Кастусь Каліноўскі — Карціна дзесятая

Канцылярыя ў мінскай жандармерыі. Ноч. Гарыць толькі адна свечка. Стол падзяляе дзве фігуры. Гэта Лосеў і Парафіяновіч. Ідзе допыт.

Вітаўт. Вы нічога ў мяне не знайшлі… Я пратэстую супраць арышту!

Лосеў. Усе гэта патроху робяць.

Вітаўт. Я — гэта не ўсе.

Лосеў. У вас — як ва ўсіх — дзве нагі… Цалкам прыдатныя, каб мераць камеру… Усе — мераюць. То чым гэта вы такі адметны перад дзяржавай?..

Вітаўт. Без здзекаў!.. Я вам — не хлоп-чык!

Паўза. Лосеў раптам усміхаецца… Усмешка страшнаватая.

Лосеў. Гм… Магчыма… А я вось здзіўляўся, нашто арыштавалі такое дзіця?.. Дурасць!.. Што яно магло небяспечнага нарабіць у сваім узросце?

Вітаўт (з гневам). То чаму арыштавалі?

Лосеў. Таму што, калі ідзе звычайная праверка, невінаваты не шукае чорнага ходу з кафэ. Чаму б гэта?

Вітаўт. У вас жа прынцып: вінаватага і дурань пакарае. Ты невінаватага пакарай — вось у чым сапраўдная дзяржаўная веліч.

Лосеў. I тое праўда… Прымітыўна — па ўзросту, — але ўмееце думаць. Глядзіце вы! Можа, вы сапраўды большая асоба, чым я меркаваў?

Вітаўт. I што?

Лосеў. А тут яшчэ пашпарт на ваша імя знайшлі сярод папер забітага паўстанца Далеўскага. Чаму б гэта?

Вітаўт. Адзін Гаўрыла ў Полацку… Аднафамілец.

Лосеў. I тое… Другі аднафамілец, па чутках, Магілёўшчынай кіраваў.

Вітаўт. Парафіяновіч — распаўсюджанае прозвішча.

Лосеў. Канечне. Хіба мог юнец кіраваць такой махінай? Вам колькі?

Вітаўт (праз зубы). Дзевятнаццаць.

Лосеў. Небяспечныя бываюць цёзкі… хлопчык… Вы — не з тых. Вам, дзіця маё, трэба славу любіць… жанчын… Карыстацца іх узаемнасцю. Вы — прыгожы… хлопчык.

Вітаўт. Я магу вас папрасіць адмовіцца ад гэтага ідыёцкага звароту?

Лосеў. Так… Канечне… мой юны друг…

Паўза.

Дык вось, я наконт пашпарта магу вам паверыць… Але сістэма — не. Трэба зрабіць лянівай яе бязлітасную памяць. Можа, ведаеце хаця што-небудзь?

Вітаўт. Адкуль?

Лосеў. Ну, не ведаеце — не трэба… Я гэта пра дробязь… Каб улады маглі праявіць звычайную мяккую паблажлівасць і аддаць вас на парукі бацькам… малады чалавек.

Вітаўт. Лічыце, што маладосць перашкаджае рабіць вялікія… (Асекся.)

Лосеў глядзіць на яго.

Лосеў. Т -так… То бок — не… Я проста лічу, што вашаму ўзросту не вялікія справы, а каханне… Жанчыны, што праўда, любяць моцных, нязломных мужчын, але і ваша тонкая… тандэтная прыгажосць павінна ім падабацца…

Вітаўт (гледзячы ва ўпор). Гэта да чаго?

Лосеў (усміхаючыся). Ні да чаго. (Канфідэнцыяльна.) Шукайце жанчыну — кажа мая сістэма. I вось я, стары сыскны сабака, не ведаю, як гэта дастасаваць да вас… Якія вакол вас могуць быць жанчыны? Так, паненкі. Яны пішуць у альбомах, мараць аб прынцах і таму… павінны любіць вас.

Вітаўт. Канечне. Што я, пачвара?

Лосеў. Та—ак… Вельмі павінны. (Скоса глядзіць на Вітаўта, які нервуецца.) Шкада мне! Хаця б трошачкі ведалі… Хаця глупства… Ад сістэмы адчапіцца.

Вітаўт. Я нікога не ведаю.

Лосеў. Шкада… Таму што гульня скончана, хлопчык… А ўлады ў такіх выпадках не жартуюць. На Магілёўшчыне — правал, пад Бахарэвічамі — правал, Белы жонд ад… вас адхіснуўся. Разумныя!.. Не з хамамі ж ім блакіравацца?.. Хаця б нехта… Сказаць аб ім — і ўсё…

Вітаўт. Я нікога не выдам.

Лосеў. Стоп! Як так не выдам? Вы ж толькі што сказалі, што нікога не ведаеце… Га?

Паўза.

Вітаўт. Я гэта… у тым сэнсе, што… не ведаю.

Лосеў (са знішчальнай пагардай). Фінціць пачынаеце… шчанюк? Выкручваецеся, баязлівец… Трус! Насцеражылі свае маленькія, мякенькія вушкі… мужчына, які так і не адбыўся? Лічылі, пэўна, што велічыны. А вам сапраўды паненкам у альбомы пісаць.

Паўза.

Вітаўт (з гонарам). Досыць, вы!.. Даўно мне хочацца кінуць у вашу… пысу пару сапраўдных слоў. Але зарубіце на сваім фіскальным носе, што я… я адзін буду адказваць… Што я ні-ко-га не прадам, бо я не з бітых кантаністаў, як вы, і не з хамскіх падпявал, як іншыя…

Лосеў (ціха). Хм…

Вітаўт. Я дваранін, я рыцар, і ў мяне свой саслоўны гонар… Так што можаце не нюхаць далей мяне. Дарэмна стараецеся.

Паўза.

«Мой юны друг…» «Хлопчык». Вас у мае дзевятнаццаць год розгамі хвасталі… Вы тады для фельдфебеляў па піва бегалі… хам… А я батальёны, палкі вашы, як трусікаў, ганяў… Я… Трус… Я — Парафіяновіч, камісар Магілёўскай губерні.

Лосеў (з удаванай уражанасцю). То гэта — вы?

Вітаўт. Я!

Паўза.

Лосеў. Каледа старая… То гэ-та, значыць, вы?.. Сапраўды рыцар. Муж… I гэта пры такой маладосці.

За тонам бязмернай павагі ў яго словах гучыць страшны, бадай непрыкметны здзек, але Вітаўт яго не заўважае. Вочы яго гараць, твар амаль прыўкрасны.

Я памыліўся з альбомнымі паненкамі. Такога вас і Жанна д’Арк пакахала б…

Паўза.

Чым жа вы маглі стаць, калі ўжо зараз?!

Вітаўт (глуха, горда і спакойна). Цяпер ужо нічым.

Лосеў. Талент дзяржаўнага мужа. У яго дзевятнаццаць год?

Вітаўт. Мы — усе маладыя.

Лосеў. Т-так… I пры такіх здольнасцях увогуле — другарадная роля. Інспектар малаважнай губерні. Нейчы папіхайла… Паштальён чужых загадаў.

Вітаўт. Я паштальён, і я… ганаруся гэтым.

Лосеў (пільна гледзячы на яго). Т-так… Другі раз у самыя небяспечныя месцы. Фарпост Магілёўшчыны. Асуджаны на смерць Мінск… Як знарок…

Вітаўт. Значыць, вераць: магу.

Лосеў (узважваючы словы). Ой не-е… Нешта не тое. Вы што, не ведалі, едучы, што тут — усё… што ехаць сюды можа толькі смяротнік?

Вітаўт. Не.

Лосеў. Скажыце, а ў кіраўніцтве — я не пытаюся пра імёны — не было нікога, з кім у вас былі старыя звады?

Вітаўт. У мяне няма ворагаў.

Лосеў. У кожнага ёсць ворагі… Толькі высакародны іх не заўважае. Няўжо вы думаеце, што я, напрыклад, аддаў бы заваяванае мною месца без барацьбы?.. Нават больш вартаму яго…

Вітаўт. То — вы…

Лосеў. О-ой, друг… Па-адумайце над прычынай, чаму вас піхаюць у небяспечныя месцы, як цар Давід — Урыю… Ну, там зразумела, жонка Урыі спадабалася цару… А вы?

Вітаўт здрыгануўся, і Лосеў заўважыў гэта.

А можа, і сапраўды жанчына. Вы ж малады, прыгожы, адважны… словам, небяспечны.

Вітаўт (з ноткай хістання). Не.

Лосеў. Т-та-ак… Жанчын вы не дзя-лі-лі… А як наконт славы?

Вітаўт. Мы не кар’ерысты.

Лосеў. Рэвалюцыя — адна з самых хуткіх кар’ер. Няхай за кошт рызыкі… I раптам — побач мацнейшая фігура…

Вітаўт. Н-не…

Лосеў (з узрастаючай упэўненасцю). Ён мог заўважыць, што пешка стала прахадною і можа зрабіцца ферзём паўстання.

Вітаўт. Не хлусіце на высакародных людзей.

Лосеў. Крый божа. Я ж і не пытаюся імён… Не скажаце. Не з тых… Скончым допыт… Толькі ў пратакол запішу. (Піша.)

На Вітаўта з кожнай хвілінай страшней глядзець.

(Разважліва.) Подла… Адкупіліся вашай галавой… Прахадная пешка. Ведалі, што не прадасцё, загінеце адзін… I загінеце адзін… I загінеце… Слаўны, мужны вы чалавек. (Піша.) Стары метад гнюсных палітыкаў. Урыю — пад стрэлы, лаўры ягоныя — на чало, жанчыну — да сябе ў ложак… (Амаль пад нос.) Магчыма, якраз цяпер… Такія гэта ўмеюць…

Вітаўт. Не! Не! Не!

I тут Лосеў устае, нагінаецца, у вачніцах яго цені.

Лосеў. І-мя?!

Вітаўт. Я ненавіджу! Я заўсёды ненавідзеў яго!

Лосеў. І-мя-а!

Вітаўт. Жыў пад прозвішчам Макарэвіча. Цяпер? Здаецца… Ві-та-жэ-нец.

Лосеў. Імя!

Вітаўт. Жыве ў Свентаянскіх мурах.

Лосеў. Імя.

Вітаўт. Кастусь Каліноўскі.