Цыганскі кароль — Эпiлог
Нам давядзецца сказаць толькі некалькі слоў пра лёс нашых герояў.
Кароль Якуб Першы выправіўся і, не прыгнятаючы цыганоў, літасціва правіў імі да самай сваёй смерці, якая наступіла ў 1795 годзе.
Паколькі Яноўскі, нягледзячы на ўсю сваю ўдзячнасць, адмовіўся атрымаць у спадчыну цыганскую карону, са смерцю Якуба скончылася і дынастыя. Цыгыны выбралі каралём, і даволі няўдала, таксама лідскага шляхцюка Міласніцкага.
Польшча, дзякуючы гнілому панству, пала. Пачаўся новы перыяд гісторыі Белай Русі. Новыя парадкі не спадабаліся Міласніцкаму, і ён з большасцю заможных цыганоў перакачаваў у 1799 годзе ў Турцыю.
На Беларусі засталася нязначная колькасць цыганоў без дзяржавы, без урадавай арганізацыі.
Яноўскі стрымаў сваё слова, адпусціў на волю пасля смерці бацькоў сваіх сялян. Сам ён жыў працаю рук сваіх разам з жонкаю доўга, шчасліва і небагата. Да канца жыцця ён франдзіраваў перад шляхтай і нават прозвішча сваё змяніў, узяўшы «прыдомкам» да яго прозвішча прыгоннай жонкі. Так прайшлі на зямлі беларускай Свеціловічы-Яноўскія.
Праўда, дзеці яго зноў прыдбалі невялікі маёнтак, адзін з маёнткаў дзядоў, але прыгонных у іх ніколі не было. Рошчына бацькі-вальтэр’янца дала свае плады.
Што ж датычыцца слаўнага медыкуса караля Якуба, то звесткі аб ім, няпэўныя і нешматлікія, кажуць вось што.
У славутым Канвенце адным з дэпутатаў, выбраных за заслугі перад рэвалюцыяй, быў чужак, грамадзянін з невядомай краіны, што звалася па-латыні Alba Russia. Некаторыя сцвярджалі, што па прафесіі ён лекар, як Марат. Ён гэта быў ці не ён — невядома. Але ён адным з першых падаў голас за смерць караля, быў некаторы час урадавым камісарам адной з армій на Рэйне і ў Вандэі.
У страшны дзень, калі Рабесп’ер раздрабіў сабе сківіцу стрэлам з пулгака, гэты чалавек — адзін з нямногіх — да канца абараняў яго і склаў галаву на славутай машыне доктара Гільятэна, якая, як прадажная дзеўка, служыла спачатку рэвалюцыі, а пасля яе ворагам.
Калі гэта быў наш добры знаёмы — шкада. Ён так і не мог вярнуцца на сваю радзіму з воляй на сцягах. Але суцешымся тым, што ён зрабіў усё, што магчыма, што жыццё ягонае было адзіным акордам, у якім не было фальшывых нот.