Кастусь Каліноўскі — Карціна першая

Трагедыя ў трох актах, трынаццаці карцінах

ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ

СЕЙБІТЫ:

Беларусь.
Кастусь Каліноўскі.
Арсень Станевіч — сябра Кастуся.
Караліна Яцына.
Вастравух — камандзір атрада інсургентаў.
Юзэфа Яневіч.
Пан Заруба.
Бронюс Марцявічус — кінжальшчык.

АРАТЫЯ:

Пархвен Бабаед па мянушцы Чортаў Бацька.
Яўхім Барданос.
Яўхіміха.
Чорная плакальшчыца.
Агей Блажэнны — юрод.
Баба Гарэліха — удава.
Ігнась Шосцік.
Нямы Ян.

КРУМКАЧЫ:

Граф Міхаіл Мікалаевіч Мураўёў.
Імператар Аляксандр II.
Жандарскі палкоўнік Лосеў.
Палкоўнік Цаплін.
Капітан фон Юнген.
Паручнік Гогель — член следчай камісіі.

ІНШЫЯ:

Пасланец белага жонду.
Вітаўт Парафіяновіч.
Марыя Грэгатовіч.
Стоцкі.
Мадам дэ Салье.
Палкоўнік Шалгуноў — старшыня следчай камісіі.
Палкоўнік барон Тызенгаўзен.
Сяляне, прахожыя, салдаты, натоўп, госці на бале,
члены следчай камісіі і трыбунала.

Дзея пачынаецца ў маі 1863 — канчаецца ў сакавіку 1864 года.

Яшчэ перад тым як падымаецца генеральная заслона, чуваць далёкія, жудасныя па сіле і журбе, гукі старадаўняй песні. Гэта «Дарота»… На саматканым чынаватым палатне заслоны скачуць адбіткі далёкага агню. І вось перад заслонай узнікае жанчына ў чорным. У яе журботнае аблічча з прадоннямі чорных вачэй. Вялізны цень жанчыны рухаецца ва ўспышках зарыва, то ападаючы, то вырастаючы амаль да столі.

Жанчына.

Я — Беларусь… Я — чорная зямля…
Я — маці ўсіх дзяцей маіх.
I ўсіх гасцей, што прыйдуць з добрым словам
На берагі маіх празрыстых рэк.
Нямнога, пэўна, знойдзецца такіх,
Што злом мяне успомняць. Толькі тыя,
Што смерць прыносілі ў мае палі
І зараз спяць на дне маіх курганаў.
Я — перад вамі… Паглядзіце… Рукі…
Стагоддзі працы — шрамамі на іх.
Я — ў чорным. Але быць бы мне ў барвяным
Ад рэк крыві, што працяклі па мне…
Якой была я светлаю дзяўчынай!
Ў каралах арабін, ва ўборы ясным
З зялёнага атласу і ў сапфірах
Маіх азёр бязмежных і крыніц.
І цар прыслаў — мяне ў рабыні сватаць –
Сваіх паноў з мячом, свінцом, агнём…
І вось я скінула свае уборы
І чорны плашч усклала. Ў соты раз.
Але ў бясконцых, страшных гэтых бедах
Не апусціла я сваіх вачэй….
Вы, што глядзіце зараз мне ў зяніцы,
Вы, светлыя, вы, добрыя, вы, дзеці
Вялікія мае, павінны ведаць
Паданні краю.
Вось, вазьміце крылы,
Якія Вас туды перанясуць…
І уявіце, што якраз сягоння
Рассыпаліся вёскі і палацы
Чырвоным жарам. Шыбеніцы страшна
На раздарожжах стогнуць па начах…
Па жылах рук маіх ідуць салдаты
І валяць родны лес наўсцяж дарог,
І паляць пушчы, каб ніхто не здолеў
Схавацца там са зброяй і страляць
Па карніках. Яны ж паўсталі, дзеці,
Не вытрымалі рабства і цяпер
Ляжаць, забітыя рукой варожай,
Між зрынутых калон маіх лясоў.
Не будзе дрэваў — і мяне не будзе…
Паслухайце… Вось… Вось яшчэ… Яшчэ.

Здалёк, глухія і нерэальныя, далятаюць, мацнеюць, гучаць, гучаць удары сякер.

І уявіце, што сягоння, зараз,
Выходзяць лепшыя сыны змагацца.
І рог гучыць. І раўкаюць гарматы.
І мужыкі, што верылі спачатку
Ў цара, цяпер за лепшымі ідуць.
Узняўшы вілы ў зарыва… І гэта
Зрабіў адзін з сыноў маіх… Кастусь.
Сын той зямлі, што несла крыж пакуты…

І тут узмывае страшная, на мяжы голасу і адчаю, песня-лямант «Дарота».

А Дарота крыж нясе
Па сцюдзёнай па расе,
Па папёлах стылых,
Па пажарах дымных
Нясе…
Нясе…
За ўсіх бедных людзей
Па палёх яна ідзе…
Ідзе… ідзе…

Беларусь. Глядзіце! Успомніце! Прыходзіць час!..

Уздымаецца заслона. Закінуты вадзяны млын пад Бахарэвічамі. Грэбля парасла дрэўцамі, лес прысунуўся амаль да самых сцен… Чортаў Бацька і баба Гарэліха глядзяць у глыбіню сцэны, адкуль чуцен далёкі шум натоўпу.

Гарэліха. Куды гэта народ сыпануў? Га, Чортаў Бацька?

Чортаў Бацька. Паўстанца ловяць… ІІаныча… Ішоў нібыта па дарозе сюды.

Гарэліха. А Яўхім наш… Сокал-мужык!..

Чортаў Бацька. Над пешым арлом і варона з калом… Але нішто — сокал….

З’яўляецца падарожны вандроўнік у лапленай сялянскай світцы, з торбай за плячыма, з трохгранным кіем у руках. Бахматая галава, густыя бровы, доўгія вусы.

Падарожны. Дзень добры на славу божую.

Чортаў Бацька. Ветлівы… Па-нашаму… Здароў, вандроўнік.

Падарожны сядае побач з імі.

Хто будзеш?

Падарожны. Павей-вецер, дзядзька. Хаджу, зямлю нагамі штурхаю.

Чортаў Бацька. Я і гляджу, лёгкі ты на хаду. Як ляціш…

Падарожны. Што, сябры, ці не было тут хлопца, светлавалосага такога, высокага?..

Чортаў Бацька. А табе чаго?

Падарожны. Ды так… Таварыша павінен быў тут сустрэць.

Гарэліха (бурчыць). Сустрэнецеся ў ката на дыбе… Носіць тут…

Чортаў Бацька. Змоўч ты, Гарэліха… Гэта наш чалавек… Мужык.

Падарожны. Дзякуй, добры чалавек… Ну, як тут у вас жыццё?

Чортаў Бацька. Не жыццё, а выццё…

Падарожны. Паўсюль так. Сам бачыў. А мураўёўцаў не чуваць?

Чортаў Бацька. Каго?

Падарожны. Новага намесніка цар прызначыў. Мураўёва. То яго салдаты.

Чортаў Бацька. Не чуваць. А ў наваколлі паляць-такі вёскі.

Падарожны. А што народ?

Чортаў Бацька. А што народ! Народ паноў б’е…

Падарожны. Якіх паноў?

Чортаў Бацька. І вінаватых, што паўсталі, і невінаватых.

Падарожны. Ды нашто?

Чортаў Бацька. Невінаватых пад шумок. Усё лягчэй мужыку. Тым больш — разбірацца не будуць. Унь мужыкі сёння пана Зарубу на хутары вырашылі памацаць. А вінаватых, злачынцаў царскіх, тых, што ў лясах са зброяй, — тых цар загадаў.

Падарожны. Як цар?

Чортаў Бацька. Поп казаў у нядзелю, што, маўляў, гэта паны, што прыгон вярнуць хочуць. Цар вызваліў, дык яны паўставаць. З амбону казаў — не брэша.

Падарожны. Дык гэта ж няпраўда…

Чортаў Бацька. А ты хто такі, што лепей за папа праўду ведаеш?

Падарожны. Поп нават пра дзяцей сваіх усёй праўды не ведае. Пра тую праўду спытай у пападдзі ды ў паповага найміта.

Чортаў Бацька. Гэ… Наконт нашага папа — як у ваду глядзеў…

Падарожны. То што ўсё ж вашы мужыкі рабіць збіраюцца?

Гарэліха. Скора ўбачыш.

Падарожны відавочна непакоіцца.

Падарожны. Чаго-то вы тут седзіцё? Як прыклееныя, як госці… «Надвор’е якое цёплае. Каб быў госцем — даўно б дахаты пайшоў».

Чортаў Бацька. Ды тут зараз народу будзе — поўна… О! Спаймалі-такі… Вядуць…

Здалёк чуваць гоман натоўпу.

Падарожны. Хто вядзе? Каго?

Чортаў Бацька. Царскага злачынца. Яўхім, мужык наш, аблаву на яго збіў… Хто за цара і бога — бі паноў.

3-за дрэў сыпануў на прагаліну віруючы сялянскі натоўп: бабы, мужыкі, дзяды. У руках цапы, доўбні, сякеры. Вядзе натоўп Яўхім Барданос, сталы, страшнаватага выгляду мужык. 3 ім ягоная жонка з аглаблёй. Пярэднія мужыкі цягнуць Вастравуха. Яму, відаць, давялося паспытаць кухталёў. За імі другія цягнуць звязанага 3арубу. Народ кіпіць.

Яўхім. Цягні іх, хлопцы! Бі! Сячы галовы!

Яўхіміха. Бач ты, з іхніх зажывошчаў нам хаты спаляць. Зброю ім! Прыгон!

3 Вастравуха зрываюць перавязь.

Галасы. Злодзей нясыты! Чамарка панская! Давай тапор! На пень яго! На пень!

Падарожны, рассоўваючы людзей, ідзе да пня.

Падарожны (ціха). Вастравух… Бог ты мой, што з табой зрабілі?!

Вастравух (спакойна). Хрыста таксама распялі людзі, для якіх ён жыў.

Перад ім стае Яўхіміха.

Яўхіміха. А ты галодны рот печкі бачыў, Хрыстос?

Вастравух. Баба бедная, гэта ж мы за вас… Супраць бацькоў сваіх… за вас!..

Яўхіміха. Пан мужыку тлумачыў: «Гэта, мужык, атлас». А мужык яму: «Ад нас, паночку, ад нас». (Са страшнай іроніяй.) Ты — пан. Ты «за нас», як воўк за авечую шкуру.

Маўчанне. Вастравух зразумеў. Стае на калені перад пнём.

Вастравух. Што ж, вазьміце жыццё. Яно — ваша.

Яўхім бярэцца за сякеру. Падарожны праціснуўся да яго. Якраз у гэты момант з’явіліся на грэблі Арсень Станевіч і Караліна.

Арсень. Вядзі хутчэй да ваяводы. Тэрміновыя весткі з Вільні, панна Караліна.

Караліна. Ды Вастравух якраз тут, ля млына, павінен быў сустрэцца з кімсьці…

Арсень. З ім якраз…

Караліна (убачыла людзей). Божа!.. Арсень, глядзіце!

Уражаныя, яны застылі. Потым Арсень адштурхнуў Караліну за дрэвы.

Яўхім (Вастравуху). Ты хто такі?

Вастравух. Камандзір атрада паўстанцаў.

Яўхім. Маліся… Замольвай апошні грэх.

Падарожны. Які грэх?

Яўхім. А ты хто?

Чортаў Бацька. Ды наш… Мужык ад чобатаў да гаворкі… Вандруе…

Яўхім. Сляпы… Мужык галадае, мужык памірае. Цар мужыку долю даў. І знайшлася сабачая парода, што супраць загаду цара… Каб прыгон вярнуць, стайні, каб маці ад дзяцей асобна прадавалі… (Узняў сякеру.)

Падарожны (з пагрозай). Стой! Што робіш?! Ты яму жыццё даў, каб адбіраць? Ты, відаць, з дзяцінства такі: тварык бяленькі, ды на вуме мяленька. Яны за цябе воляй, шчасцем, жыццём рызыкуюць… А ты… багаты дужа… Скарбы табе такія кожны дзень пад ногі сыпалі… Зірні яму ў вочы, ты, чакуха драўляная… Могуць быць такія вочы ў гада?..

Паўза.

Арсень. Самасуд. Схопяць.

Караліна. Такога адважнага? Не-е. Хто гэта?

Арсень шэпча ёй на вуха.

Што будзем рабіць?

Арсень. Пачакаем… (Выцягнуў пісталеты і паклаў іх перад сабой на пень.)

Яўхім. Ды цябе чаго яшчэ слухаць? Ты хто такі, кіслая шэрсць, каб парады даваць?

Падарожны стаў на пень. Зрывае парык і вусы, адкрываючы вельмі малады твар з гарачымі вачыма. Скідае світку. Пад ёй чамарка, падпяразаная срэбным поясам. За поясам два пісталеты з залатой насечкай, вялізныя, старыя.

Падарожны. Я — вярхоўны ваявода паўстанцаў Гродзенскай губерні, Кастусь Каліноўскі.

Адхіснуўшыся, ахнуў натоўп.

Вастравух. Кастусь… Ты бачыш… Вось як яны… З сякерамі… Доўбнямі… Ловяць паўстанцаў. Аддаюць іх уладам… Нашто мне жыць?.. (Рыданне раздзерла глотку Вастравуха.) Нашто-о, калі я за іх?!

Яўхім. Слёзы табе выцерці?

Кастусь. І выцеры. Яны гэтага вартыя, такія слёзы. Табе такімі до-оўга яшчэ не плакаць. Слязьмі крыўды на свой народ… Ах-х, якая ж вы яшчэ цемра, якая слепата, калі — свае! — сваім галовы сячэце!

Гарэліха. Якія яны да халеры свае! Яблыкі з панскага дрэва.

Кастусь. Яны свае, баба. Яны ўпалі са сваёй яблыні і адкаціліся на мужыцкую ніву. Чаму ты пайшоў у лес, Вастравух?

Вастравух. Бацька абразіў маю маці… Ён мяне пракляў, калі я пайшоў у лес. А я не мог не ісці. Бо гэта такія, як мой бацька, запраўляюць у воласці, царкве, судзе, турме. У павеце, губерні, сенаце, на…

Кастусь. Стой, Вастравух, далей не трэба… З часам… (Да мужыкоў.) Самі бачыце… Людзей з хворым сумленнем, дзяцей, якія зразумелі падман бацькоў, вы — сякерай. А падман будзе, калі яны не перамогуць. На вас будзе вісець! На дзецях вашых! (Паказаў на маладзіцу, якая гадуе грудзямі дзіця.) Ну вось ты… Сын гэта?

Маладзіца. Сын.

Кастусь. Мужык. Падман чыноўнікаў будзе вісець і над ім. Будзе ён расці, твой сын, Яўхімаў, мой, цароў брат. Будзеш ты яго макам паіць, каб не вякаў, не перашкаджаў жаць чужое поле… Стане хлопчыкам, вучыць трэба. А школа ёсць?

Чортаў Бацька. Раней на стайні была. Цяпер — у воласці. Порткі ў руках трымае.

Кастусь. А ўрад адно скубе з вас падаткі. А між тым не вы для ўрада. Урад для вас. Без вас яны, няробы, з голаду здохнуць.

Маладзіца. Што ж з ім далей будзе, дзядзька?

Кастусь. А далей пачне яго ўрад вучыць, як жыць. Затлуміць галаву, навучыць пляваць на розум, на цябе, маці. А захоча праўды — павязуць туды, дзе бабы бялізну мыюць, а пранікі на неба кладуць. Маці прымусяць забыць, сумленне, свой народ.

Сям-там пачынаюць усхліпваць бабы.

А потым за ўсю працу — крыж струхнелы. І канец.

Караліна. Іншыя — гавораць. Гэты — як душу аддае.

Арсень. І якую душу…

Кастусь. Не. Ён, і я, і ўсе іншыя такія пакляліся апошняй клятвай жыццё аддаць, каб твой сын быў шчаслівы… Ты, Вастравух, жыццё сваё аддаў бы за яго?

Вастравух (проста). Я аддаваў.

Кастусь. Мы ўсе аддаём. Мы часам знемагаем. І я прашу вас, мужыкі Бахарэвічаў, калі не хочаце самі паўставаць — хаця не перашкаджайце, не дапамагайце свайму і нашаму ворагу.

Чортаў Бацька. Што ж мы, за чужой спіною сядзець будзем?

Кастусь. Сядзіце, калі хочаце. Чыноўнікі, каб вы нас не падтрымалі, глядзіш, яшчэ і зямлі вам прырэжуць. Узнагародзяць за дурасць… А колькі мужыкоў ідзе з намі! І тут, і на Магілёўшчыне, і паўсюль. І паўсюль, дзе перамагае іхняя сіла, — у мужыкоў зямля, воля, мова, слава. І няма над імі ніякай улады, акрамя іхняй справядлівасці. Няма ўжо ні чыноўніка, ні пана, ні хама. Ёсць — Людзі.

Яўхіміха падыходзіць да Кастуся.

Яўхіміха. Пакажы вочы. Адкуль жа гэта ты такі адчайны? Ты што, бессмяротны? Маці не шкадуеш?

Кастусь. Я не памятаю маці. Рана памёрла. Няма каго шкадаваць. У мяне, жанчына, адна маці.

Яўхіміха. Хто?

Кастусь. Наша зямля.

Паўза. Яўхім раптам з сілаю ўвагнаў лязо ў пень ля ног Кастуся. Кастусь непарушны. І тут завірылі людзі вакол Вастравуха, вызваляючы яго.

Вастравух. Што ты хацеў перадаць маім хлопцам, Кастусь?

Кастусь. Тое і хацеў. Усуперак кіраўніцтву паўстання — трэба абапірацца на мужыка.

Вастравух. Бачыў? Галовы сякуць.

Кастусь. І няхай. І менавіта таму — ідзі насустрач. Пераконвай. Без іх — канец.

Арсень з Каралінай праціснуліся да Кастуся.

Ты, Арсень?

Арсень. Я. (Амаль шэпча.) Слухай мяне, Кастусь. Белы віленскі ўрад распаўся. Спалохаліся мураўёўскіх шыбеніц. Галава ўрада знік з Вільні ў невядомым кірунку.

Кастусь. На рэвалюцыях таксама робяць кар’еру.

Караліна. Я глядзела на вас. Мяркую, вам гэта будзе па плячы… Трэба ехаць туды, ратаваць.

Яны стаяць і глядзяць адно на аднаго. Потым Кастусь працягвае руку.

Кастусь. Кастусь Каліноўскі.

Караліна. Караліна Яцына…

Кастусь. Даўно з намі?

Караліна. З лютага.

Кастусь (з пяшчотай). Паўстанка.

Караліна. Што вы! Я баюся навальніц.

Арсень. Нічога яна не баіцца. Сувязная — якіх мала.

Кастусь. А чаму мяркуеце, што мне трэба ў Вільню?

Караліна. Вы ж такі, што самі не ўседзіце…

Кастусь. Кінуць нельга. А вы хіба застанецеся?

Караліна. Не… Бадай таксама пайду.

Арсень. Ты нядрэнна трымаўся, чалавеча.

Кастусь. Вось да чаго дайшло, да чаго давялі, да якой цемры, дзікунства! Якая прорва між намі! Як жа нам не ўмяшацца?

Яўхім. Бабы нашы тут… разрумзаліся… А я табе не да канца паверыў, атаман. Быў тут адзін з вашых, напрадвесні. То ён казаў: «Зямлю- не чапаць! Паноў бессардэчных — не чапаць». Як гэта так?

Кастусь. Паўстанцы таксама розныя. Тыя, што вучылі вас пакоры, раілі вам не чапаць зямлі, — гэта людзі Белага жонду, а па-нашаму — урада. Яны толькі што ўцяклі з Вільні, спалохаліся.

Чортаў Бацька. А вы хто?

Кастусь. А мы не спалохаемся. Мы, чырвоны ўрад, гаворым: зямлю — браць. Паноў лютых — вешаць. І благаслаўляем вас на гэта. Белыя здрадзілі — выспятка ім. Затое мы — за вас. Да канца.

Натоўп між тым выштурхнуў да пня звязанага пана 3арубу. Заруба стаіць, па-маладзецку выпнуўшы жывот.

Яўхіміха. А вось яшчэ адзін… З гэтым што рабіць?

Кастусь. Ён хто?

Гарэліха. Ён не з лесу. Ён проста пан.

Кастусь. Вы разбярыцеся справядліва, людзі!

Заруба глядзіць яму ў вочы і з пагардаю варушыць вусамі.

Хадзем, Арсень.

Караліна. Я цяпер не хачу сустрэч са сваімі людзьмі. Таму што за кожнага новага… знаёмага даводзіцца баяцца. Вось цяпер… за вас.

Кастусь. Вы так не хочаце ўраганаў?

Караліна. Я люблю сонца, Кастусь.

За іхняй спіною загуў натоўп.

Што там такое?

Кастусь. Адвядзі яе, Арсень. Баюся, для таго пана справа скончыцца дрэнна.

Караліна. І нічога нельга?.. Ах, гэта… страшна…

Кастусь. Яне ведаю, што гэта за чалавек. Але я пастараюся не даць ім яго. (Ідзе да натоўпу.)

Яўхім. Адзін ці два — цару напляваць. А нам лягчэй… Адным над намі — меней!

Зарубу заламілі за спіну рукі.

Чортаў Бацька. Ражна з’ясі. Мне цяжка нават і курку.

Яўхіміха (вырываючы з рук мужа сякеру). Дай мне… Я пакажу гэтаму панку.

Яўхім (зноў вырываючы сякеру). Пабойся бога, баба, як з табою мне пасля такога спаць?

Яўхіміха. Не наспаўся? Васьмёх дзяцей прыжыў, а тут будзе чувырла вараціць. Сякеру давай!

Яўхім. Адкасніся… Што, ніхто не хоча? Відаць, што мне трэба. (Папляваў на рукі.) Маліся, пан.

3аруба (насмешліва). На каго маліцца? На цябе, басурман ты мардасты? Бачыце, дарваўся. Хоча звязанага Зарубу зарубіць. Каб з цябе на тым свеце чэрці ўвесь час капусту шаткавалі.

Смяшок у натоўпе.

Каб яны з цябе калоду драбілі дровы секчы, каб з цябе ўжо. Каб твая жонка замест дзевятага вырадка ахапак крапівы нарадзіла.

Чортаў Бацька. Справа не з цяжкіх. Народзіць.

3аруба. Дзевятага дурня… У бацьку пойдзе. Прысніся такі Барданос — памрэш у сне ад жаху.

Рогат.

Гэй вы, мякінныя галовы, гродзенскія гракі, бручкаеды, бульбаглоты, глядзіце, як памірае беларускі дваранін, тысячу д’яблаў і пудовую свечку кожнаму з вас…

Рогат.

Гарэліха. Чаго ж ты лаіссі, чаго?!

3аруба. З вамі іначай — як? Вы ж, халеры, і памерці, як я, не сумееце.

Яўхім. Заторкніся!

3аруба. Гэта часам не ты, Яўхім, сваю варону ў Вільні пазнаў?

Яўхіміха. Не руш мужыка!

3аруба. Гэта часам не ты па бабскім сваім разуменні свінню за губернатара палічыла?

Рогат.

І ці не ты гэта, Гарэліха, на ўвесь вялікі пост пеўня ад курэй адсаджвала, каб не грашыў, а потым здзіўлялася, чаго гэта пад квактухай адны баўтуны?

Гарэліха. Цьху!

Яўхім. Досыць.

Зарубу цягнуць да пня.

3аруба. І ці не вы гэта ўсе, скупеча ненажэрная, тэльбушына прагная, караля не еўшы спаць паклалі?.. (Перад плахай.) Стой. Пусціце рукі. Глядзі, Беларусь, як паміраюць твае фанфароны-рыцары! Пляваць ім на гэтыя пасконныя пузы. Не баяліся каралёў — не збаімося кароў… Гэй, божа ласкавы, падрыхтуй там для свайго Зарубы кварту мёду ды пару грэшніц з пекла выпусці… Га? Як для пакутніка…

Сеў, абхапіў пень нагамі. Мужыкі з нейкім нават спачуваннем ляпаюць яго па спіне. Чуваць выгукі: «Нічога, хлопча»; «Не палохайся»; «Гэта ў нас хутка». Паспрабавалі нахіліць яму галаву.

Прэч! Я на калені не стаў. То і пню сам пакланюся. Лепей дубоваму пню, чым вам, пням стаяросавым.

Кастусь. Чакайце, мужыкі… Чортаў Бацька, я вам гэтага чалавека не дам…

Чортаў Бацька. Гэ-эх… (Голасна.) Гэй, Гарэліха!

Гарэліха. Чаго ты яшчэ, чаго ты лопаіссі, п’янюга?

Чортаў Бацька. Можа б, і ты з ім?

Гарэліха. Чаго гэта?

Чортаў Бацька. Хоць з панам разам паляжыш. Унукі ганарыцца будуць.

Рогат.

Во, маўляў, у нас бабця была.

Галасы. Давай, Гарэліха! Карыстайся! А можа, даць ім часу да раніцы?

3аруба (узняў галаву). З гэтай? Свят-свят-свят! (Паклаў галаву.) Сячыце лепей адразу, чым такую пакуту мець.

Дабрадушны рогат.

Рагочуць. У дурня і песня дурная.

Яўхім. Чаго гэта мы — дурні?

3аруба. А то разумныя?.. Сядзеў я на вас задам, а сячэце вы мне чамусьці галаву.

Галасы. Га-га-га, го-го-го, гык-гык-гык!

І тут разрагатаўся ўжо і Яўхім. Рагоча, кінуўшы сякеру.

Чортаў Бацька. Кастусь, га, Кастусь! Ну што з ім, чортам, рабіць?

Кастусь. Ды ён жа, па ўсім відаць, не можа быць жорсткі…

Яўхім. Не.

Кастусь. Астатніх як хочаце. А гэтага… гэтага я ў атрад узяў бы. Ма-лай-чы-на! Нашага духу чалавек! Смехам віруе, як кацёл… Ну што, громакіпячая бочка, пайшоў бы з намі?

3аруба. Ты — смелы. Сабой прыемны. Але якога гэта я д’ябла бяспятага з вамі пайду?

Кастусь. А таму, што ты смяешся. Нават сярод пакут… Ты — месца апошняга ўспакаення курэй, гарэлкі і бульбы. Таму што любіш Беларусь.

3аруба. А вы за што?

Кастусь. За тое, каб паўсюль смяяліся і жартавалі.

3аруба. Недзе хіба не жартуюць?

Кастусь. На троне не жартуюць. Трон, ці ведаеш, неяк не хіліць да нястрымнай весялосці.

3аруба. Дык вы вось куды?.. Ф’ю-ю…

Кастусь. Што, страшна?

3аруба. Ды не… (Паважна.) Што ж… (Падае Кастусю руку.) Дав-вай пасмяёмся.

Рогат.

Чортаў Бацька. Што, брат Заруба, трошачкі… таго… перапалохаўся?

Арсень. А тут яшчэ той Яўхім… Злез з печкі. Узрадаваўся.

Чортаў Бацька. Ён у нас такі. З’есць бульбы такую патэльню, што сучка мая не пераскочыць, а потым… сядзіць на печы, а б’е, як з горада.

Магутны рогат пакаціўся натоўпам.

Яўхім. Ото ж бо лэйбус.

Гарэліха. От дзе ж бо ўжо-ткі хіба такі!

Гоман. Цяпер убаку Арсень, Караліна, Кастусь.

Кастусь. Збірайцеся. І ты, Арсень?.. Не хапае там людзей.

Арсень. І я.

Чортаў Бацька (зусім нечакана). І я.

Кастусь. Чаго?

Чортаў Бацька. Мне губляць няма чаго… Ані вабраза памаліцца, ані вяроўкі задушыцца.

Кастусь. З намі пойдзеш, то што ўжо што, а вяроўку дадуць.

Чортаў Бацька. І тое набытак… Дыхаць, праўда, нельга, але затое відаць далёка…

Кастусь абняў старога. І тут на грэблю вырываецца мужык.

Мужык. Яў-хі-ім!.. Тры роты салдат ідуць… Толькі што Вавёрыцы і Пнюхі спалілі… На нас ідуць. Пустыню робяць… Палкоўнік Цаплін ідзе…

Страшная паўза. Потым Кастусь узнімае рукі.

Кастусь. Карнікі ідуць. Без вашай віны — проста страшаць народ. І справа зараз не ў спрэчках. Зараз справа ідзе аб тым, што ў вас хаты спаляць… (Вельмі ціха.) Мы не спяшаліся. Не дапамагаеце цяпер — потым зразумееце, дапаможаце. Але тут… Але сёння… Драпежны звер ідзе. Без сэрца, без розуму, без сумлення. Ён разбірацца не будзе… Не нас шкадуйце. Пашкадуйце свае хаты, пашкадуйце дзяцей… Спрэчкі потым дагаворым.

Мужыкі стаяць, не рухаючыся з месца.

Д-добра… Вастравух — за сваімі людзьмі!

Караліна. Іх добра ля Сцюдзёнага Яра абкласці… Вастравух — коннікаў ля выхаду з яго. У гаі…

Кастусь. Паляўнічых — на хвоі. Са штуцэрамі… Да вёсак — не дапусціць… Хадзем.

Ідуць. У маўчанні, у цішыні — тупат ног.

Яўхім. Хлопцы, у вілы!!!