Калі на зямлі ёсць казачныя краіны
(прадмова да кнігі «Краявіды Беларусі»)
Калі на зямлі ёсць казачныя краіны, то адна з іх — Беларусь. І таму не скуднець слядам на яе дарогах. Хто бачыў яе — вернецца. Хто не бачыў — глядзіце. Мы запрашаем вас, добрыя людзі зямлі.
Тут жыць мастакам і паэтам. Тут сіне-зялёны лес з бледнымі азёрамі, у якіх, як кажуць паданні, патанулі гарады (чуеце ўначы звон падводных званоў?). Спакойная моц Дняпра, што бяжыць між суровых урвішчаў, мяккія ўзгоркі Навагрудчыны і вечны шум першабытных лясоў Палесся (яны шумяць пад Лельчыцамі, шуміць, гамоніць тысячагадовы цар-дуб).
Дзяўчына цалуе сланечнік. Шапацяць залатыя бары. І ў духмяным змроку ўтульна сядзяць сімпатычныя брылястыя дзяды-баравікі. І ўсюды праца. Праца сціплага, упартага, моцнага народа, які ведае цану хлебу і любві, цану свабодзе, Радзіме. І ўсюды — клопат да жывога, усюды шырыня чалавечай душы. Наша прырода — гэта наша душа.
Змрочныя, як старадаўнія балады, руіны замкаў, светлыя палацы і храмы, шыпшына на сонных вясковых могілках, свечы бяроз на палянах і зялёныя языкі ядлоўцу ў жыце, верас, на які падалі продкі, баронячы сваю Бацькаўшчыну, — усё гэта таксама душа народа і зямля яго, да апошняй пясчынкі перацёртая працавітымі рукамі.
Чырвоныя захады і пахілае дрэва восені, бэз ля закінутых капліц і сіні палёт сіваваронкі, туман і залаты лубін — гэта мы. Мы з нашай зямлі і з неба, з магутнасці ляснога зубра і пошчакаў салаўя, самых пяшчотных у свеце…
Кракаюць дзікія качкі ў затоках, мякка б’е пыл між пальцаў босых ног на далёкіх дарогах. І салодкі ўвечары дым вогнішча, і гасцінна адчыненыя дзверы ва ўсіх хатах.
Ідзі, чалавек!
Уладзімір Караткевіч
Упершыню — як уступны артыкул да кн.: Краявіды Беларусі. — Мн., 1968.
Перакладзены на рускую і англійскую мовы.