Паслужу да канца

Уладзімір Караткевіч выступае ў розных жанрах. Яго першы надрукаваны верш «Машэка» з’явіўся ў 1955 годзе на старонках часопіса «Полымя». Затым былі апублікаваны «Спадарожнік зямлі», «Партызанская балада», «Паўлюк Багрым», «Балада пра паўстанца Ваўкалаку», «Заяц варыць піва», іншыя вершы.

Гэтыя выступленні адразу засведчылі, што ў літаратуру прыйшоў адметны, са сваім почыркам паэт, які мае што сказаць. У яго паэзіі пераважае гістарычная тэматыка, баладна-рамантычныя сюжэты, ёй уласціва рамантычна-асацыятыўная вобразнасць.

Караткевіч выдаў тры зборнікі паэзіі: «Матчына душа», «Вячэрнія ветразі» і «Мая Іліяда». Адначасова пачаў працаваць над прозай: напісаў аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха», раманы «Нельга забыць», «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», зборнікі аповесцей і апавяданняў «Блакіт і золата дня», «Чазенія», «Вока тайфуна», «Казкі», нарыс «Белавежская пушча». Ён жа — аўтар п’ес «Млын на Сініх Вірах», «Званы Віцебска», «Кастусь Каліноўскі», сцэнарыяў кароткаметражных фільмаў «Сведкі вечнасці», «Памяць камня», «Будзь шчаслівай, рака», паўнаметражнага — «Дзікае паляванне караля Стаха» і інш.

Летась у серыі «Бібліятэка беларускай прозы» выйшла кніга Уладзіміра Караткевіча «З вякоў мінулых». Край і людзі — вось фон, на якім адбываюцца падзеі. Пісьменнік узнаўляе старонкі гісторыі беларускага народа, паказвае дзеянні нашых продкаў, іх мужнасць у барацьбе супраць прыгнятальнікаў і веру ў святую свабоду, іх высакароднасць і душэўную прыгажосць.

Агульную цікавасць выклікала нядаўняя работа пісьменніка — эсэ «Зямля пад белымі крыламі».

— Дарэчы, як з’явілася гэтая кніга?

— Адной з прычын з’яўлення кніжкі было жаданне сказаць пра нацыю, грамадства, якое не нівеліруецца і не павінна нівеліравацца. Чалавек павінен быць як усе: сумленны, працавіты, надзелены тымі якасцямі, што аб’ядноўваюць усіх сапраўдных людзей. Але, як індывідуум, ён павінен адрознівацца ад другога, быць арыгінальным. Таму што сапраўднае грамадства — гэта не мільён аднолькава напісаных нулёў, а мільён розных Асоб. Непаўторных і каштоўных. І кожны народ таксама непаўторны. Няма вялікіх і малых людзей, вялікіх і малых народаў, бо кожны спаўняе сваю місію. Мне хацелася прыраўняць у правах чалавечых вялікіх і малых, таго, хто піша вялікія раманы, і тую, што тчэ непаўторныя посцілкі. Зберагчы сваю непадобнасць — вось задача кожнага народа і вось пра што эсэ «Зямля пад белымі крыламі». У адметнасці і прыгажосць чалавечай душы. Чалавек імкнецца да гэтай адметнасці. Дабрата, сумленнасць — агульныя, усечалавечыя катэгорыі, але існуе адна дабрата і 4 мільярды яе разнавіднасцей, форм. Чалавецтва — гэта бібліятэка, а не мільённы тыраж адной і той самай кнігі, няхай сабе і цудоўнай.

— Калі Вы пісалі «Зямлю пад белымі крыламі», ці існавалі падобныя творы ў іншых рэспубліках?

— Украінскія выдаўцы прапанавалі напісаць мне кніжку пра Беларусь. Такую сабе «малую» мастацкую энцыклапедыю аб ёй. Мы не мелі падобных кніг пра Беларусь. Але была зроблена такая справа ў Літве, Арменіі, Казахстане — выдадзены мастацкія эсэ-даведнікі пра гэтыя рэспублікі. Як пайшла справа ў іншых рэспубліках далей, я проста не ведаю. У «Зямлі пад белымі крыламі» спалучыліся літаратура і фальклор, этнаграфія і архітэктура, гісторыя нашага народа і яго сучаснае жыццё.

— Уладзімір Сямёнавіч, вы любіце падарожнічаць па Беларусі, па ўсёй нашай вялікай краіне. Дзе вы былі нядаўна і куды збіраецеся неўзабаве?

— Быў у горным і стэпавым Крыме, ва Узбекістане, Таджыкістане — вельмі цікава, у Гагры, Піцундзе, Вільнюсе, Дзукіі. Збіраюся на Дняпро, на Рагачоўшчыну, адкуль вядуцца мае продкі. А наогул, вазьміце ў Беларусі любы куток, не памыліцеся, калі скажаце, што я там быў. Падарожжа па родным краі ніколі не надакучыць, бо старое ўбачыш новым. Цягне да Чорнага мора, да рыбакоў. Удзельнічаў у экспедыцыі па старых помніках. Шукалі месца для музея. Намаганнямі многіх людзей адкрылі музей старажытнага мастацтва, археалогіі і этнаграфіі пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР. З’ездзіў у Чэхаславакію, дзе я неаднойчы бываў і дзе ў мяне ёсць добрыя сябры. Дарэчы, зараз пераклаў са славацкай мовы кніжку прозы для дзяцей.

У кабінеце пісьменніка на паліцах ляжаць, здаецца, сувеніры. Але не, гэта не звычайныя сувеніры, усе рэчы — дарожныя знаходкі. Іх яднае хараство, зробленае чалавечымі рукамі, — ці то будзе разьба па дрэву, ці даўні саматканы пояс, якому больш за два стагоддзі, ці сялянская гліняная цацка. І міжвольна здзіўляешся, як Уладзіміру Сямёнавічу ўдаецца так многа падарожнічаць і адначасова шмат пісаць, дарыць чытачу высокамастацкія творы. Вось і зараз на старонках часопіса «Маладосць» друкуецца новы раман «Чорны замак Альшанскі».

— Па форме гэта дэтэктыў. Але дэтэктыў псіхалагічны.

У ім пісьменнік вельмі ўдала спалучае мінулае і сучаснасць, культуру народа і яго гісторыю, псіхалагічны аналіз і займальнасць. Часопіс, як і кожную кнігу Уладзіміра Караткевіча, адразу раскупілі чытачы.
Без перабольшвання можна сказаць, што Уладзімір Караткевіч — адзін з найбольш чытаемых аўтараў не толькі ў Беларусі, а і ў Савецкім Саюзе. Аднойчы маскоўскае выдавецтва «Молодая гвардия» падводзіла вынікі года на падставе апытання саміх чытачоў. Найбольшую колькасць пісем выклікалі творы беларускага пісьменніка Караткевіча.
У Польшчы выйшаў зборнік апавяданняў У. Караткевіча «Блакіт і золата дня» (1976), у Чэхаславакіі ў 1972 годзе — аповесць «Каралеўская помста» («Дзікае паляванне караля Стаха»), раманы «Леаніды не вернуцца» (1976), «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1979). Яго творы перакладаліся на англійскую, балгарскую і іншыя мовы свету.
У заключэнне гутаркі я спытала, над чым зараз працуе пісьменнік.

— Увогуле, загадзя гаварыць пра гэта не прынята, каб часам не сурочыць. Але задум шмат. Трэба напісаць «кнігу вандраванняў» аб розных дзівосах, якія мне давялося бачыць у жыцці, скончыць яшчэ пару псіхалагічных дэтэктываў. І, вядома, час ужо канчаць «Каласы пад сярпом тваім». Падрабязна гаварыць пра гэта рана.

У аўтабіяграфіі, змешчанай у кнізе «Пра час і пра сябе», Уладзімір Караткевіч пісаў: «Калі б мне ўдалося пасля „Каласоў“ напісаць некалькі раманаў і аповесцей і давесці дзею да нашых дзён, я лічыў бы, што справа жыцця зроблена. Але да гэтага так далёка! Трэба працаваць. Не для сябе, а для маёй роднай краіны, для Беларусі, якой, калі дазволіць лёс, я паслужу, колькі будзе дадзена дзён, — многа або мала, але да канца».

Пісьменнік знаходзіцца ў росквіце творчых сіл. І чытачы з нецярплівасцю чакаюць яго новых публікацый, каб мець асалоду ад вострага сюжэта, моўных багаццяў, арыгінальнасці мыслення, а галоўнае — ад шчырай улюбёнасці ў свой край. Усё гэта якасці, якія робяць адметнай і запамінальнай творчасць Уладзіміра Караткевіча.

Упершыню — «Голас Радзімы», 1980, 10 студз. (аўтар матэрыялу — Г.Якаўлева).

Яндекс.Метрика