Калыска чатырох чараўніц – Пралог
Драма ў дзвюх дзеях, шасці карцінах з казачным пралогам і эпілогам
ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ
БЕЛАЯ (Першая)
БЛАКІТНАЯ (Другая)
ЗАЛАТАЯ (Трэцяя)
ЦЁМНАЯ (Чацвёртая)
у дзевятнаццаць год.
ЯНКА ЛУЦЭВІЧ
у дваццаць два гады.
ДАМІНІК — сын Анупрэя Луцэвіча, бацька Янкі.
БЯНІГНА — Багуміла Луцэвіч з Валасевічаў, Янкава маці.
ЗЫГМУНТ (ЦЫКМУН) ЧАХОВІЧ-ЛЯХАВІЦКІ — былы паўстанец, цяпер «пан» у Бясядах.
АКАНОМ пані Чаховічавай з Арамовічаў — пані ўладаркі Бясядаў.
ПАКАЁЎКА.
СТАФАН КАЛЯДА — сын арандатара-палавіншчыка, пазней парабак.
у семнаццаць год.
МАРЫСЯ ГЛАДЫШЭЎСКАЯ, дачка арандатара
у дваццаць год.
ЮЗУК ГЛАДЫШЭЎСКІ — бацька Марысі.
КАТРА ГЛАДЫШЭЎСКАЯ — маці Марысі.
КАЗІК ВАЛАХОЎСКІ — паніч.
БЛАЖЭЙ — фурман Казіка.
УРАДНІК ПАН РАХЦЕЙ РАХЦЕЕВІЧ СНУЛЫ.
ЛІРНІК.
Купальскія дзяўчаты, госці Гладышэўскіх, сяляне, стражнікі.
Дзея пачынаецца ў 1895 годзе, заканчваецца ў 1904 годзе.
ПРАЛОГ ЧАТЫРОХ ЧАРАЎНІЦ
Ноч нібы толькі крыху асветленая праз туман ззяннем зорак. Нячутна заводзіць спеў дзявочы хор:
Гарэла Купала ясненька,
На Купале дзевачак паўненька.
А хто гэта Купала разлажыў —
Каб яму бог жыта зарадзіў.
Узносіцца — амаль без святла, толькі пырскаючы іскрамі, — агнявое кола. Цьмяна праплываюць у паўзмроку сілуэты дзяўчат:
Я зёлкі ў полі збіраю,
Івана Купалку пераймаю
I ўсё гляджу ў цёмен лес.
А ў цёмным лесе агонь гарыць.
Каля агню Купалка сядзіць,
Купалка сядзіць і ўголас плачыць.
«Чаго, чаго, Купалка, плачаш?
Ці табе тут соўнінька мала?!»
Цьмянае агнявое кола. Затое слаба-слабенька ўспыхвае іскрачка блізка ля зямлі. Яна мігацее, часам ледзь не гасне, але ўсё ж паступова разгараецца ў маленькае ззянне, і тады нам відаць, што яно льецца з калыскі, якую гайдае невядома чыя рука. Ля калыскі чатыры постаці. Калі пачынае гаварыць кожная з іх, на невыразнай постаці на імгненне запальваецца слабое святло: белае — блакітнае — залацістае. I толькі на чацвёртай — бронзава-чорнае, нібы згушчаецца змрок. Галасы глухаватыя і ўсё ж выразныя.
Трэцяя (залатая). Сёстры. Ля калыскі кожнага нованароджанага з’яўляюцца чараўніцы і прарочаць яму ягоны лёс.
Цёмная (чацвёртая). У некаторых не з’яўляюцца.
Белая (першая). У тых, хто пасля — аж да канца — пальцам не варухне дзеля брата і друга. У тых, хто толькі для сябе. У тых, хто толькі хлебаед.
Трэцяя (залатая). У астатніх — узнікаюць.
Блакітная (другая). I мы заўсёды стаім ля калыскі тых, хто адарве кавалак ад рота і дасць загнанаму, хто памагае не толькі людзям, хто памагае цэламу народу стаць на ногі. Каля тых — заўжды.
Цёмная (чацвёртая). Які вы судзіце яму лёс?
Першая. Самы слаўны.
Чацвёртая. Але і самы цяжкі.
Трэцяя. Але і самы вялікі.
Песня:
Купалінка, купалінка, Ружу, ружу поле,
Цёмная ночка, Белы ручкі-ручачкі коле.
Цёмная ночка, Кветачкі рве, кветачкі рве,
А дзе ж твая дочка? Вянкі звівае,
Мая дочка у садочку Вяночкі звівае,
Ружачку поле, Слёзкі пралівае.
Чацвёртая. «Слёзкі пралівае…» I праўда, што за жыццё без слёзак?.. Нішто-о, гэтым дабром я яго забяспечу. Шмат чаго я нарабіла ягонаму роду ў мінулым. А ён сербане больш за іх усіх разам.
Трэцяя. Што ж, сэрца мудрых у доме плачу.
Чацвёртая. Ён будзе гадамі блукаць упоцемку.
Першая. I выйдзе на святло.
Чацвёртая. I аслепне ад яго.
Другая. I выведзе на яго іншых.
Чацвёртая (амаль у ярасці). Ён памрэ далёка ад роднай зямлі.
Першая. I вернецца ў яе. I давеку застанецца з ёю.
Далёка-далёка плывуць дзявочыя сілуэты; амаль згасла кола ў паветры. I невядома, адкуль робіцца святлей у тумане: ці ад прадчування заранкі, ці ад вельмі слабага святла з калыскі.
Песня:
Ой, рана на Йвана (2)
Проці Івана ночка мала
Ой, рана на Йвана (2)
Ой, рана на Йвана (2)
Дзе купала начавала?
Ой, рана на Йвана (2)
……….
Начавала ў чыстым полі.
……….
Ў чыстым полі, ў густым жыце.
Ой, рана на Йвана (2)
Другая. Чуеце, спяваюць. Нам скора знікаць. У туманы, пушчы, да зор.
Трэцяя. Прыйдзем, калі з дзіцяці вырасце юнак.
Чацвёртая. Ці вырасце? I ці тое, чаго вы хочаце?
Першая. Вырасце. I імя яму будзе Ян.
Трэцяя. Янаў на Беларусі тысячы.
Чацвёртая. Якой такой Беларусі?
Першая. Прызабытай. Але ён будзе з тых, хто нанава, з пустэчы і папёлаў, з занядбання створаць яе… Ян…
Чацвёртая. Гэта азначае работнік і дурань… Ян.
Першая. Па-старадаўняму гэта азначае «раскоша божая»… I скіне ён ланцугі з душы простых і дасць ім разуменне.
Першая. Ян! Сын Дамініка!.. Унук Анупрэя! Прапраўнук Яна. Нашчадак…
Другая. Адама. Ты чуеш нас?! Уставай! Адгукніся!
У тумане над ценямі, над згаслым колам гучыць крык немаўляці.
Заслона.