, вырашыў папярэдзіць караля. Проста на знак удзячнасці.

Але ў палацы зноў спявалі, зноў даляталі з акон крыкі, брынчанне струн, бразгатанне шкла.

З-пад стала тырчалі ногі мітрапаліта. Кароль Якуб сядзеў на сваім месцы, учапіўшыся ладонню ў нячэсаныя валасы. Карыя вочы былі ўтароплены ў нешта, што бачыў ён адзін. Міхал таргануў яго за плячо.

— Ты хто такоў? — цяжка, як воўк, павярнуўся да яго Знамяроўскі.

— Гэта я, ваша вялікасць, Яноўскі.

— А-а. Ян-ноўскі. А чаго ж гэта ты такі храноўскі? Ты хто такоў?

— Я пасол.

— А-а, пасол. Пасол замежнага каралеўства. Дык чаго ты лезеш сюды, калі кароль ад-п-пачывае ад д-д-дзяржаўных спраў. Ведай этыкет. Пасля прыму, праз тры дні. І не раней… Ведай маю дабрату. Пшоў прэч!

Яноўскі ледзь стрымаўся, махнуў рукою і на папярэджанні і на размову. Д’ябал яго бяры, раз так. Ён зусім сабраўся пакінуць залу, калі раптам галасы амаль усіх гасцей зараўлі нешта адзінае:

— Дзевак! Дзевак!

Гэты раптоўны псіхоз ахапіў усіх. Нават мітрапаліт выкаціўся з месца свайго адпачынку і пачаў крычаць:

— Вачыма намізаюшчых, тонкашчыкалатных, барвянадзясных, палка лабазаючых!!!

Якуб, як заўважыў Яноўскі, быў амаль раўнадушны да жанчын. Таму ён абыякава паклікаў гайдука:

— Адшукай гэтым бабздырам… І сумленных не бяры, гэтыя свінні ўсё адно нічога не разумеюць. Колькі іх тут? Дваццаць цвярозых? Вось столькі гуляшчых і знайдзі ва ўсіх вёсках.

І зноў сеў. Баль працягваўся, а Знамяроўскі ўсё ніжэй апускаў галаву. Яноўскі даўно заўважыў, што хмель налятаў на яго хвалямі.

— Дзевак! Дзевак! — зноў зараўлі госці.

І раптам Якуб устаў. Яноўскі жахнуўся, гледзячы на яго твар. Наліты крывёй, з ашклянелымі вачыма, страшны. Вялізнай, як цэбар, лапай грукнуў па стале:

— Маўчаць, падлы!

Знямелая цішыня запанавала ў пакоі. Толькі чутна было, як крывая свечка капала воскам на плеш нейкаму п’янаму і той мыкаў у сне.

На твары Якуба краплінамі высыпаў пот.

— Вы — падлы, вы — шчанюкі, п’янюгі, нахабнікі. Дзевак ім, віна! Дзе слава, дзе моц, дзе воля, дзе веліч?! Сны ўсё!!! Сны!!! Сны аб загубленым! З вамі, ці што, царствы пакараць? Вы, можа, воіны, вы, можа, людзі? Лярвы вы, еўнухі, чарвякі! Хто вам дасць больш — таму вы нявесту, маці, зямлю сваю… пад хвост!

Ён заскроб пяцярнёю па абрусе. Вочы сталі дзікімі і вартымі жалю.

— Мерцвякі вы! Людзей вы толькі распінаеце! І я распінаю, і я б’ю. Дзярмо — людзі! Руку, што б’е, ліжуць! Хоць бы хто, хоць бы хто мне па мордзе даў у адказ. Гной прымушу вас есці — будзеце жэрці. Харкну у твар — зад пацалуеце. Шляхта! Соль зямлі!

Ён павольна пачаў спаўзаць набок, вывяргаючы самую чорную лаянку, упаў на падлогу, забіўся ў п’яных сутаргах, рыдаў:

— Мне б… мне б хоць у зубы тады… можа, чалавекам быў бы… Чалавекам.

Яму прыціснулі ногі, трымалі за галаву. Пасля панеслі ў спальню. Запанавала маўчанне, такое цяжкае, што, здавалася, грымні пярун — будзе лягчэй.

І раптам «каронны судзя» выскаліўся, і з горла яго вырвалася:

— Гі-гі-гі-гі!

І адразу загігікалі, ашчэрыліся ўсе. Нясмелы спачатку, смех узмацнеў, пакаціўся хвалямі. Смяяліся доўга, са смакам.

— Дзевак прывёў! — абвясціў гайдук, з’яўляючыся ў дзвярах. — Недабраў толькі гуляшчых, таму з вёскі адну прыхапіў.

І сапраўды, у дзвярах стаялі нарумяненыя дзеўкі. Амаль кожная — капа капою. Вочы падведзеныя, бровы падмазаныя, зубы нахабна выскаленыя.

Усё завіравала. Тыя, што трымаліся на нагах, кінуліся на стракатую юбу. Віск, прытворныя ўскрыкі, смех. Сям-там пачыналі скакаць, сёй-той знікаў з залы. Нейкая таўстуха кінулася на Яноўскага:

— Прыгарні ж ты мяне, красунчык.

Ён з прыкрасцю адмахнуўся, выйшаў у калідор і пайшоў да выхаду. Слабы крык прагучаў за павароткаю калідора. Яноўскі ўбачыў постаць «кароннага суддзі», які паспешліва цягнуў кудысьці за руку дзяўчыну ў белым уборы. Танюткая, сінявокая, яна вельмі нагадала Міхалу тую, што схаваў у сябе медыкус. Тая? Не, не тая. Але падобная. Яна слаба чаплялася за сценку, ён штуршкамі адрываў яе, цягнуў далей. Спуджаная налётам гайдукоў, напалоханая карцінай оргіі, яна толькі паўтарала перарывістым дзікім голасам:

— Пане! Пане! Пашкадуйце мяне. Я баюся.

«Зараз папросіць ляльку ўзяць з сабою», — сумна падумаў Яноўскі.

Месяц назад ён прайшоў бы міма. Бацькі яго не заахвочвалі распусты, але гэта ж былі прыгонныя, быдла, створанае для лепшых людзей зямлі. Ды яшчэ і чужое быдла.

— Пане! Пашкадуйце! Памажыце!

І тут Яноўскі прыпомніў постаць той дзяўчыны, прыпомніў медыкуса, што накідваў на яе мантыю, прыпомніў п’яныя яго словы над талеркай з гуркамі, разгром Яноўшчыны, страшны, звярыны крык Якуба сёння ў зале, ногі яго, што біліся на зямлі.

Адзіным скачком ён дагнаў аднавухага, які ўцягваў ужо дзяўчыну ў пакой, і рвануў яго за плячо.

— Пусці. Чуеш, пусці яе.

— А-а, шчанюк… Адчапіся! Мая! — І суддзя пацягнуўся за шабляй. Замест таго каб выцягнуць сваю, Яноўскі сказаў зняважліва:

— Эх ты, соль зямлі…

І разлічана, страшна ўдарыў яго між вачэй. Вораг быў п’яны, толькі гэта і дапамагло Міхалу, калі яны пакаціліся па падлозе, месячы адзін аднаго кулакамі. Міхал хутка высвабадзіўся і, схапіўшы яго за скроні, ударыў галавою аб сцяну, а пасля яшчэ доўга біў яго, біў раз’юшана, глытаючы слёзы ад абурэння на самога сябе, на тое, што на іх амаль аднолькавая вопратка.

У калідоры пачуліся крыкі, тупат ног. Тады Яноўскі хутка выцягнуў ашаломленую дзяўчыну з кутка, штурхнуў у пакой і замкнуў за сабою дзверы. У дзверы адразу пачалі ламацца, пасля пакінулі, пайшлі кудысьці, і стала ціха.

Дзяўчына не плакала, яна проста глядзела на яго з цемры бліскучымі вачыма.

Яноўскі адсмактаў кроў і, каб не было саромна за раптоўны парыў, амаль суха спытаў:

— Як цябе завуць?

— Аглая, — прашаптала яна.

— Які чорт цябе сюды панёс, — сказаў Міхал і пачырванеў.

— Прывялі, пане, — уздыхнула яна. — Адну мяне ўзялі з вёскі. Я ведаю вас. Вы сястру маю абаранілі тады, калі яе хацелі караць… Яна сястра мая.

— Глупства, — разважліва буркнуў Яноўскі.

І таму, што з гэтай дзяўчынай нельга было размаўляць пра мову кветак і прыгоды Дафніса, прыбавіў:

— Кладзіся. Спі. Пойдзеш перад світаннем, калі ўсе заснуць. Зараз небяспечна. Могуць спаймаць за дзвярыма. Спі.

— А вы, васпане?

— Спі. Спі.

— Вы добры, вы вельмі харошы чалавек. Як быццам зусім не пан. Як брат старэйшы. Бог вам заплаціць за гэта, вы будзеце з намі ў раі.

І прывабіла з глыбокім сумам:

— Я толькі думаю часам, ці ёсць ён, бог, — так мы пакутуем.

— Но! — па прывычцы прыкрыкнуў на яе Яноўскі і спалохаўся, бо яна раптам горка, узахлёб заплакала:

— Божа, як страшна! Як страшна!

«Раскапусцілася, Хадора», — назнарок груба падумаў Міхал і раптам убачыў яе мокры ад слёз мізэрны тварык, вочы, у якіх стаяў сапраўдны жах.

Тады ён, сам не ведаючы, што прымушае яго так абыходзіцца з гэтай мужычкай, сеў поруч з ёю і пацалаваў яе ў лоб.

— Ну што ты, што ты? Нашто плакаць? Усё мінула. Ну, супакойся! У-у, румза. Ну ціха, ціха. Усё будзе добра. Пойдзеш адсюль перад світаннем. Усё абышлося, будзеш сабе жыць. Мужа табе знойдзем добрага, будзеце жыць, гадаваць дзетак.

Ён бачыў, што яна супакойваецца, але бачыў таксама, што ідылія, намаляваная ім, не даходзіць да яе. І раптам яна сказала горка, але амаль спакойна:

— Не, пане. Не абыдзецца. Другі раз не абыдзецца. Усе гэтым канчаюць, хто раней, хто пазней. Няма выйсця.

І таму, што ён усё яшчэ гладзіў яе галаву, адхіснулася ад яго і, прынікшы да сцяны, сказала:

— Я хацела б толькі, каб наступны раз, калі гэта будзе… мне хацелася б, каб гэта былі вы. Бо калі нейкі разлезнік або проста пан… я ўтаплюся тады.

Яноўскаму стала пякуча сорамна. П’янка, наезд, суд — і гэтыя словы, першыя словы, у якіх быў чалавек. За ўсе дні.

Ён сядзеў невядома колькі, сціснуўшы скроні, а пасля ўбачыў, што яна спіць, стомленая перажытым жахам.

І тады ён ціха, як злодзей, чырванеючы ад сораму, паклаў яе на падушкі, нячутна накрыў коўдраю, а сам доўга яшчэ глядзеў ёй у твар.

Пасля ўздыхнуў, сцягнуў з сябе чугу і, разаслаўшы яе ла дзвярэй, расцягнуўся на ёй.

У гэтым была і ганьба, і помслівая асалода, і нейкае светлае, чыстае, трохі сумнае і зусім новае пачуццё.