Кастусь Каліноўскі — Карціна трынаццатая
Цемра. Асветлены толькі невялічкі кавалак сцэны. Гэта камера ў «Дамініканах». За вокнамі ноч. Куты камеры хаваюдца ў цемры… На ложку сядзіць Кастусь. Ля стала з аркушам паперы ў руцэ стаіць Тызенгаўзен.
Тызенгаўзен. Вы мяне слухаць?
Кастусь. Нашто? Я і так усё ведаю… Барабаньце хутчэй вашу екценню, калі без гэтага нельга, пан загадчык над катамі, і пасля плывіце адсюль. Дальбог, у мяне ёсць больш важныя заняткі, чым сузіраць вашу остзейскую парсуну.
Тызенгаўзен (чытае далей). …прыгаворвае двараніна Канстанціна Каліноўскага… дваццаці шасці год, за здраду дзяржаве на падставе ваенна-крымінальнага ўстава…
У цемры, у куце, нешта варухнулася. Прамень святла ўпаў на мёртвыя, нібы ў медузы, вочы. Граф Мураўёў выступіў з цемры і нячутна прысеў на табурэт ля сценкі.
пакараць смяротнай карай — расстраляннем… (Склаў паперу.) Гэта было другога сакавіка падпісана. Дзевятага сёння. Вы словы аб магчымасць абскарджання не схапіць?
Кастусь. Гэта дарэмна. I не мне прасіць даравання ў рознай сволачы.
Мураўёў робіць знак выйсці. Тызенгаўзен паціснуў плячыма, выйшаў. Бразнуў замок. Кастусь не бачыць Мураўёва. Задумаўся. Цішыня. За акном густым вэлюмам пачаў падаць снег.
Мураўёў (ціха). Падымі свае вочы і слухай мяне.
Кастусь здрыгануўся ад нечаканасці, павярнуўся на голас. Глядзіць.
Кастусь. А-а, вось хто. Другі раз спадобіўся ліцэзрэць.
Мураўёў. Другі… Князь Мсціслаўскі.
Уся размова, да самага канца, ідзе ціха і спакойна.
Я прыйшоў пагаварыць… Дзіўна, але так.
Кастусь (міжвольна адкінуў прастату і гаворыць цяпер сапраўды як князь). Я слухаю вас, граф.
Мураўёў. Ці думалі вы, супраць чаго паўстаяце? Ці думалі, што тысячу год кожны разбіваў аб нас галаву? Былі бунты, рэвалюцыі — а мы заставаліся, і зноў аб нас разбівалі галаву. Таму што мы — парадак, дзяржава, таму што за нас вера, забабоны, філасофія, культура. Таму, што за нас — жах. Людзі не могуць жыць свабоднымі сярод руін. Яны ўзрываюць дом, кідаюцца трошкі сярод камення са сваімі добрымі намерамі, а потым будуюць новы, яшчэ горшы. I кожны раз льецца кроў. I гінуць лепшыя, а не горшыя. I пасля кожнага такога эксперымента сярод жывых застаецца больш і больш мярзотнікаў.
Кастусь. Я думаў над гэтым. Чаго вы хочаце?
Мураўёў. Бачыш муры? Ты можаш з іх выйсці. Зараз. Я хачу гэтага. Ведаеш, каб людзі жылі — трэба, каб лепшыя з лепшых не бунтавалі, а ішлі да паборнікаў парадку і магутнасці айчыны… Я абяцаю вам словам двараніна волю і месца пры мне… Я вам абяцаю. Не Аляксандр — я.
Кастусь. Гэта важыць больш. Ведаю… Чаму прапаноўваеце?
Мураўёў. Хачу, каб вы сталі членам дзяржаўнага савета ў пяцьдзесят год.
Кастусь. У дваццаць пяць я быў вярхоўны ваявода Беларусі і Літвы.
Мураўёў. А ў дваццаць шэсць можаш не быць нікім.
Кастусь. Ведаю.
Мураўёў. А паслухаеш — можаш жыць, кахаць…
Аблічча Каліноўскага нібы засвяцілася ў змроку.
Кастусь. Кахаць…
Мураўёў. Так… Бачыш?
За акном густым вэлюмам падае снег.
Гэта падае апошні снег у тваім жыцці. Я памятаю адзін такі, калі я кахаў…
Кастусь (спахмурнеўшы). Гэта забаронены ўдар, граф. Я адкажу такім самым: невядома яшчэ, колькі снегападаў засталося ўбачыць вам.
Мураўёў. Я пажыў…
Кастусь. Як пажылі?.. I чаму прапаноўваеце гэта мне?
Мураўёў. Сынок… Ты не ведаеш. Вакол мяне адны нягоднікі і дурні…
Кастусь. Сімптаматычна.
Мураўёў. У вас блакітная сонечная кроў. Вы — сапраўдны дваранін, рыцар — не тое што гэтыя вырадкі. I вы са сволаччу.
Кастусь. Калі за вас парадак, то чаму сярод вас столькі нягоднікаў? Чаму з пакалення ў пакаленне лепшае — гіне, а ўсё адно ідзе да нас, да «сволачы»?
Паўза.
Я вам скажу, чаму. Кожны раз чалавецтва бліжэй да шчасця… на вышыню нашых магіл. З крывёю, са зрывамі на дно прорвы, яно, здыхаючы, паўзе да праўды.
Мураўёў. Гэта фатальная, жахлівая памылка маладосці. А маладосць праходзіць. Я ведаю гэта… сынок. Ты, магчыма, не ведаеш, які быў я, пакуль не зразумеў.
Кастусь. Вы заўсёды былі такі.
Мураўёў. А я быў такі, як ты.
Паўза.
Такі, а магчыма, і горшы бунтар. Я быў адзін з самых першых дзекабрыстаў. Нас было чацвёра.
Маўчанне.
Гэта я прыняў у тайнае таварыства Івана Пушчына… Так, таго самага, лепшага сябра забітага паэта.
Маўчанне.
Потым я зразумеў — у гэтым няма праўды. Праўда не там. Я выпадкова не трапіў на шыбеніцу, хаця не скардзіўся б, нават трапіўшы. I вось я служу айчыне. I хачу зрабіць для маладога, чыстага, бліскуча таленавітага чалавека тое, што калісь зрабіў для мяне выпадковы лёс.
I раптам Кастусь засмяяўся ціхім, горкім смехам.
Кастусь. Вы? Мой лёс? Жывы, з крыві і плоці, з дзвесце сарака васьмю касцямі і некалькімі аршынамі кішак… Ох, як доўга гэта яшчэ будзе!.. Любіць гэта чалавек: захапіць уладу над жыццём і смерцю, назваць сябе лёсам, богам, з усёй сваёй вузасцю, тупасцю, капрызамі.
Мураўёў. Не смейся з мудрасці… сыне.
Кастусь устае і адыходзіць далей ад Мураўёва.
Кастусь (ціха). Я зразумеў вас. У вас дагэтуль смыліць і пячэ ў сэрцы, калі вы параўноўваеце сваё жыццё з чужой чыстай смерцю… Вы… нібы хочаце перавешаць пакаленне, што бачыла ўсю вашу непрыглядную галізну… Бачыла пяць пакутнікаў на верках Петрапаўлаўкі і вас… вось такога… жывога… Праўда?.. Праўда.
Мураўёў устае і ўдарае ў дзверы. На яго страшна глядзець.
Я думаў, вы больш мужны… Я разумею, я проста першы, хто зразумеў вас да самага нутра. Да таго, у чым вы самі, можа, толькі аднойчы, у дрымоце, калі воля ўжо спіць, прызналіся сабе.
Паўза.
Рэнегат. Вам трэба для заспакаення рабіць другіх падобнымі да сябе… Але я гэтага… апошняга… вам не падару… граф-вешальнік.
У камеру заходзіць Тызенгаўзен.
Мураўёў. Скажыце членам часовага палявога аўдытарыята, што я прапаную ім замяніць расстрэл — павешаннем.
Згасае святло. Калі яно загараецца зноў — Кастусь адзін. Сядзіць за сталом. Піша.
Кастусь. «Браты мае родныя, мужыкі! 3-пад… шыбеніцы прыходзіцца мне вам пісаць. I, можа, у апошні раз. Горка пакінуць родную зямельку і цябе, дарагі мой народзе. Застогнуць грудзі, забаліць сэрца, але не шкада загінуць за тваю праўду.
Бывай здаровы, мужыцкі народзе!
Жыві ў шчасці, жыві ў свабодзе
I часам спамяні пра Яську свайго,
Што згінуў за праўду для дабра твайго.
I калі слова пяройдзе ў дзела,
Тагды за праўду станавіся смела…
Ты, аднак, народзе, не чакай і з чым можаш ідзі ваяваць за свайго бога, за сваё права, за сваю славу, за сваю бацькаўшчыну». Усё… Усё?.. Так, усё… (Устае і ідзе да акна, за якім няспынна варушыцца снег і бязвольна схіляецца заснежаная галіна яблыні.) У мяне былі тры каханыя ў адной: ты, Караліна… Ты, радзіма… Ты, воля… Я амаль нічога не паспеў…
Падае, падае снег. Ніжэй згінаецца галіна.
Снег… Снег… Варушыцца. Падае. Апошні снег гэтай зімы.
Апускаецца на ложак. Засынае. Цьмянее над ім святло. I ў змроку з шолахам, адчаем і маленнем пралятаюць галасы: «Воля… Во-о-о-ля!.. Радзіма!.. Караліна!.. Вас клічуць! Мы клічам! Клічам!» Паступова святлее. Ля ложка Кастуся стаіць жанчына ў чорным. Толькі цень, які паступова набірае рэальнасць.
Цень. Уставай, Кастусь. Уставай, сынок. Пагаворым. У нас мала часу.
Кастусь. Гэта ты… маці? Чаму я пазнаю твае вочы? Ты так рана памерла. Я ж ніколі ў жыцці не бачыў цябе.
Жанчына скідае з галавы шаль. Гэта Беларусь.
Ніколі не бачыў, а пазнаю… адразу. Ты ж мая маці?
Беларусь. Але.
Кастусь. Якое шчасце, што ты прыйшла.
Беларусь. Я не магла не прыйсці.
Кастусь. Чаму ж ты раней ні разу не прыходзіла? За ўсе дваццаць шэсць… год… і два месяцы?!
Яна маўчыць. I ён зразумеў маўчанне. На імгненне ў яго перахапіла дыханне, ён правёў тылам далоні па вачах.
Так… Разумею… Не кажы нічога. Якое шчасце, што ты ўсё ж прыйшла, мама.
Беларусь. Ты маўчы. Ты не кажы нічога, не думай ні аб чым. Ты проста пакладзі мне галаву на калені і паплач… Ну. (Бярэ яго галаву і кладзе на калені, гладзіць валасы.) Супакойся… супакойся… Пакуль ты жывы — я з табою. З усімі лясамі, рэкамі, людзьмі. З небам і вясёлкамі, з начнымі зарніцамі. Спі.
Голас заводзіць калыханку.
Люлі-люлі-люленькі,
Зашумелі лазнякі,
Гнуткія трысцінкі,
Тонкія націнкі.
Спі-і, спі.
Кастусь спіць. Яна гладзіць яго валасы. I раптам, праз калыханку, з вуснаў яе прарываюцца гнеўныя, смутныя, жалобныя словы.
Зямля маўчыць. Яна ў пажары ўся.
Парваліся на ліры сонца струны,
Застрашлівай не даспяваўшы руны
Пра смерць і неўміручасць Кастуся…
Яна не можа стрымаць сябе. Яна тужыць, яна вяшчае.
О, мой народ, зачаты для бяссмерця
Так, як і ўсе народы на зямлі.
Мужайся, ў кулаку зацісні сэрца
I рабства ў ім навекі спапялі.
Варухнуўся Кастусь. I тады яна, глушачы словы і рыданні, вядзе калыханку далей.
Над зямлёй-балесніцай
Тонкі чоўнік месяца.
Ў хвалях месячык скакаў,
З плаўняў чоўнік выплываў,
З плаўняў чоўнік выплываў,
Князя ціха калыхаў…
Натаміўся жывучы,
Нахадзіўся уначы,
Столькі стрэл параскідаў,
Столькі нівак заараў.
I зноў вырваліся глухія словы.
Бо сонца шчасця немінуча ўстане,
Калі яго чакаць і зваць, як мы,
Сярод цямноцця і сярод рыданняў,
Сярод бязлітаснай, як смерць, зімы.
Заснежаная галіна яблыні, вырастаючы, пранікла ў камеру, працягнулася над ложкам, сіняя, зорная ад іскраў. Кастусь застагнаў у сне.
Люлі-люлі-люленькі,
Не шуміце лазнякі,
Божыя націнкі,
Моцныя трысцінкі…
Яна ўстае і цалуе яго ў лоб. Ён усміхаецца ў сне. Святло цьмянее паўсюль, акрамя сіняга-сіняга ззяння на заснежанай галіне.
Спі… Сярод бязлітаснай, як смерць, зімы…
Спіць Кастусь. Постаць знікла, але недзе вядуць і вядуць напеў калыханкі скрыпкі. Цяпер ужо не змрочна, а з праніклівым, палкім сумам… I вось на галіне ўжо не снег, вось ужо ўся яна ўсыпана, заліта не сінім снегам, а ружова-белай, магутнай квеценню. I над ёю, у празрыстым сяйве, па чарзе з’яўляюцца постаці людзей… Кастусь прыўстае, гледзячы на іх.
Караліна. Бачыш, яблыні цвітуць… Я ніколі не думала, што я так не магу без цябе… Уначы блішчыць раса на пялёстках, як зоры.
Кастусь. То хадзем туды…
Караліна. Я ніяк не магу дацягнуцца, падаць табе руку.
Кастусь. Нічога… Усё адно дзякуй. Бо я блытаю імя тваё і радзімы. Бо я працякаў праз пустыні. Бо толькі з табой я паверыў у вясну.
Караліна. Сэрца згарае ад любові… Я не магу без цябе… Каб ты толькі ведаў, якя не магу без цябе.
Кастусь. Яблыня, яблыня… Абсып яе пялёсткамі… Бяжым, сланечнік… Глядзі, якая цвецень.
Знікае Караліна. З’яўляецца Яневіч.
Яневіч. Я дапамагу вам. Вось месяц-чоўнік дрыжыць ля берага. За ракой зорны сад. Ён чакае. Плывіце. А тых, хто асуджае такіх, як ты, — заўсёды будуць глытаць чорныя воды… Бывай, сынок… А рукі мае сумавалі-такі па тваім сыне… Бывай… Плыві.
На месцы яе Чортаў Бацька.
Чортаў Бацька (на твары ягоным слёзы). Я табе такое вясельца выстругаю… хаця… каркадзілаў ганяй. Я, сынок, для цябе — усё. Толькі і святла, разумееш, убачыў, што з табою… Бывай…
Устаў Марцявічус.
Марцявічус. Трымайся, светлы мой… Было б магчыма — я б за цябе… Тым, хто катуе такіх, як ты, ніколі ў вяках не заззяе сонца. Ну вось… Бывай…
Узнік Арсень.
Арсень. Мужчыны маўклівы народ. Але я… вельмі люблю цябе… Сёння дзесятае сакавіка. Пачнём… Бывай… I няхай для ворагаў волі не існуе вялікага жыцця.
Знік. I тут, трохі наводдаль, устала постаць Вітаўта.
Вітаўт. А для… такіх… як я, не існуе вялікай смерці…
Кастусь. I ты тут?
Вітаўт. I я… Хаця мне гэта ўжо непатрэбна.
Кастусь. Ты памёр?
Вітаўт. Я ўсё адно што памёр. Я горш чым памёр… Я не прашу «даруй», не зайздрошчу табе… Я зайздрошчу забітым. Тут над табой стаяў мужык. Яны засталіся вернымі. Яны. Хто б падумаў?.. Калі ты хацеў гэтага — ты перамог…
Кастусь. Як было б добра, каб ты раней гэта зразумеў.
Вітаўт. Позна… Бывай…
Знік. Караліна ўстае.
Караліна. Вось… Я зноў… Цяпер толькі два словы… Мала часу… Разумееш, гэта для мяне мала часу… Бо ты — вечны. Такіх, як ты, нельга не любіць… Я спяшаюся сказаць. Што сказаць? Ага… Для ўсіх тых жанчын, што калі-небудзь, аж да канца дзён людскіх, будуць з нейкіх там меркаванняў… кроіць сэрца такім, як ты… не жадаць іх адпусціць і баяцца забыць дзеля іх усё… з-за спакою, з-за вартых жалю даброт… — для ўсіх тых жанчын ніколі не будуць цвісці яблыні… Гэта мой праклён. Праклён сапраўднай жанчыны, якая… стала ўдавою, не пабачыўшы жаніха…
Кастусь. Ты — бессмяротная… Лепшая… Сапраўдная… Ты — зямля мая…
Караліна. Што яшчэ? Ага. Ва ўсіх найлепшых мужчынах, аж пакуль не згасне сонца, будзе частка цябе. Гэта — запавет жанчыны. Яны будуць… вось такія. Як прамень. Хто не разумее — тым горш для іх. Я шчаслівая, што ты быў у маім жыцці… Бывай… цвецень мая!..
Знікае. Сінеюць кветкі яблыні. I вось гэта ўжо снег. I цьмянее святло… Потым яно ўспыхвае, нібы ад таго, што недзе — вельмі далёка — пачалі ракатаць барабаны. Успыхвае, асвяціўшы пустую, бязлюдную камеру, чатыры сценкі і пусты ложак… I — цемра. Цьмяныя сілуэты дрэў. Гола, страшна, трывожна шумяць дрэвы, і ў пошум уплятаюцца жудасны матыў «Дароты» і далёкі барабанны пошчак… Слаба асветленыя толькі некалькі постацей: юрод, плакальшчыца, н я м ы Я н.
Голас з цемры. Прыгавор! Па ўказу яго Імператарскай Вялікасці ваенны суд, заснаваны пры Віленскім ардананс-гаўзе… прыгаворвае двараніна Каліноўскага…
Голас Кастуся. У нас няма дваран. У нас усе роўныя.
Цемра. Пошчак. Шум дрэў.
Плакальшчыца. Зямля наша, беспрытульная наша… Рукі нашы, як зямля, у вачах змрок… Не хацеў ты гэтага, белы наш коннік, Юры наш, пераможны наш… Вось яны цябе і скруцілі падманам… Глядзіце ж толькі, каты, глядзіце… Лятуць між хмар рыцары… Мячы іхнія — маланкі, вочы іх — стрэлы смертаносныя… Белыя коні… Залатыя коні… Гоняцца за ноччу…
Голас з цемры. А маёмасць яго — канфіскаваць.
Юрод. Был-ла хата ў арла… Был-ла шата ў арла… Галгофа! Адзенне дзеляць!..
Расце барабанны пошчак. Плакальшчыца заламіла над галавой рукі.
Плакальшчыца. А і гало-о-вачка наша… Па-а-сівела ж яна за нас, бедных… Ра-а-са на ве-ечкі пала, як слёзы… Яне, Яне мой… Скардзіся… Цяпер няма каму за цябе… Скардзіся.
Нямы крычыць. Лямант страшэннага абурэння і злосці ляціць над людзьмі. Аблічча Яна — нібы аблічча анёла гневу. Крычыць нямы. I раптам з рота яго…
Нямы. Не-е-е… усё яшчэ… Не-е ўсё! Не-е ўсё!!!
Гукі «Дароты» цяпер пагрозлівыя і магутныя. Ракочуць барабаны. Мацней. Мацней. Нясцерпна. I на самай вышэйшай мяжы пошчаку з яго вырываецца, адсекшы ўсё астатняе, — страшны жаночы лямант…
Голас . А-а-а!
Змрок. У цемры гола і трывожна шумяць дрэвы.
Голас Беларусі (ясны і нечакана спакойны). Не!.. Не!.. Не!.. Вы — гэта я. Хіба я магу памерці? Устаньце з зямлі. Той, хто памёр, як вы, — не памірае.
Яснее святло. Некалькі вялізных, на ўсю сцэну, кратаў. За апошнімі ўсё яснее постаць. Гэта Кастусь. Яснее срэбнае святло, і ўрэшце ўся фігура Каліноўскага прамяніцца срэбрам — нібы знутры. Ён ідзе проста на краты, і краты бяссіла падымаюцца перад ім…
Адны… другія… трэція. Паступова мацнеюць барвяныя адбіткі зарыва на постаці Кастуся.
Кастусь.
Вялікі мой народ, зямля мая.
Гняздо пакут, змагання і свабоды,
Зямля маіх нябёс, маёй каханай,
Маіх сяброў, маёй спявучай мовы…
Я толькі што памёр. I ў гэты час
Аддаў табе, зямля, сябе самога,
Каб ведала, як я цябе люблю.
Аддаў азёрам — вочы, чуб — ільнам,
Смех — ручаінам, песні — цёмным пушчам,
Закатам — кроў, мужыцкім бунтам — гнеў.
А душу — кожнаму з братоў сапраўдных,
Каб кожны меў хоць трохі ад мяне.
Што бачу я ўдалечыні? Пажары,
Паўстанні, сечы, зарыва, нашэсці.
Меч ворага амаль ля сэрца пройдзе,
Ты будзеш паміраць. Ды толькі ведай,
Бяссмертны ты, як фенікс, мой народ…
Кратаў няма. I, нібы ў адказ на словы, вырастаюць з зямлі, побач з постаццю Каліноўскага, іншыя постаці. Стаяць, абняўшыся, як стаялі ў яме, Заруба, Яўхім, Вастравух. Барвяны пажар залівае іх абліччы. Яшчэ, і яшчэ, і яшчэ постаці. Арсень, Яневіч, Марцявічус з кінжалам. Побач з Кастусём вырасла постаць Караліны. Устаюць нямы Ян, плакальшчыца, Гарэліха, Яўхіміха, Аге й… Народ!.. Яны збліжаюцца моўчкі, сурова. I вось яны — адно. Адна маса, адлітая з расплаўленай медзі… Яны вырастаюць, яны высяцца над зямлёй… Чырвонае зарыва скача па іх абліччах.
Заслона