Кастусь Каліноўскі — Карціна другая
Залпы. Далёкія залпы. Бязладнае з аднаго боку і магутнае з другога гучыць «Ура!». Поле бітвы, над якім пасмамі плыве парахавы дым. Ляжаць трупы паўстанцаў, мужыкоў, салдат. Далёкае гігатанне параненага каня. Кінутая зброя. Дым… Праз сцэну, ратуючыся, прабягаюць некалькі салдат. За імі 3ару6а з двума пісталетамі ў руках.
3аруба. Святы Юры і Белая Русь!.. Стой, кажу, званіцу святога Яна вам у пашчы! Стой!
Страляе. Знікае следам за салдатамі… Дым, дым над полем. Здалёк гучыць «Ура!». Між трупамі, напалову сагнуўшыся, прабіраецца палкоўнік Цаплін.
Цаплін. Чорт… Чорт… Ах, чорт бы іх падраў… Чорт… Апамятацца не паспелі… Чорт.
Ён сядае і пачынае ліхаманкава сцягваць з сябе палявую афіцэрскую кашулю. Ціхі жаласны стогн. Цаплін насцеражыўся. Адна з нерухомых фігур прыўзнялася на рукі і, бяссіла перакаціўшыся, упала на спіну.
Салдат (стогне). Брат! Брат! Дапамажы!
I, нібы ў адказ яму, аднекуль чуваць: «Братка! Братка! Ратуй!» Некаторы час, з інтэрваламі, ідзе нібы пераклічка стогнаў: «Брат! — Братка!» «Брат! — Братка!» Цаплін, нібы падумаушы нешта, ідзе да салдата.
Пан палкоўнік?.. Вы?
Цаплін. Я… я… Дай здыму кашулю. Пагляджу, што і як.
Салдат. О-о, смертухна… Ратуй… Ты вёў — ты ратуй цяпер, калі ласка.
Цаплін здымае з салдата кашулю. На сарочцы кроў.
О-о… Дзякуйце за дабрыню, ваша…
Цаплін. Кажы «ты»… Мы — салдаты… Адкуль?
Салдат. Казанскія мы… Мужыкі…
Цаплін. І я казанскі…
Салдат (задыхаючыся). Ваша высакароддзе… Няправедная гэта справа… Няправедная… Мужыкі, як нашы… Піць-есць хочуць… Гадаваць бы галодных, а мы страляем…
Цаплін, не звяртаючы ўвагі, нацягвае на сябе салдацкую кашулю. Сваю кідае побач з паміраючым. Салдат заўважае гэта.
Брат! Брат!
Цаплін ударае салдата нагой.
Цаплін. Маўчы, чарналапатны.
Салдат траціць прытомнасць. Цаплін зусім быў сабраўся бегчы, але тут на поле рынуў узброены натоўп мужыкоў і інсургентаў. Сярод іх усе людзі з мінулай карціны.
3аруба. Стой! Стой, салдат, зарад карцечы і палікандзіла табе…
Цаплін падымае рукі. Мужыкі заўважаюць ля параненага палкоўніцкую кашулю.
Галасы. Палкоўнік! Падмануць, пераапрануцца хацеў! Кат! Віламі яго!
Кастусь. Не смець параненых! Стой! (Да Цапліна.) Хто такі?
Цаплін. Салдат… Крутаў Сідар… Цвярскія мы…
Кастусь. Што ж ты, салдат? Хіба гэта салдацкая слава, хаты паліць?..
Цаплін. З-загадана нам… Шпіцрутэны зноў жа… Дахаты б… Конь зноў жа…
Арсень. Пусціце яго, мужыкі…
Вастравух. Каго? Яго? А можа, гэта ён паходню пад страху першы ткнуў?
Яўхім (змрочна). Мужык ён. Няма чаго нам з ім дзяліць.
Яўхіміха. Простыя людзі… Томна і ім…
Арсень. Няхай гэты ідзе. Досыць крыві. Няхай раскажа, што робім з тымі, хто прыносіць вялікі агонь.
Паранены захрыпеў і падняў галаву. 3 хвіліну глядзіць Цапліну ў вочы.
Цаплін. Палкоўнік! Бачыш, супраць каго вёў? Пускаюць мяне. Высакароднасць якая! А ты, сволач! (Ударыў параненага). Ты… На каго вёў? На братоў?!
Салдат. Браты!
Траціць прытомнасць. Цапліна закалаціла.
Яўхім. Бачыце? Хай ідзе… Ідзі…
Цаплін пайшоў. Наўздагон яму — вясёлы свіст. Пабег.
Баяцца нас, хлопцы.
У гэты момант з’яўляецца Чортаў Бацька, літаральна згінаючыся пад цяжарам ахапка кайданоў.
Караліна. Што гэта ён?
Чортаў Бацька. Гатовенькія везлі, паненачка… Каб на цёпленькіх надзяваць. Ці не возьмеце часам, пан Кастусь? Ці не возьмеце, пан Яўхім?
Людзі разбіраюць кайданы. Яўхім бярэ адны, як змяю, кладзе на рукі, важыць.
На яго твары грымаса страшнай гідлівасці.
Яўхім. Гэта як жа… Мне?
Гарэліха. Што? Не хочаш?
Яўхім. Вось як… (Кідае кайданы ўбок.) Вось яно як…
Кастусь. Вось так… I штамп… «Імператарскі Пятроўскі завод»… В-вось так.
Кідае кайданы. Кідаюць яшчэ. Ляск… Ляск…
Вось так, людзі… Вось так, браты-мужыкі… Вось так, народ…
Гарэліха (бярэ адну «змяю»). Ланцуг зрабіць для калодзежа, ці што?
Чортаў Бацька. Л-ланцуг? Баба ты, курыныя твае мазгі, дурацкія, пакуль з лавы ляціш — сем дум перадумаюць… Досыць ланцугоў! У Нёман іх, хай глытае!.. Досыць…
Топча звінячую кучу. У гэты момант з крыкам «Ура!» увальваецца натоўп.
Мужык. Яў-хі-ім! Вастравух! Гарматы ў палон узялі! Аж чатыры!
Кастусь ідзе да Караліны, якая схілілася над параненым.
Кастусь. Што ты?
Караліна. Ранены — гэта проста ранены. Яго трэба лячыць.
Кастусь. I тут твая праўда… Як у вас рукі лётаюць… Як стрыжы над ракой…
Караліна. А вашы грубаватыя, гожыя, яны надзейна кладуць бінт.
Яўхім (да Вастравуха). Даруй… I ведай: цяжка нам дасталіся нашы хаты. Мужык дарэмна ніколі не бунтуе. Але вашых больш хапаць не будзем… братка.
Кастусь. Я раней не разумеў, чаго гэта хворыя, ачуняўшы, часта жэняцца з сядзелкамі.
Караліна. А цяпер?
Кастусь. Пачынаю разумець… Бо гэта — як добры лёс над табой… Часам, відаць, прыемна адчуваць сябе слабым.
Салдат падымае галаву.
Салдат. Каго адпусцілі, браты, каго?
Кастусь. Салдата.
Салдат. Цаплін гэта… Кашулю зняў… Палкоўнік… Апошні паход з намі быў… На Магілёўшчыну потым яго… пераводзіць… хацелі… Дзе пажар найбольш зыркі… Вешальнік… Вешаюць жа вас у Вільні… Вешаюць… Шкада…
Памірае. Кастусь і Караліна, разгубленыя, стаяць над ім, узяўшыся за рукі. А над імі зноў узлятае «Ура!».
Галасы. Ура ваяводзе! Ура атаману! Ура! Ура-а-а!!!