Нельга не быць гісторыкам

— Уладзімір Сямёнавіч, свой шлях у вялікую літаратуру вы пачыналі як паэт. Успомнім зборнікі вершаў «Матчына душа», «Мая Іліядa». Гэта былі пошукі свайго «я» ці нейкі неабходны этап, праз які прайшлі многія пісьменнікі?

— З вершаў пачынаюць многія. І толькі ў рэдкім выпадку чалавек пачынае з прозы, а потым прыходзіць да вершаў. Як, напрыклад, Міхась Стральцоў (хоць і гэта я не магу сцвярджаць з абсалютнай дакладнасцю). А магчыма ён пачынаў з вершаў, ды я гэтага не ведаю. Пісаць вершы ў пэўным сэнсе прасцей. Прозу наўрад ці пачне пісаць трохгадовае дзіця, але яно зможа напець верш пад які-небудзь рытм. Дастаткова ўспомніць кнігу Карнея Чукоўскага «Ад 2 да 5».

І літаратура пачыналася, мабыць, з верша — з магічнага заклінання. Нават у першых легендах, паданнях існавалі ўзоры рытмікі. Эпас усіх народаў — не што іншае, як паэзія. Хоць у ім сустракаюцца празаічныя ўстаноўкі, калі гаворыцца аб заведама празаічных рэчах.

Зрэшты, маім літаратурным дэбютам былі дарожныя запіскі «Вязынка», змешчаныя ў зборніку «Янка Купала», які выйшаў у 1952 годзе. Гэта была ў нейкай ступені выпадковая з’ява. Вершы я не пакідаю пісаць і цяпер, хоць аддаю гэтаму менш часу. Але выданне яшчэ аднаго-двух зборнікаў лічу магчымым.

— У aдным з артыкулаў, прысвечаных вашай творчасці, указвалася, што «малады паэт празмерна захапляецца гістарычнай тэматыкай». З той пары прайшло дваццаць гадоў. Ваша імя чытачы звязваюць сёння ў першую чаргу з такімі творамі, як «Каласы пад сярпом тваім», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Чым вы растлумачыце такую цікавасць да гістарычнай тэматыкі?

— Быўшы філолагам, нельга не быць гісторыкам. Кімсьці справядліва заўважана: «Хто забывае мінулае, той павінен будзе перажыць яго яшчэ раз».

Гісторыя — метад мыслення чалавека. Ён і дае магчымасць роздуму над мінулым, сучаснасцю і будучым, бо гісторыя мадэліруе грамадскія працэсы.

У рабоце над кнігамі на гістарычную тэму шмат часу прыходзіцца праводзіць у архівах і бібліятэках. Акрамя таго, багаты матэрыял даюць вусныя легенды, якія часта пацвярджаюцца затым дакументамі. Так было з маім «Паромам на бурнай рацэ». Яго змест — гэта пралог майго рамана «Нельга забыць». Размова ў ім ідзе аб паўстанні 1863 года ў Прыдняпроўі і пакаранні смерцю кіраўніка паўстанцаў Тумаша Грыневіча. Я лічыў, што гэта ўпрыгожанае мясцовае паданне. А пазней у Кракаве былі знойдзены дакументы, якія пацвярджаюць рэальнасць тых падзей. Іх драматызм і асабістая зацікаўленасць прыцягнулі маю ўвагу да гэтай яркай старонкі ў гісторыі нашай беларускай зямлі.

— Шмат розных водгукаў выклікаў ваш раман «Нельга забыць», надрукаваны ў часопісе «Полымя» за 1965 год. Якое месца ў сваёй творчасці адводзіце вы гэтаму раману?

— Гэты раман быў надрукаваны ў часопісе «Полымя» ў скарочаным выглядзе. Асобнай кнігай на беларускай мове ён пакуль не выйшаў. Сапраўдная яго назва «Леаніды не вернуцца да Зямлі». Пад такой назвай ён і быў выдадзены на чэшскай мове ў 1975 годзе. Выйдзе раман і на беларускай мове. А пакуль гэтага не здарылася, меркаваць аб яго значэнні цяжка.

— Уладзімір Сямёнавіч, у кожнага пісьменніка ёсць творы, асабліва дарагія яму па той ці іншай прычыне…

— Я назаву тры такія творы: «Каласы пад сярпом тваім», «Чазенія» і «Ладдзя роспачы». Раман «Каласы пад сярпом тваім» закранае тую яркую старонку беларускай гісторыі, аб якой мы ўжо гаварылі. Пачынаўся ён з прыдняпроўскіх легенд і паданняў, з паэтычнай і вельмі прыгожай прыроды — ад Рагачова да Оршы. Метафарычны вобраз, закладзены ў назве кнігі, навеян выглядам падмытай грушы на беразе Дняпра ў вёсцы Азярышча. Аповесць «Чазенія» дарагая мне як успамін аб цудоўных месцах, праведзеных на Далёкім Усходзе. «Ладдзя роспачы», па-мойму, найбольш удалая спроба даць абагульнены характар беларуса, якому і чорт не брат, якога і смерць не палохае, які больш за ўсё любіць Радзіму, жыццё і весялосць і ні пры якіх абставінах не ўступіць у барацьбе за іх.

— Названыя творы далёка не вычэрпваюць дыяпазон вашай творчасці. Вы пішаце эсэ, п’есы, кінасцэнарыі. Як вы лічыце, ці можа пісьменнік дабіцца аднолькавага поспеху ва ўсіх відах творчасці?

— Усё залежыць ад асобы аўтара. Возьмем два прыклады з мінулага. Мала вядомы сёння чытачам Гусеў-Арэнбургскі пісаў пераважна прозу, паказваў у ёй часцей за ўсё быт духавенства. А вось, скажам, Пушкін дабіўся аднолькавага поспеху ў вершах і ў прозе, у крытыцы і ў гістарычных хроніках… Кожнаму дадзен свой дыяпазон. А вось ці зможа пісьменнік зрабіць што-небудзь значнае ва ўсіх напрамках сваёй творчасці — гэта залежыць ад таленту і ад лёсу.

— Вашы творы — яшчэ адно сведчанне невычэрпных магчымасцей беларускай мовы. Але як з’яўляюцца ў аўтарскай мове такія словы, як «плотны» (адпавядае беларускаму «шчыльны») або «распавесці» (у значэнні «расказаць»)?

— А чаму мы павінны забываць старыя карані? Я маю на ўвазе стараславянскую мову. Менавіта там бяруць пачатак рускае слова «повесть», беларускае «апавяданне» і ўкраінскае «розповідзь». Мова — гэта жывы арганізм. З гэтай прычыны ні адзін слоўнік не можа быць вычарпальным. Тлумачальны слоўнік Даля — адзін з найбольш поўных. Але колькі слоў прыбавілася з часу яго выдання, колькі зышло ў нябыт і, магчыма, зноў увойдзе ва ўжытак! Ніякі слоўнік не вычарпае слоўнікавага запасу жывой мовы. Але да гэтага трэба імкнуцца.

— Вы неахвотна дзеліцеся сваімі творчымі планамі. А як нараджаюцца задумы будучых твораў?

— Гэта можа быць кімсьці сказанае слова, цікавая ідэя, пейзаж. Нават пах. Я асабіста лічу, што «Антонаўскія яблікі» Бунін мог напісаць толькі пад уражаннем водару антонавак у скрынцы яго пісьмовага стала. Гэты пах выклікаў няяснае адчуване, успамін. З усяго гэтага, разам узятага, нарадзілася апавяданне. Часам задума прыходзіць па асацыяцыі. Старажытныя асірыяне, напрыклад, лічылі, што розум у чалавека змяшчаецца не ў мозгу, а ў вушах. Таму герояў і цароў яны паказвалі з вялікімі вушамі. Можна сабе, напрыклад, уявіць прыдворнага блюдаліза пры асірыйскім царскім двары, які ўсё жыццё гаварыў глупствы, лесціў цара, а яго лічылі вельмі разумным. Але аднойчы, сам гэтага не жадаючы, ён выказаў разумную думку, і яго пакаралі — адрэзалі вушы. У разуменні цара і асірыйскага грамадства ён стаў дунем. А на самай справе толькі цяпер, паспытаўшы гарачага, ён і стаў разумным. Такая асацыяцыя можа стаць сюжэтам іранічнага апавядання, апавядання-пародыі. Не выключае асацыяцыя і лірыку.

— Уладзімір Сямёнавіч, якім вы ўяўляеце сабе чытача сваіх твораў?

— Чытача перш за ўсё добрага сэрцам, разумнага, сумленнага, які любіць сваю Айчыну, гуманнага. Выходзіць, пераважна ідэальнага. І кожны пісьменнік, які піша ў разліку на такога чытача, павінен старацца, каб кожны яго чытач у рэшце рэшт (хай не сёння і не заўтра) стаў такім.

Упершыню — «Чырвоная змена», 1980, 12 студз. (гутарыла А. Губіч).
Апублікавана ў кн.: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 8. Кн. 2. З жыццяпісу, нарысы, эсэ, публіцыстыка, постаці, крытычныя творы, інтэрв’ю, летапіс жыцця і творчасці. — Мн.: Маст. літ., 1991. — С. 418 — 421.