Кастусь Каліноўскі — Карціна дванаццатая

Пакой, у якім засядае асобая следчая камісія. Цяпер яна ў поўным складзе: шэсць чалавек. Старшыня, палкоўнік Шалгуноў, гартае справы. Астатнія моўчкі глядзяць у акно, за якім падае снег. Сядзяць па старшынству: штабс-капітан, два паручнікі, обер-аўдытар. Адзін з паручнікаў, у артылерыйскай форме, Гогель.

Гогель. Я часам шкадую, пан палкоўнік, што катаванні выйшлі з моды.

Шалгуноў. А тое, што мы робім, — не катаванне?.. Ён не спіць ужо некалькі начэй.

Гогель. I ён не будзе спаць столькі, колькі спатрэбіцца.

Шалгуноў. Пры такіх метадах людзі гавораць на сябе невядома што.

Гогель. Гэты? З ягонай закаранеласцю?

Шалгуноў. Добра. Прывядзіце арыштаванага… Было б значна прасцей, каб Парафіяновіч апазнаў, ён ці не ён.

Гогель. Парафіяновіч заявіў, што на вочных стаўках нікога апазнаваць у твар не будзе.

Шалгуноў. Баіцца сустрэчы, заяц.

Гогель. У нас фактычна нічога няма ў руках. Лосеў — спрытняга, але на яго месцы я жыва выбіў бы з Парафіяновіча ўсё, што трэба.

Шалгуноў. На яго месцы вы і ў сто год не дабіліся б прызнання. Маўчыце ўжо…

Салдаты прыводзяць Кастуся. Ён змарнеў, але вочы ўсё яшчэ свецяцца ранейшым цёплым агнём.

Вы не надумалі?

Паўза.

Хто вы?

Гогель. Камісар Літвы…

Кастусь. Я Вітажэнец, настаўнік. Займаўся распрацоўкай матэрыялаў гістарычнага характару. Гэта ўсё.

Гогель. I гэта ўсё?

Кастусь. Усё.

Шалгуноў. Шоціка сюды.

Салдаты прыводзяць Ігнася Шоціка.

Ігнась Шоцік, сорак год, католік, з казённых сялян Віленскага павета, пяць год як дворнік пры гімназіі. Так?

Шоцік. Какурат так.

Шалгуноў. Ведаеце гэтага чалавека?

Шоцік. Ды я яму… сумяшчальна, значыцца, прыслугоўваў, кватэру прыбіраў. За два рублі штомесяц. Гро-ошы!

Гогель. Што падазронага заўважылі?

Шоцік (хітруе). Ды яно, як жа ж бо яно і сказаць… Калі б нешта такое, то яно, можа б, і так, а каб гэткае нешта, то яно і дальбог нічога. (Падумаў.) Пан харошы. Добры. Грошы заўсёды наперад плаціў. Я ж кажу, каб нешта тут такое, то дальбог не тое, што паны думаюць.

Вочы Кастуся смяюцца.

Гогель. Не паяснічай!

Шоцік. Ды ў мяне, пане, паяса і няма. Людзі простыя, матузком абыходзімся.

Гогель. Што рабіў арыштаваны, мужыцкая морда? Ён што, купіў цябе?

Шоцік. Не. Ён мэблю купляў. У гандляроў-яўрэяў. Ніштаватая мэбля. Купляў вось чалавек, спадзяваўся. А яго замест канапы на турэмны тапчан. Так вось і не ведаеш, дзе цябе па кабаку грукне.

Гогель. Што рабіў?

Шоцік. Уставалі яны каля дзевяцёх, кушалі чаю ў ахвотку, у сваю насалоду, ды ішлі сабе ў горад. У дванаццаць прыходзілі ды абедалі. Любілі строганага быка. (Хітруе і выкручваецца як можа.)

Шалгуноў. Якога строганага быка?

Шоцік. Ну, мяса такое настраганае. З бульбай. Каровіна мяса. Словам, хаця строганы, але ўсё адно бык.

Гогель (здагадаўся). Бефстроганаў.

Шоцік. Потым зноў гулялі. У шэсць амаль заўсёды дома. Зноў чай пілі… Дасхочу.

Гогель. У сваю насалоду?

Шоцік. У сваю, паночак, насалоду. Чай — справа сур’ёзная. Потым зноў ішоў. А ключоў ён мне, галубочкі вы мае, ніколі не пакідаў.

Гогель (прагна). Чаму?

Шоцік. Мы ж людзі не высакародныя. Ці мала гэта выпадкаў, што дворнікі рабуюць? Унь у нас нават будачнік адзін, проша пана, праходжага абдзёр. Зняў паліто і гадзіннік. Дык нам і бог загадаў.

Гогель. Або ты здзекуешся са следства, або ты дурань.

Шоцік. А нашто нам разумнымі быць? Мы не паны. Хамуйлы, проша, вароны.

Паўза. Шалгуноў схіліўся да суседа. Шэпча.

Шалгуноў. Нічога, відаць, не зробім.

Гогель. Т-так…

Паўза.

Я думаю, трэба вочную стаўку з тымі… домаўласнікамі. Памятаеце, затрымалі ўсіх тых, у каго папсуцці ў кнігах домаўласнікаў за сакавік мінулага года?.. Калі Макарэвіч жыў у Вільні.

Шалгуноў. Лухта. Я яшчэ тады казаў — гэта беззаконне… I тут будзе — без-за-конне.

Гогель. Але зразумейце, гэта адзін… бадай што адзін шанс… Дазвольце мне.

Шалгуноў. Гм… Колькі затрыманых домаўласнікаў?

Гогель. Тры… I яшчэ дачка адной домаўласніцы… Бо тая — хворая… Яны — тут.

Гогель. Ну хаця б тую. Усё ж жанчына.

Шалгуноў. Каб вы былі ў маім узросце — вы б ведалі, што з жанчынамі цяжэй… Нязмерна… Вядзіце…

Гогель ідзе да дзвярэй, шэпча нешта салдату і вяртаецца на сваё месца.

Гогель. Слухай, Шоцік. Слухай і паспрабуй толькі падманваць. Гаспадар кватэры Жэброўскі казаў, што бачыў аднойчы, як у кватэру пана прыходзіла дзяўчына.

Шоцік (няўпэўнена). Ды яно… было…

Салдаты прыводзяць Марыю. I тады Гогель рэзка нахіляецца да Шоціка і амаль крычыць.

Гогель. Гэтая?!

Шоцік. Што?

Гогель. Яна?! Яна, я пытаю, ці не яна? Яна наведвала падследнага?!

Шоцік (заўважае позірк, якім абмяняліся Марыя і Кастусь, і зноў пачынае круціць). Крый божа, пане. Гэтая не хадзіла. Другая хадзіла. Ну, можа, больш, чым некалькі разоў.

Гогель (да Марыі). Вы ведаеце гэтага чалавека? Вітажэнца?

Марыя. Не.

Гогель. Ну не Вітажэнца, дык Макарэвіча?

Марыя. Не.

Гогель. Глядзіце на яе, Шоцік! Яшчэ раз: яна?!

Шоцік. Не, тая была іншая.

Гогель. Якая?

Шоцік. Светлая такая. Ці Янінай яе зваць, ці, можа, Марынай… ці… Нешта так.

Марыя (сама сабе). Караліна…

Гогель. Нашто гэтая ваша… «Іна» хадзіла да падследнага?

Шоціку пакутліва шкада пана. Ён муляецца, думаючы, як лепей яго выгарадзіць. Знайшоў, як яму здаецца, выйсце.

Шоцік. Справы.

Гогель. Па мяцяжу?

Шоцік. Што вы? Якая мяцежніца? Светлая такая дзяўчынка? Дваранка.

Гогель. То якія справы?

Шоцік (вочы яго неспакойныя). М-м… Справы… маладыя. Маладая, значыцца, справа, вось што. (I натхнёна брэша.) Каханне ў іх было.

Рукі Марыі ўчаплліся ў стол. 3 гэтага моманту глядач павінен глядзець толькі на яе і Кастуся, на маўклівую дуэль іхніх вачэй.

Гогель. Вы гэта ведаеце ці толькі мяркуеце?

Шоцік. Хто гэта можа ведаць?.. Але ён вельмі ласкавы быў да яе. Мяккі. Мяркую так… Канечне, каханне…

Паўза. I тут Марыя ўстае, занадта прама трымаючыся на нагах.

Марыя. Я ведаю гэтага чалавека. Ён жыў у доме маёй маці пад прозвішчам Макарэвіча. Яго імя — Кастусь Каліноўскі…. Ён…

Гогель… вярхоўны ваявода Беларусі і Літвы.

Страшная паўза. Потым Шалгуноў гаворыць ціха.

Шалгуноў. Вы не шкадуеце маці?

Марыя. Я не шкадую сябе.

Шалгуноў. Ён — мой вораг. Вораг маёй вялікай імперыі, цара, маёй радзімы. Я шчаслівы, што ён тут. Але ці ведаеце вы, што падпісалі яму і вашай маці смяротны прысуд?.. Мая справа падрыхтаваць для яго шыбеніцу. Але як вы маглі дапамагчы мне ў гэтым, нізкая вы жанчына? (Салдатам.) Адвядзіце яе. Такія вартыя толькі нашай святой мужчынскай пагарды… Гáдзіна (Гогелю.) I такія сцервы дастаюцца большасці сапраўдных, чыстых мужчын.

Салдаты вядуць Марыю. Ля дзвярэй яна спынілася.

Марыя. Кастусь…

Кастусь. Што табе, жанчына?

Марыя. Кастусь… Кастусь. (Нечакана яна падае на калені.) Даруй мне, Кастусь!

Кастусь. Ідзі з богам.

Шоцік (у ярасці). Пабойся бога! Такую гадаўку?!

Шалгуноў. Святы ідыёт.

Кастусь. Ідзі з богам. Каб табе было лягчэй — ведай: я сапраўды любіў, люблю і буду любіць яе да канца. Недалёкага канца. Але я не казаў ёй аб гэтым… Да мінулай ночы… Магчыма, гэта для цябе занадта жорсткая аплявуха. Але з ёю табе будзе лягчэй.

Гэтыя словы як надламілі нешта ў жанчыне. Яна паўзе да яго на каленях.

Марыя. Даруй мне, даруй!

Салдаты выводзяць яе. За дзвярыма чуцен немы крык: «Кастусь!» I цішыня.

Шалгуноў. Адвядзіце і гэтага.

Шоціка цягнуць.

Шоцік. Даруйце, пан… Каліноўскі. Я не хацеў.

Кастусь. Жыві шчасліва, Ігнась.

Паўза.

Гогель (амаль крычыць). Цяпер вы будзеце гаварыць. Іначай я не дам і шэлега за вашу шкуру. Дзе тая дзяўчына?

Кастусь. Як вам не сорамна, паручнік?

Гогель. Ці не хочаце вы сказаць, што дзейнічалі адзін?

Кастусь. Чаму адзін? У мяне былі сябры. Лянгевіч, Тышка, Стасякевіч, Далеўскі, Серакоўскі… і іншыя.

Гогель. Менавіта «былі». Ніводнага з гэтых людзей не засталося ў жывых.

Кастусь (з усмешкай). Для вас у мяне няма жывых сяброў. Я ж сам мёртвы… Ужо дзесяць хвілін. Аб мёртвых я магу напісаць вам усё.

Шалгуноў. Жадаеце пакінуць след? Не дапаможа. Архіў — гэта магіла. Шмат вы ведаеце пра Пугачова?

Кастусь. Скора адкрыюцца ўсе магілы. Нават магілы папер.

Шалгуноў. Я… загадаю даць вам паперу.

Кастусь. Вось і ўсё. Мёртвы аб мёртвых — не больш.

Шалгуноў. Паспрабуйце ўсё ж не стаць мёртвым. Гэта лёгка.

Кастусь. Мяне выхоўвалі ў тых правілах, што грамадзянская адкрытасць з’яўляецца дабрачыннасцю, а шпіёнства апаганьвае чалавека.

Шалгуноў. Я вас… паважаю. Пашкадуйце сябе.

Гогель. Вы тупы, вузкі артадокс. Фанатык, які лічыць, што ягоныя мужыкі дараслі да парламента са сваімі мазніцамі, нераспрацаванай гаворкай і бруднымі, як каровы, бабамі. Сярод усіх колераў вы адрозніваеце толькі чорны і белы. Пакінь вам зямлю — вы заб’яце і блакітны, і аранжавы…

Кастусь. Вы дрэнна ведаеце фізіку, паручнік. Каб вы скончылі… хаця чатыры класы гімназіі — вы б ведалі, што ўсю радасць, усю шматкаляровасць свету складае адзін колер, белы. I гэта мы. А вы, чорны колер, вы нават не колер. Вы — проста адсутнасць святла, смярдзючая чорная яма і гразь.

Паўза.

Шалгуноў (ціха). Вы ўяўляеце, чым усё гэта вам пагражае?

Кастусь. Уяўляю.

Шалгуноў (зусім ціха). Трыбуналам.

Кастусь. Ведаю. I мне страшна. Але пачуццё ўласнай годнасці і месца, якое я займаў, не дазваляюць мне рабіць іначай.

Яндекс.Метрика