Кастусь Каліноўскі — Карціна дзевятая
Задні пакой за модным магазінам, які належыць Юзэфе Яневіч. Пад манекенамі доўгія рагожныя цюкі са зброяй. Тут жа сядзіць Арсень, узброены лупай; рэжа на гуме штамп, робячы пробныя водціскі. Кастусь сядзіць за сталом, гамонячы з Каралінай, Чортавым Бацькам, Марцявічусам.
Кастусь скандуе.
Кастусь. Сачыніцель папулярных баек, з камітэта адказны таварыш, паважаны Арсенька Станевіч…
Арсень. Чаго табе?
Кастусь. Маніфест аб зямлі, які вы адрэдагавалі, на-дру-ка-ва-ны… вось… Трыста экземпляраў на Міншчыну…
Чортаў Бацька (уздыхае). Зямля-зямля…
Арсень. Добра.
Кастусь. Як пячаць?
Арсень. Зараз скажу. Будзе — хоць падарожныя фельд’егерам адмячай.
Кастусь (скандуе). Паважаны фальшываманетчык і падробнік дзяржаўных пячацяў. Да чаго ж ты, браток, дакаціўся?!
Арсень. Змоўч, чапяла.
Чортаў Бацька. Сапраўды, як дзіця малое.
Караліна (з дакорам). Хлопцы… Вы ж ведаеце, калі ён вершы піша, вершамі гамоніць…
Яневіч. Вершамі жартуе.
Арсень. Знайшоў час жартаваць…
Кастусь. Лягчэй вам стане, калі я плакаць буду? Жартуйце, хлопцы, жартуйце… Каб не вершы, не жарты — ета ж проста нам усім перавешацца трэба было б… самім… не чакаючы мураўёўскай ласкі… От, пэўна, узрадаваўся б! (Цытуе.) «З-за адсутнасці здаровага смеху ўрад паўстання перавешаўся ў поўным складзе».
Караліна. Каліна, не трэба…
Кастусь. Сонца з месяцам ззяе на небе. На зямлі — адно толькі сонца. Каралінай яно завецца… Подлых змоўшчыкаў святлом сагравае.
Яневіч (ціха). Сэрца збалелася, на цябе гледзячы… Не забыў жа… Не…
Паўза.
Кастусь. Я, матулечка, усё помню… Я — не з тых, што забываюць…
Паўза.
Рыгнецца ім яшчэ за жыўцом закапаных, за дзярмо на святых магілах… Адальюцца кошцы мышчыны слёзкі… I не дзярмом — крывёю.Вось яно як.
Паўза.
I таму працаваць, хлопцы, працаваць.
Званочак. Яневіч выйшла. Кастусь выняў з цюка штуцэр, прыцэліўся.
Дзіва штуцэры. Адвязём на Слонімшчыну.
Марцявічус. Згода.
Кастусь. А тыя няхай зэльвенцы возьмуць.
Заходзіць Яневіч.
Яневіч. Ф-фу-у. Удружыў ты мне, Кастусь, дружок, гэтым магазінам… Бабы прыходзяць дурныя, як курыцы.
Кастусь. Гаспадыня моднага салона, найяснейшая пані Яневіч, пацярпіце дзянёк, калі ласка, накіруем мы вас у Варшаву: аднаўляць з «чырвонымі» сувязь.
Яневіч. Праўда?
Кастусь. I «чырвоныя» ў Варшаве — праўда. I паездка — праўда… Караліна!
Караліна. Што?
Кастусь. Добра ты гукі вымаўляеш. (Хітнуў галавою.) Справа для цябе.
Караліна. Ну…
Кастусь. Імператар Аляксандр другі, вялікі князь Самагіцкі, гасудар і вялікі князь Абдорскі і Кандзійскі, наследнік Нарвежскі, Дзітмарсенскі і прочая і прочая зволілі прыняць катэгарычны імператыў графа Мураўёва, вялікага князя Самаедскага, гасудара Шыбеніцкай зямлі, Лобных месцаў і прочая — аб разгроме і рэпрэсіях. (Ідзе да непрыкметных дзверцаў і дастае адтуль два чамаданы.) У адказ на гэта найбольш небяспечная з калматых нігілістак беларускіх, Караліна, па мянушцы Крывавы Кінжал, павязе ў горад Мінск гэтыя шрыфты.
Караліна. Нашто?
Кастусь. Каб падкласці іх пад трон начальніка мінскага акцыза.
Чортаў Бацька. Хай узрываецца.
Марцявічус. О, выбуховая моц беларускага вольнага слова!.. Гекзаметрам загаварыў.
Караліна. Сур’ёзна.
Кастусь. Дрэнна… (Голас ягоны сеў.) Рэпрэсіі. Сярод калег — слабіна… Трэба зноў звязваць людзей… як сноп… дарагое маё перавясла…
Званок ля дзвярэй магазіна.
Яневіч. Зноў… Адны гускі ды аслы ходзяць… (Выйшла.)
Караліна. Я зраблю.
Кастусь. Ведаю… (Да Арсеня.) Падрыхтуй, Арсень, загад. На кожнага павешанага паўстанца падпольны ўрад адкажа ўдарам кінжала… Няўхільна… Няўмольна… Адразу…
Марцявічус. Даўно пара…
Яневіч (у дзвярах). Кажу, нельга.
У дзвярах Вітаўт і Марыя Грэгатовіч.
Вітаўт. Свае. Трэба.
Зайшлі. Паўза.
Кастусь. Ах-х, вось яшчэ не было… Вітаўт!.. (Ціха.) Нашто прывёў старонняга?
Вітаўт. Ну-у!.. В-ведаеш! Табе ўнаравіць… як графскаму сабаку… Табе што, жыццё сваё — капейка?.. Я прыйшоў, каб вы-ра-та-ваць яго… Мала гэтага?.. Зразумеў? I ўсё! I досыць!
Кастусь. Зразумеў… Але гэта канспіратыўная кватэра. Я магу памерці — камітэт павінен жыць…
Вітаўт. То і памрэш…
Марыя. Пан Макарэвіч… Не трэба яго… Я ў адчай прыйшла, пакуль яго адшукала… Горад аббегала…
Кастусь. Спакойна, Марыя. Што такое?
Марыя. Надвячоркам зайшла суседка… Прасіла не выдаваць… Па сакрэту сказала, што ўжо ва ўсіх на тым баку вуліцы правяралі дамавыя кнігі, што заўтра будуць у астатніх… У нас… Я пайшла да мадам Салье… (У адчаі.) Выявілася, што ўлады шукаюць слядоў Макарэвіча… Яны ведаюць, што ён і Каліноўскі — адно…
Чортаў Бацька. М-маем.
Арсень. Значыць, табе нельга вяртацца на Антокаль, Кастусь.
Паўза.
Марыя (зусім ціха). Вы на Антокалі? I не маглі знайсці… Што ж, я зрабіла ўсе, што магла: заліла чарнілам ліст у дамавой кнізе маці.
Арсень. Чортаў Бацька, давай бланк.
Чортаў Бацька дастае з-пад маснічыны нейкія паперы.
Чортаў Бацька. На.
Караліна падышла яшчэ бліжэй да Кастуся і Марыі.
Марыя. Я ненавіджу гэтую вашу… справу. Але я зрабіла гэта.
Кастусь. За што ненавідзіце?
Марыя. Яна адбірае вас ад мяне. Якраз у той дзень, калі я зразумела, што… кахаю вас… — вы зніклі з флігеля на Антокалі: пайшлі, відаць, у гэтую сваю… справу… Яна і цяпер адбірае вас, дае мне замест шчасця штодзённае гора.
Кастусь. Марыя…
Марыя. Бо я кахаю вас. I я слабейшая за яе, праклятую. Што яна зрабіла з горадам, з краінай, са шчасцем, ваша справа?! А я — слабейшая. Я не магу змагацца супраць яе… Гора маё! Бяда мая! (Плача.)
Караліна. Сочаць… Падбіраюцца. Як пальцы да горла.
Марцявічус (змрочна). Не лезь, Мураш, да горла мяцяжу, бо атрымаеш ты… па пысе… Не, я не Пушкін… Але па пысе ён атрымае.
Вітаўт. Не ўсё ж каб шанцавала ды шанцавала. Паўсюль. Ва ўсім. У вайне, выкраданнях, каханні… у картах… чорце, д’ябле.
Арсень са здзіўленном азірнуўся.
Арсень. У якіх картах?
Вітаўт. Скажам, «у стратэгічных картах».
Марцявічус. З імі некаторым, прама скажам, не шанцуе…
Арсень (нудна). Ты, Вітаўт, нуда японская… Астабрыд ты мне. (Думае над бланкам пашпарта.) Якое б табе прозвішча, Кастусь?
Вітаўт (сам сабе, вельмі змрочна). Банапарт нядрэннае прозвішча… Пугачоў.
Чортаў Бацька. Відны…
Арсень. Нешчаслівае для нашага брата прозвішча… Гм… Не, там людзі дрэнныя, поскудзь дробная, а не людзі… Спасаіконапрэабражэнскі? Пузам для такога прозвішча не выйшаў… А што, калі тваё, Пархвен, прозвішча? Ды не, які ён Бабаед… Унь бабы яго, гаротнага, поедам ядуць,.. Ага, ад лацінскага «віта» — жыццё… Шчаслівае прозвішча — Ві-та-жэ-нец.
Яневіч. А жыць яму, святому дурню, у святым месцы. У Свентаянскіх мурах.
Чортаў Бацька. Праўдачка. Да Мурашоўскага палаца адтуль — д-даплюнуць можна. Хто стане шукаць?
Кастусь (да Марыі). Але я не ўводзіў вас у зман.
Марыя. Але я кахаю.
Кастусь (мякка). Мне шкада, Марыя. Вельмі шкада.
Паўза.
Але я не магу быць побач. Не думайце, што прычына таму — вы. Проста мы ўсе тут — жаніхі радзімы, свабоды… Калі гэта цябе супакоіць — супакойся.
Караліна апускае галаву.
Калі можаш дараваць — даруй.
Караліна. Досыць… Не трэба слоў… Яна ж — ну проста… (Робіць жэст адчаю.) Маўчы. (Бярэ Марыю за плечы, адводзіць.)
Марыя. Ты таксама кахаеш… (Дапытліва глядзіць па Караліну.) Нічога. Я цябе не баюся. Я баюся — той… Бывай, Кастусь.
Кастусь. Бывай.
Марыя (ціха). Да сустрэчы… як прыйдзе «свабода». (Горка.) Не думала, што буду яе чакаць.
Чортаў Бацька. Чакай, дзетухна, чакай светлую нашу.
Пайшла Марыя.
Караліна (ціха). Нясцерпна ёй.
Яневіч. Ты ўжо маўчы!.. Ты ўжо маўчы!.. Як аперазаю, не гледзячы.
Арсень бярэ стары пашпарт Кастуся, паліць на запалках. Падае яму новы.
Арсень. Усё. Вітаю з хрьшгчэннем, пан Вітажэнец, прыватны настаўнік.
Марцявічус. Пан настаўнік, пан настаўнік, у вас бяда!
Кастусь (змрочна). Што?! Кабан здох?
Марцявічус. Горш… інспектар прыехаў.
Усе засмяяліся, не вельмі весела.
Вітаўт (голасна). Жарцікі… А ты на полі страчаных быў, а-та-ман?
Арсень. А ты лічыў, гінуць са сцягам? Так і гінуць.
Вітаўт. Ты быў, што жартуеш?
Яневіч. Змоўч, псіх… Выгляд твой пахмуры — свята светлае побач з ягонымі… жартамі, імяніны сэрца…
Кастусь. Не трэба яго крыўдзіць… Вітаўт, я ж не таму сказаў табе папрок, што ў мяне дрэнны характар, што я дрэнна стаўлюся да цябе. Проста, нават калі справа ідзе аб жыцці аднаго з нас — на канспіратыўную кватэру нельга весці старонніх. Ты гэта — запомні.
Вітаўт. Яна ж твая кватэрная гаспадыня. Ты ж з ёю ды са мною аб зорах гаварыў.
Кастусь. Зоры — справа іншая. На іх яшчэ мураўёўскія сышчыкі не паспелі залезці.
Вітаўт. Я ж думаў, у яе толькі справа. Я ж не ведаў, што яна яшчэ і куры з табой строіць.
Кастусь. Не буду я з табой біцца, Вітаўт мілы.
Вітаўт (непрытомна). Ух-х, да чаго ж цябе пашанцаванне любіць!
Кастусь. Скончу, значыць, дрэнна.
Чортаў Бацька. Тых бунтаўшчыкоў, якім шанцуе, улады асабліва не любяць.
Вітаўт (у ціхай раз’юшанасці). I ваявода ты, і трасца, і хвароба,.. I паэт… «I акадэмік, і герой…»
Кастусь. Разнастайны чалавек… I цесля… Калок аднойчы зачасаў. I скончылася — страшна. Хіба што не мараплаўца… Вітаўт, што з табой?
Вітаўт. Мараплаўца… I каламутнае яно, тое мора, у якім плаваеш. Плывец ты — нічога. Толькі замест залатога ветразя ў цябе — ануча. Чужым зрабіў нам мора. Не ведаю, з якой прычыны. Са славалюбства?
Кастусь. Я не адмірал. Я грабу дзень і ноч, ратуючы карабель. У мяне ад напругі — кроў з-пад пазногцяў. Ты гэтага хочаш?
Вітаўт. Адмірал… хамаў…
Кастусь. За сябе я не крыўдую… хаця я любіў цябе… (Грозна.) Але гэтага, але людзей, братоў маіх, — ты мне не чапай… Мы за гэта закапанымі заплацілі… Іх… жывымі… а ты мне тут… тэарэтычныя антраша вырабляеш, зміеў шып папалам з істэрыкай.
Доўгая паўза.
Досыць аб гэтым.
Вітаўт. Не, не досыць… Ты чаму мяне да вялікай справы не дапускаеш?! Чаму?
Кастусь. Ты ўдзельнічаў. У многіх.
Вітаўт. Ах, справы… Тэрарыст, экспрапрыятар, трасца, хвароба… А мне змыць, змыць з сябе трэба…
Кастусь (пасля паўзы). Добра… Караліна не паедзе на Міншчыну…
Караліна. А хто?
Кастусь. Ён…
Вітаўт. Туды? Дзе развал?
Кастусь. Больш цяжкай працы няма… Не ўпэўнены — не едзь.
Вітаўт. Вось… Вось яе… Толькі яе…
Кастусь. I ўлічы, там сапраўды цяжка.
Вітаўт. Зробім… Не ўсё ж ты ды другія… Мы таксама не шапкай боршч ямо, не ў нерат узімку хутаемся, не нагою нос выбіваем…
Паўза.
Кастусь. Едзь. Марыш аб славе? Законна для тваіх год. Хочаш небяспекі? Таксама. Працаваць хочаш? Працуй. Вось табе Міншчына. Рабі там што хочаш. Але каб праз месяц быў стальны парадак. Не зробіш — адкажаш. Будзем ведаць: крыкі твае — шчанюкоў віск. Зробіш — вось табе твая слава і памяць у пакаленнях.
I тут раптам устае пані Юзэфа.
Яневіч. Не! Агойтайся, Кастусь! Нельга!
Кастусь. Чаму?
Яневіч. Панства яго! Сённяшняя яго выхадка…
Кастусь. Ён заўсёды быў смелы…I ён зразумее сваю няслушнасць. Усім нам іншай дарогі няма: або перамога, або пятля… Мяне ён не абразіць, Юзэфа. I потым, ён хлопец з хворым сумленнем, яму сапраўды трэба верыць у сябе…
Яневіч. Нішто сабе гусь! Ну і ну! Яму дзевятнадцаць, табе — дваццаць пяць, а ты за яго не разумнейшы…
Кастусь. Чаго гэта я гусь, цётка Юзэфа?
Яневіч. А тое… Не любоў галоўнае ў ім. Зайздрасць!
Кастусь. Рэўнасць, цётка… Рэўнасць да катаржнай працы… Хай працуе.
Яневіч. Не вер!
Кастусь. Ён — чалавек. Я не магу не верыць чалавеку.
Паўза.
(Кастусь паказвае на чамаданы.) Бяры. Чакай на кватэры інструкцый.
Вітаўт. Дзякуй… Кастусь.
Пайшоў Вітаўт.
Арсень. Позна ўжо. Нам — час.
Яневіч. Ідзіце… Я вас — выведу.
Усе пайшлі. Толькі Караліна трохі затрымалася.
Караліна. Ты добра падумаў?
Кастусь. Трэба ратаваць чалавека… Як яно радзее, кола сяброў… Але гэтага я адчаю і злосці — не дам.
Караліна збіраецца ісці.
Скажы мне, сланечнік… Ты мне з самага таго дня не гаварыла.
Караліна. Што?
Кастусь. Ты ведаеш, што…
I тады Караліна традыцыйным жэстам прыкладае кулачок сагнутай левай рукі да сэрца.
Караліна. Люблю… Беларусь.
Кастусь. То ўзаемна… узаемна.