Кастусь Каліноўскі — Карціна адзінаццатая
Абсерваторыя ў Свентаянскіх мурах. Старадаўнія зорныя сферы, бронзавы секстант, тэлескопы. У цёмных кутах таямніча пабліскваюць сімвалы знакаў задыяка. На ўсім пячаць занядбанасці. За вокнамі начны заснежаны дворык Пачобута. Сходы вядуць на падмосткі да двух тэлескопаў у невялічкіх вежах з купаламі. Створкі аднаго купала трошкі рассунутыя, і ў шчыліну відаць зімовае зорнае неба. Вызарыла буйна. На мароз… У абсерваторыі Каліноўскі, Чортаў Бацька і Марцявічус. Пархвен гадуе жмудзіна.
Кастусь. Ціха ў цябе. А я за два крокі, а шум.
Марцявічус. Чаму сапраўды ціха?
Кастусь. Былы універсітэт. Мікалай яго закрыў. I абсерваторыя пасля пажару не працуе.
Марцявічус. Такая безліч залаў — і на замку…
Кастусь. То і добра. Табе тут бяспечна, хоць «Бітву» танцуй.
Марцявічус. Не кажы… Быццам людзі вымерлі на зямлі… Нават зоры — непатрэбны… Нібы паўсюль пустыня, адзін я жывы.
Кастусь. Яны гэтага і хочуць, пустыні… Дай ім волю — яны нас назаўжды ад зор адвадзяць.
Паўза.
Маеш рацыю: пустыня… Адвучылі на зоры глядзець… Час такі…
Чортаў Бацька. А будзе іншы час?
Кастусь. Павінен быць.
Марцявічус (лёг на спіну). А я ўсімі начамі гляджу на зоры… Тысячы светаў… Часам гляджу ў тую трубу: Стажары, Батыеў Шлях… А месяц такі васпаваты.
Чортаў Бацька. Ёсць там людзі?
Кастусь. Ніхто не ведае. Можа, і ёсць.
Марцявічус. Цікава, ці так дрэнна яны жывуць, як мы тут, на зямлі.
Кастусь. Напэўна, не. Так дрэнна, як мы, людзі жыць не павінны… Караліна нешта спазняецца…
Аднекуль знадворку, як воўчае выццё, чуюцца галасы. Першы да спуду блізка, іншыя — далей і далей. «Слухай! Слухай! Слу-ха-а-й!» Вакол палаца пераклічка.
Вось пачнеш ты храпці, а Мураш пачуе. Ты, Бронюс, не храпі… Баюся за яе…
Марцявічус. Вакол яны, сволачы. Абклалі.
Кастусь. Нічога. Будзе час: яны будуць усярэдзіне, а мы — вакол.
Марцявічус. А пакуль нам як выйсця няма.
Кастусь. Ёсць. (Паказвае на неба.) Гэтага яны ў нас не адбяруць.
Марцявічус. А калі ў падвал?
Кастусь. I над падвалам — неба…
Марцявічус. Чорт ведае, чым людзі займаюцца: стрэлы, шыбеніцы, подласць. А тут… такое дзіва… I ці думаў я, што мой апошні дом будзе такі прыўкрасны, што апынуся сам-насам з небам.
Кастусь. Як то там Вітаўт?
Марцявічус. У такую хвіліну ўсе павінны глядзець на зоры. Пархвен! А ты глядзіш?
Чортаў Бацька. Гляджу. Унь Зорны Воз. Сем зорак — сем кабылак. Адна ажарабілася. Унь ля яе маленечкая зорка. I ўсе кабылкі спакойна стаяць, толькі ўздрыгваюць часамі ад зайздрасці да той… (Глуха.) Як ты, Кастусёк, калі часам на скверы дзяцей бачыш.
Кастусь (амаль груба). Ты змоўч… паэт.
Чортаў Бацька. Гэта вы… паэты… Са зброяй спіцё… Без жонак, без дзяцей, без грошай. Так, за народнае дзякуй.
Марцявічус. Вось прыйдзе светлае заўтра — яно цябе здзівіць.
Чортаў Бацька. Чым?
Марцявічус. А тым, што грошай зусім не будзе.
Чортаў Бацька. I там не будзе? Варта было паўставаць.
Паўза.
А я, каб мне плацілі, усякую работу рабіў бы. Сказаў бы мне той… «Работа, твая, Чортаў Бацька, будзе брахаць. За кожнага абрэханага прахожага — рубель». Калі ласачка… Сеў бы сабе, як пан, з газеткай ля варот, на траўку, і як толькі нехта пройдзе, то яна яго: «Гаў… Гаў» — і ні разу больш.
Кастусь. Чаму?
Чортаў Бацька. Голас бярог бы. «Гаў» — і рубель. «Гаў» — і рубель.
Кастусь. Гэта, брат, за цябе журналісты робяць. З таго часу, як газеты з’явіліся. Не адбівай чужога хлеба.
Паўза.
Чортаў Бацька (раптам). Не хачу я гаўкаць. Сорамна нібы тут… перад нечым.
Кастусь. Правільна.
Чортаў Бацька. Во каб у кожнай хаце такія дахі.
Марцявічус. Нашто?
Чортаў Бацька. Нельга сварыцца, калі над табой такое. Не можа быць забойстваў, злосці, несправядлівасці… Ледзь нехта закіпае няправедна — рассунь дах.
Паўза.
Кастусь. Пераможам — узбагацеем — зробім.
Стрэл пракаціўся рэхам у далёкіх завулках.
Чортаў Бацька. Што такое?
Кастусь. Пэўна, вартавому здалося… I чаму не ідзе?
Паўза.
Чортаў Бацька. Кажуць, зорка падае — душа падае.
Кастусь. То што?
Чортаў Бацька. У-у, які гэтай восенню быў зарапад… Падалі, падалі, канца не відно.
Марцявічус. З людзьмі пра такое нельга… Пархвен.
Чортаў Бацька. Ведаю. Гэта я — з вамі.
Паўза.
Марцявічус. I вось я ляжаў і думаў. А зоры кружыліся ў вечным абегу. I праходзілі перада мной пакаленні. У-у, якая далячынь… Што людзі будучага перад намі? Нікога не здзівіць чалавек сярод людзей. А вось чалавек сярод ваўкоў, свіней, гіен — вось што варта здзіўлення. А нараджаецца, жыве чалавекам сярод поскудзі. Значыць, ад прыроды — харошы… А я раней не бачыў неба… як многія…
Уваходзіць Караліна ў футранай шапачцы з вэлюмам.
Караліна. Кастусь.
Кастусь. Нарэшце… Божа мой… У-ух…
Караліна. Вось. Трыццаць два пашпарты для ўцекачоў… У Лібаву іх адразу, на караблі і — шукай іх за мяжой.
Кастусь. Нарэшце.
Караліна. Кастусь, мне трэба пагаварыць сам-насам.
Марцявічус. То я ў дворык выйду… Пад зоры… (Выйшаў.)
Чортаў Бацька адышоў у далёкі кут, за вялізны зорны глобус. Сеў там.
Караліна. Ішла сюды паўз губернатарскі палац… Там некалькі рот пад ружжом. Такія сілы яны выводзяць толькі супраць небяспечных атрадаў.
Кастусь. Даведаемся. Што яшчэ?
Караліна. Трывожна мне. Ты жывеш тут так доўга… Пакінь Вільню… Прашу.
Кастусь. Вільня — сэрца. Мне нельга ад яго.
Караліна. Вазьмі пашпарт.
Кастусь. Не.
Караліна. Чаму?
Кастусь. У мяне — надзейны. Я вазьму, а ў другога не будзе.
Караліна. Цяжка мне… Як душыць мяне ўсё гэта… Вежкі… Знакі…
Кастусь. Супакойся. Я змяню кватэру, хаця гэта — надзейная. Хочаш зараз? Ты не думай, мне трэба берагчы сябе. Дзесятага сакавіка зноў пачнём.
Караліна. Тоя — па рамізніка.
Кастусь. Пачакай… Не ідзі… Тут пераклікаліся… Стрэл быў… За гэты час нібы крывёй сэрца сплыло.
Караліна. І ў мяне за цябе.
Кастусь. Жывём, як на вастрыі маланкі. Вось блісне аб скалу…
Караліна. Цемра для цябе.
Кастусь. Што я? Я і жыву толькі таму, што для іншых.
Караліна. Толькі?
Кастусь. А для каго яшчэ?
Караліна. Для Яневіч… мяне…
Кастусь. Было б у мяне сто жыццяў — усе аддаў бы вам. Ты дзяўчынкай хадзіла босая?
Караліна. I цяпер хацела б.
Кастусь. То я іх аддаў бы… каб пылок ад кветак асядаў на твае ногі…
Караліна. Сто? Хаця адно жыццё сабе пакінь.
Кастусь. Хіба гэта здрада, калі я ведаю на другім канцы горада, што табе дрэнна? Калі я падумаю — і ты побач? I сілы мае так узрастаюць, што я магу ўсё. I ты ж таксама?
Караліна. Але.
Кастусь. I няхай нехта.палічыць здрадай… I чорт з імі…
Крок. Яшчэ крок у глухой цішыні. Засталося чатыры… тры… два…
Караліна! (Голас яго гучыць так, быццам ён заклінае.) Не думай ні аб чым… Кінь усё… Толькі не адштурхні дзеля нейкіх там меркаванняў, бо я ўжо больш — не магу… (I тут ён кінуўся да яе, абняў і, як непрытомны, як смяртэльна паранены, споўз да яе ног, абняў іх, прынік галавою. Глыбокі, вызвалены, страшны ўздых вырваўся з яго грудзей.)
Ты мне — дождж яснавокі над полем і борам,
Без цябе я ні дыхаць, ні жыць не магу.
Ты мне сонца і зоры,
Ты мне — цёплае мора,
Ты мне ветрык, што з майскай лістотай гаворыць,
Ты мне — зорныя іскры на мурагу.
Караліна. Устань, хлопчык мой. Устань, яркае сонца маё. (Заплюшчыўшы вочы, яна гладзіць яго валасы.) Залатая павуціна. Веі апушчаны… (Глуха.) Слёзы? Ты?!
Кастусь. Стрымаць… не магу… Я пятнаццаць год не плакаў…
Караліна. Рвуцца, як дождж вясной? Бедны…
Кастусь. Буду з табой вельмі верны, вельмі пяшчотны.
Караліна. Ведаю… Нашто ты так мучыўся?.. Нашто, калі няма нічога на свеце, чаго б я не зрабіла, каб табе было светла жыць? Калі ўся твая пакута — вось яна. Знішчы. Адкінь з дарогі… Застанься… Спі ціха…
Паўза.
Нашто, калі ўсё адно ахвяраваць? Учора. Сёння. Заўтра. Заўсёды.
Паўза.
(Глуха.) Ты мне скажы, я к ты мяне любіш… Скажы нарэшце.
Кастусь. Паўсюль — ты. Спявае жаўрук — і гэта твой смех… Стронг б’е ў патоку — і гэта твой гнеў. Вясёлка гарыць у расе — і гэта калі ты смяешся праз слёзы. Уся ты, з усім, стала нада мной — як святло нябёс… як радзіма.
Караліна. Кажы.
Кастусь. Я блытаю вашы імёны. Успомню — радзіма — і прад вачыма т ы на квітнеючым поплаве, т ы спіш у пушчы на сонечнай заечай капусце, ты пад ліпай у мокрай сукенцы, а вакол залатыя завесы дажджу… Ты… ты… ты…
Караліна. Вельмі буду цябе кахаць.
Кастусь. Усё жыццё… як рака, над якой ніколі не бывае сонца. I вось… Мне здаецца, я ўліваюся ў цябе. З усіх пустынь, праз якія я працякаў… Нарэшце… Як рака ў акіян… (Прыціснуў яе да сябе. Вусны сустрэліся ў не вельмі ўмелым, але моцным-моцным, нібы ад адчаю, пацалунку.) Няма дарогі.
Караліна. Не хачу…
Заплюшчыўшы вочы, прыпаўшы адно да аднаго, яны стаяць. Неразлітна. Вызвалена. Адно… Увайшла Яневіч. Спынілася. Да Пархвена, які пахмура круціць пальцам зорны глобус.
Караліна. Яны?
Чортаў Бацька. Але…
Караліна. Матка боска… Дзякуй табе, божа… Ёсць ты на зямлі.
Кастусь. Хто там?
Караліна. Я… я рада за вас… за сябе…
Кастусь. Калі думаеш, што больш узрадавана, чым я, то памыляешся. (Абхапіў за плечы Яневіч і Караліну, закружыў па пакоі.)
Чортаў Бацька. То, можа, ўжо разам і мяне?
Кастусь. Давай і ты… Дав-вай, стары, любы…
Караліна. Хлапчына…
Кастусь. А што, грэх? Мне на дзесяць год менш. Мне шаснаццаць. Я кахаю!
Караліна (мякка). Кастусь, любы… Ты не адмовіўся ад думкі пайсці адсюль?
Кастусь. Т ы кажаш. То як я магу?
Караліна. Кватэра ёсць. На Георгіеўскім. Хадзем па рамізніка, Караліна.
Кастусь. Стой… Ты не знікнеш?
Караліна. Я вярнуся праз гадзіну. I нікуды, ніколі больш не пайду.
Кастусь. I тады я скажу… Я тады ўсё, усё табе скажу. Я к я люблю.
Караліна. I я… я табе скажу потым.
Пайшлі разам з Чортавым Бацькам. Кастусь агледзеўся вакол, глыбока ўздыхнуў і раптам пайшоў па абсерваторыі, вырабляючы нейкія прыгожыя, надзвычай пластычныя рухі. Дарогаю накіраваў секстант у другі бок.
Кастусь. Ты, брат, у той бок глядзець не смей. (Раскруціў глобус.) Круціся, пузан, круціся, як загадана, хутчэй, хутчэй. (Шчасна засмяяўся, кінуўся на рыштаванні і з грукатам шырока рассунуў створкі абодвух купалоў. Бязмежнае неба ўварвалася ў запылены пакой. I чалавек стаў на фоне зор і ўзняў рукі, як крылы.)
Пусціце зоры ў мой пакой шырокі!
Пусці ў пакой сузор’і, чалавек!
Нічога не палохайся. Пад сонцам
Ёсць толькі ты і светлыя сузор’і.
Нічога, акрамя цябе і іх.
Каханне, зорка чыстая, ў глыбінях
Бязмежнага сусвету ты гарыш
Святлом далёкім, цёплым, нездрадлівым.
О колькі год я да цябе ляцеў,
Раскрыліўшы свае слабыя рукі,
I сек сваім мячом мячы камет!
Я знемагаў, я паміраў у муках,
I ты пачула мой апошні крык.
Сама прыйшла, наблізілася, ўпала
Ў маю далонь. I стала ўсім на свеце.
Ўсё — ты. Маё чаканне — гэта ты,
Маё змаганне, і душа, і вочы,
Любоў, нянавісць, вера і сумненне —
Ўсё гэта ты. I праўда, і дыханне,
I… нават смерць. Нічога не баюся.
Бо космас неўміручы ў гэтым сэрцы,
Бо космас не заб’еш. I я лячу,
Лячу ў сусвет.
Зоры паплылі назад, і чалавечая фігура нібы сапраўды ляціць між іх.
Мінаюць ночы, дні.
Гады мінаюць. Дзе зямное гора?
Дзе кроў, пажары, смерць? Адна свабода
Пануе на зямлі, пабраўшы ў жонкі
Багіню шчасця. I зямныя людзі
Звярнулі вочы да далёкіх зор.
Я вас люблю, браты! Люблю! Люблю!
Лячу ў сусвет. I сотні мангальф’ераў,
I караваны зорных караблёў,
Пад ветразямі сінімі, ў сусвет
Лятуць за мною. Гэта ты, планета
Любові запаветнай? Божа! Божа!
Якое шчасце ўсім, якая мара,
Які гарачы, радасны, вясёлы,
I залацісты, і бязмежны свет!!!
Цяпер у цемры толькі дзве плямы святла: чалавек на фоне зор і скупа асветлены пераход да адной з лесвіц, што вядзе на падмосткі. У ніжняй пляме з’яўляюцца постаці. Гэта капітан з салдатамі. Глухія, неразборлівыя, бы ў студні, гучаць галасы.
Капітан. Акружылі квартал?
Салдат. Але.
Цемра і крокі. Кастусь на пляцоўцы чуе іх.
Кастусь. Яна… Вяртаецца. Трэба сустрэць са святлом. (Запальвае свечку.) Якая шчаслівая ноч!
Цемра і крокі. Маленькі, як іскрынка, агеньчык: чалавек ідзе са свечкай. Ціхі голас спявае, вядзе без слоў нейкую ясную і радасную мелодыю, Спускаецца ўніз, робіцца ўсё больш яркім агеньчык свечкі. Цемра маўчыць.
Капітан. Гэй, хто са святлом?
У цемры асвятляецца твар Кастуся.
Кастусь. Я са святлом.
Блік ад ягонай свечкі ўпаў на твар капітана.
Капітан. Ваша прозвішча?
Кастусь (проста). Вітажэнец.
У той жа момант яго схапілі за рукі. Свечка ўпала на прыступкі і пакацілася па іх. Меркне агеньчык. Коціцца свечка. Прыступка… другая… трэцяя… Згасла. Насунуўся змрок.