Калыска чатырох чараўніц – Карціна трэцяя

Ранняя вясна. Каля муроў цвінтара Багаяўленскай царквы ў Лагойску — нядзельны кірмаш. Але ён шуміць недзе наводдаль, а тут толькі стаяць некалькі распрэжаных вазоў, ды на цвінтары жабракі і жабрачкі спяваюць «Лазара»:

Як жыў сабе Лазар, чалавек убогі,
Ён лезны — балесны, сільна ўрадлівы.
Як пайшоў ды Лазар к брату-багачу,
Брату-багачу пад ягонае вакно.
«Ня ёсць ты мой брат, а ёсць люты пёс, —
Ёсць у мяне браткі — не роўня табе,
Ёсць у мяне браткі — у кроплю як сам,
Такія як сам — найраскошны пан»…
Ў гнаю ляжаў Лазар трыццаць тры гады,
Перад брамай багатавай братавай.

I яшчэ сядзіць ля мура Лірнік, спявае «Плач Адама»:

Ужо ж мы не бачым
Прасветлага раю,
Ужо ж мы не чуем
Янгальскага гласу!
Вочы нашы — ямы,
Руцы нашы — грабы:
Што вочы забачуць,
То руцы заграбюць,
Што маем, то мала,
Ажно ўсяго многа
Пад небам высокім
У госпада бога.

На камені сядзіць Янка і слухае Лірніка.

Янка. Ну і што з таго, што ўсяго многа, дзеду?

Лірнік. Усяго многа. Праўды мала… Усё жыццё пра тую праўду і я і унь яны, на цвінтары, спяваюць, а не вымалілі яе.

Жабракі.

Не было ў тым доме набожнай душы,
Балеснаму Лазару хлеба-солі даці,
Сваёй душы царствія ўратаваці.
Толькі былі ў тым двары два лютыя псы:
Яны па падстоллю заўжды хадзілі
I дробныя крошкі сазбіралі,
Балеснаму Лазару у гной насілі
I тым яго душу-цела заўжды жывілі…

Янка. Толькі яны?

Лірнік. Толькі. I няма яшчэ голасу гэткага моцнага, каб вымаліць праўду.

З’яўляецца Стафан Каляда.

Стафан. У-у, Янук.

Янка. Здароў, Стафан.

Стафан. А я думаю: у лірнікі ты гэта пайшоў, дзе пад лагойскім багаяўленнем праўду вымольваеш.

Янка. 3 маім голасам? Жартуеш…

Стафан. Ты дзе?

Янка. Ды па-ранейшаму. Бацькі ў Селішчы. Я вось вучылішча скончыў, ды да іх. А ты?

Стафан. Значыць, канчай не канчай — усё адно плуг… А мы вось не вымалілі праўды. Згоняць нас вось-вось. Валахоўскі лютуе. Мы сёння пойдзем… Ну, Гладышэўскіх, можа, часова пашкадуюць. Казік у бацькі, на Марысю паглядаючы, на гадок адмоліць.

Янка. Жэніцца?

Стафан. Гэ-э. Ён? Неба хутчэй упадзе… Слухай, Янка. Толькі ў яе і размовы, што пра цябе. А мне гэта…

Янка. А я ні ў чым табе перашкаджаць не хачу.

Стафан. Што, не падабаецца?

Янка. Ды не, хутчэй наадварот.

Стафан. Баішся, што бацька хворы, а ты — старэйшы з сямёх дзяцей?

Янка. Гэта мяне не спыніла б. Рукі моцныя — побач, сэрца добрае — ля майго. Але як быццам нехта забарону паклаў… На сем замкоў браму да яе замкнуў.

Стафан. Дык ты…

Янка. Не бойся. Нічога ёй не скажу.

Стафан. А сама яна скажа?

Янка. I на гэта не адкажу нічога… Ты лепей унь туды паглядзі.

З’яўляецца Марыся ў таварыстве Агаты, Магдзі і Евы. Да іх павольна набліжаецца Казік Валахоўскі.

Казік. Дзень добры, паненкі.

Марыся. Здароў быў, пан Казімір.

Агата. А гожанькі… Як макаўка.

Магдзя. Як макаўка, калі асыплецца.

Ева. Нічога яшчэ. Пакуль каласы на палёх ды сады не асыпаліся.

Казік. Але ж паненкі, як кветкі ў крапіве. Што вам сярод гэтых?

Марыся. Чаму? Тут не толькі яны. Тут кампанія пажондная. Унь пад багаяўленнем усе Тышкевічы ляжаць.

Магдзя. Графы. I тут жа побач з жабраком Янка сядзіць… «Чатыры панове на адным канёве».

Марыся. Магдзя, не руш.

Ева. I праўда. Калі з вас ніхто, то я б з ім у садочку пасядзела б. Яблык знайшла.

Агата. Ох, патрэбныя мы ўсе яму. Што за чалавек? Іосіф прыўкрасны? Ляксей — чалавек божы?

Марыся. Смяецеся.

Агата. Я — не.

Марыся. А ён нібыта й сапраўды нейкай сілай абраны.

Казік. Гэты? Н-ну… Гэта прабачце ўжо. Добры хлоп, але бардзо смердзі.

Марыся. Яшчэ скажыце такое, пан Казімір,— тады ідзіце лепей.

Аддаляюцца.

Стафан. Бачыў?

Янка. Бачыў.

Стафан. Галаву я яму развалю, бабздыру.

Янка. Кінь, Стафан, не чапай гною.

Стафан. За што ж такая дзяльба ад бога? Разлезлік, гад, няроба — і ўсё ў яго. А ў нас усіх мазалі з рук не злазяць, а мы сярод жабракоў.

Янка. I адны лірнікі за нас… Куды ж ты зараз?

Стафан. Не ведаю. У салдаты — за трыццатую гару загоняць. У найміты — зноў нейкаму Казіку кланяйся. У разбойнікі — багатыя галаву здымуць. У стражнікі — сволаччу станеш, беднага пакрыўдзіш, братам будзеш чужы… Не ведаю.

Лірнік. Праўду ідзіце шукаць.

Янка. Дзе? Нават дзе была яна — няма. Дзе былі дабрыня, шчырасць, вера ў людзей — балота лягло безнадзейнае. Баяцца, хлусяць, ваўкоў хваляць — а мо воўк яго апошняга зарэжа?

Лірнік. I тое. Вось тут па Гайне-рацэ крыніцы былі. Пахнулі — як з пекла, жалезам ды серай. I прыводзілі ўтрапёных, і расслабленых, і паралюшных, і былі ім палёгка і вылячэнне. А зараз? Гразь адна.

Янка. Па ўсім тутэйшым наваколлі — гразь.

Набліжаюцца Агата, Магдзя і Ева.

Стафан. Зноў сарокі гэтыя. А Казік недзе з ёй. Пайду я.

Ідзе. Дзяўчаты прыблізіліся.

Магдзя. Пане божа. А мы глядзім, хто гэта. А гэта ж Яначка-закутнічак.

Ева. Не, дзяўчаты, гэта вы дарэмна. Гэта ён так, а ў душы ён да дзяўчат лісцімон. (Наіўна.) А я б і не лаялася, каб ён ля мяне лісцімоніў.

Янка. Славяда ты. Авечка закруцістая. Ты ж мазгі ўсім закруціш. Хоць касмылі прычашы.

Магдзя. Ы-ы, ы-ы, атрутнік гэны. Яшчэ хваліцца, што з лавы валіцца.

Янка. Агонь бы вас, дзеўкі, вымачыў, вада б выпаліла. Замуж бы вам далёка выйсці.

Агата (з раптоўнай сур’ёзнасцю). А сяя-тая можа й далёка выйсці….

Янка. Куды?

Агата. Дзе звону касцёльнага не чуваць.

Янка. Мне што?

Ева. Пагаварыць трэба.

Янка. Я нікуды не ўцякаю. Толькі… дарэмна гэта. Хочаце, каб Стафан да вечара не дадыхаў.

Ева. Не выдумвай.

Магдзя. Каб твайму Стафану сто гадоў жыць і сто гадоў ногі валачыць. Няўклюда гэткі.

Ева. Дык помні.

Янка. А што, калі забуду, дык мяне рак убрыкне?

Магдзя. Качка цябе тады ўбрыкне, а камары затаўкуць.

Пайшлі. Янка толькі круціць галавою.

Янка. Ну, дзе-еўкі. Ну, каб ім елася хутка, работалася доўга.

Лірнік. Каб ім на старасць кот яйка знёс, а ваўкі па іх голас вялі.

Янка. Аж у пот кінула.

Лірнік. А што ты думаеш? У нас такі-ія.

Падыходзіць Марыся.

Марыся. Адыдзем, Янка?

Янка ўстае і адыходзіць.

МарысяСядзем? (Прыселі на выступ мура.) Што гэта ты, сугней такі, каб ты ўдзень зорак не бачыў. Хлопцы з дзеўкамі, мужыкі з бабамі ля карчмы. Музыка там, скокі.

Янка (на лірніка). Унь мая музыка.

Марыся. А дзяўчачыя спевы табе не музыка?

Янка. Кожнаму дню — свая музыка. I на сённяшні дзень розная яна ў мяне і ў цябе.

Марыся. Праўда?.. Да канца праўда?

Янка. Так. Нікога не хачу падманваць. I асабліва цябе. Як самую ўлюбёную сястру. Як і сонца і неба. Бо не ведаю, што я магу табе даць.

Марыся. Усё на свеце.

Янка. Я не ведаю, што я ў гэтым свеце, а ты мне кажаш, што я — усё. А раптам я паабяцаю табе залаты яблык, а выявіцца, што я зацвілы сухар. Не хачу рабіць такога людзям. А табе — стакрот. Чыстымі вачыма хачу глядзець табе ў вочы. Асабліва таму, што хацеў бы глядзець доўга.

Марыся. Янка… Янка… Бацькі пана баяцца… Казік толькі што сказаў, што ўтопіцца… Абяцаў — сватоў зашле… А мне гэта — атрута смяротная.

Янка. Найболыд сорамна — адмовіць у глытку вады. Мне — сорамна.

Марыся. Ты лічыш — я прасіць падышла. Ды не, тут няпраўда твая. Мяне прасіць не вучылі. Мяне рабіць вучылі. Браць па праву заробленае.

Увальваецца ў кола дзяўчат Казік Валахоўскі, крыху на падпітку. З другога боку Стафан Каляда.

МарысяУнь яны — яшчэ дзве дарогі. Не на табе свет клінам.

Янка. Я рады… за Стафана.

Марыся. А я — невядома за каго радая. Гэй, дзяўчаты, кола!

За гарою зайчыкі трубяць,
Чаму мяне дзеўкі любяць?
Злажэцеся хлопцы па грошу,
Купеце мне ленту харошу,
Буду тую ленту насіці,
Будуць мяне хлопцы любіці.

(Танец.)

Агата.

Ой, да мяне ходзіць
Малады Ясенька,
Сам бялявы, вус чарнявы,
Белае лічэнька.

Ева.

Дзяўчынанька панна,
Маё маляванне,
Падай жа мне белу ручку
Цераз дыляванне!

Магдзя.

Ой, ручкі не дам я,
Мая ручка бяла,
Я такімі панічамі
Платы падпірала.

Марыся.

Ой, ты думаў, дурню,
Што я цябе люблю,
Каля цябе стою,
З цябе смешкі строю.

Казік. Гэй, людцы! Усё ёсць. Поле нямеранае, грошай — сам не ведаю. Чаляднікаў — роту маю… Чаляднік! Блажэй-фурман, да яснай халеры.

Блажэй (з’яўляецца і ляскае бізуном). Тут, Казю найяснейшы.

Казік. Бенкетоваць. Кумаёў-любаўёў заклікаць. (Да Марысі.) Ну, рончку бялу. Князёў-баяр сюды!

Блажэй. Роту-пяхоту, прапышную чэлядзь!

Натоўп вывальваецца са сцэны.

Лірнік (ціха). Я хаця і адным вокам, але святло крыху бачу. Што ты за камень у гэтае гадзючае кубло кінуў? Чаму дзяўчына так раз’юшылася?

Янка. Нешта кліча. Сілы ў сабе адчуваю вялікія. Не магу іх закапаць у зямлю, думаць аб зямлі, гаспадары, дзяўчатах.

Лірнік. Што, зусім не думаць?

Янка. Якраз не. Няма на свеце прыгажэйшых за нашых дзяўчат. Але, адчуваю. Здайся — і пойдзе тая самая арэнда, дзеці, гаспадарка, кавалак малой зямлі. А мне, адчуваю, і на вялікім чамусьці цесна. Жыву — нібы чакаю чагосьці. Нібы трэба кагосьці ратаваць. Не аднаго — многія тысячы. А як? Чым?.. Не ведаю. (Паўза.) І галоўнае, словы… Найлепшыя на свеце. Гучаць, гучаць у душы. А аб чым? Якім глаголам гучаць — не разумею.

I зноў увальваецца дзікі натоўп.

Казік. Чаму не ўсе пайшлі… у карчму… Ты, з лірай… I ты, Луцэвічаў псюк.

Янка (спакойна). А няма чаго туды ісці. Дзе ты — там і карчма. Хаця й не п’юць — рыгаць хочацца.

Казік. Цо? Цо ты гадаш? Гальцапа ты гэткая.

Янка. Змоўч ужо, гадота цэлага свету.

Казік. Ты, ты… гіцаль!

Марыся. Разыдзіцеся вы, пеўні.

Казік (крыху адышоў). Ды я яго за шэлег куплю.

Стафан. За шэлег? А я вось табе.

Казік. Адкасніся галадранец (хапае Янку загрудкі).

Стафан. Ты на нашых хлопцаў?! На дзяўчат? За камень гарачы хапайся, а не за іх.

Блажэй (спалоханы). Вураднік ідзе! Снулы!

3-за царквы выплывае ўраднік з двума стражнікамі.

Снулы. Тут што такое?

Блажэй. Дык, Рахцей Рахцеевіч…

Снулы. Ерафей Ерафеевіч.

Блажэй. Рах… Рахце… Пшэпрашам… Гулялі… А гэтыя да паніча біцца палезлі.

Марыся. Няпраўда!

Стафан. Казюк пагражаў, што ўсіх за шэлег купіць!

Снулы. Пло-оха. I міня?

Казік. Ды што вы, хіба вам шэлег цана?

Янка. Дарагі вы наш… дарагі.

Казік. I куплю! Усё куплю!

Жабракі на цвінтары.

Цяпер я багаты, бога не баюся,
Ад наглая смерці грашмі адкуплюся,
Да царства нябеснага я сам набліжуся,
А ад злога чалавека з ружжа адаб’юся.

Лірнік (падхапіў).

Ад лютага звера псамі адцкуюся,
Ад брата Лазара навек адракуся.

Снулы. Што-о. Какурат бунт?! Страж!

Адзін са стражнікаў вырывае ліру з рук старога. Янка схапіў яго, але стражнік ужо адкінуў ліру ўбок. Там яе. паддаў наском Блажэй. А пасля на яе цяжка апусціўся бот Снулага.

Я вам урэмя пакажу спяваць катаржныя свае песні.

I тут яго ўразіла дзіўная цішыня і твары людзей. Яшчэ дагасаюць енкам струны ліры.

I маўчанне страшней за крык.

Разыдзісь (голас у Снулага няўпэўнены). Ціха.

Пайшоў з плошчы. За ім паступова разыходзяцца людзі. Памкнулася была да Янкі дый пайшла Марыся.

Хацеў быў сказаць нешта, ды зірнуўшы на Янку, павалокся прэч Казік. Янка ўзняў знявечаную ліру.

Янка. Ну… дзе ж цяпер шукаць апошняе слова?

Лірнік. Ліра будзе. А слова — у песні, у казцы.

Стафан (адыходзячы). Казкі? Не, тут казкамі не пахне.

Лірнік. А ісці? Ісці па праўду. Жывая яна недзе ў госпада бога.

Янка. Мы адны. А колькі ж іх. Абыякавых, чужых, моцных.

Лірнік. А ты забудзь гэты дзень і сябе. Ты ідзі за ўсімі, за моцнымі. Лягчэй. Не прападзеш… Унь за такімі, як гэтыя.

Голас.

Божа! Гэткі свет тут
Моц стварыла твая!
Дзе ж мой дом, дзе ж мой люд?
Дзе айчызна мая?

Янка. Чуў голас?

Лірнік. Не.

Янка (разгублена). А я чуў (ашчаперыў галаву рукамі). Забыў. Забыў.

Лірнік. Каб крыніцы не былі такія запушчаныя — лячыўся б з іх.

Янка (амаль непрытомна). Каб крыніцы не такія запушчаныя…

I тут выбягае да іх Марыся.

Марыся. Янка. З Селішча Адам прыехаў. Спяшайся дахаты. З бацькам дрэнна.

Янка (непаслухмянымі вуснамі). Што? Што?

Марыся. А, што там! Не ўмею. Памірае ён… Калі ўжо… Што ж ты?

Янка. Іду, сястра. Вось табе і клічы-галасы. Вось табе і ліра. Ён — у зямлю. Я — на зямлю.

Заслона.