Памяць Зямлі Беларускай

(прадмова да кнігі)

Я хачу правесці Вас па зямлі, якая для мяне — і, мабыць, не толькі для мяне — даражэй за ўсё, самы ўтульны і чароўны кут. I ў Вас, калі Вы наведаецеся сюды, у сэрцах могуць успыхнуць пяшчота і любоў да яе, і таму загадзя раблю Вам падарунак: сапрычашчэнне з яе вялікай памяццю. Добрай і суровай памяццю, якая нічога не забывае, Памяццю Беларусі.

Якая яна, мая зямля? Гэта залатыя палі збажыны з сінімі вочкамі васількоў, светлыя ад бяроз гаі, што аглухлі ад птушынага звону, і пушчы, падобныя на гатычныя храмы, пушчы, дзе горда нясуць свае кароны алені. Гэта бясконцыя жылы рэк, у якіх плешчуцца бабры і рыба на захадзе сонца, і гэта амаль адзінаццаць тысяч азёр, чыстых, як усмешка дзіцяці.

Гэта. ў мінулым гераічная і шматпакутная зямля. Безліч разоў, з пачатку дзён, грукаталі па ёй калясніцы вайны. Але мы, дзеці Беларусі, ганарымся тым, што ў гэтых войнах яна ніколі, запамятайце гэта, ніколі не была агрэсарам. Іншая справа, што яна заўсёды мужна і да канца бараніла свой ачаг, сваю праўду і веру.

Памяць маёй зямлі аб гэтым і ў старадаўніх гарадзішчах, і ў курганах, пад якімі спяць яе абаронцы, у барвовых, быццам ад крыві, мурах замкаў, на палетках, дзе працавіты плуг часам выворвае каменную сякеру, меч або гільзы часоў апошняй вайны, у жальніках, на якіх гарэў калісьці агонь перад курганамі мудрых продкаў, і ў вечных агнях перад помнікамі салдатам, якіх мы яшчэ памятаем жывымі.

I, перш за ўсё, памяць маёй зямлі — гзта людзі і іх вечная, неўміручая праца. Араць палі, біць студні, расціць сады, плесці з каменя і дрэва карункі дзівосных будынкаў, спяваць нібы на адным дыханні (так, што, здаецца, спяваюць самі нівы і лясы) песні, складаць вершы, у якіх пяшчота пацалунка і суровасць удару мяча.

Таксама якасць нашай памяці: ніколі не аддзяляць сябе ад культуры і самаахвярна ствараць яе, якія б перашкоды ні ўставалі на шляху. Стварыць непаўторны фальклор і — яшчэ больш як тысячу гадоў таму — бібліятэкі і першымі ў свеце надрукаваць кнігу ў перакладзе на родную, беларускую мову. I не перарываць ані на год той стыхіі, плыні той вялікай ракі, якая валадарыць чалавечым сумленнем і душамі і якой імя — літаратура. Шанаваць памяць яе дзеячаў, ствараць на месцах, дзе яны нарадзіліся і дзе паэзія нарадзілася ў іхніх душах, запаведнікі — хай то будзе палац або звычайная бедная сялянская хата. I там, і там калыска можа нарадзіць Песню і Неўміручасць.

Няма такой сілы, каб годна апець рукі тыя, што ствараюць памяць у рэчах: наша чароўнае шкло і кераміку, тканіны і кафлі, рэчы з металу і скуры, непаўторныя старадаўнія жывапіс і скульптуру.

I дойлідства. Вясёлку Каложы, пабудаваныя са святла Камянецкую вежу і Спас-Ефрасінню, суровыя камяні замкаў — і адметную, тыпова беларускую готыку (Мір, Навагрудак). I барока, пышнае, як лотас, і класіцызм. I непаўторнае драўлянае дойлідства, роўнага якому цяжка знайсці. Тое, калі звычайная мужыцкая сякера можа паспрачацца з разцом Фідзія.

Ёсць і горкая памяць у маёй зямлі. Дый як іначай, калі кожны чацвёрты жыхар Беларусі загінуў у апошнюю вайну. А колькі па зямлі брацкіх магіл. Першай прыняла яна ўдары ворага і гераічна змагалася з ім, пакуль знішчальны каток вайны не перакаціўся за мяжу. Канцлагеры, дзе кожную хвіліну для кагосьці навекі згасаў свет, і шыбеніцы, і расстрэлы. I — у лясах — амаль чатырыста тысяч чалавек пад ружжом, якія да канца, часам цаною жыцця, адстойвалі ад ворага чысты водар Радзімы.

I жонка была гатовая аддаць мужа, а матка паслаць сына ў полымя. I пайсці за імі. На бой, на прарыў блакады.

Дзеля таго каб зберагчы ўсё тое, аб чым я ўжо казаў: волю, веру, спосаб мыслення, Бацькаўшчыну.

Каб спустошаная вайной краіна ажывілася працаю тых, хто выжыў і перамог, заззяла радасцю і святлом, заквітнела садамі і здзіўляла цудоўнымі будынкамі, зашумела нівамі, зазвінела адвечнай і неўміручай нашай песняй.

Яны, гэтыя мае сёстры і браты, біліся, каб зберагчы і пасля ўпрыгожыць маці нашу, зямлю.

Гэтыя азёры і нівы, сівыя пушчы і светлыя воды. Курганы продкаў, старадаўнія і новыя кнігі, песню сваю і слова, веды свае.

Усё, што за тысячагоддзі стварылі іх рукі, аж да камянёў сівых будынкаў.

Старадаўні прынцып, які прыйшоў аднекуль, але перафразаваны, навекі стаў нашым:

Людзям — душа,
Жыццё — свайму дому,
Сэрца — жанчыне,
Гонар — нікому.

Пранікніцеся любоўю да маёй роднай Беларусі, людзі. Велічная і гордая, яна таго вартая.

  1. Упершыню — як прадмова да кн.: Памяць зямлі беларускай. — Мн.: Беларусь, 1979.
  2. Перакладзена на рускую, англійскую, нямецкую, французскую і іспанскую мовы.
  3. Набор зроблены па выданні: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 8. Кн. 2. З жыццяпісу, нарысы, эсэ, публіцыстыка, постаці, крытычныя творы, інтэрв’ю, летапіс жыцця і творчасці. — Мн.: Маст. літ., 1991. — С. 170 — 172.