Госць прыходзіць на золкім світанні

I

Гадалка на барахольным рынку сама бачыла, што ўначы над горадам стаў чорны чалавек, доўга глядзеў на сіняга і чырвонага пеўняў, якія біліся ля яго ног, а потым схапіўся за спічастыя вежы касцёла і перавярнуў зямлю дагары нагамі. I стала цемра.

Многія верылі. Людзі ў горадзе зараз нічому ўжо не здзіўляліся. Цяжка было здзівіць тых, хто на працягу трох месяцаў з дня ў дзень назіраў за агоніяй вялікага і багатага места, цэнтра, сэрца.

Сэрца гэта палала. Спачатку немцы паспрабавалі гасіць пажар, але ў першую ж ноч шлангі, праведзеныя да ракі, аказаліся перарэзанымі. Агонь, пагашаны ўчора, у пэўным квартале, сёння, невядома якім чынам, зноў бухаў у паветра зыркімі языкамі.

Горад не хацеў жыць, не хацеў даваць ворагу прахалоды сваіх паркаў і цеплыні сваіх кватэр, не хацеў даваць вады — і таму канчаў самагубствам.

У ім не было ўжо чаму гарэць, але ён гарэў, гарэў з упартасці. I калі кастрычніцкія дажджы загасілі агонь — засталіся толькі фантасмагарычныя, знявечаныя, закураныя руіны, абураныя горы камення, тытанічныя брылы, што віселі на арматуры, фантастычныя замкі, пабудаваныя жорсткім дойлідам-агнём.

Усё было скончана.

Магчыма, ніхто не назіраў за гэтай агоніяй з большай цікаўнасцю, цікаўнасцю, споўненай болем і журбою, чым мастак Антось Доўгі. Жонку і сына ён паспеў эвакуіраваць, а тую машыну, на якой павінен быў ехаць сам, разбіла бомбаю на Маскоўскай шашы адразу за мяжой горада. Варожыя дэсанты былі ўжо на Бярозе-рацэ.

I вось ён тры месяцы хадзіў па горадзе, дзе толькі можна было. Ён ведаў яго, як ведае селянін сваё гумно, ведаў яшчэ з тых часоў, калі гэта быў захалусны губеранскі горад з пабірашкамі на саборным цвінтары.

Антосю было сорак тры гады. Яшчэ юнаком, які «падаваў надзеі», ён упрыгожваў вуліцы горада шчытамі з футурыстычна-рэвалюцыйнымі малюнкамі: чырвоны рабочы з вострымі каленьмі і локцямі разбіваў молатам усе чатырнаццаць гарадскіх цэркваў, пяць касцёлаў і семдзесят капліц.

Ад сваёй манеры Антось вельмі хутка адышоў, схіліўся нават да залішняй амаль акварэльнай мяккасці фарбаў, але тэма тых наіўных плакатаў назаўсёды засталася адной з галоўных у яго творчасці. Многія называлі яго мастаком-урбаністам.

У трыццаць другім годзе Доўгі здзівіў увесь горад выстаўкай сваіх карцін. На палотнах як жывыя паплылі перад наведвальнікамі асуджаныя на смерць куткі горада: халупы на ўскраіне, цяжкія, гнятучыя вежы былой базыліянскай царквы, бязвыхадная блытаніна вуліц і тупікоў Старога Месца. Гэта было так незвычайна, так арыгінальна зроблена, што нават тыя, якія штодня бачылі ўсё гэта, застывалі на месцы, уражаныя жалобнай прыгажосцю двароў, падобных на студні, вінтавых сходаў, тратуарных пліт, якія хавалі ў шчылінах бляклыя травінкі, скляненняў, што цяжка абапіраліся на слупы, падпёртыя кантрофорсамі. Антось ведаў, што архітэктура — душа чалавечая і таму не можа быць мёртвай. I гэтую душу старога горада ён схапіў жывою, так, што і дурны зразумеў бы, перанёс на палатно, усміхнуўся ёй любоўна і пракляў, каб не перашкаджала людзям жыць.

Акрамя гэтых карцін, на выстаўцы было яго пано, якое займала цэлую сцяну ў вялікім пакоі. Назва пано была: «Горад сонца».

У ранішнім сіняватым тумане, прасякнутым першымі мяккімі праменнямі сонца, паўставалі перад вачыма дзіўныя купалы, шпілі, вежы, шырокі разліў каланад, будынкі самай вычварнай і, адначасова, простай формы. Шкляныя вокны на ўсю сцяну, мармур, блакітны бетон, помнікі, звернутыя ў неба.

Самым дзіўным было тое, што гэта не была казка. Людзі ўгадвалі ў гэтай феерыі астраўкі, якія існавалі сёння. Бачылі карпусы механічнага, каланаду педінстытута, на фоне якой вымалёўваўся помнік Скарыне (яго яшчэ не было), нават некаторыя старыя будынкі, якія мастак пакінуў новым дням. Але і яны не вылучаліся з гэтай лазурна-сонечнай гармоніі.

Гэта была будучыня людзей, народжаных за дзвярыма, абабітымі цыратай, людзей, якія гулялі ў каменьчыкі на дне двара-студні і боўталіся ў смярдзючай вадзе гарадской рэчкі, пакуль ад сырасці ў іх не вырастала з некаторага месца вярба.

За гэта супрацьпастаўленне будучыні сённяшняму дню Антось не атрымаў у патыліцу. Нейкі моташна-сур’ёзны і нудна адукаваны малады пірат з наркамата культуры заявіў, што будучыня горада не Карбюзье, а значыць, зусім не агідная і падступная ерась Антося Доўгага.

Доўгі не мог абараняцца. Па-першае, ён не быў архітэктарам і яго спаймалі на чужой дзялянцы, па-другое, ён быў чалавек мяккі і нерашучы, з тыповымі абломаўскімі рысамі ў характары (мастацтва пад увагу не бярэм).

Таму, калі пірат пачаў прымушаць яго пакінуць на памяць сваю рэпутацыю ў выставачнай зале, Антось амаль адразу згадзіўся гэта зрабіць. Праз некалькі год яго назвалі б за гэта Тулягам, але тады славутая камедыя яшчэ не з’явілася ў свет. Таму ўсё пайшло ціха.

Пірат зусім выкінуў быў над галавою знішчанага чорны сцяг дазволенага разбою, які часам блытаюць з крытыкай, але заступілася грамадскасць.

Захапленне выстаўкаю было агульным.

Ніхто не ведаў толькі, чаго каштавала Антосю гэта захапленне публікі. Шэсць год працы, працы нястомнай, працы напружанай, працы такой, што сутарга скручвала пальцы, якія трымалі пэндзаль. I гэтага мала. Ён аблазіў увесь горад, ведаў усе яго падваротні, усе закуткі, усе пераходы і тупікі, усе сутарэнні. Таму так добра і атрымаўся, напрыклад, гэты від, дзе на чорным фоне праз акно сутарэння, праз яго вычварныя краты, ледзь малююцца ў закатным небе вежы ратушы.

Кожны свой аб’ект ён назіраў з сотні пунктаў, каб выбраць найлепшы, часам драпаючыся па дахах, як хлапчук. Каб хто спытаў яго, адкуль найлепшы від на званіцу царквы Парасковы, ён з закрытымі вачыма адбарабаніў бы: з гары дома нумар дваццаць чатыры па вуліцы Вароўскага. I прыбавіў бы: у сонечны дзень, калі галубоў ганяюць.

Пасля шасці год ніводны міліцыянер, ніводны хлопец з крымінальнага вышуку не ведаў так горад, як Доўгі. Таму, спыняючыся на выстаўцы перад якой-небудзь карцінай яго, людзі часам гаварылі:

— Няма ў нас гэтага.

Антось усміхаўся. Гэта было, толькі для гэтага трэба было адкінуць крышку люка і спусціцца ў ваду рэчкі, закаванай калісь у трубу, спусціцца з рызыкаю загнаць сабе ў нагу якую-небудзь іржавую шпільку.

Клалася на чорную ваду чырванавата-попельнае святло, навісалі скляпенні. Не хапала толькі Харона з чаўном, які вязе грэшную душу ў пекла.

Антось маляваў і іншае, але яго пераважна лічылі песняром горада.

Хутка прыйшла і слава, моцная, грунтоўная слава. Усе ведалі, што Доўгі — адзін з лепшых мастакоў саюза і бадай што лепшы каларыст у краіне.

I вось зараз усё гэта было разбурана. Астраўкі будучага «Горада сонца» сталі купаю брудных руін. I ўвесь горад быў суцэльнай руінай. Агнявы шквал адносна пашкадаваў толькі кварталы Старога Месца, што ляжалі ў нізіне. Ды і там замест паловы дамоў былі тло і смурод. Вуліцы Новага горада былі ў ямах, дамы стаялі па пояс у бітай цэгле.

I сам ён хадзіў па вуліцах, як Ерэмія, і глядзеў-глядзеў-глядзеў.

Ён не ведаў яшчэ, што ён будзе рабіць, але яму было ясна: нават калі нельга будзе адшукаць партызан, ён будзе сведкам гэтага разбурэння прыгажосці, ён дасць серыю малюнкаў, каляровых гравюр, пазней — карцін, у якіх раскажа свету яшчэ і пра гэта злачынства.

I ён умудрыўся працаваць. Дом, у якім ён жыў, быў амаль знішчаны блізкім выбухам вялікай бомбы. 3 яго кватэры застаўся адзін маленькі пакоік, у якім ён уласнаручна заклаў цаглінамі палову акна і паставіў буржуйку з жалезнай бочкі.

На той самай пляцоўцы засталіся яшчэ два пакоі, у якіх пасяліўся нейкі служачы ўправы з жонкаю і тры іхнія дачкі. Усё астатняе было нежылым, і ўсходы вялі проста ў хмарнае асенняе неба.

Ён працаваў. На шчасце, прылады часткова аберагліся. Трымаючы пэндзаль у калючых пальцах, хутаючы шыю ў стары шарф (па сценах у вялікі дождж сцякала вада), ён спяшаўся ўвасобіць усё, што бачыў на вуліцах.

Дзіўна, але манера ягоная зноў змянілася. Магчыма, прычынаю таму быў паспех, магчыма, проста нельга было адлюстраваць гэты зусім новы, страшны горад, — тым, мяккім, поўным святла, чым было яго мастацтва раней. «Сфумата» — дымка — вельмі пасуе партрэту Джыяконды, але для перадачы пажару горада не да месца, як выпіўка з гамерычным рогатам каля ложка паміраючага. Новыя яго работы былі больш фантастычнымі, — строгі густ сказаў бы: «больш вычварнымі», — у іх з’явілася смелая і арыгінальная сімволіка.

Вось на фоне дымна-чырвонага асенняга неба вымалёўваецца ўламак дома, таго, што відзён з акна. Ён вельмі падобны на выветраны слуп горнай пароды, але, напэўна, толькі яго вока заўважыла, што з аднаго боку ён нагадвае жанчыну-плакальшчыцу на каленях. Галава схілена, рукі (іх аддзяляе глыбокая расколіна) ляглі на твар, цень ляжыць у выбоіне, быццам косы рассыпаліся на плечы.

Называецца «Плач».

Вось сабака, пужліва азіраючыся, п’е ваду з уламка водаправоднай трубы; другі — капае сабе лапамі сховішча.

Называецца «Новае жыццё».

А вось зусім фантастычна: абгарэлы крыж вялізнага дрэва ва ўнутраным двары разбуранага дома. Ад дома засталіся амаль па кругу ўламкі, падобныя на выкрышаныя зубы, — яны значна ніжэй дрэва.

Называецца «Модлы руін».

Невядома, чым ён жыў усе гэтыя месяцы. Спачатку былі рэчы і іх мяняла для яго самотная бабуля, што жыла на ўскраіне. Харчы дзялілі папалам. Пасля рэчаў не было, а ён усё ж жыў, нават навучыўся добра разбірацца ў каменных джунглях горада.

II

Хутка з ім здарылася непрыемнасць: усіх асоб вольнай прафесіі, якія выпадкова засталіся ў горадзе, паспрабавалі «мабілізаваць». Ва ўправе Доўгаму толькі тым і ўдалося адкараскацца, што ён паказаў свае рукі, дрыжачыя ад прафесіянальнай сутаргі, з чырвонымі распухлымі суглобамі.

— Бачыце? Сутаргі і раматус… Пакой зусім сыры…

— Дадзім новы, сухі. Для такога мастака нічога не пашкадуем. Можам і ў Германію накіраваць жыць. Там спакойна. Вілу дамо.

— Не дапаможа. Я кончаны як мастак… Інвалід. I памерці хачу на радзіме.

Яны ў той час яшчэ трохі ліберальнічалі з мясцовым насельніцтвам, і некаторыя тэарэтыкі нават казалі, што для беларусаў, вядома, пасля руплівага, дбайнага і дакладнага вывучэння справы, магчыма, варта было б зрабіць выключэнне, адрозніць іх ад усіх іншых славян, зрабіць, так бы мовіць, «славянскімі арыйцамі». (Як быццам тыя згадзіліся б быць «арыйцамі» за кошт сваіх братоў.)

Таму Антося не ўзялі, толькі cтаршыня ўправы паглядзеў на яго вільготнымі мігдалевіднымі вачыма і сказаў з дакорам і невыразнай пагрозай:

— Мы не прымушаем вас, але думаем… вы яшчэ пашкадуеце. Глядзіце…

Хутка «славянскія арыйцы» пакінулі глядзець сваімі блакітнымі вачыма ў вочы жонак і пачалі непрыемна часта глядзець гэтымі вачыма на прыцэлы трафейных аўтаматаў. Пачалі лётаць у паветры колы цягнікоў. Уражаныя такой няўдзячнасцю, акупанты пачалі ва ўдвая большай колькасці паліць вёскі, а «арыйцы», якіх ледзь не ашчаслівілі такім прызнаннем іхніх заслуг, — здымаць з веялак колы, а з танкаў, пакінутых за непатрэбнасцю, гарматы, ставіць гарматы на вышэйпамянёныя колы і гахаць з гэтых гармат па сваіх дабрадзеях.

Так яно ўсё колам і пайшло.

Пра мастакоў у гэтых непрыемных абставінах, вядома, забылі. Таму Антось спакойна дажыў да дажджлівых і чорных лістападаўскіх начэй другой ваеннай восені.

Ён быў нават шчаслівы тым незразумелым шчасцем галоднага і халоднага мастака, які робіць патрэбную справу і больш чым калі-небудзь адчувае сябе змагаром за душу людскую, каб не адсутнасць сувязі з партызанамі і не тое, што некалькі раз ён заўважаў: за ім пільна сочаць. Відаць, падазронымі здаваліся яго бясконцыя блуканні па горадзе і тое, што ён адмовіўся тады выехаць у Германію.

А Антось зрабіўся такі нахабны, што прабіраўся нават у самы страшны раён горада: гета. Тое, што ён пабачыў там, толькі замацавала яго ўстойлівую і пагрозліва-спакойную нянавісць. Ён дапускаў, што ў начальніка другога ўчастка аховы парадку ў гета і ва ўсіх ахоўнікаў могуць быць асабістыя прычыны на нелюбоў да яўрэяў, але асабістыя прычыны зусім не падстава для знішчэння многіх тысяч людзей.

Больш за ўсё абражала яго не жорсткасць гэтага, а нейкая асаблівая, разлічаная подласць, на якую часам бывае здатны чалавек. Грошы на пабудову гета і на ўтрыманне юдэнрата былі ўзятыя з саміх яўрэяў у колькасці трыццаці тысяч чырвонцаў. За гэта ім дазволілі насіць на рукаве жоўты круг з зоркаю — «могн довід».

I асабліва брыдкім было тое, што нават камісарскі старшыня юдэнрата быў з яўрэяў і размаўляў цалкам спакойна з людзьмі, якія насілі сталёвыя каскі з мёртвай галавою і бляху ў выглядзе паўмесяца на шыі.

Часам Антосю хацелася закрычаць:

— Ды што ж вы, сволачы, глядзіце. Біце яго. Калі ў авечкі вырастаюць ваўчыныя зубы — яна горш за ваўка.

Яго здзіўляла абыякавая пакорлівасць гэтых людзей. Але дапамагчы ім ён не мог. Ён мог толькі рызыкаваць. I таму ў страшныя дні, калі пасля начных «акцый» у гета разгарнулася чатырохдзённая бойня, — адзіным сведкам яе быў Доўгі. Ён сядзеў на гары дома над плошчаю, на якой рабілася агіднасць, і калеючымі пальцамі рабіў замалёўкі ў блакноце. Ён ведаў, што калі-небудзь гэтыя штрыхі будуць лямантаваць аб злачынстве галосней за стрэлы.

Пасля ён доўга плакаў, плакаў не над знішчанымі, а над уніжэннем чалавечым, над тым, што чалавека можна давесці да такога асвінення.

I гэтымі ўнутранымі слязьмі плакала яго душа і праз тры дні пасля бойні, калі здарыўся пералом у яго жыцці.

III

Была ноч, тая асаблівая, бязлітасная ноч, якая бывае толькі позняй восенню ў знішчаным і цёмным горадзе. Набліжаўся золкі і пахмурны світанак, і, як заўсёды, ад гэтага было асабліва цёмна. Антось толькі што скончыў чарговую работу і з жахам думаў пра тое, што давядзецца класціся ў халодны, як магіла, ложак і саграваць яго ўласнай цеплынёю, калі ў дзверы нехта пастукаў, пастукаў даволі гучна. Гэта было само па сабе непрыемна: сябры ў той час не стукалі, а скрабліся. Адначасова недзе за кутом заспяваў, забурчэў матор машыны.

Антось спрактыкавана адзначыў: «Ваенная».

На дзвярах у яго была толькі адна засаўка, і калі ён бязгучна адхінуў яе, ён пабачыў у цемры пляцоўкі, зусім блізка ад сябе, цёмны твар, на якім насцярожана паблісквалі маціцовыя бялкі вачэй. Чалавек маўчаў.

— Вы хто такі?

У адказ чалавек прасунуў нагу ў дзверы і павольна пераліўся праз парог.

— Вы мастак Антось Доўгі?

— Так, я Антось Доўгі. Чаго вам трэба?

Невядомы азірнуўся і, нахіліўшыся да вуха прыгаломшанага Антося, таямніча шапнуў:

— Да вас госць… з мірскага наваколля.

Антось перасмыкнуў плячыма:

— Гасцям заўсёды рад. Але я ніколі не быў у наваколлі Міра. I наогул, не разумею…

— А вы зразумейце, — пераконваючы, сказаў чалавек. — Я да вас ад Кандрата.

— Не ведаю ніякага Кандрата.

— Езус-Марыя, — сказаў госць, — нашто вам гэта трэба. Не будзеце ж вы маніць, не будзеце ж вы казаць, што да вас не зайшоў тыдзень таму назад наш чалавек і не папярэдзіў вас, што я зайду, не перадаў вам мой пароль, гэты самы.

— Ніхто мне нічога не перадаваў, — раззлаваўся Антось. — Ніякога чалавека я не ведаю. Што за лухта!

— Ціха, ціха, пане Антось. Гэты чалавек — ваш знаёмы, з партызанскага атрада. Яго завуць Васіль Лабацэвіч. Ён таксама мастак.

У адказ Антось апусціў папяровую штору і запаліў нямецкі парафінавы каганец.

— Хадзем за мною, — сказаў ён спакойна. — Я ведаю Лабацэвіча. Сядайце тут.

Калі магчыма падзяліць людзей на групы, то начны госць Доўгага ўвайшоў бы ў групу «мітуслівых». Ён мітусіўся, нават седзячы на месцы. Не паспеў ён сесці, як адразу ўскочыў і падбег да эскізаў:

— Авой, якія сабакі! Гэта тут, у руінах? Так? А гэта! Ай-я-яй, якія брылы вісяць. Як цікава! Гэта дзе? Гэта на месцы оперы? Так-так. А Хрыстос, бацюхны мае, які! Гэта іх расстрэльваюць? I ён з імі? А гэта дзе?.. Так-так.

Яго бялявае, як смятана, аблічча аж маслілася ад задавальнення. Тоўстыя вусны прыцмоквалі. Антосю даводзілася бачыць на даваеннай сцэне артыстаў, якія дрэнна ведалі беларускую мову, а ігралі кандовых сялян у «Паўлінцы» і ў «Салаўі». Гэты быў падобны на іх і таму зусім не сімпатычны тып. Ён, як яны, падкрэслена «дзэкаў», але «у» кароткае яму не давалася, і замест яго вымаўляў нешта падобнае на польскае «l». Нягледзячы на някепскі запас слоў і падкрэсленую літаратурнасць вымаўлення — чужы, неўласцівы беларускаму чалавеку акцэнт адчуваўся ў яго мове, адчуваўся глыбока-глыбока. I ён падкрэслена жагнаўся пяццю пальцамі, што было зусім ненатуральна ў сорак першым годзе, калі не жагнаўся амаль ніхто, акрамя бабуль, а імя Божае вымаўлялі ўжо хіба толькі ў складанай мацернай лаянцы.

Нарэшце ён супакоіўся, сеў. Хітра бліснулі яго шырокія вочы.

— А я чуў, што вы кінулі працаваць. Аж вы унь колькі нарабілі. Давядзецца і гэта ўзяць з сабою.

— Куды? — непаразумела спытаў Доўгі.

— У партызанскі атрад… разам з вамі. Мяне прыслалі па вас. Я думаю, вы даўно хацелі гэтага? Ёсць спецыяльная пастанова нашай партыйнай ячэйкі, каб вывезці славутага мастака і даць яму магчымасць пісаць.

Антось неяк падсвядома адзначыў у памяці архаічнае, састарэлае слова «ячэйка», але яго цікавіла зусім другое. Ён не адказаў на запытанне, ён спытаў сам:

- А куды ж падзеўся Лабацэвіч?

Чалавек пачухаў патыліцу:

— I д’ябла яго ведае. Тыдзень таму даслалі яго ў горад. Няўжо ён не прыйшоў? Х-ах, як непрыемна!

— А ён да гэтага ў атрадзе быў?

— Ну як жа ж. Вядома. Такі добры хлопец.

— Гэта які Лабацэвіч, — рэзка спытаў Антось, — гэта той, тоўсты?

— Угу.

— I з чорнымі вачыма?

— А чаму вас гэта так цікавіць? — насцярожана бліснуў на Антося вачыма чалавек. — Вы лепей павінны ведаць. Я… мала ведаю тое падраздзяленне, адкуль ён быў. Я… амаль не ведаю яго ў твар.

- Добра, — халодна сказаў Антось.

У гэтую хвіліну ён ужо ведаў, што яго хочуць зрабіць ахвярай нахабнай і бессаромнай правакацыі. I не таму, што ў слове гэтага чалавека выразна адчуваўся чужы, нямецкі — так, нямецкі, ён цяпер быў упэўнены ў гэтым, — акцэнт, і не таму, што ён прыйшоў з нейкім дурным паролем, і не таму, што чалавек гэты быў маласімпатычны і верз лухту, і нават не таму, што ён так натуральна жагнаўся.

Ён быў упэўнены ў гэтым таму, што Лабацэвіча ён, Антось, сам выправіў разам з сям’ёю ў тыл, таму, што Лабацэвіч паспяхова дабраўся да Масквы, таму, што Лабацэвіч хварэў на сухоты і на вайну яго ўзяць не маглі. А гэты ёлуп, не разабраўшыся добра, не ведаючы нават аблічча Васіля, імем маладога друга, правацыраваць яго, Антося? Не, любы, партызан знойдзем без дапамогі гестапа.

Васіль, Васіль, малады дружа, такі лабасты, такі кучаравы — цудоўны лірык, лепшы пейзажыст рэспублікі, у якую брудную кашу яны хочуць затаўчы тваё імя?

На хвіліну Антось раззлаваўся, як заўсёды злуецца разумны чалавек, калі яго лічаць за дурня і імкнуцца, зусім па-дзіцячы, падлавіць на пусты кручок.

«Не маглі прыслаць лепшага правакатара, — злосна падумаў ён. — Каб мову ведаў добра, каб разбіраўся ў душы людзей гэтай зямлі, каб ведаў нашы звычаі. Такому дурню толькі дурань і можа паверыць. I вярзе адну лухту».

Але ўжо ў наступную хвіліну ён зразумеў недарэчнасць сваёй злосці і замест яе з’явіўся роздум: што рабіць зараз, як выкруціцца з непрыемнага становішча. Згадзіцца — у вокамгненне апынешся разам з карцінамі ў адным вельмі непрыемным асабняку, а адтуль прамы шлях па гасцінцы, за драты.

I гэта не раней, як знявечаць у вышэйпамянёным будынку. Або нават проста будзеш боўтацца ў кажамякі на шастку перад гістарычным будынкам ратушы. Прагнаць з кватэры — усё адно канец. Гэта правакацыя, ім трэба ўтапіць яго, а для гэтага прычына падыходзіць. Гэты мярзотнік, што засяроджана глядзіць на «Модлы руін», проста адсюль накіруецца ў той самы будынак, і праз гадзіну Антося пацягнуць да Ісуса за тое, што ён, Антось, не данёс на «партызана», які прыходзіў да яго і якога нібыта прасачылі да самых дзвярэй. Трэба ўцякаць. Але часу на гэта і на тое, каб схаваць карціны, яму не дадуць. Як выгадаць час, хоць адны суткі?

Твар Антося, грубаваты і кашчавы, з вельмі густымі і чорнымі бровамі, быў непарушальна-абыякавы, і толькі па дрыжачым левым павеку можна было здагадацца, якая цяжкая дума мучае яго.

— Ці нельга будзе даць дзень адтэрміноўкі? — спытаў ён. — Я павінен зрабіць тое-сёе.

— Нельга, — з незразумелай, настойлівай ласкавасцю сказаў чалавек, — у нас няма часу.

— Та-ак, — працягнуў Антось. Ён ведаў: адтэрміноўкі не будзе.

А чалавек раптам спытаў:

— Вы не ведаеце часам, ці не застаўся ў горадзе яшчэ нехта з мастакоў, каму патрэбна дапамагчы? Іх так цяжка адшукаць.

- Не, не ведаю, — суха кінуў Антось.

Ён не мог устрымацца ад падазронай непрыязнасці і варожасці да гэтага чалавека.

«Нюхае, падла», — злосна падумаў ён.

А чалавек даў яшчэ адно недарэчнае пытанне:

— Можа, у вас яшчэ ёсць нешта схаванае? Калі ёсць зброя — бярыце. Які-небудзь там хаця… наган. Гэта карысна.

«Вядома, карысна, — падумаў Антось, — толькі для каго. Гэта будзе не проста спроба ўцячы ў лес, а захаванне зброі. За гэта з усіх навакольных кварталаў, з усіх жыхароў пячонкі выцягнуць».

Бліскавічная думка асяніла яго.

— Пачакайце тут, я зараз.

I, спакойна адхінуўшы занавеску, выйшаў у маленькі калідорчык. Справай хвіліны было прайсці адтуль у суседні разбіты пакой і, па разваленых чорных сходах (Антось быў спрытны, як котка), спусціцца ў ніжні паверх дома, таксама разбіты. Там ён бязважкімі, як у самнамбула, крокамі прайшоў па купах бітай цэглы і спыніўся за ўламкам мура.

Поруч быў парадны ганак яго дома, і тое, што ён пабачыў за ім, зусім не здзівіла яго.

Трохі наводдаль, хаваючыся ў цемры, распрасталася доўгая цёмная машына, а ля параднага стаялі тры нерухомыя постаці.

— Зараз ужо хутка, — сказала адна постаць па-нямецку.

— Закурым, Гельмут? — азваўся прыемны хрыпаты бас.

Чыркнула запальніца. Немцы яшчэ не вельмі трымаліся правіл светамаскіроўкі. Мігатлівы агеньчык асвятліў на хвіліну бляху фельдпаліцая, пасля адзін гестапаўскі пагон, пасля чыйсьці твар з рэзкімі ценямі ля носа.

Антось аж закалаціўся ад халоднай ярасці.

«Па маю душу прыехалі. Нават не хаваюцца. І машына, бач, распласталася, як жаба. Ну не, няма дурных. І размаўляюць голасна. Гаспадары… упэўненыя… на дурасць нашу спадзяюцца».

Можна было б уцячы, але ў кватэры засталіся карціны, плён гэтых жахлівых месяцаў. Усё рабілася нявартым без іх: голад, штодзённая небяспека, вылазкі ў горад і гета.

А голас гулліва сказаў:

- А птушка ў гняздочку.

І яны засмяяліся.

Антось зразумеў з поўнай яснасцю, што яму трэба рабіць. Вы думалі спаймаць мяне, а спаймаю вас я, пасмяюся над вамі я.

— Ніхт шыс’н. Іх бін камрад.

Яны не выявілі здзіўлення, калі Антось расказаў ім усё. Але ён мог бы пабажыцца, што пабачыў на твары фельдпаліцая выраз прыкрасці і расчаравання.

Калі ён вярнуўся ў пакой, чалавек сядзеў ля самаробнага мальберта і, сцягнуўшы пакрывала, разглядаў чарнавы накід «Загібелі горада»: агонь, які сцелецца па зямлі, палаючыя галавешкі, што птушкамі ляцяць кудысь, чорная мітусяніна людзей на пераправе.

— А яны за такое не пахваляць. — І ён абвёў рукою накіды і малюнкі, нагрувапічаныя ў найбольш сухім кутку.

— Якая мне справа, — буркнуў Антось. — Я фатограф жыцця.

Дапытлівая дзіўная ўсмешачка блукала на тлустых губах начнога госця. Антось не мог утрымацца, такая гэта была неталенавітая правакацыя, такое відавочнае жаданне коткі пагуляць са спайманай мышшу.

— Неабдараваны вы чалавек. І справу ведзяцё бяздарна. Начальства — яно за гэта не пахваліць.

І накінуў зноў пакрывала. Чалавек са здзіўленнем глянуў на яго. Ён стаяў спіною да дзвярэй у той момант, калі яны адчыніліся. Наступнае адбывалася, можа, якую долю хвіліны і зроблена было па-майстэрску: дзве рукі на запясцях начнога госця, дзве рукі на локцях, лёгкі штуршок у локці, і вось постаць яго сагнулася наперад, павісла, як на прэнчу. Доўгі не заўважыў і ценю здзіўлення на яго твары, калі руля «вальтэра» ўціснулася госцю паміж лапатак.

— Марш!

— Не чапайце мяне, не буду скардзіцца, — агрызнуўся арыштаваны.

У адказ ss-ман злёгку штурхнуў яго нагою пад жыжыкі, і той, нахіліўшыся, як быццам яго ванітавала, выплыў разам з канваірам у цемру пляцоўкі.

Другі афіцэр скінуў з мальберта пакрывала. У вачах яго загарэлася амаль пяшчотнае захапленне, веі павільгатнелі.

— О-о! Прыма.

Антось чуў, як яны спускаюцца па сходах. Вось адпусцілі, напэўна, рукі, вось сядаюць у машыну. Роў матора. Зараз нехта з іх дасць няўдаламу Відоку поўху — за дурасць.

Ён усміхнуўся і закрыў вочы. Трэба было ўцякаць.

IV

І ўсё ж яму не ўдалося ўцячы. Два дні ён рыхтаваў схованку эскізаў, малюнкаў і накідаў, а на трэці дзень за ім прыехалі на доўгай чорнай машыне.

Пасярэдзіне галоўнай вуліцы быў расчышчаны ад цэглы толькі вузкі праезд для машын, і Доўгі здзіўляўся, чаму ўсе машыны, нават плямістыя ваенныя, нават белыя штабныя даюць ім дарогу. Ён азірнуўся. Поруч з ім, як ідал, застыў чалавек у цывільным. Ля яго ног сядзеў вялізны сабака-сышчык і глядзеў на Антося чалавечымі вачыма. Антось быў упэўнены, што яго заарыштавалі, і, калі машына пад’язджала да вялікай каробкі чатырохпавярховага дома, паклаў руку на ручку дзверцаў.

— Но, без глупстваў! — на чысцейшай беларускай мове сказаў ідал.

І ў той самы момант сабака пазяхнуў, адкрыўшы вялізную барвяна-ружовую зяпу і белыя, як снег, зубы.

У глыбіні зяпы сладастрасна дрыжэў, завіваючыся ў канцы, вузкі ружовы язык.

Антось зразумеў, што спробы ўцячы будуць дарэмнымі. Машына, набіраючы хуткасць, вылецела на адну з параўнаўча цэлых вуліц (асобныя будынкі стаялі на ёй, як зубы на выкрышанай сківіцы старога чалавека) і спынілася каля трохпавярховага асабняка, пафарбаванага прыемнай ружовай фарбай.

Калі б Антось мог прадбачыць, што праз год гэты асабнячок будуць паспешна перафарбоўваць у шэры з цёмнымі пісягамі колер, што яшчэ праз некаторы час гэты асабняк выплюне на брук шкло са сваіх вокан і кавалкі мяса са сваіх пакояў — ён бы разрагатаўся, але цяпер яму зусім не было смешна.

На ганку, дзе замерлі два вартавых з сабакамі, Антось пабачыў пад нагамі мазаічны надпіс: «Калі ласка», і жорсткая іронія гэтага прывітання прымусіла яго ўсміхнуцца.

Яго правялі проста ў зімовы сад. Магутныя пальмы з калматымі ліпкімі стваламі падпіралі шкляны дах вялізнага пакоя. Дзень выпагадзіўся, і вясёлае сонца скакала зайчыкамі па белых сценах, па дрэнных карцінах на іх, купалася праменнямі ў вялізнай чашы вадамёта. Антось сеў і стаў чакаць.

Чалавек з’явіўся з-за пальмаў такой нячутнай хадою — быццам мяккія падушачкі былі на яго пятках, — што Антось здрыгануўся.

- Дзень добры, шаноўны пане Доўгі.

І голас яго быў журлівы, мяккі.

— Вы прабачце, я яшчэ дрэнна размаўляю па-руску. Але нічога. Я сяк-так па-руску, вы так-сяк па-нямецку. Згаварымся, дамовімся неяк.

Антось зразумеў, што перад ім нейкая вялікая шышка — столькі ўпэўненай, хоць і мяккай уладнасці было ў манерах чалавека. Цывільны касцюм з велымі дарагой пяшчотнай шэрай тканіны мяккімі складкамі аблягаў круглявыя формы гаспадара.

Быў ён невысокі, даволі кругленькі, ладны, на мяккім твары як прыклееная сядзела самая лагодная, самая дабрадушная ўсмешка. І шэрыя вочкі масліліся пад вялікімі верхнімі павекамі. І ружовыя губкі былі складзены ў курыную дупку.

Нават кароткія валасы на галаве былі нейкія плюшавыя, мяккія.

«Аксамітны кот», — падумаў Доўгі.

Ён бы зусім не здзівіўся, калі б гэты чалавек, сустрэўшы сабаку, чуйдух пабег ад яго і залез на дрэва.

Гаспадар пяшчотна глядзеў на яго, схіліўшы трохі ўбок галаву.

Яны не паспелі праседзець так і хвіліны, калі за спіною Антося з’явіўся хударлявы сівы чалавек у форме палкоўніка.

— Прабачце, дарагі пане Доўгі, — узвёўся гаспадар, паважна беручы з рук палкоўніка доўгі жоўты канверт, — я не больш як на пяць хвілін.

Яны ўдвух адышлі ў нішу. Аксамітны кот сеў і адчыніў канверт. Да Антося даляталі ўрыўкі размовы. Гаварыў гаспадар, а палкоўнік стаяў перад ім навыцяжку.

— Ён што, здурэў, гэтая старая пясочніца… Дзікая ідэя.

— Але прабачце…

— Я, любы мой, не жадаю гэтага… І досыць.

— Але гэта не ў маіх сілах. Вы можаце пагаварыць толькі асабіста з фюрэрам.

— А што, любенькі мой. І зраблю. Пана Гімлера мучаюць газы (палкоўнік толькі зажмурыўся ад жаху), але гэта яшчэ не прычына, каб ён сарваў мне мой план. Ён забывае, што не аднаму яму дадзена права ўваходу без даклада.

— Так і адказаць?

— Так і адкажыце.

— Дазвольце ісці.

— Можаце… I, дарэчы, любы мой, ніколі не душыцеся гэтай брыдкасцю. У вашага шэфа дрэнныя, мужыцкія густы, але ён можа сабе гэта дазволіць. А вам трэба рабіць далей кар’еру. Я асабіста рэкамендую вам «Свежае сена»: прыстойны, сапраўды мужскі пах. Гэта, ведаеце, неяк узвышае чалавека ў вачах начальства. Начальства кажа сабе: «Вось прыстойны чалавек, ад яго прыемна пахне, у роце яго ўсе зубы здаровыя — значыцца, і страўнік працуе добра, а людзі, у якіх добра працуе страўнік, не выпешчваюць у душы падступных і здрадніцкіх намераў…» Ну добра, любы, можаце ісці.

І зноў падсеў да Доўгага.

— Гады бягуць, пан Доўгі. Калісьці і я бравіраваў тым, што сядзеў у кабаках і піў дрэнны шварцбір. Але час бяжыць, і сталасць хоча яснасці і прыгажосці. Я не кажу пра майго старога добрага Шыкльгрубера — ён заўсёды быў трохі істэрычнай ад артыстызму натурай, але хто мог бы думаць, што хрыпатая туша Герынг (я яму заўсёды раю змяніць прозвішча) знойдзе ў сваёй душы іскру Божую і будзе калекцыяніраваць карціны і купіць нават тры вашых пейзажы. І нават стары тхор Генрых не толькі кіруе сакрэтнай службай… Яму не пасуе роля мецэната. У яго бегаюць вочы і няма падбародка.

- У чым справа? — насмеліўся спытаць Доўгі.

Аксамітны кот пачамкаў губамі.

— Мы павінны быць вельмі ўдзячнымі вам, пан Доўгі. Мне асабіста вы вярнулі веру ў ваш народ. Вушы яго не закрыты для Дабра, калі найлепшы яго мастак такі добранамерны. Ведаеце, бандыцкі элемент пачынае набіраць сілу… Нават у самым горадзе. Напрыклад, — вам я магу сказаць гэта, — тыдні паўтара таму мы перахапілі на Слабадзе аднаго з іх. Імя — Васіль Лабацэвіч. Мы ведалі, што ён пойдзе па нейкай справе ў горад, ведалі ад чалавека, з якім яны пераходзілі лінію фронту… Бандамі кіруюць адтуль. Гэты Лабацэвіч, на жаль, таксама мастак — вы, напэўна, яго ведалі. Добра, што хоць той, з кім ён ішоў, быў наш.

— Я ведаў яго, — годна сказаў Антось, — гэта быў надзвычай таленавіты чалавек.

— І такі малады. Шкада. Ён кінуў гранату «Ф-1», яна адна пры ім і была. Узялі яго параненага і сплываючага крывёй. Памёр у шпіталі, і не ад ран, а ад кровахаркання. Скрыў ад начальства, што ў яго сухоты… У многіх славян незразумелыя душы. За што яму было паміраць? За камісараў?

Спрачацца з ім было марнай справай, і таму Антось сказаў толькі:

— А можа, проста за радзіму.

— Магчыма, — згадзіўся гаспадар, — але ж вы таксама любіце сваю радзіму. А самі зрабілі зусім не так, як той. Вышэйшай дабрачыннасцю народа і асобы заўсёды было: падкарацца. Так у вас, так і ў нас. Усё гэта дастаткова брыдка, але ў нас лепей. У нас асоба мае перад сабою большы абшар. — Антось ад раптоўнай здагадкі абліўся халодным ліпкім потам. Ягоны госць таксама казаў нешта пра прыход да яго Васіля Лабацэвіча. Няўжо?!

Як з туману даплылі да яго словы аксамітнага ката:

— Вы вярнулі мне веру… вы добра зрабілі, што перадалі ўладам гэтага чалавека, які з’явіўся да вас. Заўзяты нягоднік. Сам ён беларус з Латгаліі, нават чыста размаўляць па-беларуску не можа, жыў да саракавога года пад эгідай Ульманіса, а такая, бачыце, цаца, крычыць пра Беларусь, пра крумкачоў, якія катуюць яе. Галоўны крумкач горада і вобласці, відаць, я. А які я крумкач? Я хутчэй на маржа падобны.

Памаўчаў і прыбавіў:

— I, галоўнае, у Бога верыць. Шчыры каталік. Я раней думаў, што яны, акрамя Бога, нічога не заўважаюць. А цяпер бачу, што іхні езуітызм штука вельмі шырокая. І камуністы сярод іх ёсць і нашы.

— Вашы хлопцы малайцы, — сказаў раптам Антось, — узялі яго спрытна.

Думкі яго мітусіліся. Гучна стукала ў скроні кроў, і ён сказаў гэта толькі, каб сказаць нешта, каб была адтэрміноўка, каб сабрацца з думкамі.

Аксамітны кот усміхнуўся сваім думкам.

— Дарэчы, яны на вас трохі злуюцца: вы сапсавалі ім астатак ночы. Скажу вам па сакрэту: у вашага суседа ёсць тры цудоўныя дачкі, і яны м-м… з некаторай прыхільнасцю прымаюць залёты чароўных маладых шалапутаў. Гэтыя вісусы якраз чакалі з машынаю, пакуль птушкі вылетуць з гняздзечка. Тут вы і сапсавалі ім усю музыку.

У Антося пабеглі па спіне мурашкі, сцюдзёны холад папоўз аднекуль з грудзей у ніз жывата і застаўся там, пакутлівы і страшны.

— Што зрабілі з гэтым чалавекам? — здранцвелымі вуснамі спытаў ён.

— Павесілі, — спакойна сказаў гаспадар і прыбавіў: — На жаль, ён маўчаў, як рыба. Вам трэба было згадзіцца пайсці з ім, каб пасля ўсіх вымесці пад мятлу. Але я вас не вінавачу. Калі сумленнаму і гарачаму чалавеку прапаноўваць такое — ён дае волю першаму імпульсу.

І раптам пажвавеў, захапіўшыся нейкай ідэяй.

— А мы зробім вось што. Мой Гельмут вялікі аматар кіно. Сам робіць здымкі. Я яшчэ папікнуў яго, што ён здымае найбольш узрушваючыя сцэны гэтага допыту. Цяпер бачу, што дарэмна. Пройдзем да яго, гэта тут, поруч.

І ласкавым старэчым рухам узяў Доўгага пад руку.

Пакуль афіцэр з асабістай аховы рыхтаваў усе прылады, пакуль расцягвалі на сцяне палатно, Доўгі сядзеў з закрытымі вачыма і, толькі калі засакатаў апарат і да экрана пацягнуўся дымны конус святла, адкрыў іх. Ён глядзеў на экран з прагнасцю, ён хацеў упэўніцца ў тым, што ўсё гэта страшны сон, што яго правацыравалі.

І ён зноў пабачыў твар свайго старога знаёмага і заўважыў, што ён зусім не непрыемны. Звычайны пухлы вясковы твар. Такіх многа на поўначы Беларусі. Магчыма, новае ўражанне з’явілася ў яго сэрцы таму, што твар начнога госця быў асветлены нейкай дзіўнай унутранай годнасцю. А пяшчотны голас шаптаў над вухам Антося:

— Вось яго прывялі… На пытанні аб прозвішчы адказаў. Абазваў нас гогам і магогам і яшчэ казалупамі… А вось яшчэ…

Кадры былі цьмяныя, невыразныя. Антось бачыў, як бязгучна рухаліся вусны чалавека і тых, што яго дапытвалі. Усміхаюцца, ашчэрваюцца… Якога д’ябла ён здаўся яму несімпатычным? Хіба мала ёсць людзей, у якіх морда авечая, а душа чалавечая?.. Зноў бязгучна размаўляюць, зноў бязгучна крычаць… Гэта страшна, як у недарэчным сне. Матухна, ратуй мяне, няўжо я зрабіў непапраўнае!!!

— Хлопцы пагарачыліся. Але што рабіць? Такая агідная фанабэрыстая пагарда. Сказалі яму, як ён трапіў да нас, — толькі плюнуў. І з гэтага моманту зусім перастаў адказваць.

А перад Антосем плылі і плылі кадры, адзін агідней за другі. На працягу дваццаці хвілін на яго вачах з соннага цельпукаватага чалавека зрабілі тое, чаму не было назвы на чалавечай мове. Сціснуўшы зубы, каб не залаяць, Антось учапіўся рукамі ў крэсла. Божа мой, што з ім рабілі, што з ім толькі рабілі! І гэта была праўда, ён зараз ведаў гэта. І хваля агіды да сябе, такое агіды, што страшней за смерць, заліла ўсю істоту Доўгага.

— Бачыце, нічога не дабіліся. Вырашылі спісаць. І чаго, дурань такі, лез на ражон? Што даказаў?

Антось пабачыў грузавік пад шыбеніцай, пасля — буйным планам — твар чалавека, знявечаны, але абмыты дзеля такой прыгоды ад крыві. І вакол людзі, прыстойныя, рэспектабельныя людзі. Шмат нядрэнных на твар. Няўжо яны не разумеюць, што тры тысячы год чалавек просіць аб адным: каб адчапіліся, каб далі яму магчымасць рабіць і есці хлеб, кахаць жанчын, расціць дзяцей. Не адчэпяцца. Хіба яны такія?!

— Бачыце, адмовіўся ад ксяндза. Сказаў, што калі і ён з намі, дык яму таямніцу споведзі парушыць, як дзіцёнка зрабіць, — лёгка.

І раптам на твары чалавека на экране Антось пабачыў усмешку, такую ясную, такую чалавечую ўсмешку, такую абазнаную і глыбокую і пагардлівую, што свет закруціўся перад яго вачыма.

Грузавік паехаў, і цела, інстынктыўна чапляючыся за край пляцоўкі нагамі, наўскос слізганула ў паветра, закачалася.

Звон, нясцерпны звон, пачынаючы з тонкага «ці-ці-ці» і канчаючы ўсеабдымным, жахлівым, не маючым меж, запаланіў усю істоту Доўгага.

Антось страціў прытомнасць.

Апрытомнеў ён на канапе. Галава ягоная была мокрай, і нехта торкаў да губ шклянку з віном, і пяшчотны голас спяваў над вухам:

— Вось і самлеў. Якія ж тонкія ў вас, мастакоў, нервы.

І мяккая рука гладзіла Антося па валасах.

— Нічога, дарагі, нічога…

Адчуваючы, што ён зараз наробіць страшнае, Антось прыўзняўся, сеў, павольна стаў на дрыжачыя ногі. Самым лёгкім было стукнуць чымсьці гаспадара па галаве.

Але Доўгі сказаў:

— Мне вельмі дрэнна. Я — дадому.

— Добра, любанькі, добра. Пажывіце яшчэ дні з два ў вашай халупе, а пасля ў вас будзе ўсё-ўсё патрэбнае.

І аксамітны кот раптам афіцыяльна выпрастаўся.

— За доказ шчырай, патрыятычнай, высокаперакананай лаяльнасці імперыя і Вайсрутэнія дзякуюць вам. Я асабіста абяцаю, што буду патрабаваць ад фюрэра высокай узнагароды для вас.

І ён паціснуў, як мяккімі падушачкамі, руку Антося, што безжыццёва вісела наўсцяж цела.

V

…Болыш жахлівай ночы Антосю не даводзілася перажываць у жыцці. Толькі на хвіліну з’яўляліся вартыя жалю апраўданні перад сабою: «я не ведаў», «ён так падазрона выглядаў», «акцэнт», «афіцэры чакалі», а потым памяць падсоўвала гэта непрыемнае, але такое чалавечае аблічча, чыстае, знявечанае, асветленае ўсмешкай, якая з’яўлялася на тварах тых людзей, што многа пакутавалі, а зараз бачаць перад сабою вялікае Невядомае.

«Як я мог так легкаважна аддаць яго ў рукі ворагу? Якое права меў я судзіць яго? Якое людзі, наогул, маюць права судзіць тых, што не горшыя за іх».

Ён гойсаў па пакоі як шалёны. І было яму цяжка, нясцерпна. Вось тут ён сядзеў, тут ён разглядаў гэтыя праклятыя эскізы, тут выпіў шклянку вады. Як можна было так лёгка паверыць, так лёгка паверыць?! Выдаць гэтую кашчавую, такую слабую і пяшчотную, такую кволую чалавечую істоту ў рукі агню і жалезу. І які гэта быў чалавек! І зараз немагчыма, зусім немагчыма апраўдаць сябе. Пойдзеш да партызан — расстраляюць і будуць мець рацыю. Аксамітны кот дзякаваў яму, паціскаў руку, абяцаў высокую ўзнагароду. О-ох!

…Пад раніцу Антося зваліў цяжкі сон. Снілася яму, што ён ідзе па пустэчы, што зарасла сіўцом… I сівец гэты спявае пад ветрам «ці-ці-ці» якраз так, як тады, у доме аксамітнага ката, калі знікала прытомнасць. Пасля пачалі спяваць галасы, і спявалі па-райску, пранікнёна, без слоў. І былі хаты, і хаты гэтыя палалі, і спевы даляталі стуль. І палаў кожны хмыз, як неапалімая купіна.

— Што яны робяць? — спытаў Антось.

— Хіба ты не бачыш? — сказаў нехта без твару. — Яны паляць сябе. Гар. А ты не пойдзеш з імі?

Сэрца Антося споўнілася пякучым салодкім болем. Быць зараз разам з гэтымі, адчуваць, як агонь цалуе цела! Ён жадаў гэтага, як абдоймаў жанчыны.

І ён пабег туды, да іх. Ён бег адчайдушна, шалёна, але гар аддаляўся і аддаляўся, і ўжо недзе далёка-далёка спявалі пяшчотныя галасы.

«Што гэта я, — падумаў у сне Антось, — нашто мне гарэць?»

А слёзы так і цяклі ў яго з вачэй. Ён мог пагарджаць гэтымі людзьмі, мог многіх лічыць тупымі, але гарэць ён павінен быў разам з імі.

I тут поруч з ім спыніўся чалавек з белым, як смятана, тварам, тоўстымі вуснамі і мітуслівымі рухамі.

— Ты жывы? — здзівіўся Антось.

— Жывы, — чалавек падміргнуў, — толькі ты прымусіў мяне есці мышэй.

Чалавечак спаймаў мыш, і хутка толькі хвосцік варушыўся ў ягоным роце.

— Я жывы. А ты мёртвы. Хіба ты не бачыш? Усе мёртвыя жывыя, і ўсе жывыя — мёртвыя. І так будзе. Гэта я табе кажу — я.

І Доўгі з жахам пабачыў, што ён сапраўды мёртвы і паўз яго, па ворыве, да блякла-жоўтай стужкі зары ідуць людзі. Яны ішлі моўчкі, трымаючы на руках дзяцей і вартую жалю зброю: дзедаўскія стрэльбы, бязмены, косы. Яны маўчалі, але з зямлі пад імі плыў невыразны гул:

— Мы ідзем. Мы ідзем. Мы загінулі за гэту зямлю. Мы ідзем. І вінныя былі шкодныя начальнікі, злосныя ворагі, хцівыя сябры. Мы ідзем. І голад, і праца, і прыгнёт, і хлусня. Мы ідзем — мы ідзем.

Яны ішлі, і ніхто з іх не глядзеў на яго, Антося, бо твараў у іх не было. Але Антось ведаў, што яны ёсць, толькі не для яго.

— Братка, — сказаў начны госць, з’явіўшыся ў паветры, — братка, нашто ты мяне прадаў?

Антось так горка, так па-дзіцячаму заплакаў у сне, што сон адразу адляцеў прэч. Ледзь пачынала днець. Золкі, паршывы ранак сачыўся ў пакой. У дзверы нехта асцярожна скроб пальцам.

За дзвярыма стаяў служачы ўправы. Рука на сэрцы, усмешка да вушэй.

— Прабачце, пане Антось, я думаў, што вам гэта будзе прыемна, і прыхапіў газетку… нават дзве. Дазвольце падзякаваць вам.

Антось моўчкі ўзяў газеты. З абедзвюх глянуў на яго сам ён, Антось, з шырокай, белазубай, нявіннай, вясёлай і яснай усмешкай.

Першая газета была саліднай. Строгія чорныя літары:

«Патрыятычны ўчынак аднаго з лепшых мастакоў Еўропы».

Другая называлася «У штыкі». Там партрэт Антося быў змешчаны поруч з карыкатурай на Сталіна, які ляжаў у халаце на томе канстытуцыі, паставіўшы поруч начнік.

Ніжэй інфармацыі было змешчана «Інтэрв’ю», з якога вынікала, што Антось лічыць лепшымі мастакамі на свеце Гойю і сябе, што ён захапляецца цірольскімі пейзажамі фюрэра і хоча праз газету выказаць яму сваё захапленне, што беларусаў ён лічыць германскай расай, якая калісьці абславянілася, што яму падабаецца тып нямецкай жанчыны і ён зусім не лічыць яе нагу занадта вялікай, што ён жанаты (Уладзя! Дзеці! Што вы будзеце думаць пра мяне, што з вамі будзе?), што ён выявіў жаданне ісці на фронт, але яму адмовілі: мастакі патрэбныя дзяржаве не менш, чым салдаты.

Ён не памятаў, колькі ён сядзеў над пакамечанымі газетамі. Зноў стук у дзверы. Зноў сусед.

— Пане Антось, хутчэй да нас. Пра вас будзе казаць радыё.

Антось пайшоў. Ён вырашыў піць прыніжэнне да дна. Сям’я служачага не ведала, куды яго пасадзіць. Прысунулі да прыёмніка фатэль, паклалі ў вазачку цягучага янтарнага варэння, сунулі ў руку шклянку з чаем. І ўсё заглядалі ў рот.

Антось трымаў шклянку ў паветры, не адчуваючы, што пальцам горача.

— Увага, увага, — гулліва сказаў прыемны мужчынскі голас, — ідучы насустрач пажаданням слухачоў, наш карэспандэнт наведаў сёння майстэрню пана Доўгага. Але перш чым даць месца ля мікрафона нашаму вялікаму мастаку і, як выявілася, герою і патрыёту — мы павінны расказаць вам пра падзеі той ночы…

— Вас запісалі, дарагі пане Доўгі? — з захапленнем спытала малодшая дачка.

Нас сустракае яшчэ даволі малады і вельмі сімпатычны гаспадар майстэрні. У яго хударлявы твар, шырокія чорныя бровы і прыгожы разрэз вачэй.

— Пане Доўгі, якія думкі былі ў вас у тую хвіліну, калі вы выконвалі ваш подзвіг?

— Гм, — адкашляўся голас, — уласна кажучы, ніякіх. Але я цвёрда ведаў, хто мой вораг. Я адмовіўся ехаць у эвакуацыю, маё месца было тут. Я нічога не сказаў жонцы. Я ведаў, што яна добры чалавек, але ў нас нельга было спадзявацца нават на ўласных дзяцей.

Доўгі выпусціў шклянку на падлогу. Ён сядзеў аглушаны. А фальшыўка ішла далей, і нехта казаў за яго брыдоту і подласць. І нельга было крычаць, што гэта хлусня. І з кожным словам Доўгі ставаў усё больш самотны на свеце.

— Я хацеў сам знішчыць гэтага чалавека, але падумаў, што згіне з ім разам і яго таямніца. Ён быў мой вораг, вораг маёй бацькаўшчыны, маёй ідэі, за якую я хацеў бы загінуць, вораг правадыра, на якога я малюся… Не хваліце мяне, я толькі выконваў абавязак.

Доўгі анямеў. Яго забівалі гэтай няспешнай, чыннай размовай, такой спакойнай, хоць вялася яна пра жыццё чалавечае, якое згасла два дні таму.

— Пане Доўгі, можа, вы падзеліцеся з намі вашымі планамі? Што вы зараз пішаце?

— Планаў у мяне шмат, — забубнеў як у бочку Антосеў двайнік, — мне як мастаку трэба адлюстроўваць новае жыццё, што прыйшло на маю зямлю. Хацелася б напісаць у маёй новай майстэрні каля Берліна, якую дае мне бацькоўскі клопат, партрэт самага вялікага чалавека нашых дзён. Але я не збіраюся кідаць сваёй зямлі. Ачуняўшы ад хваробы, я збіраюся жыць тут, разам з маім народам.

— Дзякуй вам, пан Доўгі, — заспяваў голас. — Да пабачэння.

— Да пабачэння.

Белы, як хустка, Антось рушыў да дзвярэй. Яго паспрабавалі спыніць, але ён глянуў на сямейку каламутнымі ад ярасці вачыма:

— Ну! Эх вы, скатафагі.

Як яму прыйшла на думку гэта брыдкая грэчаская лаянка, ён і сам не ведаў.

…Кроў тукала ў скроні. Думкі мяшаліся.

«Што рабіць? Што рабіць? Хто паверыць, хто яго прыме зараз? Хто не плюне ў яго бок? Ён, як Каін, на гэтай зямлі абылганы, брудны, біты каменнямі. Што будзе, калі даведаюцца? Аднялі яго імя, сумленне, гонар мастака. Усё аднялі. Хлусня, хлусня ў свеце. Уладзя, дзеці!

І што рабіць? Што рабіць? Трэба ратаваць сябе, імя сваё, павагу будучых людзей да яго карцін. Але як? Як?»

І раптам злосць, злосць на аксамітнага ката, на бессаромных манюкоў з радыё, на шакалаў з прэсы, на ўсіх, хто ім паверыць, апанавала Антося. Нельга было проста давацца ў рукі хлусні: за стагоддзі яна занадта прызвычаілася да лёгкіх перамог. І разам са злосцю з’явілася безнадзейнасць, бо ён ведаў, што яму давядзецца быць аднаму, зусім аднаму. Хутчэй за ўсё перамогі не будзе. Хутчэй за ўсё ніхто не даведаецца, і толькі ва ўласным сумленні можна быць апраўданым.

VI

Наступнага вечара, хутка пасля каменданцкай гадзіны, Антось рушыў з дому, каб больш не вяртацца туды. Усё зробленае за гэтыя месяцы яму ўдалося прыстроіць у былой прыбіральшчыцы мастацкай школы. Перад гэтым яго не прынялі ў чатырох месцах, зачыніўшы пад носам дзверы. Яго не хацелі бачыць. Пра яго не хацелі чуць. Паверыла толькі гэтая маленькая, змучаная жыццём жанчына. Толькі і спытала:

— Куды ж вы зараз падзенецеся, таварыш Доўгі?

— Не ведаю, — сказаў Антось, — я не думаў пра гэта.

— Пойдзеце на вёску?

Антось цяжка варухнуў сківіцамі:

— Я застануся тут. Тут усе ведаюць маю ганьбу… Усе будуць ведаць і апраўданні.

…Ён сядзеў у руіне насупраць афіцэрскага казіно і бачыў чырвоны ліхтар глыбока ў пад’ездзе. Часам пад’язджала машына з сінімі фарамі, часам няшчыльная штора, хістаючыся, кідала ў ноч пакаёвае жоўтае святло. Рука Антося раз-пораз намацвала ў цемры, поруч з сабою, нейкую круглую рэч.

Страшэнна захацедася спаць; дрыжыкі беглі па скуры. Але спаць было нельга. Прайшоў афіцэр. У яго кабур з пісталетам. Дрэнная, ненадзейная рэч пісталет. Б’е на кароткую адлегласць, і трэба добра страляць, каб трапіць… І другі з пісталетам… І трэці.

«Здабыча» з’явілася зусім нечакана. Наўскос перасек вуліцу ладны, як цацка, зграбны афіцэрык у бліскучым плашчы. За ім, на адлегласці некалькі крокаў, дыбаў салдат з аўтаматам. Збочылі ў завулак.

Антось нячутна, як кот, перабег да пралому і накруціў на руку вусце меха, у якім ляжаў, завязаны зверху, цяжкі круглы камень.

Дзейнічаў, як яму здавалася, разважліва і халодна. Прапусціў паўз сябе, пабачыў патыліцу пад пілоткай і з сілай жмякнуў па гэтым, круглым, сваім самаробскім кісцянём. Салдат бязгучна ўпаў тварам на брук. У той самы момант Антось моцным рыўком садраў з яго аўтамат.

Пабачыў твар афіцэра, які, павараціўшыся, непаразумела глядзеў на тое, што адбывалася. Кінуўся на яго. Схапіў за правы бок, мацаў рукамі, шукаючы пісталета. Пісталета не было.

Наступны момант ледзь не каштаваў яму жыцця. Не паспеў ён прыпомніць, што немцы носяць кабур на левым баку, часам проста пад падхвінай, як афіцэр ачуняў і схапіў яго за глотку доўгімі халоднымі пальцамі левай рукі. Правай адарваў руку Антося ад сваіх рэбраў і ўдарыў яго ў пераноссе.

Ледзь не ўпаўшы, Доўгі завішчаў ад злосці і перапуду і, замест таго каб стрэльнуць, што зрабіў бы на яго месцы кожны разумны чалавек, — пачаў пхаць немца ў жывот руляю аўтамата. Немец павараціўся і кінуўся бегчы ад гэтага азвярэлага чужога чалавека, на бягу хапаючыся рукою за кабур.

Разумеючы, што гэта канец, перапуджаны больш за немца, Доўгі паляцеў за ім, размахнуўся аўтаматам і апусціў сваю зброю на спіну ворага. Той заверашчаў, як заяц, калі яго кіпцюрыць сава, і наддаў хутчэй. Антось, не памятаючы сябе, бег за ім і малаціў яго аўтаматам па спіне. Напэўна, ён выбег бы за ім да самага казіно, але немец запнуўся аб цагліну на дарозе і ўпаў. Ліхаманкава перакруціўся на спіну, Антось пабачыў яго збялелы твар і з сілаю апусціў зброю проста туды, у гэтыя белыя вочы.

Апусціў раз-другі-трэці.

VII

Уначы, калі над руінамі нізка навісаюць пашматаваныя кудлатыя хмары, па горадзе ідзе начны госць.

Ён заўсёды адзін. Брудная вопратка на ягоным целе. І твар ягоны не бачны ў цемры. І пісталет у яго ў кішэні, а аўтамат вісіць на пятлі пад курткай і выпірае з-пад яе.

Уначы па горадзе ідзе начны госць. Ён ідзе руінамі, спрытна выбіраючы блытаны, але верны шлях. Нырае ў сутарэнні, паўзе між брыламі, спускаецца ў люкі, мінаючы патрулі.

І ніхто не ведае яго прыстанак, дзе ён забудзецца на гадзіну моцным і трывожным сном.

Госць ідзе. Госць прыходзіць на золкім світанні. І ён адчыняе дзверы, і тыя, у пакоі, не бачаць, хто стаіць за імі, у цемры. Толькі злёгку рыпяць, быццам самі адчыніўшыся, дзверы.

І гаспадары прыўстаюць з-за стала, на якім віно і шакалад у круглых плітках і нежна-ружовы, з чырвонымі пражылкамі, беларускі шпек.

Госць прыйшоў на золкім світанні, і скончылася ідылія, і гнеў народа ў вачах Аднаго, і гэты Адзін ёсць народ.

Чарга аўтамата.

Яшчэ чарга.

Яшчэ.

І цішыня. Толькі з разбітай бутэлькі паволі капаюць на падлогу апошнія густыя кроплі.

Па горадзе ідзе начны госць.

VIII

Начальніку пятага паліцэйскага
ўчастка ад паліцая Высоцкага
Д а н я с е н н е
Сёння, 18 лістапада, абыходзячы ў восем гадзін раніцы даручаны мне ўчастак, я выявіў, што за рогам асабняка № 27 па Цяслярскай вуліцы ляжыць забіты труп аглушанага часавога. Будучы пасля гэтага ў доме праз расчыненыя кімсьці дзверы выявіліся чатыры забітых невядомымі злачынцамі пастаяльцы-афіцэры. Што і прэдправаджаю да пана начальніка. Слядоў не было.
Высоцкі

Урывак з паліцэйскага рапарта:
«Лісткі былі прыклеены да муроў у дзесяці розных пунктах. Даставіць іх не было магчымасці, бо клеілі калодыюмам. Змест кожнага такі:
«Сёння я, мастак Антось Доўгі, якога абылгалі па радыё і ў газетах, знішчыў у дома № 27 па Цяслярскай вуліцы чатырох ворагаў. Я знішчу іх колькі магу. На мяне ўзвялі паклёп. Не верце яму, людзі».
Ад обер-лейтэнанта Ківітца гаўльману Польману

Д а н я с е н н е
Сёння, 20 лістапада, у ДЗОТ на паўночнай шашы бандыты кінулі гранату. Кінутая з блізкай адлегласці, яна знішчыла кулямётны разлік, які быў у ДЗОТ. Калі на месца здарэння прыбыў я, выявілася, што невядомыя забралі з сабою форму аднаго з салдат, дакументы, кулямёт МС-34 і тры бляшанкі са стужкамі. Сабакі не ўзялі след: ён быў апрацаваны нейкім рэчывам.
Ківітц

Урывак з паліцэйскага рапарта:
«Лісткі на гэты раз не толькі клеілі да муроў. Іх яшчэ раскідалі ў раёне рынку. Адміністрацыя толькі з некаторым спазненнем пачала барацьбу з імі. Ёсць меркаванні, што некаторая колькасць людзей паспела прачытаць іх. Змест той самы, што і ў мінулы раз, змянілі толькі месца здарэння».

Вытрымка з медыцынскай экспертызы:
«Труп унтэр-афіцэра Гердтмана выцягнулі з дна рэчкі. Патылічная косць праламаная нейкім тупым прадметам — магчыма, каменем, аб які ён мог ударыцца, упаўшы з моста. У страўніку і вантробах мёртвага выяўлены алкаголь…»

Урывак з паліцэйскага рапарта:
«Лісткоў на гэты раз не было, але на разбуранай камяніцы банка паліцэйскімі быў заўважаны надпіс:
„Я — Доўгі. Я знішчыў афіцэра“. Раён вуліцы быў ачэплены. Надпіс знішчаецца».

Данясенне намесніка начальніка
аховы парадку ў гета обер-лейтэнанта Ліст.
Сёння, 24 лістапада, у чатырнаццаць гадзін на адзін з двух рабочых атрадаў, пакінутых па Вашаму загаду ў гета, быў зроблены напад. Атрад у колькасці сямідзесяці трох чалавек працаваў на рамонце дарогі ля мяжы горада. Ахова ў колькасці дзевяці чалавек пад камандай унтэра Паўля Лёве дапусціла парушэнне ўстава: згрупаваўшыся ў адным месцы, на абочыне дарогі. Дзве трапныя аўтаматныя чаргі з адлегласці ў дваццаць крокаў (з нізкага хмызняку) паклалі на зямлю ўсіх, акрамя цяжкапараненага радавога Адольфа Бюхнера. Па яго расказу, з хмызоў вылез вельмі брудны і зарослы чалавек і падышоў да арыштантаў. Словы яго, як зразумеў Бюхнер, былі такія:
— Авечкі вы, ці што?! Ратуйцеся, можа, хто дойдзе лясамі да фронту. У гета — канец… Калі хто будзе жывы — скажыце, што я Антось Доўгі. Мяне абылгалі. Я Антось Доўгі, я іх б’ю. — Пасля гэтага ён стрэлам ва ўпор паклаў на месцы камісарскага старшыню юдэнрата Каждана, які спрабаваў умаўляць усіх, — і знік. Дапамога прыбыла праз дзве гадзіны. 3 тых, што разбегліся, удалося спаймаць сорак два чалавекі.
Подпіс: Ліст

Рэзалюцыя сінім алоўкам:
«Скажыце обер-лейтэнанту, што ён дурань. Ён піша данясенне, а не крымінальны раман. Болыш фактаў і менш фантазіі. Гэта не мог быць адзін чалавек. Справу радавога перадаць у трыбунал. Ён так добра ведае чужую мову, што яму самае месца на Усходнім фронце, калі не пад аўтаматамі сяброў за абураючае галавацяпства. На обер-лейтэнанта Ліста накласці спагнанне».

Урывак з рапарта начальніка фельдпаліцыі гебітскамісару Вестфаль:
«…Сабраныя намі факты дазволілі нам выявіць з доляй пэўнасці месца сховаў мяркуемага злачынца. Гэта кварталы Старога Места. Вырашана ачапіць іх дзвюма ротамі салдат і пачаць прачэсванне. Аперацыя пачнецца заўтра, 28 лістапада».

IX

Антось бачыў іх як на далоні. Невялічкія зялёныя фігуркі, развярнуўшыся ў ланцуг, павольна і метадычна ныралі ў каробкі будынкаў, затрымліваліся там і крочылі далей. Была ў гэтых рухах энергія мурашак, якія шукаюць матыля, каб аб’есці яму крылы.

Доўгі ляжаў на даху касцёла, за брандмаўэрам і лаяў сябе апошнімі словамі. Як ён мог так далёка адысці ад сховішча, дзе яго ніколі не адшукалі б, дзе засталася зброя. Ён адчуваў сябе моцным з таго дня, як адбіў у іх кулямёт. Хай сунуцца! Ёсць стужкі, ёсць два запасныя ствалы! І вось з-за ўласнай дурасці яго заспелі на мяжы свайго царства і адрэзалі ад усяго, што рабіла яго моцным. «Вальтэр» з чатырма наборамі патронаў. І ўсё.

Трэба было ўцякаць. І гэта ў той час, як яны самі ішлі на яго і заставалася толькі знішчаць і знішчаць.

Дах поруч з ім быў прадаўлены, дажджавая вада набралася ў яміну. Антось прагна глытнуў нясмачную ваду і глянуў у гэта самаробнае люстэрка. Зарослы, страшны, азызлы ад недасыпання і голаду глянуў на яго ўласны твар. І таму, што ён так ненавідзеў гэты твар, так пагарджаў ім — Антось не баяўся. Заб’юць зараз, заб’юць потым — якая розніца. «Потым» толькі таму і лепей, што можа яшчэ пару разоў бахнуць з пісталета камусьці ў пячонкі.

Ён змераў вачыма адлегласць да пакарожанай пажарнай лесвіцы. Пасля выбраў асабліва нахабнага з праследавацеляў, прыцэліўся і стрэліў.

Знаёма падскочыў угару ствол пісталета. Чалавек схапіўся далонню за рот, пахістаўся на нагах, стаў на калені.

«Хацеў мяне паставіць, — злосна падумаў Антось, — стой зараз сам».

Стрэліў другі раз, трэці. Пасля асцярожна падпоўз да лесвіцы і, намацаўшы нагамі прыступак, саслізнуў па шчэбні, хапаючыся рукамі за ўцалелыя прыступкі, каб прытармазіць рух.

Павіснуў на руках. Саскочыў. 3-за рога будынка паспеў заўважыць, што ланцуг зялёных фігурак размыкаецца налева, імкнучыся, відаць, адцясніць яго на роўны пляц былой кірмашнай плошчы.

«Эге, — падумаў ён грубавата, — таксама, відаць, не нагою смаркаецеся».

Ён перабег за кут дома, стрэліў яшчэ тры разы (нехта ўпаў, але Антось не ведаў, забіў ён яго ці проста прымусіў легчы). Пасля намеціў у пяцідзесяці кроках ад сябе вялізны мур, які адзін толькі і застаўся ад былога будынка, і пабег да яго. За спіною адразу захлопалі стрэлы, але Антось ведаў, што ворагі занадта блізка і таму ім цяжка трапіць у яго, калі ён пятляе. У яго быў яшчэ адзін козыр: яны не ведалі так каменных джунгляў Старога Места, як ён. Таму на палове дарогі ён ускочыў у купу бітай цэглы і, калі трэснуў стрэл, сагнуўся ў спіне і як нырнуў за нагрувашчаныя каменні.

Калі аблава, пастрэльваючы зрэдку ў напрамку купы, дабралася да яе — за купаю выявілася сточная канава, якая вяла да вялізнага мура. Абзадачаныя гэтым, але не вельмі раззлаваныя (уцякач бег якраз на другі ланцуг, які чакаў яго на Зялёнай вуліцы), яны рушылі следам.

У тую ж хвіліну з боку мура шчоўкнуў стрэл. Пасля другі. Трэці.

Наступныя стрэлы заглушыў тупат людзей, якія беглі на стрэлы, паліваючы мур агнём.

— Брудэр. Брудэр. Брудэр, — стагнаў нехта пад нагамі.

Але ў гэты момант людзі забыліся на законы камрадства. Гэта было несумненна з боку аднаго бандыта — так затрымліваць усіх, прымушаць усіх плаціць смерці такі страшны падатак.

Запахла мясам.

А Антось, ведаючы, што яго якраз выратуюць толькі ногі, бег, пад аховаю мура, якраз туды, дзе чакаў другі ланцуг. У горле рэзала, пот заліваў вочы.

Метраў за дваццаць да прыроднага спуску на Зялёную вуліцу ён нырнуў у нейкую нару, прапоўз пад каменнымі брыламі некалькі крокаў і з цяжкасцю адсунуў убок чыгунную крышку люка.

Гэта быў сцёк, па якім калісь спускалі розную дрэнь у ваду рэчкі, забранай у трубу.

Хутка Доўгі цягнуўся па калена ў вадзе ў напрамку свайго сховішча. Вылез ён праз другі люк, метраў праз пяцьсот, сеў на ўзгорку за ўламкам сцяны і з насалодаю сачыў, як збліжаліся ланцугі салдат, як узнікла мітусніна і пачалі гучна біць аўтаматы па ўсіх магчымых напрамках яго ўцёку.

Х

3 ліста генеральнага камісара Беларусі жонцы гэбітскамісара Люцыі Вестфаль

«Дарагая мая! Вы ведаеце ўжо аб страшным удары, які спасцігнуў вас і мяне. Я плачу з вамі, мілая мая, харошая мая жанчына, добры мой друг. Я ведаю: толькі любоў да нямецкай радзімы, да нас, асірацелых з уходам Карла, падтрымае нас у жыцці. Плачу і я з вамі. Трэці дзень у мяне мокрыя вочы… Магчыма, вам будзе цікава ведаць, як гэта здарылася? Карл ехаў ад мяне (вы ведаеце, што апошні час адзіным суцяшэннем маім і яго былі размовы пра мастацтва — яно вечнае, яно адно жывое сярод усёй мярзоты, што чыніцца вакол). Гэта было 3 снежня, у адзінаццаць гадзін вечара. Чысты, нявінны, белы быў снег. Хто мог думаць, што такой ноччу скарыстаецца чалавек, у душы якога не было нічога чалавечага, падступны, подлы бандзюк, — хто мог думаць, што ён скарыстаецца такой ноччу для выканання сваіх подлых намераў? Што яму зрабіў Карл з яго крыштальнай душой? Дарагая мая, мужайцеся! Калі Карл выходзіў з машыны перад пад’ездам — той нягоднік стрэлам, з адлегласці ў пяцьдзесят крокаў, паклаў яго на месцы. Дрот вакол асабняка быў у адным месцы загадзя перарэзаны — злачынец знік.
Мы ведаем яго імя, твар, выгляд. І падумаць толькі, што я яго бачыў раней зусім поруч з сабою і не забіў! Падумаць толькі, што ён, ледзь пазбегшы аблавы за чатыры дні да гэтага, возьмецца за сваё.
Любая мая, верны мой друг, мы схібілі, нічога не зробіш, але я клянуся перад святой памяццю Карла, перад вашымі гожымі вачыма, што зараз слепнуць ад слёз, перад маёй павагай да вас і перад маім абавязкам салдата, што ён не доўга будзе жыць на зямлі. Я падыму паліцыю, разведвальную службу — усё, усё. Верце мне, яго возьмуць, вы пабачыце яго і я зраблю з ім усё, чаго вы захочаце.
Цалую вашы пальчыкі. Будзьце мужнымі дзеля дзяцей і… дзеля мяне».

ХI

Антось засынаў і прачынаўся ад холаду ў гэту снежаньскую ноч. Сон быў кароткі, няпэўны, страшны. Ён думаў нават, што цяплей было б у нейкай сцечнай трубе, чым тут, дзе дзьмуў са шчылін вецер, навяваючы сухі, як пясок, халодны снег. Не дапамагаў лямец, у дзве рэдзі падкладзены пад спіну, кажух і стары палітон, якімі ён накрываўся. Сховы яго былі ў самым густым лабірынце каменных каробак. Ён адшукаў гэта месца яшчэ пад час бадзянняў па горадзе: вялікі пяціпавярховы гмах, абкружаны гіжэйшымі будынкамі. Усе яны свяціліся наскрозь, усе былі завалены брыламі камення, уламкамі бетонных пліт, пакарабачанай бляхай, блытанінай арматуры.

І ніхто не мог заўважыць, што адзін пакой на чацвёртым паверсе застаўся амаль цэлым, што ўсходы праходзяць зусім ля яго (прайсці па карнізе якіх пяць крокаў і ўлезці ў акенца былой спіжарні), што адсюль лепяцца ўверх уламкі вінтавых усходаў на гару, якая засталася цэлай (пажартаваў агонь) і адкуль быў добры агляд.

Ніхто не мог заўважыць таму, што акенца выходзіла не на суседнія будынкі, а ў вузкі, падобны на калодзеж, унутраны двор будынка.

Тут і ўладзіў Доўгі свой барлог: прыцягнуў мізэрныя прыпасы, кажух, палітон, лямец, але галоўнае — тры гранаты, адбіты кулямёт з бляшанкамі, аўтамат і пісталет. Шчыліны ў сценках так-сяк заторкнуў анучамі.

Тут і адседжваўся ён ужо шосты дзень пасля забойства гэбітскамісара. Выходзіць было небяспечна — немцы пачалі вельмі сцерагчыся. Трэба было пачакаць і пасля, калі падумаюць, што ён пакінуў горад, выйсці на сваю апошнюю справу: дабрацца неяк да аксамітнага ката і скруціць яму вусы. Можа, хоць тады пакіне яго пякучы боль сумлення, такога хворага і пакутнага, можа, хоць тады супакоіцца ў магіле чалавек з непрыемным азызлым тварам, якога ён аддаў на пакуты і смерць.

Проста перад вачыма, праз часткова зашклёную ім дзірку ў сцяне, Антось бачыў, як на пятым паверсе пагойдваецца на ўламку арматуры дзіцячы ложачак. Думкі былі ліхаманкавымі, хворымі:

«Хто ж цябе асудзіў на смерць, маленькі чалавек? Шкада вялікіх, але яны награшылі сваё, гэтыя здаровыя дзядзькі… У многіх з іх пасля першага пацалунка не было нічога вартага ў жыцці. У цябе не было і гэтага… Дзяцей шкада, сабак таксама шкада… Вы ўсё разумееце, а выказаць не можаце… Сорам людзям.

Столькі зрабілі, а ў душах Залатая арда гуляе па стэпе… Жыццё, жыццё».

Цяжкі сон зваліў яго ў душны змрок, хоць ён выспаўся. Яшчэ не пачынала днець.

І зноў лягла перад вачыма раўніна. І была яна бясконцай, як чалавечая туга, і спявалі галасы на выжарах, і густы попел укрываў слоем зямлю.

Са здзіўленнем пабачыў Антось, што яго ногі і ногі яго спадарожніка не пакідаюць у попеле слядоў. Галасы спявалі-спявалі, але Антось не мог ісці да іх, бо ў яго была іншая мэта: спадарожнік вёў яго на суд.

І многія цягнулі да яго рукі, але ён ішоў на суд, яму трэба было спяшаць. Спадарожнік і ён апынуліся ў нейкім вялікім пакоі, насустрач ім устаў з-за стала нехта малады, ружовы і ясны.

— Вось гэты чалавек выдаў мяне, — і Антось зразумеў, што спадарожнік яго — той самы госць, што з’явіўся на золкім світанні.

— Тады арыштуй яго, — сказаў трэці.

— Ён зрабіў гэта незнарок.

— А хто гэта ведае?

— Гэта наша спрэчка. Мая і яго. Ён апраўдаўся перада мною.

— А ты залез у яго сумленне? Можа, ён спужаўся і хацеў абяліць сябе. Ты ведаеш, чаму ён зрабіў гэта?

— Я ведаю. Я сведак.

— Ты мёртвы.

— Але ж я… — абурыўся Антось.

— Вы самі разумееце, што справа патрабуе дадатковага расследавання, — халодна і нечакана ясна сказаў чалавек.

У цемры ляглі на плячо Антося рукі і голас начнога госця сказаў:

- Братка, цяпер я з табою.

Замілаванне, гарачая пяшчота заліла сэрца Антося. Ён хацеў пацалаваць гэтыя цёплыя рукі і… прачнуўся.

У каробцы дома ліліся, недзе пад ім, чалавечыя галасы. Доўгі схапіўся за аўтамат, хутка падпоўз да самай вялікай шчыліны, выдзер з яе анучу, забітую снегам.

Пабачыў проста пад сабою дзіўна кароткія з вышыні постаці некалькіх салдат і афіцэра. Паміж іх стаяў нехта ў цывільным.

— Тут? — спытаў афіцэр.

— Прынамсі, тут яго ўчора бачылі нашы хлопцы, — сказаў цывільны.

Антось вылаяўся ў думках. Трэба яму было ўчора вылазіць са сховішча ў сутарэнні суседняга дома за лямцам. Халодна, бачыце, было. Вось зараз табе цёпла будзе.

Але такія думкі прыйшлі да яго толькі на хвіліну. Ён прыпомніў сон, словы начнога госця, і нейкі незразумелы ўзлёт хмелем закружыў яго галаву.

Усё было зроблена на гэтай зямлі. Заставалася даражэй прадаць сваю нікому не патрэбную шкуру. Каб той, трэці ў спрэчцы, маўчаў.

Ён пабачыў, як салдат недарэчна вялікімі — у параўнанні з кароценькім тулавам — крокамі пабег кудысьці. І тады Доўгі выставіў шкло з расколіны і, дзе толькі было магчыма, выцягнуў анучы і лямец са шчылін. Халодны снежаньскі вецер задудзеў у дзюркі. Адразу стала халодна шчакам.

Антось умацаваў на сошках кулямёт і, адклаўшы кавалак дошкі, прасунуў рулю ў расколіну над падлогай.

Няхай ён спаймаўся, як лісіца ў пастку, затое пазіцыя была добрая. Толькі вузкім праходам між муроў маглі падысці да яго цытадэлі тыя, за якімі пабег салдат. І гэты праход ляжаў перад ім як на сподку. Вось і яны з’явіліся. Паўрота салдат.

«На мяне аднаго, — радасна падумаў Антось, — значыцца, страшны я».

Ён пачакаў, пакуль яны ўціснуліся ў пастку, якую ён прыгатаваў ім, і, прыладзіўшы плячо да ручкі, націснуў гашэтку.

Кулямёт выплюнуў палову жалезнай стужкі. У вузкім калідоры курчыліся і стагналі раненыя, нерухома ляжалі забітыя. Калі град куль пачаў біць па сценах яго сховішча, Антось з пяшчотай пагладзіў кажух сваёй зброі.

«Яны змайстравалі добрую безадмоўную штуку, — не тое што чортаў „максім“, які даводзілася вывучаць у грамадзянскую. І вады не патрабуе, і сальнік не цячэ, і непаладак не бывае. І стужка жалезная, а не брызентавая: перакосаў не будзе».

…Бой цягнуўся амаль чатыры гадзіны. Сухая трасканіна аўтаматаў, гучныя ад рэха стрэлы пісталетаў. Антось змяніў ужо адзін ствол, у спешцы забыўся, што за яго трэба брацца шапкай. Рукі былі папечаныя, але болю ў запале бойкі ён не адчуваў. Двойчы яны здолелі прарвацца проста ў каробку пад ім, і двойчы ляцела ўніз граната, глуха ахаючы, разбіваючыся на стогалосае рэха.

У горадзе, чуючы перастрэлку, гаманілі людзі:

— Чаго гэта стрэлы?

— Партызана ловяць. Кажуць, таго самага…

— Адзін?

— Адзін.

— Кажуць, мінамёт павезлі.

— Не, жывым узяць хочуць.

— Маці божая, дапамажы яму.

Антось не ведаў гэтага. Не ведаў нават, што яго хочуць узяць жывым. Ён наогул не думаў. Думкі яго былі простымі: трэба было як мага больш балюча ўкусіць. Нават калі яны пусцілі дзве міны і ўламкі цэглы забарабанілі па мурах — ён не спужаўся. Жыццё было страшнейшым.

Два разы яго зачапіла, і ён машынальна закруціў драпіны анучамі.

У самым запале бойкі кулямёт змоўк, неяк вінавата кашлянуўшы. А яны былі тут, у двары. Палезлі на ўсходы.

Трэці і апошні раз ахнула граната… Паўза… Зноў бягуць.

Гэта была дурасць, шалёны ажыятаж, народжаны баявой ярасцю. Антось ненавідзеў іх, але прызнаваў, што яны добрыя салдаты. 3 такімі прыемна мець справу.

І аўтамат хутка зрабіўся непатрэбным. Нават пісталетныя патроны знікалі непрыкметна, як жыццё. Рукі і калені Доўгага каталіся па гільзах, ён мятаўся ў розныя бакі і страляў, страляў, страляў.

Напэўна, некалькі хвілін знікла прытомнасць ад гучнага шчаўчка па галаве. Апрытомнеўшы, ён падумаў, што аслеп на адно вока, і толькі потым здагадаўся, што акравак скуры з ілба звісае на шчаку. Горш за ўсё было тое, што яны былі ўжо тут: на верхніх прыступках усходаў, нават на сценах суседніх будынкаў, нават насупраць, па той бок двара-калодзежа.

Чужыя, ненавісныя, хлуслівыя.

Антось біў па іх на выбар, пакуль «вальтэр» не адказаў замест стрэлу пустым халодным ляскам.

Гэта быў канец.

Тады Доўгі дацягнуўся на дрыжачых нагах да акенца і стаў на вузкае падаконне. Ён ледзь змяшчаўся ў акне, сагнуўшы калені і шыю, трымаючыся рукою за вушак, над самай галавою.

Іх было многа. Яны былі вакол.

І тады Доўгі крыкнуў адзічэлым, хрыплым голасам:

— Вы, …, лавіце мяне.

— Камрад, выходзь, — заспяваў нехта нудным голасам.

Антось сказаў:

— Свіння табе камрад, так тваю.

I, абвёўшы вачыма нізкае шэрае неба над яго горадам будучага, над яго руінамі, уздыхнуў, як дзіцёнак.

— Глядзіце, вы.

Цела яго з недарэчна растапыранымі рукамі паляцела ўніз, змяншаючыся ў памерах, паляцела проста ў калодзеж двара. Там ён і застаўся ляжаць. І ў той самы момант, як ён зрабіў смяротны скок, пачалі біць аўтаматы.

Стралялі і пасля таго, як ён скончыў свой палёт. Хвілін дзесяць. Быццам мог застацца жывым чалавек, які ўпаў з пятага паверха на бліскучы ад вільгаці брук.

Аўтаматы гучна білі ў глыбіню двара.

  1. Машынапіс захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН РБ (ЦНБ АНБ), ф. 11, воп. 1, адз. зах. 73, з паметай: Масква, 29 крас. 59 г.
  2. Пры жыцці пісьменніка не друкавалася.
  3. Упершыню апублікавана ў кнізе: Уладзімір Караткевіч. Творы: Проза. Драматургія. Публіцыстыка. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1996.
  4. Набор зроблены па тым жа выданні. — С. 261 — 297.
Яндекс.Метрика