Падарожжа ў будучую кнігу

Аматары беларускай літаратуры добра вядома імя Уладзіміра Караткевіча. Гэта імя стаіць на вокладках многіх цікавых кніг прозы і паэтычных зборнікаў. Кнігі вершаў «Матчына душа» і «Вячэрнія ветразі», зборнік аповесцей і апавяданняў «Блакіт і золата дня», гістарычныя раманы «Каласы пад сярпом тваім» і «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» — усе гэтыя і іншыя творы выйшлі з-пад пяра арыгінальнага і самабытнага майстра слова. Прыцягальная сіла твораў Караткевіча ў іх мастацкай глыбіні, вастрыні і займальнасці сюжэта, добрай пазнавальнасці і лірычнасці. Аб гэтым, у прыватнасці, сведчаць шматлікія водгукі саміх чытачоў.

«Ні адзін з твораў, надрукаваных у апошні час у „Молодой гвардии“, не выклікаў столькі водгукаў чытачоў, як аповесць-паэма „Чазенія“ беларускага пісьменніка Уладзіміра Караткевіча. Пішуць з Усць-Каменагорска і Балхаша, Петрапаўлаўска-Камчацкага і Севераморска, з караблёў і далёкіх воінскіх часцей. „Аповесць глыбока ўсхвалявала“, — паўтараецца з пісьма ў пісьмо. У многіх чытачоў узнікла жаданне бліжэй пазнаёміцца з аўтарам…» Так пісаў часопіс «Молодая гвардия», друкуючы кароткі адказ чытачам аўтара «Чазеніі» — твора сапраўды хвалюючага і глыбока лірычнага, гэткай пяшчотнай паэмы пра каханне, пра месца чалавека ў прыродзе.

Уладзімір Караткевіч не толькі паэт і празаік, ён публіцыст, драматург і кінасцэнарыст, працуе ў розных літаратурных жанрах. Беларускае тэлебачанне паставіла спектакль па п’есе Караткевіча «Млын на Сініх Вірах», які атрымаў прэмію на рэспубліканскім конкурсе тэлевізійных п’ес. Уладзімірам Караткевічам напісаны сцэнарыі дакументальных фільмаў «Будзь шчаслівай, рака» — лірычнага кінаверша аб Дняпры і яго людзях, «Памяць каменя» — аб старажытнай архітэктуры Беларусі, «Сведкі вечнасці» — аб тысячагадовых дрэвах нашай рэспублікі, мастацкага тэлефільма «Кражонак». Многія публіцыстычныя і мастацкія творы Караткевіча прысвечаны роднай Віцебшчыне і яе людзям (Уладзімір Сямёнавіч — наш зямляк, ураджэнец Оршы, з прыдзвінскім краем звязаны ў пісьменніка многія гады жыцця і творчасці).

Жаданне даведацца пра тое, над чым цяпер працуе Уладзімір Караткевіч, прывяло мяне на кватэру пісьменніка ў доме па вуліцы Веры Харужай у Мінску. На гэты раз, можна лічыць, пашанцавала — Уладзімір Сямёнавіч быў дома. Наогул жа застаць Караткевіча ў Мінску не проста. Зайздросны жыццёвы імпульс у гэтага чалавека — заўсёды ён у раз’ездах, у падарожжах: то цягне з рыбакамі сеткі на Дняпры, то едзе ў старажытны Вільнюс, сёння яго паклікала Украіна, заўтра — Далёкі Усход. Дарэчы, задума «Чазеніі» выспела ў час знаходжання пісьменніка ў запаведніку «Кедравая падзь» пад Уладзівастокам.

— Пасядзі, я зараз, — гаворыць Караткевіч, працягваючы нешта хутка пісаць. — Справа тэрміновая, а часу мала…

— Проста, значыць, з сённяшняга вечара і пачынаць? — пытаецца пісьменнік, адрываючыся, нарэшце, ад рукапісу. — Што ў рабоце і што задумана? Добра, з сённяшняга дня і пачнём. Атрымаў сёння экземпляр «Чазеніі» на ўкраінскай мове. Выйшла яна ў Кіеўскім выдавецтве «Молодь». Праглядаў для аўтарызацыі рукапіс «Каласоў», які пераклала масквічка В. Н. Шчадрына — раман павінен выйсці ў выдавецтве «Советский писатель». На рускую мову перакладзена няблага, перакладам задаволены. А вось гэта, — паказвае Уладзімір на незакончаны рукапіс, — новае апавяданне. Прысвечана яно дружбе народаў. Месца і час дзеяння — Кіеў, 1944 год…

Выбар, відаць, невыпадковы: Украіну, яе людзей Караткевіч ведае добра. У свой час ён скончыў філалагічны факультэт Кіеўскага універсітэта, настаўнічаў на Украіне. Мовай украінскай валодае гэтак жа свабодна, як беларускай і рускай, нават пісаў на ёй вершы і апавяданні. Дарэчы, валодае пісьменнік таксама і польскай мовай, разумее па-літоўску.

— З Украінай у мяне сувязі даўнія і моцныя, — заўважае Уладзімір Сямёнавіч, — не парываю іх і цяпер. Вось нядаўна атрымаў карэктуру сваёй кнігі «Зямля пад белымі крыламі». Напісана яна спецыяльна для ўкраінскай моладзі і неўзабаве выйдзе ў Кіеўскім выдавецтве «Вэсэлка» («Вясёлка»). Пра што яна? Цыкл замалёвак пра Беларусь — культура, гісторыя, быт. Беларусь вачыма беларуса… Так, але ж апавяданне не чакае. Гэту ноч не давядзецца спаць…

Побач з рукапісам — план апавядання. Прадуман сюжэт, прадумана кожная дэталь у размове, абмалёўцы, характары герояў. Прадуманы і выпісаны.

— План па свайму аб’ёму ў некалькі разоў большы за апавяданне, — гаворыць Уладзімір Сямёнавіч, — работа над ім — асноўнае. У працэсе работы гэты план-чарнавік ляжа ў рукапіс самім тэкстам…

Працаздольнасць Караткевіча не перастае здзіўляць нават тых, хто даўно ведае яго. Яна ўражвае. Словы наконт бяссоннай ночы — праўда. Калі так выйшла, пісьменнік будзе працаваць усю ноч. Недастаткова, аказваецца, тонкага мастацкага густу і фантазіі, шырокай эрудыцыі. Патрэбна яшчэ і такая вось зайздросная працаздольнасць…

Наша размова зноў вяртаецца да новых твораў пісьменніка, яго творчых планаў і задум. Толькі што выйшаў з друку раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» — аб тым, як у часы сярэдневякоўя з’явіўся ў аколіцах Гродна чалавек, якога прынялі… за Хрыста і які ўзначаліў паўстанне супраць паноў і царкоўнікаў. Ці працуе цяпер над творамі гістарычнай тэматыкі аўтар «Сівой легенды» і рамана «Каласы пад сярпом тваім» — цікавага твору пра пярэдадзень паўстання Кастуся Каліноўскага?

— Работу над «Каласамі» прадоўжу, — гаворыць Уладзімір Сямёнавіч, — з друку выйшлі толькі першы і другі тамы рамана, задуман жа ён значна шырэй, хачу паказаць само паўстанне Каліноўскага. Дарэчы, лічу гэты раман сваім лепшым творам, ды і любімым таксама — тут, як кажуць, ні прыбавіць, ні ўбавіць. Напісаў сцэнарый мастацкага фільма «Расказы з каталажкі». Створаны ён па матывах беларускага гарадскога фальклору пачатку ХХ стагоддзя і па матывах апавяданняў Якуба Коласа, Змітрака Бядулі і Ядвігіна Ш. Буду заканчваць «Кнігу падарожжаў» — гэта зборнік лірычных, з роздумам, рэпартажаў з дарогі, навеяных паездкамі па нашай краіне і Польшчы, сустрэчамі з людзьмі. Як толькі крыху «разгружуся», вазьмуся за заканчэнне дэтэктыўна-псіхалагічнай аповесці. Змест, коратка, такі: герой яе, філолаг і гісторык, чалавек крыху з дзівацтвам, бярэцца раскрыць злачынства, што зроблена чатырыста год назад. Раскрываючы яго, нечакана выяўляе злачынства, зробленае ўжо ў нашы дні… Гэта пра тое, што ў рабоце. А на больш далёкім прыцэле — задума рамана пра паўстанне Васіля Вашчылы. Ужо і матэрыял падрыхтаван, і план абдуман. Але трэба будзе яшчэ пасядзець у архівах, яшчэ папрацаваць над матэрыяламі… Вершы? Пішу і вершы, як заўсёды. Але для новага зборніка — хай збярэцца больш. Спяшацца не буду…

Уладзімір Караткевіч у росквіце творчых сіл, у яго шмат цікавых задум і планаў. За рабочым сталом пісьменніка нараджаюцца новыя творы, якія — а лічыць так ёсць усе падставы — будуць з такой жа ўвагай і цікавасцю сустрэты чытачамі, як і тыя, якія ўбачылі свет раней і па праву залічаны на вялікі рахунак беларускай літаратуры.

Упершыню — «Віцебскі рабочы», 1972, 19 снежня (аўтар матэрыялу — Б.Фірштэйн).

Яндекс.Метрика