Кастусь Каліноўскі — Карціна восьмая

Яшчэ да падняцця заслоны чуваць гарматныя стрэлы, залпы, воклічы. Калі заслона паднялася — мы бачым скарэжаную зямлю, на ёй сям-там трупы, кінутыя косы, апракінутыя гарматы і — далёка! — вёску ў агні. Гараць Бахарэвічы. На першым плане абгарэлы шкілет дрэва, на другім — некалькі салдат капаюць чарговую яму. Пад дрэвам сядзіць капітан фон Юнген, піша.

Салдат. Дзевятую капаем.

Юнген. Пэўна, досыць, па дваццаць шэсць на яму. Капец. (Апусціў Note bene ў скураной вокладцы.) Ну што данясеш? Разбілі пераможна палком — пагана ўзброены атрад.

Салдат. Вядуць.

3 левага боку салдаты выганяюць на сцэну невялікі натоўп жыхароў спаленай вёскі. Пераважна старыя і жанчыны. Сярод апошніх — Яўхіміха, баба Гарэліха.

Юнген. Ну што, мужыкі. Дастукаліся… Давядзецца замест сваіх бяроз чужыя піхты пілаваць… А замест торфу — біць кіркой у рудніках руду чужому дзядзьку.

Натоўп маўчыць. I раптам вокліч. 3 правага боку канвой выводзіць пана Зарубу, Вастравуха і Яўхіма Барданоса. Вастравух паранены ў галаву: праз павязку выступае кроў. Заруба і Барданос вядуць яго. Палонных паставілі перад Юнгенам. Левая рука Яўхіма бязвольна звісае.

Юнген. Ну?.. Што?..

Яўхім. Нічога, пагулялі ладна.

Юнген. А як наконт расплаты?

Яўхім. Мы людзі з гонарам. Карчму разнеслі, то неяк і за чарапкі заплоцім.

Злавесная цішыня. Парушае яе салдат, звяртаючыся да фон Юнгена.

Салдат. Мы зносім трупы.

Юнген.

Паглыбей
Забітых закапайце, каб ваўкі
Касцей не расцягнулі.

Вастравух (злосна).

Воўк нічога.
Прынамсі ён хлуслівым чорным словам
Не пэцкае імён герояў.
Ўсё гэта людзі зробяць… Зробіш ты,
Халуй.

Юнген (іранічна).

Зараз упадзе,
А брэша, недабіты, гнойны пёс.

Вастравух адштурхоўвае сяброў.

Вастравух. Пусціце!.. Сам…

(Пахіснуўшыся трохі, ён умацаваўся і стаў цвёрда.)
А то яшчэ ён збрэша,
Што я, калі мяне на смерць вялі,
Пручаўся і нагамі дзве дарожкі
Да месца праараў.

Юнген.

Ты, Вастравух,
Падумай: варта заплаціць жыццём
За слова вострае, за жарт дурны?

Вастравух. Хай будзе слова, як няма кінжала.

Юнген.

Мне ад цябе не вельмі многа трэба.
Скажы адно: хто вамі кіраваў,
Хто прысылаў для вас наказы з Вільні,
Хто ўгаварыў вас падтрымаць мяцеж?

Яўхім. Да сэрца дабіраюцца — маўчы.

Юнген. Адно імя… I я тады палонных, i ўсіх сялян адразу адпушчу.

Яўхім. Да сэрца дабіраюцца — маўчы!

Яўхіміха.

Угаварыла беднасць. А наказы
Нам голад прысылаў.

Вастравух.

А кіравала
Усімі намі ярасць. Вось і ўсё.

Юнген (да Яўхіміхі). У беднасці вы самі вінаваты.
Народзіце дзяцей — а потым лямант:
«Зямлі няма!», «Галеча!», «Усё паны!»
Як быццам вам паны дапамагалі
У гэтай справе.

Яўхіміха. Гэ-эх, панок… панок…
Бог любіць нас і дорыць нашы хаты
Дзіцячым крыкам і дзіцячым смехам.
I ганарыцца вам прычын няма.
Усё жыцце вы плавалі ў крыві,
А бог вас пакараў за грэх ваш цяжкі.
Таму яны й пустыя, вашы хаты,
I рэдка ў іх гучыць дзіцячы смех.

Салдат (Юнгену). Ваша высакароддзе сказалі па дваццаць шэсць…

Юнген. Ну.

Салдат. Памылачка атрымалася. Выкапалі лішнюю магілу.

Юнген. Чакай, колькі забітых?

Салдат. Іхніх — восемдзесят. Нашых — сто дваццаць восем.

Заруба. Дрэнная прапорцыя.

Юнген. Што?

Заруба. Ваюем дрэнна. Шэлег нам цана. Нас на Гродзеншчыне не больш дзвюх тысяч са зброяй. Вас — дзесяць.

Юнген. Апошні раз пытаю: хто?

Вастравух. Голад! Рабства!

Паўза.

Юнген. Салдаты, слухай маю каманду!

Паўза.

Магіла пустой не застанецца. Гэтых трох — туды.

Агульны ўздых.

Салдат. Ваша высакароддзе…

Юнген. Шпіцрутэнаў захацелі… Вядзіце.

Заруба. Нашто весці? Мы — самі. Мы скакаць будзем, туды ідучы.

3 асуджанай рашучасцю ўзяліся за плечы. Павольна закруцілася, пачало рухацца да ямы страшнае кола. Ногі намацваюць такт. Знайшлі. I толькі тады прыходзіць музыка, хуткая, але грозная, падобная і не падобная на звычайныя гукі «Мяцеліцы».

Курыць, вее мяцеліца,
Чаму стары не жэніцца.
— Як жа яму жаніціся?
Усе будуць дзівіціся.
Ух, ух, уха-ху!
Янкі галава ў снягу.
— А як гэта дый не снег,
Тады людзям будзе смех!

Яны на краі ямы. Яўхім скокнуў у яе сам. Цяпер відаць толькі іхнія плечы. Ім цесна, але яны рухаюцца, але галасы спяваюць.

Ух, ух, уха-ху!
Гэта ж быў я на таку.
— А як гэта дый не пыл,
Дык ад дзеўкі будзе тыл.
— А хоць стары — не паганы,
Яшчэ дужы і румяны.
А што каму да таго?
Можа, я пайду ды за яго.

Голас з натоўпу. Даволі!

Спыніўся танец.

Яўхім.

Сапраўды даволі, браце…
Занадта… Не павераць… Стой, Заруба.
Мацуйся, любы браце Вастравух.

Яўхіміха.

Трымайцеся спакойна, мужыкі!
Хрыстос над вамі. Ён, пакутных, вас
Каля сябе пасадзіць.

Яўхім.

Ціху табе
З тваім Хрыстом. Не мог падмогі даць
На памагатых д’ябла.

Яўхіміха. Не блюзнер!

Яўхім.Чаго блюзнерыць? Я яшччэ не знаю.Ці ёсць ён, бог?

Юнген. А што ты, хаме, зведаў?

Яўхім. >А тое! Краем правіць Сатана.
Ты, капітан, і твой Мураш Паскудны,
I ваша банда, і царок ваш снулы.
Ты пачакай, яму яшчэ за нас
Павытаргаюць ногі са…спіны.

Вастравух. То спраўдзіцца.

Юнген. Салдаты! Закапаць!

Паступова сыплецца з-пад рыдлёўкі зямля. Загаласілі бабы.

Яўхім. Цыц, бабы, не рвіце наша сэрца.
Спакойна дайце нам сустрэць канец
I весела…

Гарэліха. Змоўч, людзі… з імі бог…

Яўхіміха.

А гэтым — гонару занадта многа,
Каб перад імі плакаць… Змоўч, народ.

Цяпер цішыня вісіць над галовамі людзей. Зямля дастае смяротнікам амаль да плячэй.

Вастравух (Яўхіму). Бачыш, а ты мяне засячы хацеў… «Пан, пан…» У адной зямлі… стаяць будзем.

Яўхім. А можа, табе і лягчэй было б?

Вастравух. Ну не. Памерці растаптаным, як я тады? Так я хаця чосу ім даў…

Заруба вышэй за ўсіх, астатнім зямля дастае да рота.

Яўхім. Гэй, Заруба, ты й тут выгадаў… каб я табе прысніўся.

Заруба. Прысніся, брат, я тады адразу ўваскрэсну. Ад жаху.

Зямля падае Зарубу на галаву. Ён адплёўваецца.

Гэй, афіцэр, каўбаса гарохавая… Можа быць у смяротніка апошняе жаданне?

Юнген. Ну?

Заруба. Я служыў паручнікам. Ты — капітан. Ці нельга саступіць сваё месца старэйшаму па чыну?

I ўсё. Замест людзей — капец зямлі.

Юнген (да натоўпу). Ну як?

Маўчанне.