Лісце каштанаў — Частка 11

Ранішняе сонца ўстала ў халаднаватым малочным тумане і, нібыта ў расе, прарочачы ясны і цёплы, вечны дзень. Жоўта-вясёлкавае — ці, можа, гэта туман адліваў вясёлкай? — яно пералівалася, падымаючыся аднолькава над мёртвымі кварталамі і над кварталамі жывых. Мы ўсе падышлі пад Жэнькаў балкон, гукнулі. Праз хвіліну над парэнчамі з’явіліся гожы торс у белай майцы і гожая ускудлачаная галава.

— Ты што гэта, забыў? — вызверыўся Багдан. — Стаіць сабе яшчэ голы ды азадак чухае. Заработаўся, пад носам мух лавіўшы.

— Ага, — сказаў кісла Жэнька, — маці порткі замкнула.

Выгляд у яго быў засаромлены і злосны. I крыўдна яму было, відаць, што паставіліся, як да маленькага, і ярасць брала на сваю турму, і зайздрасць да нас, перад якімі такі цікавы дзень.

— У трусах, — сказаў Карл.

— Ага, а яна замкнула дзверы.

— То злазь па рыне, — нецярпліва кінуў Ролік. — Месяц жа назад спускаўся.

— Ага, бач, тры звяны выпалі. У апошні раз. Ледзь мне не па цемечку. Усю ж вайну не рапаравалі.

— А вяроўкі няма? — спытала Нонка.

— Ага, матка бялізну на гары павесіла.

— Так, брат, становішча бязвыхаднае, — сказаў я.

— 3 чацвёртага без вяроўкі, сапраўды, не скочыш. Ну, добра, сядзі. Калі скамандуюць «на выхад з рэчамі» — бяжы да нас. Ведаеш, дзе шукаць?

— Ведаю, — безнадзейна сказаў Жэнька.

…Шмат каму з тых, хто пачуе гэтую гісторыю, цяпер можа здацца дзіўным і наш план, і тое, што нікому з нас ніколі не прыйшла ў галаву адна акалічнасць. А менавіта тая, што задума наша — дзіцячая, што план наш — дурацкі, што мы не дабяромся, можа, і да Жытоміра, а не тое што да Львова ці да фронту — і асабліва са зброяй, — што нас пераловяць, куды раней чым мы бандытаў.

Але на тое нам і было ў сярэднім па шаснаццаць год. Мы не думалі ні аб чым гэтым. А наконт таго, каб дабрацца і не злапалі, то справа гэтая, як ні дзіўна, не здавалася такой ужо безнадзейнай. Мы ведалі тысячы спосабаў праезду, якія ідэальна адпавядалі таму часу і той чыгунцы.

…Каштаны пачалі губляць плады. Упадзе вялізная зялёная і шыпаватая булава — продкі называлі такую на ўсходні лад «буздыган», — расколецца, і выгляне адтуль вільготны карычнева-бліскучы, нібы лакіраваны, каштанчык. Як хітрае цёмнае вочка. А часам два ці тры.

Мы выйшлі са двара, убачылі на асфальце безліч такіх каштанчыкаў.

I яшчэ ўбачылі… Лізку, якая, гледзячы ў зямлю, пахмура ганяла, перасоўвала іх нагамі. I тут Навум падышоў да Раланда.

— Возьмем яе. У апошні раз, калі ўжо ты такі.

Ролік глянуў на дзяўчо і змрочна кінуў:

— Добра, ідзі.

Вуліцы адкрываліся перад намі ў ранішнім няяркім сонцы. Напаўпустыя, адкрытыя толькі для нас. Золата каштанаў прыкрывала і прыкрашвала нават убогасць і пачварнасць руін. Сонца падымалася ўсё вышэй і лашчыла нашы твары, бо мы ішлі да яго. I па тым, як мы ішлі, лёгкім, пругкім крокам, я разумеў, што сяброў у гэтую свежую раніцу ўзносіць тое, што ўзносіць і мяне: поўнае адчуванне кожнай жылачкі, кожнага нерва. Тое дасканалае адчуванне кожнага свайго мускула, што ўласцівае маладым зверанятам. Адчуванне Жыцця.

Мы ішлі на сонца.

Золата каштанаў, прыгажосць дзівосных запушчаных дамоў, увесь воблік гэтага ледзь не самага прыгожага ў свеце горада.

— Хутка мы ўсяго гэтага не ўбачым, — са шкадаваннем сказаў Ролік. — Аж кідаць горка.

…Пустая лаўра з аблупленымі купаламі, са старажытнымі каравымі арэхамі, змаршчакаватымі, ледзь не на далонь у глыбіню. Ціха падаюць у лістоту арэхі, якіх няма каму збіраць. Зрэдку мільгаюць цені нешматлікіх манахаў. Ад руін Успенскага сабора ўсё яшчэ горка цягне нібы астылым дымам і тленнем.

Аднавокі бандурыст у пінжаку і белай сарочцы з яркай жычкай сядзіць ля цагельнай жоўтай дарожкі, вышарпанай тысячамі ног. Сядзіць там, дзе яна збягае ўніз, хаваецца за арэхамі, дый перабірае струны бандуры. Сіпаты мяккі голас:

Ой, за темними лісами
Лежить козак застреляний,
Лежить козак застреляний,
Ще й крівльою обілляний.
Нема кому потужити,
По козаку подзвонити.
Дзвонять коні підковками,
А козаки шабельками,
Чорний ворон крилоньками,
А матінка — слізоньками.

Над песняю кацілася ласкавае добрае сонца.

Встань, козаче, ти проснися,
На Вкрiану подивися,
Вже сідельця твоі згнили,
I стремени вже потліли,
Орли очі повиймалн,
А татари шаблю взяли.

Ціхі ўздых. Захліпала Лізка. Ціха-ціха. Я кінуў позірк на Нонку і ўбачыў, што і ў яе вочы поўныя слёз. Прысунуўся, сціснуў яе локцік.

Візьми, мати, піску жменю,
Посій його на каменю:
Коли ж отой пісок взійде,
Тоді твій сын з війська прийде.

Мы і далей маўчалі. А пасля Багдан раптам уздыхнуў.

— А што вы думаеце, могуць жа і нас забіць вось так. Здра.

— Кінь вярзці, — сказаў Ролік. — Хто не калоціцца, хто да канца трымаецца, той выжывае.

I тут Багдан раптам заспяваў. Я ніколі не чуў раней ягонага голасу і зараз быў узрушаны і ўражаны. Ніколі не думаў, што ў яго можа быць такі амаль ужо дарослы, моцны, неймавернай гожасці тэнар. Не такі, якім спяваюць па радыё ў операх закаханыя, а такі… ну, моцны і мужны. Я ніколі не думаў, што ён можа так:

Умер, умер наш полковник, ще й тихая мова.
Зостаеться кінь вороний, золотая зброя;
Зостаеться кінь вороний, зброя золотая;
Зостаються діткі малі, жінка молодая.

Нечакана падхапіла Лізка, і я таксама здзівіўся: нібы заплакалі, зазванілі нябесныя званы. I Нонка пачала тураваць, і ў яе быў някепскі глыбокі голас. Але ўсё адно, як яны ні спявалі, нават тая ж Лізка — голас Багданаў уладарыў над імі, таму што яго проста ні з чым нельга было параўнаць нават на гэтай зямлі, так багатай галасамі.

Ён, здаецца, напаўняў усё пад скляпеннем неба — я толькі дзівіўся, што, гаворачы, ён нібыта басам бурчыць, а тут так спявае:

Зостаються діткі малі з жінкой молодою.
Беруть коня осавули, товариство — зброю;
Коня ведут, зброю несуть, кінь голівку клонить,
Молодая полковниха білі руки ломить.

Калі ён скончыў, мы яшчэ некалькі хвілін ішлі як прыбітыя. Ледзь ачомаліся.

— Н-так, — сказаў Ролік. — Вось гэта дык так. Ты чаго гэта раней не спяваў?

— Та-а, — засаромеўся Багдан, — я для сябе спяваю. У плаўнях недзе ці ў лесе. Калі адзін. I чаго гэта мяне сёння так разабрала — сам не ведаю.

Урэшце мы мінулі і Спас-на-Берастове і Выдубецкі манастыр. А Карл усё яшчэ бурчаў:

— Дурань, з такім голасам яму на кулі лезці, ёлуп. Гэта ж ён не твой толькі. Усіхні. Проста хоць ідзі ды на ўсіх нас у міліцыю заяўляй.

Плаўні адкрыліся вачам нечакана, калі.сонца было ўжо ледзь не ў зеніце. А над іхняй зеленню і блакітам, штопраўда, досыць далёка і ад ракі, і ад пабітай ямамі і байракамі дарогі падымаўся нібы брудна-жоўты лес ці нейкі незвычайны замак: піраміды, шпілі, кубы, званіцы. I ўсё гэта перасечанае глыбокімі, вельмі вузкімі ярамі-шчылінамі. За гэтым горадам пачыналася ўрвішча, таксама пасечанае ярамі. I ясна было, мяркуючы па роўнай паверхні ўсіх шпіляў і пірамід, што калісь «горад» быў часткай плато, але людзі бралі гэты слабы пясчанік, праўдзівей, ледзь сцэментаваны пясок. Размывала яго вада, выветрываў вецер. I вось атрымаўся горад, або «слупы», як зваў гэта месца Раланд.

— Людзей няма, — сказаў Дзмітрэнка. — Гэта добра. Толькі унь там, нешта ў палове кіламетра, дарожныя рабочыя. Ну, гэта далёка, не перашкодзяць.

Адзін яр быў асабліва глыбокі і вузкі, з роўнымі стромымі сценкамі. У гэтых сценках яра і ў «абелісках», што тырчалі пасярод яго, там і сям былі відаць пячоры, досыць глыбокія, часам накіраваныя ўніз, углыб. Пэўна, людзі калісь, яшчэ да вайны, здабывалі тут пясок.

Яр быў метры чатыры ў шырыню, метраў пятнаццаць— дваццаць глыбінёю, а ў даўжыню цягнуўся метраў на шэсцьдзесят. Жаўтавата-рыжыя сценкі і палоска блакіту ўверсе. Там, дзе яр канчаўся, сыходзячыся на клін, высачэў над ім на плато пахілы стары каштан, які — невядома як, на чым і нашто — вырас тут. Пахілы, з часткова аголенымі карэннямі, ён, хто яго ведае з чаго, смактаў сокі, каб выгнаць такі ствол, сукі, галіны і залатое лісце, што свяцілася дзіўнай пяшчотнасці блакітам. За імі былі высокія пясчаныя наносы, амаль дзюны.

— А што, як пясок папаўзе? — спытала Лізка,

— Дурнічка, — сказаў Ролік, — ты глядзі, каштан жа яго трымае. Ён не пусціць. Гэтым купам травець і травець… Вось глядзіце, што я тут заначыў.

Ён пачаў адграбаць у адным месцы пясок. Хутка ў сцяне зазеўрала вусце пячоры. Хлопец улез туды з галавою. Ногі ў яго заторгаліся. Нешта цягнуў.

— Хлопцы, — сказаў я. — Трымайце яго за ногі. I някепска б нейкую дошку, каб трымаць тое, што над ім. Хоць на чвэрць хвіліны і тое…

— Глупства, — як з бочкі сказаў голас з пячоры.

Дзмітрэнка выпаўз адтуль і вывалак нешта вялікае, загорнутае ў нямецкі брызент. Разгарнуў.

— Н-на, — сказаў Багдан. — Як выславіўся б Жэнька: «вуаля».

На брызенце ляжалі нямецкі буйнакаліберны кулямёт і два «вінтары».

— Так бы мовіць дзевяноста першага дроб трыццатага, — сказаў Ролік і палез зноў.

На гэты раз з’явілася скрынка з вінтовачнымі патронамі, пляскатая нямецкая бляшанка для кулямётных стужак, нешта каля двух дзесяткаў нямецкіх гранат з блакітнымі галоўкамі і штук дзесяць нашых, рабрыстых, як ананас, «фенек».

— Н-нішто сабе,— сказаў я.

— Ну вось, — Ролік устаў з кукішак. — Цяпер трэба шукаць яшчэ. Спачатку тут, пасля там, на плато. Яны адтуль уцякалі… Ты, Нонка, ідзі унь туды і сачы, каб дарожнікі не ўбачылі. Унь на той узгорак. Ты, Багдан, шукай пакуль у канцы яра ды ўздымайся пасля на плато. Ты, Ліза, сюды не лезь, а там, над ярам, над плато, шукай ці нават проста пасядзі. Стамілася ж, бедная. Ты, Васілько, самы зіркаты, то ідзі аж за вусце яра, на той горб, і сачы там за дарогай, што ад горада ідзе. Глядзі, каб ніхто не палез цікаваць і асабліва каб тыя не падсачылі. Ім верыць нельга, у іх памяць каціная. У выпадку, калі прыйдуць, падкрадуцца — свішчы і з імі біся да апошняга, пакуль мы не прыхаваем ды да цябе не падбяжым.

— Чаго гэта я на шухары стаяць буду?

— Кажу ж табе, вочы найлепшыя. I партызанская прывычка ёсць, каб заўважаць усё. А тут, у самым яры, застануся я з Карлам ды Навумам.

Ён усё яшчэ стараўся, каб яны былі разам і пры ім. Усё баяўся выбуху старой варожасці, хаця хлопцы ўчора і паціснулі з такою шчырай сардэчнасцю адзін аднаму рукі.

Яндекс.Метрика